Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

«Што для мяне ЕdСаmр? Магчымасць сустрэцца з настаўнікамі з усёй Беларусі, якія ўжо сталі сябрамі падчас такіх жа нефармальных канферэнцый і фестываляў. Магчымасць быць вольнай у выбары. Магчымасць пачуць безліч цікавых ідэй! Гонар за тое, што ў нас столькі неабыякавых і цікавых педагогаў! Неверагодная колькасць прыёмаў у «скарбоначку». Нейкі выбух мозга! Зараз адбываецца бесперапынная рэфлексія, і мяне не пакідае думка, што мне мала! Так шкада, што немагчыма было разарвацца, бо хацелася пабываць на ўсіх майстар-класах, якія праходзілі адначасова. Мінулы ЕdСаmр быў цікавы, а гэты нейкі неперадавальна яскравы і эмацыянальны... Сапраўднае адкрыццё — мноства маладых і бясконца таленавітых настаўнікаў. Гэта разбурэнне стэрэатыпаў пра тое, што ў педагогі ідуць толькі тыя, каму больш нікуды для паступлення балаў не хапіла. Гэта крута назіраць і радасна! З кожным разам усё больш і больш люблю гэту «настаўніцкую тусоўку», якая множыцца, але становіцца ад гэтага яшчэ больш якаснай і цікавай. Столькі апантаных сваёй справай настаўнікаў (і не толькі) на адзін квадратны метр плошчы не часта сустрэнеш. Няхай нам усім хопіць сіл, каб дачакацца наступнай сустрэчы», — падзялілася сваімі меркаваннямі пасля завяршэння другой педагагічнай неканферэнцыі настаўніца пачатковых класаў з сярэдняй школы № 1 Лагойска Святлана ІВАНЮШЫНА.

На педагагічнай неканферэнцыі ўсе могуць быць як спікерамі, так і слухачамі. Ці спалучыць першае і другое.

На педагагічнай неканферэнцыі ўсе могуць быць як спікерамі, так і слухачамі. Ці спалучыць першае і другое.

Без фармалізму...

«Чаго было ўдосталь і што цалкам адсутнічала? — разважае настаўніца гісторыі Бобрскага вучэбнага-педагагічнага комплексу яслі-сад — сярэдняя школа Крупскага раёна Яніна ПУШКІНА. — Былі экстрым, інтрыга, эксклюзіў, феерверк ідэй. Адсутнічалі заарганізаванасць, фармалізм, бюракратызм. Страшна было выйсці перад публікай і прапанаваць калегам сваю ідэю, а потым правесці з высокай трыбуны свой майстар-клас. Інтрыга была ў тым, якія ідэі акажуцца найбольш запатрабаваныя педагагічнай грамадскасцю па выніках галасавання. А яшчэ ўдосталь было павагі і ўвагі настаўніку, што дэфіцыт у наш час. Неканферэнцыя — гэта маленькая мадэль таго, як найлепшым чынам можа быць уладкавана школа. І не трэба баяцца хаосу, бо мы ж ведаем, што «толькі з хаосу нараджаюцца зоркі».
 
У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. Змясціць усіх ахвотных робіцца ўсё больш праблематычным: у параўнанні з леташнім ЕdСаmр колькасць удзельнікаў мерапрыемства ўзрасла больш чым удвая (да 200 чалавек)! Да таго ж цяпер яно доўжылася два дні замест аднаго. Каб паслухаць некаторых спікераў, педагогі размяшчаліся... на падлозе на дыванах, бо ў памяшканні не хапала месца для крэслаў. Гэта стала падставай для жартаў, але ніхто не застаўся пакрыўджаным. Усе ведаюць, што неканферэнцыя падпарадкоўваецца закону «аб дзвюх нагах»: яе праграма загадзя невядомая, удзельніцы і ўдзельнікі самастойна вызначаюць ход мерапрыемства і далучаюцца да той дыскусіі ці майстар-класа, якія цікавыя менавіта ім, праграма фактычна ствараецца разам, з улікам меркавання кожнага. Калі табе нецікава ці твае чаканні засталіся няспраўджаныя, ты можаш змяніць свае планы і пайсці паслухаць іншага выступоўцу.
 
