Навучальная гульня ГЭТА ЗУСІМ НЕ КЛАСНА! (ПАДЛЕТАК І МІЛІЦЫЯ)

РЭКАМЕНДАЦЫІ ДЛЯ НАСТАЎНІКАЎ
па выкарыстанні камп’ютарнай гульні “ ГЭТА ЗУСІМ НЕ КЛАСНА! (ПАДЛЕТАК І МІЛІЦЫЯ)”

Таварыства Беларускай школы і Асветніцка- дабрачынная ўстанова “Камітэт Салідарнасць” распрацавалі камп’ютарную гульню “ ГЭТА ЗУСІМ НЕ КЛАСНА! (ПАДЛЕТАК І МІЛІЦЫЯ)”, каб дапамагчы дзецям 13-17 гадоў зразумець іх правы і набыць навыкі бяспечных паводзін падчас стасункаў з праваахоўнымі органамі. У гульні паказаны розныя сітуацыі: затрыманне падлетка на вуліцы падчас вулічнага здарэння (узрыў петерды ў натоўпе), знаходжанне ў міліцэйскім пастарунку, гутарка ў школе з інспектарам па справах непаўнагадовых, сумоўе ў кабінеце следчага, пасяджэнне Камісіі па справах непаўнагадовых. Падчас праходжання гэтых гульнявых сітуацый, дзеці з дапамогай парад праваабаронцы вучацца дзейнічаць так, каб не нашкодзіць сабе, бяспечна камунікаваць з міліцыянтамі, інспектарамі, следчымі, развіваць крытычны падыход да сваіх дзеянняў і ўчынкаў.

У гульні выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя і пазнавальныя магчымасці навучэння правам чалавека. Гульня скірована на тое, каб дапамагчы дзецям зацікавіцца асноўнымі прынцыпамі правоў чалавека: павагі да чалавечай годнасці, права на правасуддзе, вяршэнства закона, даведацца пра правы дзяцей і канстытуцыйныя правы грамадзяніна Беларусі. Гульня дазволіць дзецям набыць дастатковыя веды для абароны сваіх ўласных правоў.

Дзеці навучацца, як выкарыстоўваць свае правы і захаваць бяспеку па меры прасоўвання па гульні. Юныя гульцы імкнуцца абараніць сваю індывідуальную свабоду ад умяшальніцтва праваахоўных органаў. Кожны раз, калі яны трапляюць ў складаную сітуацыю, ім даецца важная інфармацыя ад праваабаронцы пра іх правы і бяспеку. Праходзячы гульню, яны сутыкаюцца з неабходнасцю зрабіць пэўны выбар, які патрабуе ад іх дакладнага аналіза сваіх дзеянняў. Раім настаўнікам, якія будуць выкарыстоўваць гэтую гульню ў выхаваўчых мэтах, звяртаць увагу дзяцей, наколькі важны выбар дзеянняў у кожны канкрэтны момант гульні. Бо не толькі ў гульні, але і ў рэальным жыцці падлетку бывае дастаткова зрабіць адзіны няправільны крок, каб істотона паўплываць на сваю будучыню. Напрыклад, калі гулец выбірае персанаж якому 17 гадоў (Юрась), ён можа атрымаць 10 розных вынікаў праходжання ў залежнасці ад таго, ці спрачаўся ён на вуліцы з міліцыянтам і хапаў яго за руку, ці паказаў ён у пастарунку сваю петарду, ці ўважліва прачытаў складзены пратакол, як паводзіў сябе персанаж падчас гутаркі са следчым (якія залежаць ад таго, ці карыстаўся сваім правам не сведчыць супраць сябе). Гэтыя вынікі праходжання прывядуць гульца да аднаго з 4 фіналаў гульні: добрага, калі герой аказаўся здольным выкарыстаць свае правы і захаваў сваю свабоду, менш добрага, калі ён атрымаў на Камісіі па справах непаўнагадовых папярэджанне, і двух дрэнных фіналаў, калі герой падчас стасункаў з праваахоўнікамі альбо не ведаў сваіх правоў альбо адмовіўся ісці на разгляд сваёй справы ў Камісію па справах непаўнагадовых і яго будучыня пад пагрозай.

Для гульні ад імя малодшага персанажа (Кастусь, 13 гадоў) вельмі важна зрабіць правільныя крокі, звязанныя з тым, каб не нашкодзіць сабе: не ўцякаць, калі цябе затрымлівае міліцыянт, паказаць самаму свой заплечнік у надзвычайнай сітуацыі (выбух петарды), у пастарунку карыстацца сваім правам маўчаць, нічога не падпісваць да прыходу бацькоў, падчас гутаркі з інспектарам не выдумляць падзей, якіх не было.

У гэтага персанажа таксама ёсць 10 вынікаў праходжання гульні і 4 фіналы: добры, два менш добрых, калі герой атрымлівае спагнанні ў школе, і дрэнны,калі яго ўнеслі ў спіс інспекцыі па справах непаўнагадовых для індывідуальнай працы.

На працягу ўсёй гульні ставіцца пытанне аб ключавым моманце бяспекі дзяцей – веданні сваіх правоў. Гэта добрая магчымасць абмеркаваць разам з дзецьмі іх правы і патлумачыць, як яны могуць дапамагчы іншым дзецям, якія апынуліся ў кантакце з праваахоўнымі органамі.

Абмяркуйце правы дзяцей, як яны выкладзены ў Канвенцыі ААН, і як яны выконваюцца альбо парушаюцца ў гульні:
- Ты маеш права ведаць свае правы! Дарослыя таксама павінны ведаць правы дзяцей (асабліва праваахоўнікі і настаўнікі), каб лепш іх абараняць.

- Дзеці маюць права на абарону ад усіх відаў гвалту. Гэтаезначыць, што дарослые не маюць права зневажаць дзяцей, негатыўна ставіцца да іх учынкаў на падставе прадузятасці.

- Справядлівасць. Дзеці маюць права на юрыдычную дапамогу, на справядлівы разбор у рамках прававой сістэмы, якая б улічвала іх правы і інтарэсы. Гэта значыць, што дзеці знаходзяцца ў працэсе развіцця і фармавання свайго светапогляду і недапушчальна стыгматызаваць іх як правапарушальнікаў.

- Удзел. У цябе ёсць права выказваць сваё меркаванне і права на тое, каб дарослыя выслухалі цябе і адказна паставіліся да твайго меркавання.

- Ты маеш права на інфрмацыю, якая дапаможа табе пачувацца і жыць добра. Ты маеш права на гульні і да т.п.

Настаўнік можа пагутарыць з дзецьмі пра тое, што яны могуць зрабіць у рэальным свеце, каб абараніць свае правы альбо дапамагчы іншым дзецям, чыя правы парушаны. Дайце дзецям інфармацыю аб розных беларускіх недзяржаўных арганізацыях, якія займаюцца гэтымі пытаннямі: Беларускі Хельсінскі камітэт, Праваабарончы цэнтр Вясна, Прававая дапамога насельніцтву, Human constanta і інш.

 

Пачаць гуляць https://paletizma.itch.io/thatsnotcool

Спампаваць гульню 

 

Download (для Win i Mac)