Казка пра вясну

У кожнага народа некалі пачынаецца зіма. І прышла аднаго разу зіма да нас. І была тая зіма доўгаю і страшнаю.

І прыйшоў снежань і заснежыў ён гарады і вёскі, дарогі, лясы, палі і балоты. Заснежыў так моцна, што ні лісціка на дрэве, ні травінкі не было відаць. Тады паглядзела сонейка, што вакол адзін снег – няма каму свяціць у Беларусі, ды зусім схавалася.

Снегу так многа нанесла, што не было разабраць, дзе ісці і што рабіць. Разгубіліся тады людзі і кожны ў свой бок пачаў глядзець. Перасталі думаць пра сябе як пра гаспадароў нашай беларускай зямлі. Кожны думаў, адно, як самому жывым застацца...

Пасля доўгага снежня прыйшоў ледзяны студзень. І застудзіў той студзень сэрцы ўсіх, хто быў на нашай зямельцы. Застудзіў так, што адно другога перасталі пазнаваць.

Ну а за холадам студзеня выпаўз люты разам з завеямі і закалотамі. Палютаваў ён далібог, ды так для сябе ўдала, што анікаліва жывога не засталося. Люты штодня абыходзіў усю нашую зямлю і толькі цікаваў, каб дзе не прабілася якая травінка ці лісцік на галінцы, якія сонцу маглі даць сігнал, каб яно свяціць пачало і на нашу зямлю вярнулася жыццё.

А пакуль сонца не бачыла каго тут грэць, то і зусім да нас не заглядвала. А што сюды свяціць? Адныя сумёты ды заледзянелыя людзі з халоднымі сэрцамі.

Але была на нашай зямлі адна маці, што моцна любіла сваё толькі народжанае дзіцянятка. Як быў снежань, яна хутала і ўкрывала яго ад снегу, грэла сваім цяплом. Калі лёдам студзіў студзень, яна бліжэй да сваіх цёплых грудзей туліла дзіцяня, паіла цёплым малаком сваім, грэла сваім сэрцам.

Калі прыйшоў люты, яна туліла малое і спявала яму на вушка песні пра сонца, вясну, пра тое, што толькі ён мае гарачае сэрца і пра белага рыцара які дапаможа сонцу абагрэць нашу зямлю, абудзіць ад зімовага сну замёрзлыя людскія сэрцы.

Так засталіся на нашай зямлі толькі два гарачыя сэрцы – матуля і яе сынок.

Ішоў час, хлопчык рос. І вось ён ужо сам спрабаваў знайсці адказ, чаму ў іншых кутках зямлі даўно вясна, а да нас сонца не хоча нават завітаць. Хлопчык разумеў, што, акрамя яго, няма нікога, хто мог бы прывесці сонца і разбудзіць людзей. Паказаць, што беларусы самі могуць і што беларусы самі здольны гаспадарыць і заклікаць да нас сонца.

І пайшоў хлопчык шукаць, хто яму можа дапамагчы сонцу вестачку падаць пра тое, што варта вясне да нас прыйсці.

І знайшоў хлопчык вялізнага старога дуба і так яму кажа:

- Дубе-бацька, магутны ты, найдужэйшы з усіх дрэваў у нашай старонцы. Прашу цябе, падай вестачку сонцу, выпусці хоць адзін маленькі лісток на сваёй галінцы.

А Дуб яму адказвае:

- Рады быў бы я дапамагчы, але цяжка сплю я. Галіны маю магутныя, але моцна прыгнутыя яны да самай зямлі снегам, не здолею іх узняць.

Тады хлопчык так кажа Дубу:

- То я табе расчышчу галінкі, ты толькі ўзнімі іх угору і выпусці хоць адзін лісцік, каб сонца ўбачыла.

- Не, не магу ўзняць галіны, і ты снег не скідай з маіх галінак, бо Люты крэпка сочыць, каб усё было схавана снегам, баюся я, што адразу замарозіць і мой лісцік і галінку, а снегу так наваліць, што зламаюся я. Не за сябе баюся. Маю маленькіх дубкоў багата. Пад маімі галінкамі яны усе хаваюцца ад снегу, як мяне не будзе, то паломіць люты снегам усіх маіх дзетак...

