Дзённік настаўніцы. 30 красавіка

Ганна Севярынец
01.05.2023

Едзем у маршрутцы. Я сяджу адразу за кіроўцам, і таму ёсць рызыка, што мне давядзецца камусьці перадаваць рэшту з аплаты, а я сёння гэтага саромеюся: рукі ў мяне пасля сельгаспрац не ў лепшым выглядзе, асабліва кіпці. Не адмыліся, скажам так.

І вось яно: кіроўца насыпае мне прыгоршчу манетак. Выдыхаю і абарочваюся, каб перасыпаць іх у іншую далонь, і заадно, як атрымаецца, выбачыцца як-небудзь крывой усмешкай за кіпці.

А там працягваецца такая лапа! Чалавек, мо, не толькі бульбу садзіў, але і дымаход чысціў, і дровы цягаў, і лавы фарбаваў)

Фуф) Усе мы адной крыві ў гэтыя гарачыя дзянькі.

 

Сёння на бульбу прывозілі чарговага свежанькага Севярынца, нашага дваюроднага пляменнічка двухмесячнага ўзросту. Ляжаў ён, ляжаў у калысцы – і засумаваў. Закасваю рукавы і іду да дзіця:

- Дайце-ка яго мне, я вам зараз філолага накалыхаю!

- Мы яго ў дактары рыхтуем! – рашуча адказаў ягоны бацька і палез за сынам у калыску.

Не давяраюць пачыму-та!

Як жа нясцерпна хочацца нармальнага жыцця, госпадзі ты божа ж мой.