Цікава было назіраць, як запаўнялася на сцяне падрыхтаваная арганізатарамі карта Беларусі — настаўнікі заносілі на яе гарады і населеныя пункты, адкуль яны прыехалі. Да педагогаў з абласных цэнтраў далучыліся іх калегі з Маладзечна, Барысава, Лепеля, Століна, Мазыра, Полацка, Жлобіна, Оршы, Пастаў, Смаргоні, Узды, Баранавіч, Слоніма, Слуцка, Крычава, Жодзіна, Глыбокага, Чашнікаў, Нясвіжа, Ліды, Лагойска, Пінска і іншых гарадоў. Сярод удзельнікаў былі не толькі школьныя настаўнікі, але і ўніверсітэцкія выкладчыкі, прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, як вопытныя педагогі, так і маладыя спецыялісты і нават студэнты педагагічных спецыяльнасцяў. Запаўняючы заяўку на ўдзел, яны шчыра напісалі: «Яшчэ няма чым падзяліцца, бо толькі з верасня пачала працаваць», «У мяне пакуль няма прафесійнага досведу».
 
На­стаў­нік бе­ла­рус­кай  мо­вы і лі­та­ра­ту­ры  з Лі­цэя БДУ Змі­цер  МА­КАР­ЧУК пра­па­на­ваў па­дзя­ліц­ца ідэ­яй  «Баць­коў­ска­га кі­на­клу­ба».
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры з Ліцэя БДУ Зміцер МАКАРЧУК прапанаваў падзяліцца ідэяй «Бацькоўскага кінаклуба».
 
Але яго адсутнасць не праблема для неканферэнцыі, дзе ўсе могуць быць як спікерамі, так і слухачамі. Могуць прапанаваць сваю педагагічную ідэю, агучыць праблему і шляхі яе вырашэння, зыходзячы з уласнага досведу, правесці майстар-клас, а могуць проста прагаласаваць за тое, што хочуць пачуць. Галоўны прынцып — «дай, калі можаш, вазьмі — калі хочаш». Падчас ЕdСаmр Bеlаrus — 2018 педагогі чыталі казкі на новы лад, інтэрпрэтавалі мастацкія тэксты, развівалі свае навыкі крытычнага мыслення, складалі газетныя загалоўкі, паглыбляліся ў свет кіно, гулялі ў настольныя гульні, слухалі школьніка Колю Карнілава, які расказваў ім «азы» пра біткойны і блокчэйн, ладзілі фізічныя эксперыменты і нават танцавалі з вялікай ахвотай падчас майстар-класа па народных танцах, які для іх правяла Таццяна Грыневіч-Матафонава. «Гэта было крута! Лепш за фітнес! Не толькі весела патанцавалі, але і паклалі ў метадычную скарбоначку новы матэрыял», «Супер! Не толькі класна працуем, але і адпачываць добра ўмеем!», «Хацелася б усё паўтарыць, але ўжо ў народных строях», — прызналіся пазней настаўнікі.
Даведка
 
Еduсаtіоn Саmр (ЕdСаmр) — міжнародная ініцыятыва, якая нарадзілася ў настаўніцкім асяроддзі ў ЗША ў 2010 годзе і распаўсюдзілася на дзясяткі краін свету. На сённяшні дзень больш за 1500 мерапрыемстваў у 35 краінах аб'ядналі ўжо 120 000 педагогаў для адкрытага абмену педагагічным вопытам, супрацоўніцтва і вырашэння агульных задач. У Беларусі педагагічная неканферэнцыя ладзіцца сумеснымі намаганнямі мінскага хаба Glоbаl Shареrs і Таварыства беларускай школы. На конкурсе сацыяльных праектаў SосіаlWееkеnd ідэя першай неканферэнцыі для педагогаў аказалася сярод пераможцаў і займела бізнес-падтрымку.

Педагогі маглі прагаласаваць стыкерамі толькі за тры прапановы.

Педагогі маглі прагаласаваць стыкерамі толькі за тры прапановы.

Прадаць ідэю

 
Але, безумоўна, цэнтральнай і самай цікавай падзеяй стаў кірмаш педагагічных ідэй. На спіч педагогам адводзілася ўсяго 60 секундаў. Ідэю трэба ўмець прадаць — гэта сёння разумеюць ужо ўсе. А для гэтага неабходна загарнуць яе ў яркую ўпакоўку, прыдумаць маркетынгавы ход, прыгожа паднесці... або проста наступіць на мазоль, які ўсім баліць. Як гэта зрабіла, напрыклад, настаўніца біялогіі са сталічнага ліцэя № 1 Кацярына Скрыган: «Нам кажуць, што настаўнік павінен быць энергічным і запальваць іншых. А што рабіць, калі спісы спраў бясконцыя, рабочы дзень набліжаецца да 24 гадзін, а інфармацыя, нават карысная, перавышае ўсе нашы магчымасці яе перапрацаваць. Больш за 15 гадоў я падбіраю, шукаю «лайфакі», ключыкі, спосабы, як быць больш эфектыўнай у рабоце і асабістым жыцці. Магу падзяліцца, як пры дапамозе простых і бясплатных сэрвісаў Gооglе можна паспяваць больш, а стамляцца менш, менш забываць, не падводзіць калег і сяброў, і пры гэтым у вас яшчэ застанецца час на прыемныя рэчы».
 
