Ганна Саланкова: Падрыхтоўка да ЦТ ва ўмовах профільнага навучання

Вопыт паказвае, што для паспяховай здачы цэнтралізаванага тэсціравання недастаткова навучыць граматна пісаць, неабходна зразумець саму спецыфіку прадмета. На гэтых асаблівасцях прапаноўваю спыніцца.

Метад тэсціравання шырока вядомы за мяжой. У нашай краіне тэсты рознага кшталту з’явіліся не так даўно. Прызначэнне тэстаў — гэта не толькі ацэнка і кантроль ведаў, але і дыягностыка працы навучэнцаў з праграмным матэрыялам на кожным этапе яго вывучэння. Тэсты даюць навучэнцам магчымасць праявіць самастойнасць, індывідуальнасць, садзейнічаюць развіццю самакантролю.

Што такое тэст? У перакладзе з англійскай мовы — выпрабаванне, спроба, даследаванне. Тэст уяўляе сабой стандартызаванае заданне, па выніках якога мы можам даваць ацэнку ведаў, уменняў і навыкаў навучэнцаў.

Як вядома, беларуская мова з’яўляецца адным з асноўных прадметаў для навучання ва ўстановах адукацыі Беларусі. Праз тэставае заданне, яго аналіз на большасці  ўрокаў можна ў поўнай меры вырашыць задачы, звязаныя з вывучэннем тых або іншых правіл. Гэта актуальна яшчэ і таму, што ўсе выпускнікі ўстановы (навучаліся ў школе з 5 па 9 клас) выбіраюць для здачы на ЦТ беларускую мову. І гэта падкрэслівае важнасць маёй працы.

Падрыхтоўка да ЦТ — вельмі адказны працэс. У кожнага настаўніка паступова фарміруецца свой стыль і тактыка, аднак усіх нас аб’ядноўвае адно — неабходны вынік. І гэта не толькі паспяховая здача выпускнікамі ЦТ, але і выхаванне асобы, якая з павагай ставіцца да сваёй мовы, культуры, валодае пісьмовым і вусным маўленнем.

Прааналізаваўшы навуковую літаратуру, інфармацыю ў інтэрнэце, прыйшла да высновы, што ўсе тэхналогіі падрыхтоўкі да ЦТ, апісаныя ў гэтых рэсурсах, шырока прымяняюцца ў сучаснай школе. Звычайна настаўнік-прадметнік аддае перавагу адной з іх, абапіраючыся на асабісты вопыт, узровень падрыхтаванасці навучэнца, яго псіхалагічны стан. Я карыстаюся наступнымі тэхналогіямі і іх элементамі:

Інфармацыйныя тэхналогіі. Прымяняю такія праграмныя сродкі, як “Беларуская мова. Сінтаксіс і пунктуацыя”, “Беларуская мова. Арфаграфія”, шматлікія праграмы, дзе можна скласці тэст. Такія заданні выклікаюць цікавасць у навучэнцаў, даюць магчымасць працаваць дома і абменьвацца інфармацыяй з настаўнікам праз інтэрнэт. Лепш забяспечваецца індывідуальны падыход. Мінусам праграм з пэўнай колькасцю гатовых тэстаў з’яўляецца менавіта  іх колькасная абмежаванасць: дзеці хутка запамінаюць адказы і іншы раз адказваюць аўтаматычна. Праграмы, прызначаныя для складання тэставых заданняў самімі настаўнікамі (TestShell,  розныя дадаткі Google Chrome і інш.), выглядаюць выйгрышна ў гэтым плане, аднак іх мінусам з’яўляецца тое, што тут нельга правесці карэкцыйную работу, прачытаць правіла на зробленую памылку і г.д.

