ДЗЯРЖАЎНАЯ КУЛЬТУРА ЎСПАМІНАЎ ЛІТОЎЦАЎ, ЛАТЫШОЎ, ЭСТОНЦАЎ І БЕЛАРУСАЎ ПРА ПАДЗЕІ ЎСТАЛЯВАННЯ МАДЭРНАЙ ДЗЯРЖАВЫ НА ПАЧАТКУ 20-ГА СТАГОДДЗЯ.

27.11.2023
ДЗЯРЖАЎНАЯ КУЛЬТУРА ЎСПАМІНАЎ ЛІТОЎЦАЎ, ЛАТЫШОЎ, ЭСТОНЦАЎ І БЕЛАРУСАЎ ПРА ПАДЗЕІ ЎСТАЛЯВАННЯ МАДЭРНАЙ ДЗЯРЖАВЫ НА ПАЧАТКУ 20-ГА СТАГОДДЗЯ. (Роздум пасля прагляду відэароліка інтэрвію Дзмітрыя Гурневіча з д-рам гісторыі Сяргеем Абламейкам пра БНР і “Слуцкі збройны чын”) . Да гадавіны ваярнага супраціву за ідэі БНР на Случчыне.
Радасна, калі сустракаеш у кніжцы ці чуеш ад разумнага чалавека тое, пра што сам думаў даўно ці толькі што.
Некалькі дзён таму са спазненнем паслухаў гэтую гаворку на ютубе.
Пачынаючы з 1995 г. на працягу некалькіх гадоў я супрацоўнічаў у праграмах “Інстытута імя Георга Экерта для міжнароднага даследавання падручнікаў” (ФРГ, Браўншвайг). Цяпер ён з’яўляецца часткай Інстытута імя Ляйбніца для адукацыйных медыя”. Спецыялізуецца на культурна-гістарычных праблемах: калектыўныя стэрэатыпы, нацыянальнае самаўсведамленне, тыпалагічнае успрыманне “чужых” культур.
Інстытут мае самую багатую папяровую і электронную бібліятэку школьных падручнікаў гісторыі ў свеце. Я асабіста прывозіў туды двойчы камплекты нашых падручнікаў і навучальных дапаможнікаў розных гадоў выдання.
Як ілюстрацыю даю рэпрынт свайго артыкула “Сітуацыя з новай рэформай падручнікаў у Беларусі” з матэрыялаў міжнароднай канферэнцыі ў Браўншвайгу. У сваіх назіраннях я параўноўваю тэксты нашых падручнікаў гісторыі пачатку 90-х і праектаў новых у кантэксце “Канцэпцыі рэформы агульнаадукацыйнай школы у Рэспубліцы Беларусі” (пастанова СМ РБ ад 21.08.1996 г.).
У прыватнасці – даю цытацыі раздзелаў, прысвечаных Кастрычніцкай рэвалюцыі, БНР і баёвым падзеям на Случчыне.
У пачатку 90-х у падручніках гаварылі ўжо і пра гістарычна-юрыдычную легітымнасць БНР, і пра“кастрычніцкі пераварот”, і пра “Слуцкі збройны чын”. У падручніках, выдадзеных пасля 1996 г. рыторыка зноў чыста савецкая: толькі “рэвалюцыя”, “неадбытая БНР”, “слуцкі антысавецкі мяцеж”.
Сёння я коратка выкладу ключавыя факты сваіх вусных выступаў на канферэнцыях пра школьныя падручнікі ў1995-2000 г.г. у Германіі, Украіне, Фінляндыі з спасылкамі на нямецкія ж крыніцы. Фрагменты публікаваліся ў суполцы nastaunik.info.
НА ШТО АКЦЭНТВАЎ УВАГУ д-р СЯРГЕЙ АБЛАМЕЙКА?
ЛАТВІЯ
Надзвычай цікавыя рэфлексіі сп. Абламейкі пра абсалютную “легітымнасць” БНР у параўнанні, напрыклад, з Латвіяй. Ад сябе дазволю -- не без уплыву нямецкіх экспертызаў -- прынцыповую канстатацыю: як дзяржаўны мадэрны феномен Латвія пачалася толькі ў 1918 г. Афіцыйна Латвійская рэспубліка была абвешчана 18 лістапада 1918 г. Да гэтага былі толькі падуладныя Расійскай імперыі тэрыторыі Курляндыі, паўднёвай Лівоніі і Латгаліі. Так, латыскія студэнты у 1917 г. яшчэ не маглі прыйсці да адзінай думкі пра нацыянальны сцяг. Сярод “кандыдатур” фігураваў нават варыянт БЧБ-сцяга, які быў адкінуты з увагай на тое, што гэтыя колеры ўжо выкарыстоўвалі беларускія вайсковыя аддзелы на румынскім фронце яшчэ ў час вайны.
