Оскар, кальмар і метро, альбо Па слядах вандроўкі ў Швецыю

Вераніка Арлова, настаўнік-метадыст сярэдняй школы №14 г.Мазыра
 
Паважаныя чытачы гэтага артыкула! Перад тым, як вырашыць, ці патрэбна Вам наогул чытаць тое, пра што пойдзе гаворка далей, прапаную Вам адказаць на 3 пытанні: ці ведаеце Вы, што такое «Метро», «Оскар» і «Кальмар»? Калі Вы станоўча адказалі на гэтыя пытанні, прапаную Вам падумаць яшчэ крышачку:
1) Метро – гэта: а) будынак метрапалітэна; б) газета; в) від транспартнага сродку?
2) Оскар – гэта: а) імя; б) узнагарода ў свеце кінематографа; в) школа?
3) Кальмар – гэта: а) горад; б) малюск; в) модная ў сярэдзіне 90-х гадоў стрыжка?
 
«Першае, другое і трэцяе!», – адкажуць з вас тыя, каму, як і мне, пашчасціла патрапіць на дыстанцыйны курс Таварыства Беларускай Школы «Медыяадукацыя ў школе», а пасля яго на медыяадукацыйны летнік у Швецыю.
- Як жа так?, – спытаеце Вы. Пры чым тут газета, школа і горад? Але калі гаворка ідзе пра Швецыю, куды я завітала ў складзе беларускай дэлегацыі настаўнікаў-удзельнікаў дыстанцыйнага курса.
 
Метро – гэта найбуйнейшая сусветная шведская газета, якая супрацьстаіць фэйкавым навінам па ўсім свеце (з’явілася ў Швецыі ў 1995 годзе);
Оскар – назва шведскай гімназіі, куды нам пашчасціла трапіць на цэлы дзень для таго, каб пазнаёміцца са шведскай адукацыяй і разбурыць фэйк аб тым, што ў Швецыі няма класна-урочнай сістэмы;
а Кальмар – гэта горад на поўдні Швецый, дзе знаходзіцца знакаміты на ўвесь свет Універсітэт Карла Лінэя, у склад якога ўваходзіць і Institute FOJO, на базе якога мы працавалі.
Але аб усім па парадку.
 
Як усё пачыналася…
Ў ліпені мінулага года, прайшоўшы сур’ёзны адбор, я трапіла ў аўтарскі Метадычны Летнік выдатнага беларускага педагога і навукоўца Мікалая Іванавіча Запрудскага, які перавярнуў маё прафесійнае жыццё настаўніка замежнай мовы на 180 градусаў! Там мне давялося пазнаёміцца з Настаўнікамі з вялікай літары, людзьмі, якія на самой справе робяць усе магчымае і немагчымае, каб наша беларуская адукацыя рухалася наперад, каб стала сучаснай і свабоднай, каб слова «школа» не гучала як напалох для дзяцей, а стала сінонімам цікавага, яскравага і насычанага жыцця.
Менавіта там я ўпершыню даведалася, што ў нашай краіне, дзякуючы ТБШ, арганізаваны дыстанцыйны курс «Медыяадукацыя ў школе» для ўсіх настаўнікаў, жадаючых стаць міждысцыплінарнымі, мабільнымі і медыйнымі, і атрымаць новыя сучасныя веды, без якіх немагчыма працаваць у школе 21 стагоддзя. Захопленая тым, што я ўбачыла і пачула ад такіх майстроў, як Галіна Сухава, Алена Ананчыкава, сям’і Элы і Аляксандра Якубоўскіх, Вольгі Кяцко і многіх іншых настаўнікаў з розных куткоў нашай Радзімы, я з нецярплівасцю чакала аб’явы на сайце www.nastaunik.info аб наборы на гэты курс!
 
