Дзённік настаўніцы. 7 жніўня

Ганна Севярынец
08.08.2023

Паехалі мы сёння з Іллюхам па школьную форму. Працэс гэты для мяне заўсёды складаны, нярвовы, а ў такую спёку і наогул траўматычны, дык я пасярод гэтага бясконцага сіняга шмацця раз'юшылася не на жарт.

Стаю, нярвова зрываю з вешалак штаны, дрыжачымі рукамі шукаю на іх цэтлікі з памерамі, углядаюся ў лічбы праз вар'яцкі туман, і шыплю жудасным шыпам:

- Як так можна?! Як можна на такі рост такі аб'ём таліі?! І гэта! І гэта! На каго яны шыюць?! На нейкіх вужоў! А гэта?! Як можна такія штанішчы на такі рост?! Што гэта за мяхі? На якіх сланоў?!

Ілля стаіць і душыцца ад смеха:

- Мам! Так если кто худее меня, так он похож на ужа, а кто толще – на слона, а я тогда какой?

- А ты, мой сыначка, і-дэ-аль-ны! – сказала я Іллі, чмокнула ў макаўку і адчула сябе анекдатычнай габрэйскай мамкай.

Надзвычай цікавая кніжка атрымалася ў маёй каляжанкі па Стэмбрыджы, настаўніцы мастацтва Ганны Трусавай) Зачароўвае) Абсалютна неспасцігальна, але цалкам гарманічна тут паяднаныя Брэйгель, ён падрабязна разабраны па фігурках, па дэталях, па ідэях, і Метэрлінк: ягоная Сіняя птушка патлумачана вельмі простай, але не спрошчанай мовай і праілюстравана. Шмат назіранняў, эксперыментаў, прапаноў для ўважлівага чытача – такая кніжка мае шанец стаць самай памятнай кнігай дзяцінства.

Цяпер трэба перакласці на беларускую)

Набыць можна ў ТЦ Купалаўскі, месца 42