У КОЖНАГА ПАКАЛЕННЯ СВОЙ КАРАТКЕВІЧ

24.03.2024
У КОЖНАГА ПАКАЛЕННЯ СВОЙ КАРАТКЕВІЧ, АБО ПРА СІНХРАНІСТЫЧНЫ ПАДЫХОД ДА ЭСТЭТЫКІ МАСТАЦКАГА ТЭКСТУ (РЭПЛІКА НА фб-ЗАПІС УЛАДЗІСЛАВА ЧАХОВІЧА “НЕ МОЙ КАРАТКЕВІЧ”) … Роздум перад Днём вясновага Дабравесця 25 сакавіка 2024 г.
Названы запіс сп. Чаховіча з’явіўся прыблізна тыдзень таму. Я адгукнуўся на яго даўгаватай рэплікай.
Пазнаёмііўшыся ў інтэрнэце з асобай аўтара, я знайшоў яго глыбокім шчырым чалавекам. Сябры ФБ ведаюць яго як топ-рэдактара беларускай Вікіпедыі, заангажаванага знаўцы архітэктурных помнікаў, славутасцяў нашай зямлі, з клопатам пра нашу мову. Аналізуе мэтазгоднасць двух правапісаў. (Я прыхільнік разглядаць тарашкевіцу не толькі чыста тэхналагічна-прагматычна, а як гарманічную каштоўнасную з'явую. Пісаў раней канцэптуальны тэкст у ФБ, дзе фігуравала ЧОРНАЯ ЗЯЗЮЛЯ) ) .
Сёння пастанавіў сабе напісаць яшчэ даўжэйшую рэпліку, цэлую "пугу", таму што тэма заслугоўвае сур’ёзнай гаворкі: як успрымаць “сінкрэтычныя” празаічныя тэксты аўтара, залічанага ў почат класікаў, чый наратыў густа населены, перанасычаны гістарычнымі падзеямі, імёнамі, легендамі і чыя апантаная захопленасць эпічнасцю тэмы (толькі неадкладна тут і цяпер як мага хутчэй!) часам нараджае даволі абцяжараныя для ўспрымання сюжэты, -- праз багацце імгненных экскурсаў у мінулае ды мудрагелістыя меандры драматычнага збегу абставінаў.
Іншымі словамі: хто ён, Караткевіч, для пакалення “міленіюм”, да якога належыць сп. Уладзіслаў і ці спатрэбіцца Караткевіч- празаік наступнікам з генерацыі Х, Y, Z, што нарадзіліся разам са смартфонам?
Па-другое: захацелася падзяліцца досведам спрактыкаванага чытача, які прапусціў праз сябе значную частку “манблану” мастацкіх тэкстаў, пачынаючы ад Бібліі, Арыстафана, Бальзака, Купалы, Гарэцкага, Чорнага да постмадэрнісцкіх практыкаванняў сучасных беларускіх аўтараў, спрабуючы звесці ўсю гэтую пярэстасць у пэўную сістэму сэнсаў і метафар. Гэта я пра сябе. Тут толькі я сам сабе суддзя.
ФЕНОМЕН СІНХРАНІСТЫЧНЫХ ТАБЛІЦ
У дадатак да свайго сённяшняга запісу я даю фота як бы літаратурнай матрыцы аўтараў і жанраў з розных краінаў і эпох, змешчаных у мнеманічным выглядзе ў канфігурацыі перыядычнай сістэмы Мендздзялеева (з загалоўкам па-англійску) і здымак вокладкі вядомай расійскамоўнай энцыклапедыі “История всемирной литературы” (ИВЛ) з разгорнутымі старонкамі першага тома 572-573, дзе па вертыкалі , храналагічна пачынаючы ад заснавання Рыма (левая старонка, Х- VIII cт. да н.э.), па гарызанталі – Рым, Грэцыя, Егіпет, Палестына/Сірыя/Малая Азія, Месапатамія, Іран, Індыя, Кітай з назвай пісьмовых крыніц на адпаведных мовах, што дае магчымасць меркаваць пра нараджэнне пісьменнасці на пэўнай мове ў пэўнай частцы эйкумены.