 
І, як кажуць, паняслося!
Модуль за модулем, практыкаванні за практыкаваннямі, абмеркаванні з ментарамі, заданні, распрацоўкі, стварэнне сваіх медыяпрадуктаў – усяго не пералічыць. І як вынік – адбор і такая ўзнагарода – паездка на 1 тыдзень для абмену вопытам у складзе беларускай дэлегацыі такіх жа, як я, шчасліўчыкаў – Віктара Жука (пераможца конкурсу «Настаўнік года-2014), Дар’і Касяковай (сааўтара дапаможніка-практыкума «Гісторыя старажытнага свету»), Іны Плешавені (цудоўнай настаўніцы англійскай мовы, якая працуе з інфаграфікай і сторытэлінгам), Вольгі Званцовай (настаўніцы фізікі Мінскага абласнога ліцэя), Яні Пушкіной (настаўніцы Бобрскай СШ), і канешне, кіраўніка і натхняльніка нашай групы – Тамары Мацкевіч у горад Кальмар, Швецыю!
 
 
Нельга выказаць словамі ўсе адчуванні, якія мы атрымалі на працягу гэтай паездкі, пачынаючы з аэрапорта, дзе мы наглядна ўбачылі, як Скандынаўскія краіны ўшаноўваюць і ганарацца сваімі таленавітымі людзьмі:
 
 
Сустракалі нас на зямлі вікінгаў прадстаўнікі Institute FOJO, арганізацыі, якая падтрымлівае распаўсюджванне медыяадукацыі па ўсім свеце і спрыяе росту аб’ектыўнага і свабоднага журналізма.
 
 
Яе супрацоўнікі падрыхтавалі для нас адмысловую праграму, якая прадугледжвала:
- знаёмства з галоўным рэдактарам газеты «Метро» Дэвідам Петэрсанам;
- майстар-клас прэс-амбудсмена Ула Сігвардсана;
- сустрэчу з былым кансультантам вучэбнага сайта і зараз настаўнікам Ларсам-Эрыкам Халем;
- размову аб рэкламе і яе ўплыве на нашых вучняў з Ёранам Андэрсанам (медыякансультантам і кіраўніком праграмы);
- візіт у рэдакцыю газеты Barometern;
- дзень у гімназіі Оскара ў горадзе Оскарсхамн і г.д.
 
Падчас нашай паездкі і працы ў Міжнародным лагеры па медыяграматнасці (Media Literacy Camp – 2018) краіны-удзельнікі (Швецыя, Грузія, Україна, Малдова) таксама прадставілі свой вопыт і напрацоўкі ў галіне распаўсюджвання медыяадукацыі ў агульнаадукацыйнай школе.
 
 
Вось мой топ-10 фактаў, якія нас уразілі і, на маю думку, будуць цікавымі і для Вас:
1. Сусветна вядомая шведская газета METRO з 2014 года стварыла платформу, якая змагаецца з фэйкамі і кожны тыдзень размяшчае выяўленыя фэйкі. Таксама яна дапамагае кожнаму жадаючаму навучыцца распазнаваць фэйкавыя навіны з дапамогай розных інструментаў (напрыклад, YouTube Dataviewer).
 
На здымку: Давід Петэрсан, рэдактар газеты METRO
 
2. Існуе цікавая тыпалогія людзей, якія распаўсюджваюць фэйкавыя навіны. Згодна з ёй, вылучаюць 6 тыпаў такіх асоб: вірусныя, сатырыкі, махляры, ідэйныя, замежныя актары і звычайныя спажыўцы навін.
 
3. У Швецыі дзейнічае «Закон аб СМІ», які прадугледжвае 18 пунктаў, на якія тэмы забараняецца пісаць. Напрыклад, забаронена ўзводзіць паклёп, падбухторваць да чаго-небудзь.
 
На здымку: прэс-амбудсмен Ула Сігвардсан
 
4. У Швецыі працуе прынцып грамадскага доступу да інфармацыі. Напрыклад, кожны жыхар Швецыі можа свабодна зайсці ў адміністрацыю прэм’ер-міністра і папрасіць раздрукаваць перапіску з яго паштовай скрыні. Можаце сабе ўявіць такое? Гэта зроблена дзеля таго, каб кожны жыхар краіны мог упэўніцца, што і кіруючая асоба, і дробны чыноўнік дзейнічае ў інтарэсах сваёй краіны, а не вырашае асабістыя пытанні.
 
