"Ревизор", "Горе от ума", "Мертвые души" - як зачапіць увагу вучня? (Відэа)

Прапануем відэа-запіс майстар-класа Алы Лазіцкай, праведзены  падчас Edcamp 2019 "Фармаванне даследчых кампетэнцый сродкамі медыяадукацыі, дапоўнены артыкулам Надзеі Нікалаевай, які выйшаў у газеце Звязда

«Шаноўны сябар, кум і дабрадзей ... Спяшаюся, між іншым, паведаміць табе, што прыехаў чыноўнік з загадам агледзець усю губерню і асабліва наш павет. Я даведаўся пра гэта ад самых верных людзей, хоць ён прадстаўляецца прыватнай асобай. Паколькі я ведаю, што за табою, як за кожным, ёсць грашкі, таму што ты чалавек разумны і не любіш прапускаць таго, што плыве ў рукі... Таму раю табе быць асцярожным, бо ён можа прыехаць у кожную гадзіну, калі толькі ўжо не прыехаў і не жыве дзе-небудзь інкогніта»... Усім вядомыя гэтыя радкі з легендарнай камедыі Мікалая Гогаля «Рэвізор», якія ў старэйшага пакалення адразу выклікаюць усмешку. Але паспрабуйце зацікавіць літаратурнай класікай падлеткаў! Ці пачытаць з імі яшчэ адзін твор гэтага пісьменніка — «Мёртвыя душы». У многіх педагогаў проста апускаюцца рукі. Але ў дырэктара сярэдняй школы № 2 горада Століна Алы ЛАЗІЦКАЙ, якая выкладае ў школе рускую мову і літаратуру, ёсць свае лайфхакі, якімі яна падзялілася з калегамі ў рамках трэцяй канферэнцыі Еdсаmр Bеlаrus — 2019. Тэма яе майстар-класа была прысвечана фарміраванню даследчых кампетэнцый праз сродкі медыяадукацыі.

 

Прагулка з Чацкім

Ала Лазіцкая: «Вывучэнне стварэння фэйка — любімы занятак у вучняў, дзякуючы якому яны праштудзіруюць літаратурны тэкст не аднойчы...»

— Я з вялікай павагай стаўлюся да Тургенева, Грыбаедава, Пушкіна і Талстога, але для сучасных дзяцей гэта зусім іншая рэчаіснасць, якая ніяк не звязана з сённяшнім днём. І трэба знайсці нейкі «кручок», каб зачапіць іх увагу, — канстатуе настаўніца. — «Рэвізора» сямікласнікі чытаць не вельмі жадаюць, таму што сацыяльны падтэкст гэтага твора ад іх вельмі далёкі. Таму над «Рэвізорам» я працавала са сваімі дзецьмі ў кантэксце фактчэкінгу (англ. fасt сhесkіng — праверка фактаў). Гараднічы збірае сваіх чыноўнікаў і зачытвае ім ліст. І вось тут завязваецца інтрыга, у тым ліку і на нашым уроку. Пачынаем разбіраць: ці нейтральны гэта тэкст, або ў ім прысутнічаюць нейкія маркеры (словы), якія ўказваюць на адваротнае? Ці ёсць у пасланні ацэначныя меркаванні? Бяром у рукі маркеры і расфарбоўваем тэкст: выдзяляем рознымі колерамі факты і меркаванні... Цікава, што ліст адзін і той жа, але кожны чыноўнік зразумеў яго па-свойму. Чаму? Далей вывучаем тэхналогію стварэння фэйка — гэта для маіх выхаванцаў самы любімы занятак, дзякуючы якому яны праштудзіруюць літаратурны тэкст не аднойчы. Дарэчы, дзеці любяць менавіта слова «фэйк», а не «чуткі» ці «плёткі».

«Калі я вам скажу, што заўтра ў нашай сталоўцы будзе сухі паёк, таму што вадаправод патрабуе рамонту, вы мне паверыце?» — запыталася аднойчы настаўніца ў сваіх вучняў. «Так», — адказвалі яны. «А чаму? Я ж вам кажу няпраўду». — «Таму што вы дырэктар!» — «А калі скажу, што на гарадскі парк упаў метэарыт і парка больш няма, вы мне паверыце?» — «Не». — «А чаму?»

— Так дзеці паступова прыходзяць да высновы, што для таго, каб фэйк распаўсюджваўся, усе павінны быць гатовыя ў яго паверыць, — кажа Ала Лазіцкая. — А далей у нас на ўроку адбываецца работа ў групах: першая даследуе момант нараджэння фэйка, другая вывучае траекторыю яго распаўсюджвання (хто агучыў, каму перадаў, навошта гэта зрабіў?). Ствараецца схема, у якую ўцягнуты ўвесь горад. Навучэнцы пачынаюць разумець, што ёсць людзі, якія распаўсюджваюць пэўную інфармацыю мэтанакіравана. І трэцяя група вывучае наступствы фэйка.

