"МедыяКлас". Прадстаўляем метадычны дапаможнік па медыяграматнасці

МедыяКлас — кніга з практыкаваннямі для развіцця крытычнага мыслення і медыяграматнасці — прысвечана пандэміі каранавіруса і іншым самым актуальным падзеям, якiя ўлічваюць новыя тэндэнцыі і медыйныя тэхналогіі. Кніга змяшчае практыкаванні для ўрокаў і гатовыя інфармацыйныя і класныя гадзіны, выхаваўчыя заняткі і элементы трэнінгаў для дарослых. Зроблена беларускімі настаўнікамі-медыяадукатарамі!

Гэты метадычны дапаможнік складаецца з гатовых практыкаванняў, сцэнарыяў урокаў, інфармацыйных і класных гадзін, якія дазваляюць вам, як настаўнікам:
• планаваць вучэбныя заняткі з медыяадукацыйным зместам па тэме свайго ўрока;
• абмяркоўваць і планаваць стварэнне атмасферы ў класе, якая б спрыяла ўсведамленню вучнямі пераваг і небяспекі інфармацыйнага свету, разуменню ролі медыя ў грамадстве, адказнаму стаўленню да аўтарскіх правоў, свабоды слова;
• узмацняць і пашыраць актыўны і адказны ўдзел вучняў і дарослых у стварэнні інфармацыйнай прасторы.

Як знайсці патрэбнае практыкаванне?

Матэрыялы дапаможніка арыентаваны найперш на настаўнікаў сярэдняй школы. Кожнае практыкаванне (урок) мае ў загалоўку назву, пералік медыякампетэнцый, фарміраванню якіх яно спрыяе, клас, прадмет, прыкладны час, патрэбны для яго правядзення, пералік скарыстаных метадаў і матэрыялаў для падрыхтоўкі.
Абсалютная большасць практыкаванняў з’яўляюцца ўніверсальнымі і могуць быць выкарыстаны як элементы інфармацыйных гадзін, трэнінгаў і семінараў па медыяпісьменнасці, выхаваўчых, навучальных і забаўляльных мерапрыемстваў для розных мэтавых груп.

Кожнае практыкаванне, матэрыял для раздрукоўкі, артыкул, відэа- і аўдыядадатак вы можаце знайсці ў электроннай форме на платформе медыятулкіт па адпаведных QR-кодах або актыўных спасылках у PDF версіі кнігі.