Урок для дарослых “Вобраз Бандароўны ў паэме Янкі Купалы”

Галіна Сухава
Урок для дарослых
Беларуская літаратура, 9 клас

“Вобраз Бандароўны ў паэме Янкі Купалы”

Удзельнікі мерапрыемства – настаўнікі розных прадметаў (акрамя мовы і літаратуры). Папярэдняе высвятленне паказала, што амаль ніхто не памятае гэты твор або памятае яго вельмі цьмяна. Гэта робіць мерапрыемства падобным на ўрок у 9-м класе, вучні якога да ўрока не знаёмяцца з паэмай. Падабенства яшчэ і ў тым, што і ў многіх вучняў, і ў настаўнікаў бракуе матывацыі да вывучэння творчасці Я.Купалы. Большая частка ўдзельнікаў на ўроку выконвала ролю вучняў, астатнія – назіральнікаў. Яшчэ адна важная акалічнасць – удзельнікі загадзя не атрымлівалі заданне прачытаць паэму. 

Мэта настаўніка-аўтара на гэты ўрок мае дзве плоскасці:

1) засваенне ўдзельнікамі аўтарскіх прыёмаў фарміравання ў вучняў чытацкай граматнасці, якая ўключае: уменні 1) знаходзіць  і здабываць інфармацыю, 2) яе інтэграваць і інтэрпрэтаваць, 3) асэнсоўваць і ацэньваць змест і форму тэксту, 4) выкарыстоўваць інфармацыю з тэксту. 

На першы погляд можа падасца, што гэта мэта не для настаўнікаў фізікі ці біялогіі, матэматыкі ці хіміі. Але пры вывучэнні кожнага з прадметаў вучні працуюць з тэкстамі, што патрабуе ад педагога рабіць свой унёсак ў фарміраванне ў вучняў адпаведных уменняў. 

2) да завяршэння ўрока ўдзельнікі мерапрымства  будуць ведаць сюжэт паэмы, разумець сутнасць канфлікту паміж князем і Бандароўнай, змогуць параўнаць вобразы гусляра і Машэкі, Наталькі і Бандароўны, змогуць знайсці адказ на ключавое пытанне: “Чаму паэма “Бандароўна” напісана на аснове ўкраінскай народнай песні, а не айчыннага фальклору?”.

Не ўсе ўдзельнікі адчуваюць, што другая частка  мэты для іх жыццёва неабходна (як, дарэчы, і дзевяцікласнікі), але  настаўнікі разумеюць, што ступень яе дасягнення дэманструе і іх здольнасці вучыцца, і эфектыўнасць метадаў, засваенне якіх з’яўляецца першай мэтай урока для дарослых.

Змест урока: па-першае, гэта паэма Я.Купалы “Бандароўна”: яе  сюжэт сутнасць канфлікту паміж князем і Бандароўнай, падобнае і адрозненні ў вобразах гусляра і Бандароўны, Машэкі і Наталькі; тлумачэнне выбару Я.Купалам фабулы твора, яснова якой -- украінская народная песня;  па-другое, метады фарміравання чытацкай граматнасці вучняў, а таксама сродкі матывацыі ўдзельнікаў да вывучэння гэтага твора. 

Карта назіранняў. Паколькі ўрок прызначаны для засваення настаўнікамі метадаў і прыёмаў фарміравання ў вучняў чытацкай граматнасці, то  карта назіранняў змяшчала наступныя аспекты:

  • Давядзенне мэты да ўдзельнікаў.

  • Актуалізацыя апорных ведаў.

  • На якія кампаненты фарміравання чытацкай граматнасці працаваў урок: 1) знаходзіць  і здабываць інфармацыю, 2) інтэграваць і інтэрпрэтаваць інфармацыю, 3) асэнсоўваць і ацэньваць змест і форму тэксту, 4) выкарыстоўваць інфармацыю з тэксту? 

  • Якія прыёмы і сродкі фарміравання чытацкай граматнасці вучняў прымяніў настаўнік. 