Дадзеныя праграмныя сродкі дазваляюць навучэнцам правесці самакантроль, настаўніку — вызначыць далейшы кірунак карэкцыйнай работы. Інфармацыйныя сродкі найбольш падыходзяць для засваення навучэнцамі базавага ўзроўню. Бясспрэчна, камп’ютар не заменіць настаўніка або падручнік, таму яго неабходна прымяняць у комплексе з іншымі метадычнымі сродкамі.

Тэхналогіі мультымедыя даюць магчымасць візуалізаваць абстрактную інфармацыю і сканцэнтраваць увагу на пастаўленых задачах. Пры падрыхтоўцы да ЦТ па беларускай мове часта выкарыстоўваю ўласныя прэзентацыі з анімацыйнымі і графічнымі элементамі, відэафільмы, а таксама лекцыі, семінары і даклады.

Добры вынік дае прымяненне тэхналогіі праблемнага навучання, якая забяспечвае творчае засваенне ведаў пры дапамозе арганізаванага настаўнікам дыялогу. Гэта групавая форма работы, якая дазваляе развіваць уменне вырашаць праблемы, здабываць інфармацыю і рабіць высновы.

Нельга забываць, што атрыманыя веды і навыкі патрабуюць праверкі. Для гэтага прымяняецца сістэма маніторынгу з выкарыстаннем лістоў уліку памылак. Навучэнец можа самастойна выявіць свае слабыя месцы і ўбачыць станоўчую дынаміку. На пэўнае тэставае заданне ён заводзіць асобны ліст сшытка і запісвае туды тыповыя памылкі, складаныя выпадкі, слоўнікавыя словы. Гэта спрыяе таму, што навучэнец засяроджвае ўвагу на сваіх памылках і не дапускае аналагічных.

У сваёй дзейнасці магу вылучыць наступныя кірункі па прадметнай падрыхтоўцы навучэнцаў:

— развіццё матывацыі;

— фарміраванне ўмення выконваць заданні рознага ўзроўню;

— развіццё самакантролю.

Лепшым стымулам для матывацыі ў нашай установе адукацыі служаць поспехі нашых выпускнікоў, былых навучэнцаў. Прэстыжныя прафесіі, універсітэты, факультэты і іншае стымулююць бацькоў і навучэнцаў на дасягненне высокіх вынікаў. Бацькі і навучэнцы бачаць, што звычайныя дзеці, іх суседзі могуць дабіцца значных поспехаў. І гэта матывуе.

У працэсе работы з 40 тэставых заданняў, якія прапаноўваюцца на ЦТ, былі выбраны тэмы, заданні, дзе навучэнцы нашай школы стабільна паказваюць высокія веды, не дапускаюць памылак:

— правапіс вялікай літары;

— правапіс ў;

— лічэбнік;

— знакі прыпынку ў складаных сказах;

— аднасастаўныя сказы;

— правапіс мяккага знака і апострафа і інш.

Навучэнцамі гэтыя заданні выконваюцца паспяхова прыкладна на 60%. Праца над імі носіць сістэмны характар: вывучаем, паўтараем, праводзім кантроль ведаў. Даводзім выкананне тэстаў да аўтаматызму. Даю іх без падрыхтоўкі і паўтарэння. На ЦТ на гэтыя заданні рэкамендую адводзіць дзве трэці ўсяго часу.

Ёсць група найбольш складаных для навучэнцаў тэставых заданняў, выкананне якіх патрабуе пэўнага інтэлектуальнага ўзроўню і падрыхтаванасці:

— правапіс часціц неня разам і асобна;

— знакі прыпынку ў сказах з адасобленымі членамі;

— правапіс прыслоўяў;

— вызначэнне стылю тэксту і інш.