У вертыкальнай калонцы таксама даецца пералік галоўных эпахальных падзей (напр., адкрыццё Віленскага універсітэту 1802), што закранаюць культурнае жыццё адпаведнага арэалу.
Творы на сярэдневечнай лаціне з вядомых прычын не разглядаюцца як частка славянскіх літаратур. У той час, як у 6-м томе ў рубрыцы “руская літаратура” фігуруюць ужо Цютчаў, Герцэн, Крылоў, у нас – Багрым (Зайграй, зайграй , хлопча малы…, 1820), Баршчэўскі з “Шляхціц Завальня” (1844-1846) … Потым – безымянная “Тарас на Парнасе” (Г. Кісялёў назаве пасля імя аўтара – Вераніцын).
Літоўцы даведаюцца з сінхраністычных табліц імя аўтара першай літоўскай граматыкі і першай друкаванай літоўскай кніжкі. І год, калі яны з’явіліся.
Тэксты Кірыла Тураўскага, Аль Кітабы, Скарынаўская біблія ці Супраслеўскі катэхізм на старабеларускай мове 1722 г. або Статут ВКЛ не разглядаюцца у гэтай энцыаклапедыі як помнікі ўласна беларускай пісьменнасці.
СІНХРАНІСТЫЧНЫЯ ТАБЛІЦЫ НА РОЗНУЮ ТЭМАТЫКУ
Синхраністычныя табліцы могуць складацца на любую тэматыку па гарызанталі і вертыкалі, : распаўсюд бульбы па часе і па тэрыторыі, сацыяльныя правы жанчын, вывядзенне пэўных парод сабак, методыка выкладання замежных моў …
У гуманістычным аспекце нас можа цікавіць тыпалогія:
1. Напрыклад, гістарычныя асобы – сучаснікі: Князь Меншыкаў – Ісаак Ньютан, Пілсудскі – Пляханаў, Каўцкі, Карл Лібкнэхт…
2. Юрыдычныя дакументы: “Вялікая хартыя вольнасцяў” 1215 г. -- Яса Чынгісхана (1206-1215)
Яса — цюрская форма мангольскага джасак, = закон) – збор пастановаў Чынгісханана на курултаі ў 1206 г. Жорсткі, рэгламентаваны дакумент са сваімі абмежаваннямі забойстваў, пакаранняў ды своеасаблівым стэпавым разуменнем дабра і зла, які пазней наклаў свой адбітак на жыццё Маскоўскага улуса Залатой арды.
Magna Charta Libertatum – палітыка-прававы дакумент, складзены ў 1215 г. паводле патрабаванняя англійскай сярэдневечнай прыдворнай знаці і латыфундыстаў з патрабаваннямі пашырэння юрыдычных правоў і прывілеяў да караля Джона Беззямельнага, у тым ліку скасавання даўгоў яўрэйскім ліхвярам …
Тут важна перамясціцца па гарызанталі, трымаючы ў галаве дату: другое 10-годдзе 13-га стагоддзя.
3. Гістарычныя уплывы адраджэння ды сталення этній і нацый. Сімяон Полацкі – настаўнік маскоўскі, Антон Генрык Радзівіл, інтэлектуал з беларускімі каранямі, Намеснік Познаньскі і кампазітар – універсітэт Гётынген. Украінскія уплывы на беларускі нацыянальны рух: Кіеўскі універсітэт – Караткевіч, , Нежынскі юрыдычны ліцэй –Францішак Багушэвіч. Генадзь Кісялёў -- Віленскі архіў пасля маскоўскага архіўнага інстытуту …
Ці сталі б гэты людзі, чым яны сталі, калі б іхныя жыццёвыя сцежкі былі іншыя. Думаецца: як сёння лёс Украіны ўплывае на будучыню Беларусі?
Зраблю адну рэпліку да пазіцыі 1 – гістарычныя асобы.