«Вашы студэнты сядзяць на занятках у сацыяльных сетках? Вас гэта непакоіць? Мяне таксама, але я ведаю, як паставіць іх на службу сабе. Раскажу і пакажу канкрэтныя прыклады таго, як выкарыстоўваць «Інстаграм», каб ён стаў вашым любімым і эфектыўным вучэбным інструментам», — спрабавала зацікавіць аўдыторыю выкладчыца моўнай школы «Свет без межаў» Таццяна РАЗМЫСЛОВІЧ.
 
«Калі я працую з будучымі педагогамі, у мяне часта цікавяцца, як зрабіць так, каб цябе пачыналі слухаць адразу, як ты заходзіш у клас? Першыя 60 секундаў у рабоце настаўніка — самыя важныя. А вопытныя калегі, наадварот, кажуць: «Я часта гляджу на гадзіннік, у мяне застаецца ўсяго адна хвіліна, а я яшчэ столькі не паспеў зрабіць». У вас самыя важныя 60 секундаў да канца ўрока. Як зрабіць так, каб яны прайшлі максімальна эфектыўна. Я магу вам пра гэта расказаць», — інтрыгаваў настаўнікаў выкладчык Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Аляксандр ВАРАНЕНКА.
 
Людміла МАКУЦЬ з баранавіцкага ліцэя № 1 прапанавала навесці фокус на гендар, паразважаць, чаму ў пачатковай школе выдатніцы — пераважна, дзяўчаткі, а ў старшых класах іх даганяюць і абыходзяць хлопцы? Чаму так адбываецца і ці трэба настаўніку ўлічваць пэўныя псіхалагічныя аспекты ў працэсе навучання?
 
Яніна ПУШКІНА выказала гатоўнасць расказаць, як працаваць з дзецьмі індыга. Таксама гучалі прапановы падзяліцца досведам у развіцці ў вучняў медыяадукаванасці з дапамогай школьнага тэлебачання, выкарыстанні пескаграфіі на школьных уроках, расказаць пра магчымасці сторытэлінгу на ўроках, візуалізацыю і гейміфікацыю навучання, метад Уолта Дыснея, інтэрактыўнае грамадазнаўства і эфект Люцыфера... Без увагі, напэўна, не застаўся ніводны адукацыйны трэнд!
 
 
Настаўнікі самі заносілі на карту гарады і населеныя пункты, адкуль яны прыехалі.
Настаўнікі самі заносілі на карту гарады і населеныя пункты, адкуль яны прыехалі.
 
«Па вушах цякло...»
 
Былі і вельмі крэатыўныя выступленні, якія зрывалі апладысменты. Таццяна і Сяргей ФАДЗІНЫ, настаўнікі англійскай мовы і фізікі гродзенскай сярэдняй школы № 26, пацікавіліся ў калег: «А ці даўно вы чыталі казкі? Мы паўтара года назад сталі маладымі бацькамі і цяпер, калі робім гэта, то на некаторыя моманты глядзім ужо па-іншаму. Напрыклад, усе ведаюць з дзяцінства казку пра курачку Рабу. А чаму расстроіліся дзед і баба, калі мышка разбіла яйка, хоць яны самі раней спрабавалі гэта зрабіць? Калі вы хочаце навучыць дзяцей нестандартна мысліць, крытычна ставіцца да інфармацыі, быць медыяадукаванымі і матываваць іх задаваць пытанні, прыходзьце на наш майстар-клас «Па вушах цякло, а ў рот не трапіла...»
 
«Шаноўныя калегі, скажыце, а ці можна навучыць рыбу лазіць па дрэвах? Калі тут сабраліся «зоркі», давайце разам паспрабуем з дапамогай квэстаў зрабіць так, каб рыба ператварылася ў рэактыўны самалёт. Запрашаю ўсіх на мой квэст «Сем крокаў па-беларуску», — прапанавала настаўніца гісторыі і грамадазнаўства з Уздзенскай раённай гімназіі Галіна ГЛАДКАЯ.
 
«Нагляднасць фізічнага эксперымента ніхто не адмяняў. А што рабіць, калі дарагога абсталявання няма або яно дрэнна працуе? Я для правядзення фізічнага эксперымента выкарыстоўваю звычайныя прадметы. І калі вы прыйдзеце на мой майстар-клас, то даведаецеся, чаму дзяўчаты, якія носяць высокія абцасы, раздражняюцца па дробязях, а ў свой дзень нараджэння зможаце паставіць бутэльку шампанскага не па цэнтры стала, а на яго краі, на рабры», — абяцаў настаўнік фізікі з Ліцэя БДУ Сяргей ГАРБАЦЭВІЧ.
 
