Як абнаўляюцца рамкі ключавых кампетэнцый навучэнцаў у розных краінах: агульнае і адрознае.

За апошняе дзесяцігоддзе многія краіны свету правялі  рэфармаванне школьных адукацыйных стандартаў і навучальных  праграм з мэтай павышэння ўзроўню развіцця ключавых кампетэнцый. Кожная краіна распрацоўвае ўласную нацыянальную мадэль кампетэнцый, якая апісвае мэты і вынікі адукацыі. Змест кампетэнтнаснай мадэлі вызначаецца нацыянальнымі прыярытэтамі краіны, сацыяльным, культурным і эканамічным кантэкстам і адукацыйнымі традыцыямі. Вынікам адукацыі з’яўляюцца паслядоўна сфармаваныя/набытыя кампетэнцыі, якія сведчаць аб духоўнай, інтэлектуальнай і фізічнай сталасці асобы.  

Аналіз дзейных міжнародных і нацыянальных рамак ключавых кампетэнцый дазваляе прасачыць, якая рамка кампетэнцый была ўзята за аснову ў кожнай краіне, як праяўляецца і чым абумоўлена яе нацыянальная спецыфіка, як суадносяцца і як сфармуляваны ключавыя і прадметныя кампетэнцыі.

Азнаёміцца з аглядамі міжнародных рамачных адукацыйных дакументаў і апісаннем нацыянальных рамак кампетэнцый і рэформавання школы ў розных краінах можна па наступных спасылках:

  • Стварэнне “новай нормы” у адукацыі: што сабой уяўляе мадэль навучання XXI стагоддзя? (агляд рамачных дакументаў, у якіх апісваюцца тэндэнцыі развіцця адукацыі і  рэкамендацыі для настаўнікаў, метадыстаў, палітыкаў у адукацыі) тут 
  • Прычыны і асаблівасці рэфармавання школьнай адукацыі Літвы (рэформа UTA, новая рамка кампетэнцый, навучальныя праграмы) тут 
  • Польшча: Асаблівасці рэфармавання школьнай адукацыі. Агляд 2024 (рэформа школы, рамка кампетэнцый і асаблівасці навучальных праграм) тут 
  • У фокусе ўвагі нацыянальная рамка ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі Беларусі (мадэль кампетэнцый, мэтавыя паказчыкі і чаканыя вынікі рэалізацыя канцэпцыі) тут 
  • Асаблівасці рэфармавання школьнай адукацыі Ўкраіны 2023 (рэформа НУШ, рамка кампетэнцый, структура навучальных праграм) тут 

Пры размежаванні ключавых кампетэнцый у Беларусі (праект рамкі) і суседніх краінах (дзейныя рамкі) улічваліся даследаванні стану адукацыі, тэндэнцыі развіцця школы, перадавыя ідэі педагагічнай навукі, рэкамендацыі міжнародных арганізацый, магчымасці забеспячэння развіцця  кампетэнцый у  навучальных праграмах і іншае. Таб.1 дазваляе праілюстраваць розныя падыходы да вылучэння ключавых кампетэнцый і іх кампаноўкі ў нацыянальныя рамкі.

Агульнае для розных краін: 

  • складнікамі ключавых кампетэнцый з’яўляюцца  веды, навыкі, стаўленні/каштоўнасці;
  • усе ключавыя кампетэнцыі лічацца аднолькава важнымі і ўзаемазвязанымі  – складнікі адной кампетэнцыі будуць садзейнічаць развіццю іншай;
  • ключавыя кампетэнцыі развіваюцца праз змест,  які прадстаўлены ў навучальных праграмах вучэбных прадметаў з улікам акадэмічнай логікі і метадалогіі адпаведнай навукі, актуальнасці для школьнікаў і адпаведнасці ўзроставым асаблівасцям навучэнцаў;
  • вынікі навучання на розных ступенях і ўзроўнях адукацыі паказваюцца ў апісаннях дасягненняў навучэнцаў (адукацыйныя стандарты, навучальныя праграмы па вучэбных прадметах);
  • азначэнні ключавых кампетэнцый і іх дэталёвы перавод у структурныя мадэлі вынікаў навучання (напрыклад, такіх як кампетэнцыі прадпрымальніцтва, лічбавай кампетэнтнасці)  спалучаюцца з дыягнастычным, фарміруючым і выніковым ацэньваннем. 
  • вельмі запатрабаваны інструментарый для розных  падыходаў, якія будуць ацэньваць узровень развіцця тых ці іншых кампетэнцый;

Адрознае ў рамках ключавых кампетэнцый: 

У краінах, якія выкарыстоўваюць агульнаеўрапейскую рамку ключавых кампетэнцый (Польшча (2018), Украіна (2006)) такія базавыя навыкі, як крытычнае мысленне, уменне вырашаць праблемы, праца ў камандзе, камунікатыўнасць, творчы падыход, уменне весці перамовы, аналітычныя і міжкультурныя навыкі заяўляюцца неад’емнай часткай кожнай з ключавых кампетэнцый (але, напрыклад,  пры гэтым падыходзе ў асобную кампетэнцыю вылучана прадпрымальніцкая). 