Тады пайшоў хлопчык да вялікай Елкі ды кажа:

- Елка-маці, ты самая высокая і самая смелая, нават пад снегам ты не скідаеш сваё лісце-голкі. Дапамажы нам усім, скінь снег са сваіх галінак ды ўзнімі іх угору, каб сонцу знак падаць, каб свяціць пачало і вясну нам прывяло. Няма больш сілаў трываць люты мароз.

А Маці-елка яму адказвае:

- Не магу я ўзняць свае галінкі. Заваліла мяне снегам так, што і верхавіну маю прыціснула да зямлі. Сама ледзь дыхаю, баюся зламацца я.

- То я табе дапамагу і скіну снег, каб ты магла падняцца да неба, – кажа ёй хлопчык.

Тады Елка так адказвае хлопцу:

- Не. Дзеля бога не скідай снег з маіх галінак. Цяжка мне, але Люты сочыць, каб ніводзін зялёны лісцік ці іголка не вытыркаўся з-пад снегу, баюся, як угледзіць мяне люты, то наваліць так снегу, што трэсну я пасярэдзіне і зусім загіну. А пад сваімі галінамі я трымаю сваіх дзетак – маленькія елачкі, без мяне ўсе яны загінуць.

Доўга хадзіў хлопчык па ўсёй нашай заснежанай, заледзянелай зямлі, але нікога не мог абудзіць, хто б мог знак сонцу падаць.

І вось аднаго разу зачапіў хлопец сваім ботам пад снегам дубец Вярбы. А лаза Вярбы яму і кажа:

- Прывітанне, хлопчык, дзякуй табе, што дапамог мне снег адолець. Я магу падаць знак сонцу, але маю танюсенькія галінкі. Праўда, дзякуючы гэтаму, яны не ломяцца, колькі снегу на іх не наваліць, але цяжка мне абудзіцца ад холаду, каб кветачкі свае выпусціць. Сагрэй мяне, то я табе і сабе і ўсім дапамагу.

Абрадаваўся хлопчык, і пачаў грэць галінку лазы. І дыхаў ён на яе, і туліў да сябе, і шалікам лазу ахутваў – нічога не дапамагала. І ўзгадаў хлопчык словы маці пра тое, што толькі ў іх дваіх засталося гарачае сэрца. Тады дабраўся хлопчык да карэння лазы, вырваў са сваіх грудзей гарачае маладое сэрца і паклаў яго пад карэнне. Ад цеплыні сэрца абудзілася лаза ды выпусціла на сваёй галінцы коцікі.

Акурат ў гэты час Люты-наглядчык праходзіў ля лазы, зірнуў на галінку, паглядзеў на коцікі і падумаў, што гэта снежныя камячкі прыляпіліся да лазы, так і пайшоў далей і не стаў лазу трушчыць і снегам завальваць. А тут сонейка зірнула і бачыць – з-пад снегу лаза Вярбы, засыпаная коцікамі, выглядае ды адразу пачало промнямі сваімі зямлю нашую лашчыць.

А было гэта акурат 25 сакавіка. Люты, канешне, яшчэ кідаў снегам, лютаваў, але вясну ўжо было не спыніць. І пачалі адно па адным, хоць вельмі павольна, адтаваць замерзлыя за доўгую беларускую зіму сэрцы людзей. За лазой Вярбы ўзняліся і іншыя большыя і вышэйшыя дрэвы. Разам з людскімі сэрцамі пачала каліва па каліву аджываць нашая зямля.

З таго часу 25 сакавіка – свята беларускай вясны. Свята нашага абуджэння ад сну, свята выхаду беларусаў як гаспадароў сваёй зямлі. У гэты дзень прынята дарыць адно аднаму галінкі вярбы як знак абуджэння.

Коцікі лазы – гэта знак нашай беларукай вясны, нашага абуджэння, нашай нязломнасці. Шкада толькі, што ніхто так і не даведаўся імя беларускай мамы, якая выгадавала хлопца з гарачым сэрцам, і імя таго хлопчыка, які сваім сэрцам абудзіў сонца.

Ігар Кузьмініч, Казкі Жыцця Мікіткі і Данілка