У нас мала ведаюць пра суперніцтва немцаў і англічан за кандыдатуру будучага кіраўніка Латвіі. Пэўна, С. Абламейка ў фармаце гутаркі не ставіў задачы асвяціць усе закулісныя падзеі гэтага суперніцтва. Для Літвы ўжо была знойдзена нямецкая кандыдатура. Сярод змагароў за незалежнасць Латвіі не было адзінства. Будучы кіраўнік Латвіі быў фаварытам прабрытанскіх груповак. У час працяглых закалотаў пры перавазе збройных балцка-нямецкіх аддзелаў ён быў уцёкшы на англійскі карабель і праз два месяцы пры падтрымцы англічан – немцы супраціўляліся, хацелі свайго стаўленніка, як у Літве -- вярнуўся ў Рыгу, дзе быў прызнаны Часовым латыскім урадам прэзідэнтам краіны.
У латышоў не было такога прадстаўнічага 2000-тысячнага Устаноўчага з’езду, як у беларусаў (дадатковыя дэталі пра Ульманіса мае).
Цікавыя заўвагі д-ра Абламейкі і пра баёвыя дзеянні на Случчыне (так званы Слуцкі збройны чын). Легітымныя аддзелы случакоў з пункту гледжання міжнароднага права: ідзе вайна бальшавіцкай Расіі супраць Польшчы; у гэты рэгіён бальшавікі яшчэ не прыйшлі, слуцкія аддзелы арганізавана, з усімі вайсковымі атрыбутамі (не як банда!) выступаюць супраць бальшавісцкай экспансіі на Беларусі.
Гэта фронт змагання за ідэалы БНР, не адзіны, -- ідэі БНР ўзрушылі грамадства ў шматлікіх рэгіёнах… Д-р Абламейка вельмі дарэчы ўзгадвае кнігу Ніны Стужынскай “Беларусь мяцежная” (Вільня, 2020. Серыя “Невядомая гісторыя”).
Тэзісна Н. Стужынская выклала ідэю спраўджвання гісторыі стэрэатыпаў праз oral history, напісаўшы ў зборнік “Гісторыя штодзённасці і правы чалавека” тэкст з назвай “Гісторыя, якой няма ў падручніках”. Зборнік аформлены як “Матэрыялы міжнароднай канферэнцыі1-5 снежня 1999 г. Мінск.”Тэхналогія”.
Мне давялося быць укладальнікам гэтага зборніка разам з супрацоўніцай Ін-та Георга Экерта Магдай Тэлюс. Мой тэкст называўся – “Якую штодзённасць нясуць беларускім дзецям падручнікі грамадазнаўства і гісторыі?” З гэтым даследчым цэнтрам я супрацоўнічаў на працягу некалькіх гадоў, быў суарганізатарам канферэнцыі як старшыня НА “Клуб Бон-Мінск”
Раблю спробу змясціць тэму абмеркавання Дзмітрыя Гурневіча з Сяргеем Абламейкам ў больш шырокую тыпалагічную парадыгму.
УСТУПНАЯ ЗАЎВАГА
Як вядома, “Мятеж не может кончиться удачей // В противном случае его зовут иначе». Гэта метафарычныя радки з вольнага перакладу С. Маршаком эпіграмы Джона Гарынгтона (John Harington, 1561-1612) «Пра здраду». Перакладнік назваў твор “Простая ісціна”. Арыгінал: Treason doth never prosper, what's the reason? For if it prosper, none dare call it Treason.
Пераможцы пішуць гісторыю і фармаюць дзяржаўную культуру ўспамінаў.
ТЭРМІН “КУЛЬТУРА ЎСПАМІНАЎ”
Падручнікі гісторыі фармуюць асобу і нацыю. Аптымізм нацыі ствараецца ясным усведамленнем, што мы пабудавалі або што мы будуем. Цяпершчына абапіраецца на мінуўшчыну ў яе міфалагізаванай форме. Адпаведна сучаснаму стану грамадства наша дзяржаўная дактрына трактуе нацыянальнае пытанне.