Усяго было агучана больш як 40 ідэй. З іх па выніках галасавання, якое адбывалася з дапамогай стыкераў (у кожнага ўдзельніка была магчымасць вызначыць для сябе трох фаварытаў), адабралі трынаццаць. А пакуль ішоў падлік галасоў, можна было завітаць на майстар-класы экспертаў па фарміраванні кампетэнцый ХХІ стагоддзя. У цэнтры ўвагі былі камунікацыя, крэатыўнасць, камандная праца і крытычнае мысленне.
Каманда маладых прафесiяналаў з Global Shapers Minsk Hub, дзякуючы якім стала магчымым правядзенне EdCamp Belarus--2018!
Каманда маладых прафесiяналаў з Global Shapers Minsk Hub, дзякуючы якім стала магчымым правядзенне EdCamp Belarus--2018!
 
Эфект доўгага хваста
 
А настаўніца рускай мовы і літаратуры са Смалявіцкай гімназіі Ганна Севярынец падзялілася на сустрэчы з педагогамі сваімі думкамі і досведам наконт беларусізацыі адукацыі. Яна лічыць вялікай памылкай навязваць дзецям думкі накшталт «беларуская мова — матчына мова», бо ўжо для некалькіх пакаленняў беларусаў гэта, на жаль, няпраўда. «Згодна з нашай прафесійнай этыкай мы не маем права навязваць дзецям свае палітычныя і рэлігійныя погляды, але наш абавязак — выхоўваць дзяцей у павазе да той культуры, якая сфарміравалася на нашай зямлі, — падкрэслівае педагог. — Як настаўнікі мы можам беларускае ставіць перад усім. Чаму нашы вучні ведаюць пра Пушкінскі ліцэй і не ведаюць нічога пра Белпедтэхнікум, які дзейнічаў у 20-я гады ў Мінску і ў якім навучаліся практычна адначасова больш за два дзясяткі выбітных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў?.. Ніхто з нашых вучняў не ведае нічога і пра Інбелкульт. Чаму мы апелюем да іншых культур замест таго, каб апеляваць да сваёй? Ёсць толькі адзін шлях стаць гаспадаром на сваёй зямлі — праз нацыянальную культуру і мову. Калі я расказваю сваім вучням пра Пушкіна, мы заўсёды чытаем яго твор «Клеветникам России» і разбіраемся, чаму той сур'ёзна пасварыўся са сваім сябрам Адамам Міцкевічам. А ўсё з-за таго, што вялікі рускі паэт ухваліў у сваім вершы задушэнне польскага паўстання і імперскую палітыку Расіі. Расказваю вучням, чаму пасля напісання Някрасавым «Оды Муравьёву» студэнты рвалі яго партрэты і адпраўлялі яму дамоў па пошце. Гэта было грамадскае асуджэнне падаўлення паўстання Кастуся Каліноўскага... Я ўпэўнена, што мы павінны пабудаваць такую сістэму адукацыі, якая будзе адпавядаць менавіта нашым патрэбам, з улікам нашай ментальнасці, гістарычнага развіцця, геапалітычных асаблівасцяў і на нашым культурным падмурку. Так, можна вывучаць чужы досвед, але ствараць школу трэба найперш для сябе».
 
У па­раў­на­нні з ле­таш­нім EdCamp  коль­касць удзель­ні­каў ме­ра­пры­ем­ства  ўзрас­ла больш чым удвая.
У па­раў­на­нні з ле­таш­нім EdCamp коль­касць удзель­ні­каў ме­ра­пры­ем­ства ўзрас­ла больш чым удвая.
 
Два дні, багатыя на крэатыўныя ідэі, прыемныя спатканні і добрыя ўсмешкі, праляцелі як адно імгненне. Напрыканцы адна з удзельніц канстатавала: «Я ўпэўнена, што ўсё самае важнае ў адукацыі адбывалася тут і цяпер». Педагагічнай неканферэнцыі ўласцівы так званы эфект доўгага хваста, калі пасля яе завяршэння абмеркаванне сучасных адукацыйных тэндэнцый працягваецца ўжо непасрэдна ва ўстановах адукацыі, ідэі ўкараняюцца і ўвасабляюцца ў штодзённых занятках. Ала ПАЗНЯКОВА, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 10 горада Бабруйска, упэўнена: «ЕdСаmр — гэта тое, праз што трэба прайсці кожнаму настаўніку, каб зразумець, ці на сваім ты месцы. Ці гатовы ты вучыцца, ці гатовы будаваць новую школу краіны?»
 
Надзея НІКАЛАЕВА, газета ЗВЯЗДА
 
Фота аўтара і арганізатараў