Як адмовіцца ад прымусовай падпіскі на газеты

Чаму беларусы падпісваюцца на дзяржаўныя выданні, нават калі не хочуць гэтага?

У арганізацыях і на прадпрыемствах пачалася новая хваля падпіскі на дзяржвыданні. Работнікі выказваюць незадаволенасць у сацсетках тым, што адмовы прыводзяць да пакарання «аж да звальнення, але часцей пачынаюць рублём палохаць».

Юрысты кажуць, што грамадзяне знаходзяцца ў вельмі хісткім становішчы ў сувязі з існуючай сістэмай тэрміновых працоўных кантрактаў.

- Кожны работнік разумее: калі ён не падпарадкуецца нават незаконным патрабаванням адміністрацыі, то можа патрапіць у няласку. І ёсць рызыка, што могуць не працягнуць працоўны кантракт, заключаны на год ці на тры гады, - адзначае юрыст незарэгістраванага ў Беларусі праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч .

У адмыслова ўразьлівым становішчы знаходзяцца жыхары невялікіх рэгіёнаў, дзе іх могуць унесці ў сакрэтны чорны спіс, пазбавіўшы магчымасці знайсці новую працу, кажа праваабаронца.

Тым не менш, юрысты падкрэсліваюць, што без праявы ініцыятывы самімі людзьмі адстаяць захаванне іх правоў немагчыма.

Па законе ніхто не мае права прымусіць работніка выпісваць газеты

- Аказанне платных паслуг, усе падобныя здзелкі, у тым ліку падпіска на выданні, носяць добраахвотны характар. Гэта значыць, ніхто не можа прымусіць чалавека да атрымання паслуг або куплі тавару, - кажа Валянцін Стэфановіч.

Няма ніякіх легальных метадаў абавязаць работніка зрабіць ведамасную або любую іншую падпіску, пацвярджае юрыст Аляксандр Жук .

Тэарэтычна абавязак работніка падпісацца на выданні наймальнік можа прапісаць ў працоўным або калектыўным дагаворы.

- Але нават калі работнік падпісвае працоўны дагавор з такім пунктам, гэта патрабаванне ўсё роўна будзе незаконным. Бо яно супярэчыць працоўнай функцыі работніка, - тлумачыць Аляксандр Жук.

Як граматна адмовіцца ад падпіскі

Юрысты перакананыя: любы працаўнік можа вусна адмовіцца ад гэтай прапановы.

- Калі наогул ніяк не адрэагаваць, нічога страшнага не будзе, - лічыць Аляксандр Жук.

Калі ж работнік думае, што пасля адмовай будуць санкцыі, мае сэнс адмовіцца ў пісьмовай форме, каб было што прад'явіць вышэйстаячым органам або суду.

Што будзе за адмову ад абавязковай падпіскі

Невыкананне загадаў і распараджэнняў наймальніка тэарэтычна пагражае аб'явай заўвагі ці вымовы. Але работнiк мае права іх абскардзіць у камісіі па працоўных спрэчках, калі яна створана на прадпрыемстве, звярнуцца ў тэрытарыяльны аддзел Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы ці ў суд.

- Упэўнены, што загад аб абавязковай здачы грошай суд прызнае неадпаведным Працоўнаму кодэксу і здыме заўвагу або вымову, - кажа Аляксандр Жук.

Калі загад аб падпісцы або зборы на яе грошай суправаджаецца ціскам, Валянцін Стэфановіч раіць звяртацца ў органы пракуратуры.

https://zautra.by