Памятаем і шануем Дзядоў, каб быць моцнымі і цвёрда стаяць на сваёй зямлі. Галоўнае пра свята настаўнікам і бацькам школьнікаў

У Беларусі Дзяды адзначаюцца некалькі разоў на год, але галоўныя Дзяды — Восеньскія, што прыпадаюць на пачатак лістапада. Што і як распавесці школьнікам пра Дзяды (відэа і парады)

 

Што азначае свята "Дзяды"?

Штогод у беларускай традыцыі, 2 лістапада адзначаецца дзень памяці продкаў ці «Дзяды». У Беларусі Дзяды адзначаюцца некалькі разоў на год: Масленічныя, Радаўніцкія, Траецкія, Пятроўскія, Змітраўскія, але галоўныя Дзяды — Восеньскія, што прыпадаюць на пачатак лістапада. У нашай традыцыі гэта свята сямейнае, хатняе. Слова «Дзяды» мае некалькі значэнняў: душы памерлых продкаў, святочныя дні памінання памерлых і ежа, якую гатавалі да гэтага свята. На восеньскія «Дзяды» памінаюць усіх продкаў, увесь свой род, незалежна ад месца пахавання тых ці іншых родзічаў. Вячэра ў памяць аб памерлых сваяках з’яўляецца галоўнай падзеяй. Лічыцца, што душы продкаў у гэты вечар нібы завітваюць у госці да сваіх нашчадкаў. У сваю чаргу нашчадкі вячэрай дзякуюць «Дзядам» за дапамогу і заступніцтва.

Як правільна падрыхтавацца да свята?

Перад запрашэннем «Дзядоў» прынята прыбіраць дом. Лічылася, што трэба добра вымыць вокны, бо праз іх душы продкаў завітваюць у хату. Вынесці смецце, вымыцца самім, у лазні пакінуць новы венік і вядро нагрэтай вады, каб душы продкаў таксама маглі памыцца.Перад вячэрай галава сям’і дома запальваў свечку, чытаў малітву і запрашаў усіх продкаў на вячэру, выклікаў продкаў. Каб душы маглі патрапіць у хату, адмыслова адкрывалі ўсе вокны і дзверы, для продкаў ставілі асобны посуд, куды клалі трошкі кожнай стравы. 

Прапануем паглядзець відэа  "Беларускі народны абрад "Дзяды"  

Якія стравы гатаваць на святочны стол і як сябе за ім паводзіць?

На «Дзяды» заўсёды накрывалі пышны стол, на якім абавязкова мусілі прыстунічаць мясныя стравы. Рыхтавалі 7, 9, 11 і больш абрадавых страў. Прычым кожнай з іх падавалі цотную колькасць порцый. Лішнія порцыі прызначаліся для дзядоў. У некаторых рэгіёнах проста ставілі талерку і чарку дзядам. Каб продкі не пакрыўдзіліся, сям’я мусіла пакаштаваць кожную страву.  На «Дзяды»   абавязковай стравай на стале былі бліны, імі сімвалічна частавалі продкаў. Бо блін — гэта збожжа, а збожжа атрымлівалі дзякуючы малітве сваім продкам — дзядам. Звычайна гатавалі на «Дзяды» куццю, клёцкі з «душамі» са смятанай ці паджаркай, варанае, печанае ці смажанае, стравы з грыбамі, гэта маглі быць пірагі, хлеб, пілі ўзвар, кісель. Варылі супы на рыбе ці мясе, ставілі на стол кашы, кіслую капусту. На стале прысутнічалі і алкагольныя напоі. У некаторых рэгіёнах на стол ставілі вараную галаву свінні ці барана, такім чынам дэманструючы продкам, што жывёлу адмыслова гадавалі да святочнага стала. Прапануем прыгатаваць традыцыйную страву на "Дзяды" "Клёцкі з душамі":

Вельмі раім на гэтым тыдні паглядзець з дзецьмі і абмеркаваць усёй сям'ей мультфільм "Дзед".

Напрыканцы чэк-ліст "Дзяды" ад "Будзьма беларусамі!"
Калі менавіта сабрацца сям’ёй, каб успомніць добрым словам сваіх продкаў – вырашаць вам. А мы падкажам, як можна зрабіць гэта правільна ў сучасных умовах.
1. Па магчымасці схадзіце на могілкі да сваіх дзядоў, прыбярыце магілы, можна запаліць знічку і пакінуць цукерку ці печыва. Лічылася, што птушкі, якія з'ядаюць гэтыя ласункі, і ёсць душы продкаў, што прыляцелі з Выраю. Калі вашыя продкі пахаваныя далёка ад вас – наведайце пахаванні вядомых беларускіх дзеячоў, ім будзе прыемна. Інфармацыю пра пахаванні можна знайсці напрыклад, тут.
2. Прыбярыцеся ў хаце, схадзіце ў лазню ці прыміце ванну, павесьце чысты ручнік. Дзяды будуць дужа ўсцешаныя, што ў вашай хаце «парадачак ідзець».
3. Прыгатуйце святочны стол – так званую «Дзедаву вячэру». Продкаў трэба добра пачаставаць, іначай, як лічылася, яны нашлюць розныя няшчасці. Стравы могуць быць самыя розныя, але ёсць і абавязковыя, напрыклад, куцця, бліны, кісель. Напячыце разам з роднымі стос смачных блінцоў, зварыце куццю* з сытай. І не забудзьцеся паставіць на стол адмысловыя Дзедаўскую міску і Дзедаўскую чарку, куды кожны будзе адкладваць першую лыжку ежы і адліваць напоі, каб Дзяды не заставаліся галоднымі.
4. Перад пачаткам вячэры запаліце свечку і запрасіце Дзядоў да сябе. Можна разам з усімі сямейнікамі пазваць Дзядоў адмысловым запрашэннем:
Святыя дзяды завём вас,
Хадзіце да нас!
Ёсць тут усё, што Бог даў,
Што я для вас ахвяраваў,
Чым толькі хата багата.
Святыя дзяды! Просім вас,
Хадзіце, ляціце да нас.
5. У час вячэры разам успомніце сваіх продкаў добрым словам, раскажыце пра іх учынкі і парады. Лічылася, што яны сядзяць побач і усё чуюць. І канешне, ім будзе прыемна і радасна адчуваць, што нашчадкі іх памятаюць і любяць.
6. Пасля вячэры скажыце:
Святыя дзяды
Зляталісь сюды,
Есці — пад`елі,
Піць — напіліся,
Чэсць і слава вам!
Цяпер скажыце нам,
Чаго вам трэба?
А лепей:
Ляціце ў неба!
7. Не прыбірайце са стала пасля вячэры, каб Дзяды таксама маглі пачаставацца і ацаніць вашыя кулінарныя таленты.
8. Памятайце і шануйце сваіх Дзядоў, каб быць моцнымі і цвёрда стаяць на сваёй зямлі.
Крыніца:іhttps://budzma.org/news/yak-adsvyatkavats-dzyady-goradze.html