Напішы дыктоўку з Зінаідаю Бандарэнкаю

Тэлеканал «Белсат» падтрымлівае V Агульнанацыянальную дыктоўку, якая адбываецца 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы.

Відэадыктоўку, прачытаную славутаю беларускаю тэлевядоўцаю Зінаідаю Бандарэнкаю, кожны зможа напісаць сам ці са сваімі блізкімі ды сябрамі.

Ліст у рэдакцыю

(замест прамовы на святкаванні дваццацігадовага юбілею ў Беларускім дзяржаўным тэатры 23 чэрвеня 1925 года).

Беларусь на сваім доўгім вяку нямала чаго перажыла. Не раз і не два была арэнай крывавых змаганняў Захаду і Усходу за панаванне над падняволенымі народамі. Паншчыну перанесла на сваіх працавітых плячах. Але Беларусь яшчэ і іншую адыгрывала ў гісторыі ролю: праз яе абшары і народ ішлі калісьці, у той час вялікія і агульналюдскія, ідэалы навукі і ведаў…

Калі ж прыгледзімся ў сучасныя з’явы, то доля Беларусі тая самая, толькі на іншы манер: праз яе абшары і народ ізноў ідуць … вялікія агульначалавечыя ідэі… I, разумеецца, мусіць прыйсці той час, калі Беларусь будзе зноў арэнай вялікіх змаганняў. Трэба толькі цвёрда верыць, што верх возьме праўда, бо на свеце больш працоўных сумленных рук, як тых несумленных, што няволю сеюць.

Але што ні тварылася б на свеце, беларуская думка аб нацыянальнай і сацыяльнай волі як жыла, жыве, так і жыць будзе. Наша беларускае настаўніцтва, выхаванае і загартаванае, павінна і будзе сеяць гэтыя думкі сярод нашых дзяцей.

На змену старым барацьбітам за волю і долю людзей ідзе новая беларуская змена, ідзе наша моладзь, наш бунтарскі маладняк. Дык няхай жа жыве беларуская бунтарская песня змагання, вызвалення і свабоды!

(Паводле Янкі Купалы)