З гісторыі мы ведаем пра ўтварэнне “своечасовых” нацыянальных дзяржаваў (19-20 ст.) і “запозненых” пасля канчатковага распаду імперый па заканчэнні Першай святовай вайны. Цяпер эпоха нацыянальных дзяржаў як бы закончылася. Наступіў час “грамадзянскіх нацый”. Мы спакойна даем беларускае грамадзянства сотням імігрантаў. Дастаткова прынесці прысягу і ведаць адну з дзвюх дзяржаўных моў.
У немцаў, напрыклад, праціўнікі мультыкультуралізму і размывання нацыянальных каштоўнасцяў нарадзілі слова UNTERWANDERUNG (унтэрвандэрунг= шматлікія вандроўныя людзі падкопваюць асновы самабытнасці нацыі).
ЯК УСПРЫМАЮЦЬ ПАДЗЕІ НА НЯМЕЦКІМ ФРОНЦЕ Ў 1918 г. БАЛТЫЙСКІЯ КРАІНЫ І БЕЛАРУСЬ?
Усе запозненыя нацыі ў працэсе развалу былой Расійскай імперыі шукалі ўсюды, дзе магчыма, саюзнікаў для здабыцця юрыдычнага суверэнітэту у схематыцы таго геапалітычнага раскладу. Да Германіі, як ключавога гульца новых дзяржаўных геаграфій , звярталіся ўсе лідэры маладых дзяржаўных утварэнняў. Узгадайце брэсцкія мірныя перамовы, дзе былі і украінцы.
Нашы дзяржаўныя падручнікі гісторыі надзвычай адмоўна ставяцца да факту звароту групы дзеячаў БНР да германскага імператара, называючы зварот не інакш, як “Ліст кайзэру” (ён яго ў вочы не бачыў!), падкрэсліваючы гэтым асаблівую агіду “хаўрусаваннем з кайзэрам”.
ЛІТВА
Нямецкія гісторыкі, “забыўшыся” на свой своечасовы нацыяналізм і антысемітызм часу фармавання нацыі, маючы ўжо “грамадзянскую самаідэнтыфікацыю”, тым не менш трактуюць цяперашнія нацыянальныя рухі, напрыклад, ва Украіне і Беларусі як “нацыяналізм” з прычыны таго, што з геапалітычных меркаванняў Беларусь і большая частака Україны аддаваліся традыцыйна з часу Бісмарка пад зону расійскіх інтарэсаў, а Балтыка (Малая Літва, Курляндыя і Эстонія як плацдарм нямецкай экспансіі) разглядалася сферай інтарэсаў Англіі і Германіі.
А што літоўцы? Літоўская незалежнасць пракламавалася ў некалькі этапаў і заўсёды пры нязменным пратэктараце Германскага райха.
29 лістапада 1917 г. райхсканцлер Граф Гэртлінг абвясціў на пасяджэнні Райхстагу незалежнасць Літвы на акупаванай немцамі тэрыторыі. У гэты ж час Тарыба (Рада краіны) 11 снежня 1917 г. абвясціла “Аднаўленне незалежнай Літоўскай дзяржавы з сталіцай у Вільнюсе” і афіцыйна звярнулася па дапамогу і падтрымку Германскага Райху.
16 лютага 1918 г. Тарыба абвясціла яшчэ раз незалежнасць без прывязкі і звароту да іншых краін. На гэты раз Германія заявіла пратэст, і кайзэр прызнаў Літву афіцыйна толькі праз месяц.
Сітуацыя на франтах і ў раскладзе сіл у краіне мянялася …
. У ЛІПЕНІ 1918 г. ТАРЫБА ВЫБРАЛА КАРАЛЁМ ЛІТВЫ ГЕРЦАГА ВІЛЬГЕЛЬМА ФОН УРАХА, ГРАФА ВЮРТЭМБЭРСКАГА І АБВЯСЦІЛА КРАІНУ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ МАНАРХІЯЙ! Далей была іншая гісторыя…
Але гэты амаль кур’ёзны з сенняшняга гледзішча факт літоўскія гісторыкі не стыгматызуюць як нешта агіднае. Усе спробы былі праведныя, каб вырвацца з абдымкаў імперыі. Я не ведаю, ці стаіць гэтая падзея у цяперашніх літоўскіх школьных падручніках як факт турбуленцый таго трывожнага 1918 года як часу пачатку літоўскай мадэрнай дзяржаўнасці.
