Вучыцца на роднай мове. 8 фактаў пра беларускія школы

Падчас апошняга перапісу насельніцтва (2009 год) роднай мовай беларускую назвалі 53,2% насельніцтва краіны. Асноўнай мовай зносінаў 70% назвалі расейскую. У Беларусі жыве 140 нацыянальнасцяў і народнасцяў, і многія з іх роднай мовай лічаць менавіта нацыянальную — украінскую, расейскую, літоўскую, польскую. Ці ёсць у Беларусі магчымасць вучыцца на роднай мове? Публікуем артыкул "Радыё Свабода". 
 
1. На беларускай мове вучыцца 13,3% дзяцей
Паводле афіцыйнай статыстыкі, беларускамоўных школаў у краіне 46,6%, але бальшыня ў сельскай мясцовасці. Паводле афіцыйнай статыстыкі, апублікаванай на сайце Міністэрства адукацыі, у 2016/2017 навучальным годзе ў 1–11-х класах школ Беларусі навучалася прыкладна 967 тысяч дзяцей, з іх 128,6 тысячы (13,3%) — на беларускай мове.
 
2. У сталіцы Беларусі 7 беларускамоўных школ і гімназій
  • Гімназія № 4 (вуліца Кунцаўшчына, 18 — Фрунзенскі раён)
  • Гімназія № 9 (вуліца Сядых, 10 — Першамайскі раён)
  • Гімназія № 14 (вуліца Васняцова, 10 — Заводзкі раён)
  • Гімназія № 23 (праспэкт Незалежнасці, 45 — Савецкі раён)
  • Гімназія № 28 (праспэкт Ракасоўскага, 93 — Ленінскі раён)
  • Сярэдняя школа № 60 (вуліца Карла Лібкнэхта, 82 — Маскоўскі раён)
  • Сярэдняя школа № 190 (вуліца Нікіфарава, 19 — Першамайскі раён)
 
 
3. У абласных гарадах няма ніводнай беларускамоўнай школы
У некаторых абласных цэнтрах (Магілёве, Горадні) ёсць толькі малакамплектныя беларускамоўныя класы.
 
4. Толькі ў двух са 118 раённых гарадоў ёсць беларускамоўныя гімназія і школа
Пры барысаўскай беларускамоўнай гімназіі № 2 існуе пачатковая школа, навучанне ў якой таксама вядзецца на беларускай мове. У гімназіі дзейнічаюць студыі «Гліняная цацка», «Саламяны цуд», «Бісэрапляценне», паперапластыкі і мяккай цацкі.
 
У Янаве Берасцейскай вобласці цалкам беларускамоўная сярэдняя школа № 4. Працуе яна ад 1990 году. Раней у актавай залі СШ № 4 знаходзілася арыгінальнае пано з харугвамі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Але некалькі гадоў таму яго знішчылі.
 
Янаўская школа № 4, архіўнае фота
 
5. Некаторыя беларускамоўныя школы перайшлі або на змяшанае, або на расейскамоўнае выкладанне
Так, Глыбоцкая СШ № 3 раней была беларускамоўная, але з 2006 году яна стала дзвюхмоўнай. А знакамітая Наваградзкая гімназія № 1, у якой некалі вучыўся і выкладаў Барыс Кіт, стала цалкам расейскамоўнай.
 
Наваградзкую беларускамоўную гімназію № 1 адкрылі ў 1919 годзе. Спачатку яна не мела свайго будынка, заняткі праходзілі ў габрэйскай школе. Дапамагалі ўзводзіць адмысловы будынак бацькі вучняў. Працавала беларускамоўная гімназія і пад нямецкай акупацыяй. Яе выпускнікі — Барыс Кіт, Леанід Барысаглебскі, Леў Гарошка, Язэп Сажыч, Уладзімер Сіўко, Міхась Рагуля, Барыс Рагуля, Уладзімер Набагез, Барыс Сладоўскі.
Цяпер Наваградзкая сярэдняя школа № 1 — цалкам расейскамоўная.
 
6. Гісторыя і геаграфія Беларусі выкладаюцца па-расейску
Некалі ў расейскамоўных школах Беларусі прадметы «Гісторыя Беларусі» і «Геаграфія Беларусі» выкладаліся па-беларуску, але ад 2006/2007 навучальнага году іх перавялі на расейскую мову.
 
7. У Беларусі дзве школы з польскай мовай навучання
Гэта сярэдняя школа № 36 у Горадні і сярэдняя школа № 8 у Ваўкавыску. Абедзве пабудаваныя на польскія грошы. У ваўкавыскай школе з польскай мовай навучання вучацца 240 дзяцей.
 
8. У Беларусі дзве літоўскія школы
Школы з літоўскай мовай навучання месцяцца ў вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёну і вёсцы Пялеса Воранаўскага раёну. Літоўская школа ў Рымдзюнах працуе з 1996 году. Таксама ў Рымдзюнах ёсць літоўскі дзіцячы садок.
Літоўскія і польскія школы знаходзяцца ў Гарадзенскай вобласці.