Перакуленая піраміда

Вадзім Жылко, «Информ-прогулка»

Лета - гарачая пара для абітурыентаў і іх бацькоў. Менавіта таму мы абралі адзін з ліпеньскіх дзён для круглага стала «Информ-прогулки» і Таварыства беларускай школы на актуальную тэму: «Адукацыя вышэйшая і прафесійна-тэхнічная - што больш запатрабавана ў сучасных ўмовах?» Запрасілі на яго прадстаўнікоў абодвух лунінецкіх каледжаў, журналістаў, бацькоў старшакласнікаў і студэнтаў.

Спачатку прадстаўнік ТБШ і кіраўнік сайта www.nastaunik.info Вольга Мазурава распавяла пра накірункі дзейнасці гэтай грамадскай арганізацыі і сайта. Потым яна згадала вандроўку ў Швецыю групы педагогаў і журналістаў. Яны пабывалі ў гарадку Оскархамн. Дык вось, пры насельніцтве ў 17.500 жыхароў мясцовая гімназія налічвае ажно 1.100 студэнтаў (навучэнцаў). Прычым сюды жадаючыя паступаюць на тры гады пасля заканчэння 9-гадовай школы. У гімназіі яны могуць атрымаць або дадатковыя веды для паступлення ў ВНУ (гэты варыянт абірае каля дзвюх трацін), або асновы той ці іншай прафесіі (прыкладна траціна вучняў). Заканчваюць гімназію па нашых мерках позна - у 18-19 гадоў, а ўвогуле тут можна вучыцца да 20 гадоў. Для больш старэйшых  існуе дадатковае аддзяленне. Гімназія забяспечвае працоўнымі кадрамі прадпрыемствы партова-прамысловага горада.  Існуе міжнароднае супрацоўніцтва - напрыклад, для Эстоніі вырабляюцца гульнявыя пляцоўкі з драўніны. Яшчэ адзін накірунак, трохі дзіўны для нас, - музычная падрыхтоўка (Швецыя славіцца ў свеце музычнай індустрыяй, у якой задзейнічаны камп’ютарныя і іншыя сучасныя тэхналогіі). Гімназісты ахвотна авалодваюць музычнымі ведамі. Для дзяцей мігрантаў ёсць спецыяльнае аддзяленне, дзе тыя разам з іншымі ведамі авалодваюць шведскай мовай. Свае праграмы ёсць і для інклюзіўных дзяцей (як бы мы сказалі, для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі).

На думку ўдзельнікаў круглага стала, беларускі вопыт мае некаторыя агульныя рысы са шведскім, але адрозненняў больш. У той ці іншай ступені ўрокі прафарыентацыі праводзяцца ў школах з пятага класа. Гэта ўрокі працы, заняткі ў гуртках пазашкольных устаноў і г.д. На жаль, на Лунінеччыне паступова закрылі ўсе вучэбна-вытворчыя камбінаты (ВВК). Адносна іх карыснасці думкі ўдзельнікаў падзяліліся. Журналістка Таццяна Качаноўская прывяла як прыклад сваю дачку, якой вельмі падабалася авалодваць у ВВК швейнай справай. Нават паступіўшы ва ўніверсітэт, дзяўчына хацела б мець дадаткова гэтую прафесію і яшчэ некаторыя, каб больш упэўнена адчуваць сябе ў дарослым жыцці.

Апаненты даводзілі, што атрымаць у ВВК паўна-вартасную прафесію амаль немагчыма. Але ж, як зазначыла Вольга Мазурава, задача ВВК - найперш знаёміць з прафесіямі, даваць падлетку магчымасць выбіраць, паспрабаваць сябе. Журналістка Людміла Хмялеўская згадала свае школьныя гады ў ВВК з захапленнем, тыя заняткі прыдаліся ёй ў жыцці, зусім не перашкодзіўшы потым набыць іншыя спецыяльнасці, атрымаць вышэйшую адукацыю.

Між тым, як не аднойчы гучала ў час круглага стала. сучасная школа арыентавана найперш на паступленне выпускнікоў у ВНУ. Намеснік дырэктара Лунінецкага каледжа сельгасвытворчасці Алена Хілюціч з такой тэндэнцыяй нязгодная. Не ўсе былыя школьнікі па сваіх ведах могуць вучыцца ў ВНУ, ды і ці патрэбна тое? Нават зніжэнне планкі для абітурыентаў не выратоўвае справу. Напрыклад, у мінулым годзе ўжо пасля першай сесіі з ВНУ было адлічана каля тысячы студэнтаў, зазначыла Алена Леанідаўна. А гэта ж стрэс для кожнага юнака ці дзяўчыны. Таму вучням са слабымі і сярэднімі ведамі лепш адразу шукаць іншыя варыянты. У свой час, зазначыла педагог, Расія разбурыла сістэму прафтэхадукацыі, а цяпер з цяжкасцю яе адраджае. І адна з прычын таго, што ў Расію едуць на заробкі рабочыя з суседніх краін, якраз у адсутнасці кваліфікаваных расійскіх кадраў. А між тым лепш быць добрым рабочым, чым дрэнным інжынерам.

Алена Хілюціч і метадыст Лунінецкага політэхнічнага каледжа Галіна Антановіч распавялі, як прафесійна-тэхнічныя ўстановы праводзяць прафарыентацыю сярод школьнікаў. Гэта дні адкрытых дзвярэй, прома-акцыі на плошчы Леніна ў Лунінцы, сумесныя мерапрыемствы з аддзелам занятасці, разнастайныя майстар-класы і інш. Апрача запатрабаваных прафесій з гарантаваным працаўладкаваннем, навучэнцы могуць займацца ў гуртках, секцыях, бо культурнае і спартыўнае жыццё ў лунінецкіх каледжах традыцыйна на вышыні.