Праца з гэтай групай заданняў будуецца інакш. Перш чым пачаць іх выконваць, праводзім сістэмнае паўтарэнне, разбіраем складаныя выпадкі, рашаем тэставыя заданні мінулых гадоў. Найбольш інтэнсіўная работа з другой групай тэстаў ідзе ўжо ў другім паўгоддзі 11 класа пры арганізацыі паўтарэння пройдзенага матэрыялу. Пры здачы ЦТ цяжкія, на першы погляд незразумелыя заданні рэкамендую прапускаць. У тэсце заўсёды знойдуцца заданні, на якія неабходна затраціць больш часу, таму лепш выкарыстаць на іх час, які застанецца пасля выканання зразумелых заданняў.

Праз кожныя 15—20 хвілін урока лічу неабходным мяняць формы работы, каб рацыянальна выкарыстоўваць адведзены час (пісьмовыя практыкаванні, дыктоўкі, узаемныя праверкі навучэнцамі ведаў адно ў аднаго, вусныя адказы на пытанні, дзе большасць дапусцілі памылкі, прыдумванне слоў або сказаў на пэўнае правіла,  выпраўленне граматычных, лексічных, стылістычных, сінтаксічных, марфалагічных памылак). Пасля праверкі любой пісьмовай работы (дыктанты, сачыненні, пераказы, дамашнія, самастойныя работы ў свой рабочы сшытак выпісваю ўсе памылкі, класіфікую іх у дачыненні да тэставых заданняў (“тэст на правіла…”). Карэкцыйную работу па гэтых памылках праводзім у тэставай форме.

Для ажыццяўлення самакантролю выкарыстоўваем зборнікі тэставых заданняў за мінулыя гады.

Тэсціраванне прымяняю на розных этапах урока: правядзенне ўводнага тэсціравання — атрыманне звестак аб першапачатковых ведах навучэнцаў; так званае бягучае тэсціраванне — для ліквідацыі прабелаў, карэкцыі ўменняў і навыкаў; выніковы тэст — сістэматызуе, абагульняе вучэбны матэрыял, правярае сфарміраваныя ўменні і навыкі. 

Аднак тэсціраванне фіксуе толькі вынікі работы, але не ход яе выканання, таму неабходна рацыянальна спалучаць тэсціраванне з іншымі формамі навучання.

За гады працы прыйшла да высновы, што падрыхтоўка да ЦТ адрозніваецца ад традыцыйнага паўтарэння школьнай праграмы па беларускай мове. Падрыхтоўка да ЦТ павінна быць арыентавана на вызначаную форму экзамену. Неабходна мэтанакіраванае паўтарэнне матэрыялу, шматлікія тэарэтычныя веды патрабуюць паглыблення. Нарэшце, навучэнцы псіхалагічна павінны быць гатовы да тэставай формы. Яны павінны ўмець хутка і без памылак запаўняць бланкі заданняў, ведаць патрабаванні да тэсціравання. Не трэба імкнуцца да таго, каб прачытаць і запомніць на памяць увесь падручнік. Карысна сістэматызаваць матэрыял за кошт складання планаў, схем.

Стварэнне неабходнай метадычнай базы. Пачынаць падрыхтоўку да ЦТ неабходна са стварэння метадычнай базы, куды ўваходзяць дыдактычныя дапаможнікі, друкаваныя выданні тэставых заданняў за розныя гады, трэнажоры, прэзентацыі, уласны дыдактычны матэрыял па розных тэмах для розных класаў, стварэння спісу інтэрнэт-рэсурсаў. Метадычная база кожны год карэкціруецца ў адпаведнасці з узроўнем падрыхтаванасці класа, з’яўленнем новых дапаможнікаў. 

З цягам часу ў друку з’яўляюцца ўсё новыя і новыя выданні, якія прапаноўваюць абітурыенту добрую здачу, атрыманне высокіх балаў. Гэта значны падмурак для кожнага настаўніка. Аднак грыф Міністэрства адукацыі стаіць на такіх выданнях толькі ў адзінкавых выпадках, таму настаўнікам неабходна ўвесь час сачыць за навінкамі друку, рабіць аналіз, прапаноўваць навучэнцам тое, што адпавядае іх сістэме падрыхтоўкі. Неапраўданы давер да ўсіх выдадзеных матэрыялаў па тэсціраванні можа нанесці шкоду будучаму абітурыенту.