  • Якім чынам ажыццяўлялася зваротная сувязь.

  • Ці дасягнуты літаратурная і метадычная мэты ўрока для дарослых.

  • Што гэтаму спрыяла?

Ход урока

1. Уступнае слова аўтара ўрока для дарослых (далей -- настаўніка), у якім ён вітае гасцей (далей – вучняў),  паведамляе мэту ўрока і раздае яе кожнаму ўдзельніку, запісанай на аркушах паперы ў наступным выглядзе: да заканчэння ўрока:

літаратурная частка мэты:

  • будзеце ведаць сюжэт паэмы, 

  • зразумееце сутнасць канфлікту паміж князем і Бандароўнай, 

  • зможаце  параўнаць вобразы Бандароўны і гусляра,  Машэкі і Наталькі. знойдзеце  адказ на пытанне: “Чаму паэма “Бандароўна” напісана на аснове ўкраінскай народнай песні, а не айчыннага фальклору?”;

метадычная частка мэты: будзеце ведаць сутнасць і зразумееце сэнс прымянення на ўроку прыёмаў “Ствараем сюжэт”, “Падсумаванне”, “Падказкі”, “Рэфлексія”, “Ключавое пытанне”. 

Вядучы прапануе ўдзельнікам выбраць ролю вучня або назіральніка і заняць у аўдыторыі адпаведныя месцы. 

2. Франтальная гутарка з вучнямі па актуалізацыі апорных ведаў. У ходзе размовы яны  павінны прыйсці да ўсведамлення творчай манеры Янкі Купалы. У якасці падказкі можа быць згадка пра творчы псеўданім (Купалле – Купала – захопленасць народнымі легендамі і паданнямі – паэмы “Курган”, “Магіла льва”, якія  напісаны на анове народных легенд і паданняў).

3. Слова настаўніка: “Купала адзін з першых ў беларускай літаратуры заўважыў, што чалавек, хаця яго і называюць божым тварэннем, істота даволі недасканалая ў маральным плане. Паэт бачыў пільную патрэбу ў героях, якія б адчулі смак свабоды. Свабодны чалавек, на думку Купалы, ужо не згодны будзе трапіць пад уціск іншага і ў маральным плане стане больш дасканалым. Свабода чалавека правяраецца ў сітуацыі найбольшай для яго небяспекі. У экстрэмальных жыццёвых сітуацыях правяраюцца і героі купалаўскіх паэм “Курган” і “Магіла льва”. Настаўнік коратка нагадвае прысутным сюжэты гэтых паэм і вобразы іх герояў: гусляра, Машэкі і Наталкі. 

4. Групавая работа вучняў па вывучэнню сюжэта паэмы. 

Вучні атрымліваюць ад настаўніка назвы частак паэмы, якія там размешчаны ў хаатычным парадку:

Уцёкі Бандароўны ад гневу пана

Прапанова пана

Пахаванне Бандароўны

Помста Патоцкага

Выбар Бандароўны

Знаёмства чытача з Бандароўнай

 Канфлікт паміж панам і Бандароўнай

Помста народа

Спроба Патоцкага загладзіць сваю віну

Знаёмства чытача з панам Патоцкім

Панскае хеўра палоніць дзяўчыну 

Заданне 1. Пранумераваўшы часткі твора, размясціце іх у лагічнай паслядоўнасці, каб быў звязны сюжэт. У якасці апоры вучні   могуць карыстацца падказкай: “Як будуецца эпічны твор”.  (Да гэтага жанру належыць паэма “Бандароўна”). На выкананне задання адводзіцца групам 5 хвілін.

5. Праверка выканання задання (да 7 хвілін).

Настаўнік метадам лёсавання прапануе вучням назваць першы пункт плана і абгрунтаваць гэта рашэнне групы, логіку  разважанняў. Вучні звяраюць сваё рашэнне  з аўтарскай логікай пабудовы тэксту і народнай традыцыяй.