5. Шведскі Закон аб свабодзе друку – першы Закон такога роду ў свеце і з’явіўся ен аж у 1766 годзе.
 
6. Адзнакі ў шведскай школе ў тым сэнсе, да якога прывыклі мы, пачынаюць выстаўляцца толькі з 6-га (!) класа і маюць не лічбавую, а літарную форму: ABCDEF, дзе А – найлепшы вынік вучня. Што ж атрымліваюць вучні дагэтуль? Толькі залікі ў выглядзе колераў: чырвоны, жоўты, зялёны і цёмна-зялёны, так падобных да Светлафору з Актыўнай Ацэнкі! Пры гэтым станоўчы залік вучань атрымоўвае па тэме толькі тады, калі зарабляе зялёны колер.
Як для колераў, так і для адзнак у выглядзе літар, прапісаны крытэрыі, якія ацэньваюць узровень вучнёўскіх ведаў. Але гэта (увага) – толькі пасля 3-га, 6-га і 9-га класаў, калі вучні пішуць дзяржаўныя кантрольныя працы на цэнтралізаваным узроўні!
 
 
На здымку: Ларс-Эрык Халь і перакладчыца са шведскай мовы Марына Мядзведзева-Ліндрус
 
7. Звычайна дырактар шведскай школы альбо гімназіі выглядае вось так:
 
На здымку дырэктар гімназіі Оскар
 
8. А гэта – настаўніцкая, дзе праводзяць час настаўнікі, бібліятэка і клас, дзе вучні набываюць веды, звязаныя з медыяграматнасцю.
 
 
 
9. Прыкладна вось так выглядае электронны расклад заняткаў у шведскай школе, дзе яны доўжацца ад 50 хвілін да 1 гадзіны 20 хвілін, і гэта нікога з вучняў не палохае.
 
 
10. А вось так у Швецыі выглядае так званае УПК, дзе вучні атрымоўваць неабходныя ім у жыцці навыкі і ўменні.
 
  
 
Як уладкаваныя тармазы ў машыне і як памяняць пробкі ў хатнім лічыльніку электраэнергіі – веды, якія можна атрымаць у школе горада Оскарсгам.
Уражаны? Мы таксама!
 
І крыху пра іншыя краіны-удзельніцы Міжнароднага лагеру ў Кальмары:
1. У Грузіі тых настаўнікаў, якія працуюць на медыяграматнасць, называюць стэйкхолдэрамі.
 
Сафіко распавядае пра Грузію.
 
2. У Малдове курс медыяадукацыі выкладаецца ў 30 школах.
 
 
На здымку: Доктар, дацэнт Ларэта Хандрабура
 
3. А вось над чым працуюць нашы суседзі, Украіна:
 
Аксана Валашанюк і Акадэмія украінскай прэсы – вялікія сябры беларускіх медыяадукатараў.
 
Як бачым, нам ёсць куды рухацца і над чым працаваць. Таму я, безумоўна, заклікаю ўсю нашу вялікую настаўніцкую суполку далучацца да працэсаў і зменаў, каб наша беларуская адукацыя ўзнялася яшчэ на адну прыступку ўверх і мы разам з нашымі вучнямі сталі сучаснымі, мабільнымі і медыяадукаванымі!
 
На здымку: кіраўнік беларускай дэлегацыі Тамара Мацкевіч і настаўніца гісторыі Яна Пушкіна падчас прадстаўлення беларускага вопыту ў галіне медыяадукацыі.
 
P.S. А напрыканцы Вам яшчэ адзін фэйк, які вандруе па Інтэрнэце, – квітнеючыя шведскія цюльпаны.
 
 
Але не вер вачам сваім! Вось як на самой справе «растуць» гэтыя кветкі – на столі ў знакамітым музеі шкла Kosta Boda, дзе мы пабывалі!
 
 
Фота аўтара