Фарміраванне ўмення правільна разумець заданне тэста. Паспяховае выкананне тэставага задання патрабуе ад навучэнца не толькі глыбокага ведання вучэбнага матэрыялу і адпаведнага ўзроўню сфарміраванасці вядучых кампетэнцый, але і разумення сэнсу задання, каб далей дзейнічаць у правільным кірунку. Неабходна чытаць кожнае заданне да канца, не трэба старацца зразумець умову па першых словах і самім дабудоўваць канцоўку. Гэта папярэдзіць дапушчэнне памылак у самых лёгкіх заданнях. Каб навучыць працаваць з заданнем, прапаноўваю тэст тыпу “Правапіс ў”, у якім у 9 з 10 заданняў прашу адзначыць словы, дзе пішацца ў (у нескладовае), а ў адным заданні — адзначыць словы, дзе пішацца у(у складовае). 90% навучэнцаў на аўтамаце выконваюць гэты тэст па першай умове. Усе вельмі здзіўляюцца, што маглі дапусціць памылкі ў такім простым заданні.

У сваёй практыцы выкарыстоўваю рашэнне тэстаў метадам выключэння, што вельмі падабаецца навучэнцам. Гэты метад дапамагае сканцэнтраваць увагу на 1—2 варыянтах, а не на ўсіх 5.

Самастойная работа навучэнцаў і самакантроль з’яўляюцца неад’емнай часткай эфектыўнай дзейнасці. Да арганізацыі самастойнай работы навучэнцаў далучаю бацькоў. Кожнаму навучэнцу рэкамендую скласці графік заняткаў па падрыхтоўцы да ЦТ. Па беларускай мове ён у сярэднім павінен складаць 60 хвілін кожны дзень. Напрыклад, і бацькі, і навучэнец ведаюць, што ён займаецца беларускай мовай з 17.30 да 18.30. Праца па такім графіку павінна быць абавязковай у 11 класе, у 10-м — пажаданай. Неадпрацаваная сістэма падрыхтоўкі дома дае значны збой у агульным поспеху. Толькі самастойна навучэнец зможа выканаць як мага больш тэставых заданняў за мінулыя гады.

Сістэма падрыхтоўкі да ЦТ па класах. Усю работу па падрыхтоўцы да ЦТ у школе дзялю на тры часткі:

— 5—7 класы;

— 8—9 класы;

— 10—11 класы.

Кожны этап мае сваю спецыфіку і свае асаблівасці. Пачынаць падрыхтоўку да ЦТ патрэбна ў 5 класе. У 5—7 класах навучэнцы актыўна знаёмяцца з 50% тэставых заданняў, адбіраюць неабходны матэрыял, рашаюць тэсты невысокага ўзроўню. Кожны мой 5 клас вельмі здзіўляецца таму, як лёгка можа рашыць тэставае заданне, прадстаўленае на ЦТ у мінулыя гады. Гэта дазваляе, па-першае, прадухіліць страх перад экзаменамі, па-другое, дапамагае зразумець важнасць нашых заняткаў. Менавіта гэтыя ўрокі ў далейшым могуць паўплываць на эфектыўнасць здачы ЦТ.