Набліжаючыся да тэмы эстэтыкі мастацкай творчасці Караткевіча, заўважу: мы часцей вывучаем літаратуру і гісторыю як геаграфію, як асобныя плямы-факты, без ўліку духу эпохі, -- тое, што называюць без перакладу нямецкім словам “цайтгайст” (Zeitgeist).
Нашы вучні ведаюць з гісторыі імёны – князь Меншыкаў пры Пятры І. ды Ісаак Ньютан, англійскі вучоны. Аднак у свядомасці навучэнцаў яны ніяк не звязаныя. Але яны не проста сучаснікі, дата смерці якіх адрозніваецца ўсяго двума гадамі. Хаўрус Меншыкаў- Ньютан – забаўны і паказальны.
Ньютан, , акрамя рэлігійных і матэматычных штудый, кажучы сучаснай мовай, быў і прэзідэнтам Каралеўскай акадэміі, і начальнікам манетнага двара і хвацкім бізнэсоўцам: у якасці “адкату” за прададзенае няякаснае шынельнае сукно для расійскага пятроўскага войска ўганараваў князя Меншыкава ганаровым тытулам каралеўскай акадэміі – Doctor honoris causa.
”Дыхатамія” Пілсудскі – Карл Лібкнехт, Каўцкі, Пляханаў здаецца на першы погляд зусім недарэчнай для большасці шараговых беларусаў. Аднак гэтыя асобы – не проста сучаснікі, а на пэўным этапе гісторыі – духоўныя сябры-суратнікі, змагары сацыял-дэмакраты, што выступалі за вызваленне Польшчы ад расійскага імперскага прыгнёту.
Тут побач хадзіў і Ульянаў-Ленін, але ён не любіў Другі Інтэрнацыянал. На ІV Кангрэсе ІІ Інтэрнацыяналу ў Лондане ў 1896 г. Карл Лібкнехт выпіў з “гэноссэ Пілсудскі”, што меў партыйную клічку “таварыш Віктар” тост за вызваленне і росквіт “вялікай Польшчы з пашыранымі межамі на ўсход” , вялікай не этнічна, а сваім свабодным сацыялістычным братэрствам … І праспяваў гімн па-нямецку: “Полен іст ніхт фэрлёрэн!”. Яшчэ Польска не згінэла...
Нашы спрачаюцца пра фігуру Пілсудскага. Ведаюць яго як дыктатара, начальніка Польшчы, пры якім Максім Скурко, будучы Танк, сядзеў у вязніцы. А Пілсудскі-сацыяліст, увішны палітык, маючы знаёмства на мытні на мяжы Аўстрыі і Расійскай імперыі перадаваў у Варшаву і правінцыі і беларускія сацыялістычныя пракламацыі для тых беларусаў, хто падзяляў думкі пра хаўрус з будучай вольнай Польшчай …
Незалежная Польшча і ўлада сацыялістаў не былі для Пілсуцкага сінонімамі, хаця ён сам рэдагаваў і песціў нелегальны ворган ППС “Рабочы”.
УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ У ЛЮСТЭРКУ СВАЙГО ЧАСУ І ВА ЎСПРЫМАННІ 30-ГАДОВАГА БЕЛАРУСА, ЯКІ ТОЛЬКІ Ў 2024 Г. ПРАЧЫТАЎ “ДЗІКАЕ ПАЛЯВАННЕ КАРАЛЯ СТАХА”
Я папярэдне запытаўся прыватна дазволу у сп. Чаховіча упамінаць ягонае імя ў адкрытым запісе і дакладны ўзрост, якога не было ў аватары.
Сп. Усяслаў даў згоду. Далей буду называць яго па імені.
У сваёй нататцы “Не мой Караткевіч”, праілюстраванай здымкам вокладкі “Дзікае паляванне …” Усяслаў піша (даю копію вытрымак):
“ … Таксама абсалютна надумана ў твор уведзены мабыць усе вядомыя беларускія дзеячы сярэдзіны 19 стагоддзя і шматлікія адсылкі да гісторыі і культуры Беларусі. Літаральна "энцыклапедыя краю", якая не магла з'явіцца ў серыі "Беларускай Савецкай Энцыклапедыі". Але навошта гэта ў мастацкім творы? Нам фантасты менш пра свае выдуманыя сусветы распавядаюць, чым Караткевіч пра свой.