У той жа час некаторыя краіны (Літва (2022), Беларусь (2023)) некаторыя  базавыя/скразныя  навыкі разглядаюць менавіта як ключавыя кампетэнцыі (напрыклад, у нацыянальных рамках гэтых краін ёсць кагнітыўная і камунікатыўная кампетэнцыі). Лічбавая і культурная як асобныя ключавыя кампетэнцыі прысутнічаюць у нацыянальных рамках усіх пералічаных краін, акрамя Беларусі, у якой у асобную ключавую кампетэнцыю вылучана кааперацыя  (якая з’яўляецца базавым навыкам і неад’емным складнікам ключавых кампетэнцый у іншых краінах). Таксама неабходна разумець, што наяўнасць у нацыянальных рамках усіх краін аднолькавай ключавой кампетэнцыі – грамадзянскай – не азначае яе аднолькавага напаўнення (веды, навыкі і асабліва каштоўнасці/стаўленні ў розных краінах істотна адрозніваюцца). 

Адзначым заўважныя намаганні краін па вылучэнні ў асобную ключавую кампетэнцыю сукупнасці ведаў, навыкаў і каштоўнасцяў рэгуляцыі і развіцця сацыяльна-эмацыйнай сферы навучэнцаў (у рамках прысутнічаюць розныя канструкцыі кампетэнцыі: сацыяльна-эмацыйная і здаровага ладу жыцця (Літва), персанальная, сацыяльная і навучальная (Польшча), экалогія, здароўезберажэнне, уменне вучыцца (Украіна), устойлівае персанальнае развіццё і эмацыйная рэгуляцыя (Беларусь).  Каб належным чынам ацаніць мадэлі нацыянальных рамак  ключавых кампетэнцый неабходна параўнаць іх складнікі, напаўненне тут.

Коратка падсумуем па краінах:

Беларусь – 6 універсальных (ключавых)  кампетэнцый: мысленне (сістэмнае, крытычнае, крэатыўнае), устойлівае персанальнае развіццё, эмацыйная рэгуляцыя, кааперацыя, крэатыўнасць, грамадзянскасць.

Праект канцэпцыі https://adu.by/images/2023/05/kontseptsiya-proekt.pdf

У праекце канцэпцыі ўніверсальных кампетэнцый утрымліваецца іх пералік, які  быў складзены “зыходзячы з асноўных сфер іх праявы: чалавек, грамадства, прырода, культура (духоўная і матэрыяльная)”. Прыведзены пералік універсальных кампетэнцый з апісаннем іх змястоўных аспектаў і асноўных асаблівасцяў не з'яўляецца закрытым, ён адпавядае іншым рамкам універсальных кампетэнцый і ўменняў, тыпам функцыянальных матэматычных, прыродазнаўчых, лічбавых, юрыдычных, фінансавых, экалагічных, мастацкіх і эстэтычных і інш), прадугледжвае магчымасць дапаўнення, пашырэння і ўдакладнення ў залежнасці ад існуючай сацыякультурнай сітуацыі і рашэння канкрэтных задач. 

У канцэпцыі дэкларуецца абнаўленне адукацыйных стандартаў у частцы вызначэння патрабаванняў да адукацыйных вынікаў, якія адлюстроўваюць сфарміраванасць універсальных кампетэнцый і абнаўленне навучальных праграм у частцы вызначэння зместу адукацыі, які забяспечвае фармаванне ўніверсальных кампетэнцый.

 

Літва – 7 ключавых кампетэнцый: сацыяльна-эмацыйная і здаровага ладу жыцця; кагнітыўная (пазнавальная), крэатыўная (творчая), камунікатыўная, грамадзянская, культурная, лічбавая, 

Рамка ключавых кампетэнцый найбольш дэталёва распрацавана і даступна на рэсурсе: https://www.emokykla.lt/

Вызначаюцца наступныя адукацыйныя вобласці (галіны адукацыі): маральная, моўная, матэматычная і навукова-тэхнічная, сацыяльная, мастацкая, фізічнае выхаванне і здароўе.

