Ганна Севярынец прадставіла сваю методыку навучання рускай літаратуры з апорай на беларушчыну

У Мінску 13–14 кастрычніка 2018 г прайшла Другая (не)канферэнцыя настаўнікаў EdCamp Belarus 2018, дзе найлепшыя беларускія педагогі прэзентавалі свае методыкі. Майстар-клас Ганны Севярынец быў адным з самых папулярных.
 
Ганна Севярынец выкладае ў Смалявіцкай гімназіі рускую мову і літатаратуру, але тэма яе майстар-класы – «Беларускае – перадусім. Беларусізацыя адукацыі як падмурак кардынальных заменаў у сістэме адукацыі».
 
1. Быць гаспадаром на сваёй зямлі
Першае пытанне, якое Ганна Канстанцінаўна задае сваім вучням – што дае ім магчымасць адчуваць сябе гаспадаром на сваёй зямлі?
«Я сваім дзецям гэтую фразу паўтараю пастаянна. Але ў людзей няма адчування гаспадара на сваёй зямлі не па сваёй віне – 300 год гэта пачуццё ў нас выскрабалі, свядома выразалі, знішчалі. І першы твор, які мы вывучаем у 5-м класе – казка «Царэўна-жабка«. Іван-царэвіч па жыцці плыў па цячэнні, Васіліса за яго ўсё вырашала. І тут яму даводзіцца самастойна прымаць рашэнне! Ён кідае скуру жабкі ў агонь – і робіць памылку», – распавядае Ганна Севярынец.
Што адбываецца з чалавекам, калі ён сам прымае рашэнне? Дзеці пытаюцца, што гэта значыць. І другое пытанне – навошта? Бо калі ты гаспадар – гэта цяжка, – працягвае Ганна.
«Дзеці, пакуль іх не пераламалі дарослыя, хацелі б гаспадарыць. Яны прагнуць самі складаць правілы. І ёсць толькі адзін шлях, які выпрабавала шмат дзяржаў – толькі праз нацыянальную культуру. І праз мову.
А ў нашых дзяцей ёсць унікальная магчымасць. Беларуская культура полілінгвістычная – у нас было 4 мовы: беларуская, руская, польская і ідыш. І творцы мелі магчымасць рабіць гэта на любой з чатырох моваў. Гэта ўнікальная зямля – дзе кожны мае магчымасць быць самім сабой», – перакананая настаўніца.
 
Ганна Севярынец
 
2. Расійскія класікі – праз прызму беларушчыны
На думку ганны Севярынец, бессэнсоўна навязваць дзецям банальныя рэчы кшталту «беларуская мова – матчына мова» (бо для некаторых гэта ўжо няпраўда). Таму на сваіх уроках руская літаратуры настаўніца шукае «беларускі аспект».
Часцяком настаўнікі прыводзяць аналогію, што лёс Максіма Багдановіча, які адышоў у 27 гадоў, нагадвае лёс Лермантава. Ганна Севярынец на сваіх уроках адзначае, што лёс Лермантава  нагадвае лёс Максіма Багдановіча, хоць гэта і храналагічна няправільна.
Калі настаўніца расказвае дзецям пра Пушкіна, яна заўсёды чытае «Клеветникам России» – верш, за які з ім пасварыўся Адам Міцкевіч (яны былі блізкія сябры, Пушкін нават ставіў Міцкевіча вышэй за сябе).
 
Падчас другой (не)канфэрэнцыі настаўнікаў EdCamp Belarus 2018
 
«Менавіта праз гэты верш Пушкін пасварыўся з Міцкевічам, бо Пушкін ухваліў імперскі дух Расіі, выступіў як махровы рэакцыянер.
Калі мы праходзім Някрасава, я не расказваю, як Някрасаў, насуперак ягоным вершам, перажываў за лёс рускага народу, бо ён быў заможным памешчыкам, меў шмат зямлі. Але, каб выдаваць свой часопіс "Современник", ён напісаў "Оду" Мураўёву-вешальніку, які задушыў паўстанне Каліноўскага. Паэт напісаў такую оду, што назаўтра студэнты рвалі ягоныя партрэты і высылалі абрыўкі на ягоны адрас. Някрасаў не чакаў такога грамадскага асуджэння.
І мы размаўляем з дзецьмі не пра ягоную лірыку, а гутарым пра тое, што рускі чалавек будаваў такую сістэму "пад сябе" – і што здараецца, калі ты не гаспадар на сваёй зямлі.
 
Калі мы чытаем "Недоросля" Фанвізіна, то праз прызму імператрыцы Кацярыны, якая акупавала Рэч Паспалітую», – прыводзіць яскравыя прыклады Ганна Севярынец.
 
Што да іншых прадметаў, настаўніца лічыць, што таксама ёсць вельмі шмат нагодаў гаварыць пра Беларусь. Яна прыводзіць прыклад з «Інбелкультам», які за лічаныя гады зрабіў усе падручнікі па-беларуску: людзі, якія ня мелі вышэйшай адукацыі, бо Віленскі ўніверсытэт быў закрыты, а ў Беларусі законам было забаронена мець вышэйшую адукацыю, «самавукам, самаходам, самапехам» за 5 год паднялі беларускую адукацыю.
 
3. Вандроўкі па Беларусі: не толькі раскручаны Нясвіж, але і малавядомыя Манькавічы з Цімкавічамі
Ганна арганізуе вандроўкі толькі беларускія, і туды ездзяць толькі тыя дзеці, якія жадаюць – ніякіх дадатковых адзнак, бонусаў за актыўнасць не бывае. Стараюцца мінімізаваць выдаткі – плацяць толькі за аўтобус і за экскурсіі на месцы. Самая ўдалая: Вязынка – Ракуцёўшчына – Залессе.
 
«Вязынка – бо гэта, акрамя Янкі Купалы, вясковы побыт. Ракуцёўшчына – гэта шляхецкі побыт. А Залессе – гэта магнатэрыя. Адначасова глядзім гістарычную перспектыву – што было і што зрушылася. Музей у Вязынцы інтэрактыўны, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Гэта маршрут па віленскім шляху – пра Вільню асобная тэма. Бо Вільня – наш горад», – кажа Ганна.
 
Іншыя цікавыя варыянты вандровак: Цімкавічы (з музеем Кузьмы Чорнага) – Нясвіж. Таксама Мядзел – Манькавічы – сядзіба Друцкіх-Любецкіх. Падчас вандровак – наведванне музеяў.
 
P.S. «Я паказваю дзецям на ўласным прыкладзе, што ў побыце размаўляю па-беларуску»
Таксама Ганна, маючы асабістыя кантакты, лёгка арганізуе сустрэчы з самымі рознымі беларускімі літаратарамі – ад класікаў да «трэндавых».
«Мае дзеці ведаюць, што на ўроку я лёгка пераходжу на беларускую мову, калі гэта дарэчы. Я даю дзецям прыклад, што ў побыце размаўляю па-беларуску, па тэлефоне адказваю па-беларуску. З настаўнікамі таксама размаўляю па-беларуску. Таму самае галоўнае – асабісты прыклад», – робіць выснову выкладчыца рускай мовы Ганна Севярынец.