Дзе спампаваць кнігі па-беларуску?

Чытаць электронныя кнігі найзручней з адмысловых «чыталак»-рыдараў. Падобныя да планшэтаў прылады маюць E-ink-экран («электронная папера», «электронныя чарнілы»), ад якога вочы стамляюцца не больш, чым ад папяровай кнігі, бо экран не выпраменьвае, а адбівае святло. Такія рыдары каштуюць менш за 100 даляраў, найчасцей маюць экраны дыяганаллю 6 цаляў.

Чытаць зручна і з планшэтаў ды смартфонаў (калі сачыць за часам, не перанапружваць вочы і рэгуляваць яскравасць). Папулярныя праграмы-чыталкі для Android — Cool Reader і FB Reader, для iOS у дадатак да стандартнай iBooks раяць Marvin і Ebook Reader, для Windows Phone ёсць Coffee Reader.

Розныя праграмы ёсць і для чытання кніг з камп’тара (сачыце за вачыма і спінай!). Са многімі фарматамі справяцца FBReader і Calibre. Для PDF параім выкарыстоўваць Foxit Reader, а для DjVu — WinDjVu.

Дзе спампаваць кнігі:

Напэўна, самая вядомая беларуская анлайн-бібліятэка — «Беларуская палічка» па адрасе knihi.com.
Добра вядомая і бібліятэка kamunikat.org.
Выдатнае электроннае выдавецтва жыве на сайце bybooks.eu.
Немалая калекцыя кніг поруч з праграмамі, аўдыё і відэа сабраная на spampavac.by.
Як ні дзіва, шыкоўную бібліятэку кніг па-беларуску прадстаўляе вытворца электронікі з беларускімі каранямі Prestigio па адрасе ebooks.prestigioplaza.com.
Вялікую калекцыю электронных кніг мае Саюз беларускіх пісьменнікаў на сайце lit-bel.org.
Багата энцыклапедый, слоўнікаў, кніг па гісторыі і мастацтве сабраў аўтар сайта adverbum.org.
Таксама разнастайныя экцыклапедыі, слоўнікі, падручнікі і даведнікі ёсць на slounik.org.
Беларускамоўныя кнігі збірае і суполка «УКантакце» пад назвай «Беларуская літаратура».
Мастацкая літаратура беларускіх аўтараў ёсць на сайце выдавецтва «логвінаЎ» — lohvinau.by.
Трошкі цікавых кніг ёсць на pravapis.org, трошкі на kniga.ucoz.org.
Адмысловая праграма з дзіцячай літаратурай у прыгожым аздабленні ёсць для iOS, завецца яна «Кнігі дзеткам». Дарэчы, дзіцячыя казкі і вершыкі можна знайсці на kazki.by.
Фанаты «Гары Потэра» будуць радыя збору перакладаў на беларускую на сайце belpotter.by.
Нядаўна паспяхова завершыўся збор сродкаў на стварэнне iOS-версіі казак з голасам Алега Хаменкі і малюнкамі Юліі Рудніцкай. Праграма мае з’явіцца ў хуткім часе, пакуль казкі можна паглядзець і паслухаць на сайце kazki.unicef.by.

Не забывайце, праз інтэрнэт можна замовіць і традыцыйныя папяровыя кнігі — напрыклад, на imbryk.by, knihi.by ці prastora.by.

Аляксандр Арсёнаў, nn.by