Гледзячы на час выдання твора, 1965 год, можна ўявіць якім адкрыццём быў гэты твор для тагачаснага грамадства. Магу ўявіць, які ўплыў ён меў на наступныя пакаленні, якія нічога больш нацыянальна-патрыятычнага і ўявіць не маглі.
Але што мне даў гэты твор? Я скончыў беларускую школу, няблага ведаю гісторыю і культуру Беларусі, маю ўяўленне пра паўстанне, зараджэнне нацыянальнага руху, праходзіў усіх тых людзей, якіх Караткевіч толькі "ўвёў ва ўжытак" сваім раманам, пра многіх пісаў і дапаўняў артыкулы. Для мяне ў рамане няма адкрыццяў, якія маглі б зачапіць мае нацыянальныя пачуцці…”
Аўтар сам дае тлумачэнне, ШТО значыла публікацыя рамана ў тым далёкім годзе для беларусаў, для якіх школьная зрусіфіваная праграма гісторыі забетанавала не толькі драбніцы, але і буйніцы беларускай гісторыі … Застаецца толькі як бы пытанне: навошта мне, які гэта ўжо ўсё даўно ведае, чытаць цяпер?
Першая заўвага: аўтару ўсё гэта вядома дзякуючы таму, што гэта зрабілі магчымым сотні ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ АПОШНЯГА АДРАДЖЭННЯ: Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Яўген Кулік, Генадзь Кісялёў, Зянон Пазняк, Міхась Чарняўскі, Сокалаў-Кубай, Алесь Марачакін, Уладзімір Крукоўскі, Ларыса Сімаковіч, Уладзімір Содаль, Уладзімір Конан, Алесь Каўрус, Генадзь Тумаш , Мікола Ермаловіч… І апошнія ахвяры стыхійных гераічных дзён, спіс якіх замыкае Алесь Пушкін …
Сучасная Польшча, больш дэмакратычная, чым пры Пілсудскім, пазначыла мемарыяльнымі сігнетамі кожны крок свайго бацькі польскай нацыі, -- нават на галіцыйскіх брадах, дзе ён нелегальна пераходзіў мяжу, уцёкшы з Пецярбурскай псіхіятрыі, стаіць памятны знак.
Гэта пра этыку памяці.
Тое-сёе пра змест і стылістыку.
Як мастак – Караткевіч апантаны наратар, натхнёны плынню ведаў, асацыяцый і вобразаў: Тут і цяпер! Хутчэй запісаць! Давесці да чытача, нічога не забыцца, не прапусціць! Адсюль і месцамі пэўная непрысчасанасць сінтаксісу, і залішнія меандры сюжэту … Як літаратурныя тэксты – на маю думку – вершы Караткевіча БОЛЬШ ДАСКАНАЛЫЯ, чым некаторыя празаічныя тэксты, напісаныя вельмі дынамічна і натхнёна.
Падобна таму, як Пушкін перасаджваў шэкспіраўскія жарсці і герояў на расійскую глебу ("Барыс Гадуноў"), а Багдановіч прышчапляў на беларусакай метрыцы антычныя і еўрапейскія вершаваныя памеры, так Караткевіч, як Вальтэр Скот, насяляў беларускія празаічныя наратывы рамантычнымі мужнымі героямі-дзядзькамі і дзецюкамі, як Андрэй Беларэцкі, што перамог дзікае паляванне ворагаў беларушчыны або як героі "Каласоў" , што кінулі сваё зерне ў дзедаўскія гоні, што тая Багдановічава пясчынка ў "ракаўніцы цёмнае жамчужніцы" звярталася ў жэмчуг сілай пачуцця, -- так Уладзімір Караткевіч запачаткаваў традыцыю інтэграванага гістарычнага празаічнага тэксту найноўшага часу.