ЭСТОНІЯ
Тая ж тыпалогія. Толькі яшчэ з большымі дэталямі нямецкага, англійскага і шведскага ўплываў. 24 лютага 1918 г. у Таліне адбылося абвяшчэнне незалежнай Рэспублікі Эстоніі.
Гэта стала магчымым пры падтрымцы акупацыйных уладаў. Былі створаныя ляндэсраты ў Лівляндыі і Эстляндыі. Складаліся ў асноўным з ганзейскіх немцаў. 12 красавіка аб’ядналіся ў Балтыйскі ляндэсрат, які прыняў пастанову стварыць Балтыйскае герцагства. 22 верасня імператар Вільгельм ІІ падпісаў акт аб прызнані Балтыйскага герцагства.
Планаванае на 17 верасня афіцыйнае абвяшчэнне Герцагства было сарвана рэвалюцыяй 9 лістапада ў Германіі. Германскія рыцарскія таварыствы ў Балтыцы летам 1918 г. усё яшчэ спадзяваліся аб’яднаць усю тэрыторыю ў германскі пратэктарат.
Трэба ўлічваць , што паводле Брэскага міру 3 сакавіка 1918 г. Савецкая Расія адмаўлялася ад прэтэнзій на Балтыку. А ў лістападзе адмовілася ад брэсцкіх пагадненняў і пачала наступ на Талін і Рыгу.
. Бальшавікі мусілі адступіць з Эстоніі пад напорам балцка-германскіх аддзелаў пад камандаваннем былога кайзэраўскага гвардзейскага палкоўніка Канстантына фон Вайса.
Былі сутыкненні эстонскіх аддзелаў з пранямецкімі фармаваннямі, якія не хацелі выконваць рашэнні Камп’енскага перамір’я аб вывадзе нямецкіх войскаў з Балтыкі.
Пры падтрымцы Эстоніі Брытаніяй, Швецыяй, Фінляндыяй РСФСР мусіла падпісаць 2 лютага 1920 г. мірнае пагадненне, якое праіснавала да пакта Молатава – Рыбентропа.
У ілюстрацыях я даю фота кнігі Berndt Nielsen Stokkeby “БАЛТЫЙСКІЯ ЎСПАМІНЫ” (Baltische Erinnerungen. Gustav Lübbe Verlag, 1990), дзе аўтар на 6 старонках спасылак дае дакументальна пацверджаныя падзеі 1918 г
. Бэрндт Нэльсэн Стокэбі (нар. 1923 г.), эстонскі немец, журналіст-міжнароднік, храніст спеўнай рэвалюцыі ў Эстоніі.
У 1943 быў прызваны ў нямецкае войска. Яму ўдалося ўцячы ў 1947 г. з савецкага палону ў падмаскоўным лагеры. Быў зноў злоўлены. Вызваліўся пасля 1955 г. Вельмі цікавае апісання жыцця немцаў у Эстоніі.
Ягоны бацька быў сярод таго “дэсанта” нямецкіх матацыклістаў, ад якіх уцякалі балтыйскія матросы пад Нарвай 23 лютага , якімі кіраваў Дыбенка (запанікавалі, былі напіўшыся спірту з цыстэрны, прыгнанай з Гельсінкі). Здалі самавольна Гатчыну Аддзел быў раззброены. Дыбенку выключылі з партыі, паводле ўказання Леніна пазбавілі ўсіх пастоў, які ён займаў, маючы ганаровы тытул “герой рэвалюцыі”.
Ілюстрацыі:
1. Рэпрынт артыкула П. Садоўскага “Школьныя падручнікі гісторыі і грамадазнаўства ў Беларусі”. Браўншвайг 1988. Георг-Экерт- Інстытут.
2. Матэрыялы канферэнцыі “Гісторыя штодзённасці і правы чалавека” . Мінск, 2000. “Тэхналогія”, 277 с.
3. Талін. Лінда аплаквае гибель Калева. Наплакала цэлае возера Юлемистэ. Расказам гэтай легенды Ленарт Мэры, паэт, гісторык, першы прэзідэнт Эстоніі (1992-2001) пачаў песенную рэвалюцыю ў Эстоніі разам з вязнямі ГУЛАГу.
4. Berndt Nielsen Stokkeby “БАЛТЫЙСКІЯ ЎСПАМІНЫ” (Baltische Erinnerungen. Gustav Lübbe Verlag, 1990).