У мінулым навучальным годзе ў Лунінецкім сельгаскаледжы займалася каля 450 вучняў, у політэхнічным - каля 400. Тут можна атрымаць і сярэднюю спецыяльную адукацыю (тэхнік-механік, тэхнік-будаўнік, таваразнаўца), у тым ліку платна. Жадаючыя вучыцца прыязджаюць у Лунінец нават з іншых раёнаў і абласцей. Але, як зазначыла А.Хілюціч, існуе «парадокс»: каледж не можа прыняць на сярэднее спецыяльнае навучанне тых, у каго ў школе былі тройкі па рускай або беларускай мовах, фізіцы, матэматыцы, хаця некаторыя ВНУ прымаюць нават з двойкамі! Навучэнец можа добра скончыць прафесійна-тэхнічны ўзровень, але «школьныя грахі» закрываюць яму шлях да далейшага навучання ў каледжы.

Лунінецкі каледж сель-гасвытворчасці мае дамовы з Брэсцкім тэхнічным універсітэтам, Мазырскім універсітэтам, Горацкай сельгасакадэміяй, па якіх навучэнцы могуць паступаць адразу на трэці курс. Такое супрацоўніцтва выгаднае абодвум бакам. Політэхнічны каледж мае пагадненне з Віцебскім тэхналагічным каледжам. Штогод пэўная колькасць вучняў карыстаецца магчымасцю прадоўжыць вучобу.

Што тычыцца праца-ўладкавання (пасля прафесійна-тэхнічнага ўзроў-ню трэба адпрацаваць год, пасля сярэдняга спецыяльнага - два), то і тут ёсць свае напрацоўкі. Ахвотна бяруць далёка за межамі раёна нашых будаўнікоў, повары і прадаўцы працуюць у сетцы магазінаў «Алмі» ў сталіцы, у Прыпяцкім запаведніку і г.д. Політэхнічны каледж рыхтуе спецыялістаў па дамове з РУВП «Граніт». Дарэчы, калі бацькі знойдуць для выпускніка каледжа працу ў сваім рэгіёне, гэта толькі вітаецца, пры размеркаванні ім ахвотна ідуць насустрач.

I ўсё ж шмат хто з бацькоў хоча даць дзецям вышэйшую адукацыю. Вольга Мазурава прывяла афіцыйныя статыстычныя дадзеныя: у Беларусі ў 2014/15 вучэбным годзе ў ВНУ вучылася 362.900 студэнтаў (138.700 - на «бюджэце» і 224.200 - платна), тады як ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі займалася толькі 72.800 чалавек, у сярэдніх спецыяльных - 115.500. Вобразна кажучы, ці не перакулена наша адукацыйная піраміда дагары нагамі?

Удзельнікі дыскусіі на жыццёвых прыкладах разважалі пра тое, куды і як паступаюць дзеці, ці гатовы бацькі плаціць за іх навучанне (спачатку - рэпетытарам, потым - ВНУ) і колькі плаціць? Прагучалі думкі, што часам імкненне бацькоў даць вышэйшую адукацыю сыну ці дачцэ любым коштам не ідзе на карысць самому маладому чалавеку. Адзін з удзельнікаў згадаў, як да іх у каледж прыйшоў вучыцца былы гімназіст з вельмі добрым атэстатам, які мог бы лёгка паступіць у ВНУ. Але малады чалавек патлумачыў, што хоча сам абіраць свой шлях і вучыцца таму, да чаго ляжыць душа... З іншага боку, часам адмоўную ролю адыгрывае празмерная бацькоўская абыякавасць да свайго дзіцяці...

Як адзначалі многія ўдзельнікі, «аптымізацыю» трэба праводзіць не толькі і не столькі на ўзроўні прафтэхадукацыі, але найперш у вышэйшай адукацыі. Цяперашнія 54 ВНУ - надта шмат для нашай краіны. Трэба да разумнага ўзроўню скараціць і колькасць платных месцаў, каб ВНУ не былі машынамі па выкачванні грошай з бацькоў. Трэба ўзняць планку, не прымаць у студэнты двоечнікаў. І з ЦТ пажадана спалучаць уступныя экзамены, творчыя іспыты і г.д. Празмерная камерцыялізацыя вышэйшай адукацыі - вялікі мінус.

Установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі цяпер досыць гнутка рэагуюць на патрабаванні часу: уводзяцца новыя прафесіі ці інтэгруюцца ранейшыя, выпрабоўваюцца сучасныя формы навучання (напрыклад, дадатковыя платныя вечаровыя курсы па іншых прафесіях) і г.д. Але нашы школы арыентаваны на ВНУ, паказчык паступлення ў іх - адзін з важнейшых. Гэта прыносіць выгады дзяржаве, якая зарабляе на «платных» студэнтах. У той жа час для большасці бацькоў характэрна ранейшае ўяўленне пра вышэйшую адукацыю як «сацыяльны ліфт» (тым болей, што раней вучоба ў ВНУ была бясплатнай), хаця сітуацыя даўно змянілася, час расстаўляе іншыя прыярытэты. На гэтых «трох кітах» (школы, ВНУ і бацькі) і балансуе пакуль наша перакуленая піраміда...