Пачытайце гістарычныя раманы прадстаўнікоў запозненых нацый ды постсавецкіх аўтараў (украінцы, малдаване, літоўцы і н. д), сучаснікаў Караткевіча, якія мусілі адкрываць свайму народу імёны пачынальнікаў-адраджэнцаў ды дасавецкую гісторыю. Тая ж карціна: калейдаскоп гераічных дзеяў продкаў, міфы пакутаў і міфы велічы. Ідэя паскоранасці , гістарычнай "кампрэсіі" , стракатасць сюжэтаў -- агульная рыса посткаланіяльных літаратур.
Часта эпічны герой Караткевіча сваімі успамінамі нараджае паралельна некалькі рамантычных сюжэтаў. Пачытайце , напрыклад, кароткае апавяданне “У шалашы”, або шмат разоў абгаворанае ”Дзікае паляванне”. Тут эпічна-лірычны герой – альтэр эго самога аўтара з яго любоўю да роднага краю, энцыклапедычнымі ведамі і талентам захапляцца жаночай прыгажосцю, кідае чытача з агня ды ў полымя, вяртаючы раз-пораз у зусім незвязаныя падзеямі наратывы.
Ключавыя словы застаюцца як каштоўнасная ідэя: чыстае каханне і Радзіма. Хаця мастацкае цела сюжэта – няпругкае і часам шматслоўнае. Натуральна, гэта – справа густу.
ЯКІЯ МЫ СУДДЗІ?
Прадбачачы, што некалі бязлітасныя 30-гадовыя паводле гамбурскага рахунку напішуць пра яго вольнае эсэ “Каян Лупака”, у 1926 годзе Купала напісаў такія радкі :
І прыйдзе новых пакаленняў
На наша месца грамада
Судзіці суд, ці мы сумленна
Жыццё прайшлі, ці чарада
Зняваг мінулых нас не з’ела,
Пакінуўшы свой дым і чад,
І мы па-даўняму нясмела
Жылі не ў лад і неўпапад?
Як бы нічога новага ў гэтых радках. Усе мы – дзеці свайго лёсу і свайго часу. Чалавек мае межы магчымага. Кожны час адкрывае свае гарызонты новых сэнсаў, новых ведаў, разумных дзеянняў, каб не згінуць бясследна.
Караткевічу адносна пашанцавала. Да кавіду і турбуленцый апошніх гадоў не дажыў. Памятаю яго выступ у Доме літаратара з нагоды ўганаравання яго Ордэнам Дружбы народаў. Прысутныя ў зале называлі імя добрага анёла-апекуна Уладзіміра Сямёнавіча – сакратара ЦК Кузьміна, былога баявога лётчыка.
Пры кожнай несвабоднай ўладзе бываюць свае людзі і нелюдзі. На пераломных сцежках гісторыі творцы могуць падманвацца і свядома пісаць оды мецэнатам, -- іранічныя, шматсэнсоўныя, шчырыя …
Пастэрнак, Вазнесенскі, Еўтушэнка, Бураўкін прысвячалі свае творчыя парывы … Леніну. Яшчэ не быў надрукаваны 45 том Леніна, яшчэ не пачыналася Перабудова, яшчэ не выходзіў Кароцічаў “Аганёк”… Мы яшчэ былі не прачыталі усю ленінскую эпі сталярную спадчыну.
У Караткевіча -- https://knihi.com/Uladzimir.../Lenin_kalysa_dzicia.html . Ленін калыша дзіця.
Пастэрнак: Так среди многих поколений / Выходит вдруг один вперед. / Предвестьем льгот приходит гений/ И гнетом мстит за свой уход … («Высокая болезнь»).
Вазнесенский: Уберите Ленина с денег: / Так цена его велика …
Евтушенко: Что сволочей хватает, -- не беда . / Нет Ленина, -- вот это очень тяжко…
Бураўкін: Ленін думае пра Беларусь …
Розныя думкі лезуць у голаў, калі ўзгадваю словы цяперашняга расійскага лідэра, што Украіны няма, -- яе прыдумаў Ленін. Тэзіс аб праве нацый на самавызначээнне быў у бальшавікоў спекулятыўны, але свой ўнёсак у новую гісторыю нацый зрабіў.