На аснове апісання развіцця кампетэнцый вылучаны вобласці дасягненняў. Яны згрупаваны па галінах навучання. Чаканыя дасягненні па кожнай вобласці дасягненняў фармулююцца з улікам асаблівасцей развіцця дзіцяці і набытага вопыту.

Дасягненні ў кожнай сферы (складніку) кампетэнцыі (А.В.,С…) апісаны на чатырох узроўнях: Парогавы (1), Здавальняючы (2), Базавы (3) і Пашыраны (4). Кожны паказчык узроўню паспяховасці паказвае вынікі, дасягнутыя вучнем. Апісаны найбольш важныя набытыя веды і навыкі, развітыя здольнасці і каштоўнасныя адносіны, якія маюць дачыненне да самаацэнкі. Па кожным вучэбным прадмеце кампетэнцыі прадстаўлены ў залежнасці ад інтэнсіўнасці іх развіцця.

Польшча – 8 ключавых кампетэнцый: персанальная, сацыяльна-эмацыйная і навучання; пісьменнасць; шматмоўнасць; кампетэнцыі ў галіне матэматыкі, навукі, тэхнікі і інжынерыі; лічбавая; прадпрымальніцкая; грамадзянская; культурная  (узята агульнаеўрапейская рамка: https://www.nastaunik.info/sites/default/files/page/files/klyuchavyya_kampetencyi_dlya_navuchannya_na_pracyagu_zhyccya_0.pdf

Планаваныя вынікі навучання сфармуляваны як дасягненні ў наступных галінах: польская мова адукацыі, матэматычная адукацыя; сацыяльная адукацыя; прыродазнаўчая адукацыя; мастацкая адукацыя; тэхнічная адукацыя; ІТ-адукацыя; музычная адукацыя; фізкультура; моўная адукацыя – сучасная замежная мова; моўная адукацыя – мова нацыянальнай або этнічнай меншасці, рэгіянальная мова – кашубская; этыка.

Праграмная аснова (Podstawa programowa) https://podstawaprogramowa.pl )

  • толькі ўсталёўвае рамкі для адукацыі, якія вызначаюцца выключна патрабаваннямі да вынікаў навучэнцаў у канцы кожнага адукацыйнага этапу. 
  • толькі рамка, на якой грунтуецца змест навучальных праграм, падручнікаў і ўрокаў.
  • не вызначае «максімальны» ўзровень — настаўнікі могуць выйсці за межы ўказаных у ёй патрабаванняў і адаптаваць тэмп працы і яе вынікі да здольнасцей вучняў; 
  • праграмная аснова ніякім чынам не абмяжоўвае настаўніка, таксама калі справа даходзіць да выбару метадаў і сродкаў навучання – дакумент не з'яўляецца метадычнай інструкцыяй і не ўказвае «адзіна правільны» шлях дасягнення пастаўленых у ім мэт.

Украіна – 10 ключавых кампетэнцый:  экалогіі і здаровага ладу жыцця, навучання на працягу жыцця, матэматычная; прыродазнаўства, тэхнікі і тэхналогіі; прадпрымальніцкая, культурная, грамадзянская, лічбавая, валоданне роднай/дзяржаўнай  мовай, валоданне замежнымі мовамі. 

Мадэль выпускніка Новай Украінскай Школы: https://nus.org.ua/about/graduate/

Вызначаюцца наступныя галіны адукацыі: моўна- літаратурная, матэматычная, прыродазнаўчая, тэхналагічная; інфарматыка; сацыяльнае і медыцынскае абслугоўванне; грамадзянска- гістарычная; мастацкая; фізкультурная.

Для кожнай адукацыйнай галіны вызначаны:

  • агульная для ўсіх ступеняў агульнай сярэдняй адукацыі мэта;
  • кампетэнтнасны патэнцыял, які абазначае здольнасць кожнай адукацыйнай галіны фарміраваць усе ключавыя кампетэнцыі праз развіццё навыкаў і базавых ведаў;
  • абавязковыя вынікі вучэбнай дзейнасці вучняў.

 

Патрабаванні да абавязковых вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў складаюцца з наступных кампанентаў:

  • групы вынікаў навучання, якія ахопліваюць роднасныя агульныя вынікі;
  • агульныя для ўсіх узроўняў агульнай сярэдняй адукацыі агульныя вынікі вучэбнай дзейнасці вучняў, праз якія рэалізуецца кампетэнтнасны патэнцыял галіны;
  • канкрэтныя вынікі навучання вучняў, якія вызначаюць іх адукацыйны прагрэс па адукацыйных цыклах;
  • арыенціры ацэнкі, на падставе якіх вызначаецца ўзровень дасягнення навучэнцамі вынікаў вучэбнай дзейнасці ў канцы адпаведнага цыкла.