Твор Аляксандра Грыбаедава «Гора ад розуму» яшчэ больш далёкі ад сучасных дзяцей. Але ж можна вывучыць, як нараджаюцца і жывуць чуткі аб вар'яцтве Чацкага. Пачынаем устанаўліваць, хто іх аўтар. Называюць каго заўгодна, акрамя Соф'і. Высвятляем, што гераіня сказала гэта са злосці, але хтосьці пачуў і панёс далей. Навошта ён гэта зрабіў і чаму ў доме ўсе хутка ў гэта паверылі?

«Мёртвыя душы» Мікалая Гогаля, «Недарасль» Дзяніса Фанвізіна, «Герой нашага часу» Міхаіла Лермантава, «Сабачае сэрца», «Майстар і Маргарыта» Міхаіла Булгакава, «Вайна і мір» Льва Талстога... Прапаную тэму для даследавання на ўроку: «Як ствараецца імідж чалавека? Піяр і самапіяр». Усе творы для гэтага падыходзяць. Паралельна вывучаем медыя- і піяр-тэхналогіі. Ці заўсёды магчыма стварэнне пазітыўнага іміджу чалавека? Чаму самаўспрыманне і ўспрыманне цябе іншымі людзьмі не заўсёды супадаюць? Чаму імкненне пакінуць уражанне не заўсёды аказваецца паспяховым? Дзевяцікласнікаў гэтыя пытанні вельмі хвалююць. Падчас вывучэння «Недарасля» мае вучні знайшлі падручнік па іміджмейкінгу, вывучылі, як працуюць гэтыя тэхналогіі, і перанеслі на вобраз Мітрафанушкі. Высветлілася, што спадарыня Прастакова (яго матуля) — іміджмейкер, так бы мовіць, ад Бога. Але чаму ўсе яе спробы не дасягнулі мэты? Проста для таго, каб стварыць чалавеку пазітыўны імідж, усё ж такі павінен быць нейкі падмурак, а на пустым месцы гэта не робіцца. Мае вучні аналізавалі, хто з герояў у гэтым творы хлусіць, а хто кажа праўду, і высветлілася, што не хлусіць толькі Скацінін. Проста таму, што ў яго няма ў гэтым патрэбы.

Тэхнікі маніпуляцыі ў паводзінах персанажаў (яшчэ адно паняцце з медыяадукацыі) можна вывучаць на прыкладзе наступных твораў: «Пунсовыя ветразі» Аляксандра Грына, «Мёртвыя душы» і «Рэвізор» Гогаля, «Бацькі і дзеці» Тургенева. Напрыклад, мае выхаванцы прыйшлі да высновы, што Базараў, які маніпулюе ўсімі людзьмі вакол сябе, сам глыбока няшчасны чалавек. Я не зусім з імі згодная, але чужое меркаванне трэба паважаць. Усе героі гэтага рамана аказваюць псіхалагічны ціск адно на аднаго. І вялікае значэнне ў ім маюць дыялогі персанажаў.

Пры знаёмстве з «Мёртвымі душамі» Мікалая Гогаля (гэты твор заўсёды ўспрымаецца школьнікамі надзвычай складана) мы рэалізоўвалі вучэбна-даследчы праект «Інфармацыйная прастора губернскага горада NN, ці горад як медыятэкст». Прагуляліся па ім разам з Чычыкавым: вывучылі шыльды на розных аб'ектах цэнтральнай вуліцы, тэатральную афішу, мясцовую газету, надпіс на плоце «прадам душу». Паглядзелі ўрывак з экранізацыі рамана 1984 года. Потым было заданне зрабіць цытатную характарыстыку Чычыкава, падзяліць крыніцы сцвярджэнняў — чыя гэта пазіцыя і бачанне (аўтара, самога Чычыкава ці так пра героя кажуць іншыя). Ці не з'яўляецца меркаванне пра чалавека, якога ўсе бачаць першы раз, інтэрпрэтацыяй? На якіх падставах яно ствараецца? А далей знаёмства з раманам пайшло весялей.

Ала Лазіцкая падкрэслівае: «Для мяне заўсёды было важна пераканаць дзяцей у тым, што класікі, з творамі якіх яны знаёмяцца на ўроках літаратуры, не нейкія кананізаваныя асобы. Іх творчасць застаецца актуальнай па сённяшні дзень, іх творы — пра нас, менавіта таму іх і лічаць класікамі».

Будзь у курсе!

Фэйк — слэнгавы тэрмін. Пад фэйкам разумеюць навіну, якая не мае нічога агульнага з праўдай, так бы мовіць, падробку навіны. Фэйкі могуць закранаць за жывое тых, хто іх чытае. У гэтым выпадку ў чалавека адключаецца логіка, уключаюцца эмоцыі, і ён верыць нават у самую неверагодную інфармацыю. Фэйкавымі могуць быць таксама і дзеянні.