8—9 класы — гэта той перыяд, калі нельга азірацца назад. У гэты час фарміруюцца асноўныя веды. Мы актыўна выконваем заданні часткі В. Праграмай уводзіцца кантрольная тэставая работа. Школьнікі вывучаюць увесь матэрыял, выконваюць абсалютную большасць тэставых заданняў. Пасля кожнай новай тэмы адзначаем тыя заданні, якія навучыліся выконваць. Вопыт паказвае, што для 9 класа патрабуе актуалізацыі праграмны матэрыял па арфаграфіі. Навучэнцы маюць патрэбу ў паўтарэнні пройдзенага матэрыялу і ў авалоданні больш дасканалымі ў параўнанні з 5—7 класамі навыкамі правапісу ў сувязі з пашырэннем лексікі і ростам маўленчай культуры. Амаль на кожным уроку на гэтым этапе выкарыстоўваю для паўтарэння лінгвістычныя хвілінкі (арфаграфічныя, пунктуацыйныя, лексічныя). Адным з эфектыўных прыёмаў работы лічу таксама сказы-практыкаванні, калі ў комплексе адпрацоўваюцца не толькі арфаграфічныя, словаўтваральныя, лексічныя, марфалагічныя, пунктуацыйныя навыкі, але і ўстанаўліваюцца граматычныя сувязі паміж словамі, а таксама развіваецца лагічнае мысленне.

 Асноўная нагрузка выпадае на 10—11 класы. Гэта перыяд сістэмнага паўтарэння і давядзення навыку рашэнняў тэста да аўтаматызму, час складання алгарытмаў дзейнасці. У 10 класе на кожнага навучэнца заводжу дыягнастычную карту, у якой адлюстроўваю выніковасць падрыхтоўкі да ЦТ па ўсіх тэмах, па кожным заданні. Такія карты дапамагаюць настаўніку сачыць за вынікамі, выяўляць праблемы, планаваць далейшую работу.

У гэты перыяд асаблівую ўвагу ўдзяляем часу выканання — сочым, колькі хвілін патрабуецца на тое або іншае заданне.

На кожным уроку ў 10—11 класах, факультатыўных занятках пры неабходнасці прымяняю хвілінку карэкцыі. Даю магчымасць кожнаму навучэнцу задаць пытанне, якое ўзнікла падчас самастойнай падрыхтоўкі дома, пры выкананні тэставых заданняў, пры засваенні пэўнай тэмы. Гэта дазваляе кантраляваць самастойную работу навучэнцаў. Таксама выкарыстоўваю такі від работы, як “Па шляху нашых памылак”. Выяўляем прычыну памылкі, складаем алгарытмы дзеянняў. Пры складанні тэкстаў, сказаў уключаю туды словы, якія выклікаюць цяжкасці і якія шырока прадстаўлены ў тэставых заданнях за мінулыя гады. Адным з эфектыўных відаў дзейнасці навучэнцаў пры карэкцыі ведаў з’яўляецца метад “Правер свайго сябра”. Прымяняючы тэхналогію “Роўны вучыць роўнага”, дзялю навучэнцаў на пары (адзін з іх цалкам засвоіў матэрыял, у другога ёсць хібы), прызначаю кансультанта класа, які кантралюе работу груп. 

Выкарыстанне міжпрадметных сувязей, розных форм работы. Пачынаючы з 5 класа, пры падрыхтоўцы да ЦТ выкарыстоўваю магчымасці ўрокаў па іншых прадметах, асабліва па беларускай літаратуры і рускай мове. Пры вывучэнні мастацкіх твораў асаблівую ўвагу ўдзяляем перш за ўсё мастацкім сродкам, праводзім літаратурныя дыктанты, звяртаем увагу на тэставыя заданні па раздзеле “Лексіка”. Напрыклад, слоўнікавая работа на ўроках літаратуры (замяніць слова з тэксту сінонімам) дапамагае рашэнню тэставых заданняў. 

Выніковасць. Вынікі ЦТ дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што ў курсе беларускай мовы ў сярэдняй школе неабходна больш увагі ўдзяляць практычнаму авалоданню маўленчымі нормамі. Узмацненне практычнай накіраванасці навучання беларускай мове і сувязь тэорыі з практыкай можа быць дасягнута дзякуючы шматпланавай сістэмнай рабоце.

Саланкова Ганна Мікалаеўна

Гімназія імя Я. Купалы, г. Мазыр

 

Solonkova2010@yandex.by