Звычайна  вучні першым пунктам ставяць “Знаёмства з Бандароўнай”, паколькі яна галоўная гераіня і паэма названа ў яе гонар.

Настаўнік адзначае правільнасць разважанняў вучняў. Але, звяраючы з тэкстам паэмы, абавязкова адзначае той факт, што ў паэме “Бандароўна” Купала знаёміць чытача найперш з панам Патоцкім. Інтэрпрэтацыя гэтага факта можа быць наступнай: зла ў свеце вельмі многа і яно, на жаль, часта спачатку мацнейшае за дабро. 

Аналагічнае абмеркаванне арганізуецца па кожным пункце плана паэмы. Для абгрунтавання рашэнняў настаўнік і вучні карыстаюцца фрагментамі тэкста.

Правільнае размяшчэнне фрагментаў твора:

1. Знаёмства чытача з панам Патоцкім

2. Знаёмства чытача з Бандароўнай

3. Канфлікт паміж панам і Бандароўнай

4. Уцёкі Бандароўны ад гневу пана

5. Панскае хеўра палоніць дзяўчыну 

6. Прапанова пана

7. Выбар Бандароўны

8. Помста Патоцкага

9. Спроба Патоцкага загладзіць сваю віну

10. Пахаванне Бандароўны

11. Помста народа

6. Прамежкавая рэфлексія. Вучні па прапанове настаўніка  звяртаюцца  да літаратурнай мэты  ўрока і ацэньваюць, ці дапамагло выкананне задання засвоіць сюжэт паэмы. Калі так, то яны паднімаюць вялікі палец рукі. Калі ж такіх вучняў не так і многа, то арганізуецца  выкананне наступнага задання.

Заданне 2. Настаўнік паведамляе, што ў інтэрнэтпрасторы з’явіўся   такі сціслы пераказ сюжэту паэмы Янкі Купалы “Бандароўна”: Патоцкі са сваей "хеўрай лядочай” ездзіў па Украіне, свавольнічаў, крыўдзіў бедны народ. На вечарынцы у карчомцы пан сустрэў прыгожую Бандароўну і захацеў абняславіць яе. Калі Патоцкі пачаў прыставаць да дзяўчыны, яна не стрывала і "з'ехала яму па твары". За гэта ганарлівы пан застрэліў Бандароўну.

Ці можаце вы пагадзіцца з правільнасцю такога сціслага пераказу паэмы? Чаму?

У дапамогу вучням можна выкарыстаць наступную падказку, паказаўшы яе на экране: “У паэме можна заўважыць канфлікт не толькі паміж панам Патоцкім і Бандароўнай, але і паміж народам … і …ўладай”.

7. Першае падсумаванне. Вучні запісваюць у сшытках  сваю выснову. Некаторыя вучні яе агучваюць. Настаўнік удакладняе. Дзеянне  прызначана і для асэнсавання вучнямі калізій твора, і для  праверкі таго, наколькі глыбока вучні засвоілі канфлікт паэмы. 

8. Арганізацыя работы ў групах  па складанні параўнальнай характарыстыкі Бандароўны і гусляра, Бандароўны і Машэкі.

Крытэрыі для параўнання гусляра і Бандароўны:

  • Ці заўважаеце вы падабенства жыццёвых сітуацый, у якіх апынуліся героі?

  • Ці спрабуюць паны выправіць як-небудзь свае памылкі?

  • Чаму народ не падтрымаў гусляра?

  • Чаму народ падрымаў Бандароўну?

Крытэрыі для параўнання Машэкі і Бандароўны:

  • У чым падабенства герояў?

  • Ці можна назваць герояў эгаістамі, якія думаюць толькі пра сябе?