НА АСТАЧУ: ДЫК ЧЫТАЦЬ КАРАТКЕВІЧА ЦІ НЕ? КАЛІ МОРА ТЭКСТАЎ БУДЗЕ ГУРМАНСКІМ ПАЧАСТУНКАМ?
Узгадваю свайго выкладчыка курсу антычнай літаратуры ў Лінгвістычным універсітэце – Аркадзія Якаўлевіча Скіра. На ўступнай лекцыі ён, гледзячы звыкла паўз галовы слухачоў у накірунку тыльнай сцяны, прамовіў: “Так, як кожны з вас не можа прайсці міма свайго дзяцінства, так вы не зможаце прайсці шлях сталення святовай літаратуры, напрыклад, без Арыстафана … Гэты вялікі камедыёграф, як энцыклапедыст Бальзак ці біблійныя наратары, даў панараму свайго часу тыпізавана з ролевымі маскамі... Класіка – таму класіка, што піша пра вечнае, не пра моднае, не пра імгненнае … Імгненна можа нарадзіцца верш, прадыктаваны небам… Арыстафан пісаў пра вайну і мір, каханне і шчасце жыць, не забіваючы сабе роўных …"
І, заключаючы пасаж Аркадзій Якаўлевіч, дадаў: “Вам, дзецям Беларусі, дзецям вайны, належыць з асаблівай увагай чытаць антычныя творы, калі не было яшчэ такога панятку Радзімы, як цяпер …Мы- беларусы, у дзіцячым узросце …”. Для нас важна разважаць пра сэнс выслоўя: IBI BENE, UBI PATRIA. Яўрэі, як бы грамадзяне свету, як бы адчуваючы страшную трагедыю 20-га стагоддзя, усё жыццё вывучаюць свае пакутніцкія і гераічныя міфы. Гэта дапамагае ім выжываць.
Скір Аркадзій Якаўлевіч быў яўрэй, але гаварыў: мы беларусы…
Цяпер я прачытваю і ўзгадваю гэты фактычна абагульнены ўступ да ўсёй святовай літаратуры, думаючы пра нашыя развагі пра мадэрныя нацыі, запозненыя нацыі, дзе фармаванне асобы дасягаецца сінкрэтычнымі сродкамі, сярод якіх гісторыя Радзімы арганічна знітаваная з мастацкім словам, каб людзі разам спасцігалі рыфмаваныя мэмы і ключавыя празаічныя сэнсы і станавіліся адзіным народам, адзіным у слове і лепшых парываннях душы. І рабілі гэта хутка, не ляніва … Гучыць пафасна. Караткевіч быў пафасны, не лянівы. Як па мне – быў сапраўдным эпікурэйцам, як Гётэ. Абложная праца, сябры, песні і заслужана пасля зробленага -- добрае віно.
Іншага нашым творцам не дадзена, якія да апошніх дзён застаюцца рамантыкамі. Наша мова з розных прычын , у тым ліку і з прычыны вузкай сферы ўжывання, застаецца мовай –логасам, незацёртай і вяшчуннай.
Такую яе нярэдка сустрэнеш на сонечных палянах і лясных сцежках Уладзіміра Караткевіча.
Усё напісанае не прачытаеш. І нашы хатнія кніжкі стаяць на паліцах у два і тры шэрагі. Рука і душа лёгка знойдзе патрэбны тэкст і сэнс, калі ты ўмееш знайсці свайго аўтара ў патрэбнай кропцы тваёй “сінхраністычнай памяці” , дзе жывуць асобныя радкі ды метафары. Кніжная творчасць – у шырокім антычным сэнсе ёсць паэзія.
Паэзія – гэта тое, што застаецца, калі забываюцца канкрэтныя словы, а застаюцца – рытм, дыханне, неакрэсленныя відзяжы новых сэнсаў, для якіх яшчэ не нарадзілася слова …