9. Франтальнае абмеркаванне вынікаў работы:

Жыццёвыя сітуацыі, у якія апынуліся гусляр і Бандароўна,  падобныя. Паны спрабуюць выправіць свае памылкі. Калі ў вучняў выклікае складанасць разуменне спосабу выпраўлення памылкі  князем, то настаўнік  нагадвае пра ўбіты ў магілу гусляра асінавы кол: князь патлумачыў нязгоду гусляра вар’яцтвам старога чалавека. Асінавы кол павінен быў дапамагчы выгнаць бесаў. І Бандароўна, і Машэка былі лепшымі прадстаўнікамі сваіх народаў: маладыя, прыгожыя, працавітыя, сумленныя -- на іх спадзяваліся ўкраінцы і беларусы, з імі звязвалі сваё шчаслівае будучае. Эгаістам можна назваць толькі Машэку, ён зацыкліўся на асабістай крыўдзе, нанесенай яму панам, і стаў разбойнікам. Цікава параўнаць Натальку і Бандароўну. Такое параўнанне можа аблегчыць вучням пошук адказу на выніковае пытанне. Наталка пагадзілася на аналагічную прапанову пана: “Піць, гуляці, ночкі каратаці”. Народ не асудзіў дзяўчыну за такі выбар. Учынак Бандароўны людзі адобрылі, аднак спадзяваліся да апошняга, што дзяўчына як-небудзь сама ўратуецца ў чыстым полі.

10.  Другое падсумаванне. Запаўняючы пропускі у наступным сказе, вучні параўноўваюць Бандароўну з гусляром і Машэкам: “У паэме Бандароўна бароніць не толькі свой дзявочы гонар, як… але і …, як …

11. Рэфлексія. Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на  мэты, пастаўленыя і абраныя ў пачатку ўрока, просіць выказацца,  якія мэты імі былі дасягнуты,

на якія пытанні не знайшлі адказ.

12. Цяпер настаўнік прапануе вучням знайсці адказ на ключавое пытанне:

“Чаму паэма напісана Купалам на аснове ўкраінскай народнай песні, нягледзячы на добрае веданне паэтам беларускай вуснай народнай творчасці?”. 

Адказ вучні  даюць у пісьмовай форме (да 2 хвілін). Мяркуецца, што ходам урока, падачай матэрыялу паэмы вучні падрыхтаваныя прыйсці да адказу. Калі заўважаюцца  цяжкасці, настаўнік прапануе падказку: “Купала верыў, што крыўдзіцеляў чакае суровая расплата за зганьбаванне чалавечнасці, высокіх маральных прынцыпаў. Беларускаму народу неставала такіх людзей, як …”

Не ўсе вучні спраўляюцца з адказам на ключавое  пытанне. Як правіла, даюць неаргументаваныя адказы: так захацеў, хацеў паказаць добрае стаўленне да суседзяў-украінцаў, амаль аднолькавыя песні. На апошніх хвілінах урока настаўнік вяртае вучняў у пачатак урока: Купала бачыў пільную патрэбу ў героях, якія б адчулі смак свабоды. Свабодны чалавек, на думку Купалы, ужо не згодны будзе трапіць пад уціск іншага і ў маральным плане стане больш дасканалым. А звярнуўся Купала да ўкраінскай народнай песні, паколькі беларускія народныя легенды і паданні не захавалі вобраз такога героя, паколькі цярплівасць беларусаў бязмежная. Мы можам пакрыўдзіцца кожны за сябе, як Машэка, можам паўстаць за народ, але няма гарантый, што народ гэта зразумее (гусляр). Янка Купала адчайна шукаў такога героя для беларускай літаратуры, але не знайшоў. Пасланне паэта і да сённяшняга дня вельмі актуальнае для нас. 

 

Абмеркаванне ўрока 

 

Удзельнікі аб’ядноўваюцца ў групы, у складзе якіх ёсць і вучні, і назіральнікі. У групах цягам 5-7 мінут ідзе абмеркаванне ўрока адпаведна пытанням Карты назірання.  Затым спікеры груп (і, магчыма, любы жадаючы) выказваюцца адносна  мэтаў, зместу, дзейнасці вучняў і настаўніка на ўроку. Абмяркоўваецца таксама феномен урока для дарослых, як формы прафесійнага развіцця настаўнікаў.