Крытычнае мысленне супраць расейскай прапаганды: вопыт Скандынавіі

Камітэт па міжнародных справах Сенату ЗША апублікаваў аналіз расейскай дзяржаўнай прапаганды, якая разлічаная на насельніцтва ў тым ліку і Беларусі. Журналісты «Белсату» прааналізавалі дакумент і згадалі, што найбольш паспяхова даюць рады з ёю ў скандынаўскіх краінах і Фінляндыі. Гэта звязана з тым, кажуць эксперты, што мясцовыя сістэмы адукацыі вельмі якасныя і надаюць асаблівую ўвагу развіццю крытычнага мыслення. У шведскай школьнай праграме, напрыклад, існуе прадмет «інтэрнет-кампентэнтнасць», які вучыць, між іншага, адрозніваць надзейныя і маланадзейныя крыніцы інфармацыі ў сеціве. Дзеля барацьбы з пашырэннем фейкаў і развіцця навыкам праверцы інфармацыі ў інтэрнэце выкарыстоўваюцца нават героі папулярных мульцікаў. Таксама мясцовыя жыхары маюць давер да сваіх суседзяў і суайчыннікаў значна большы, чым да любых паведамленняў СМІ, асабліва чужых.
 
Публікуем поўны артыкул «Белсату» пра тое, як і чаму працуе расейская прапаганда (у тым ліку і ў Беларусі) і якіх маштабаў яна дасягнула за апошнія 14 год. 
 
Камітэт па міжнародных справах Сенату ЗША апублікаваў 200-старонкавы аналіз расейскай дзяржаўнай і калядзяржаўнай прапаганды, якая разлічаная на насельніцтва Расеі і Еўропы. Згадваецца ў гэтым дакуменце і Беларусь.
 
«Адзін народ»
Даклад «Асіметрычная атака Пуціна на дэмакратыю ў Расеі і Еўропе: Высновы для нацыянальнай бяспекі ЗША» апісвае асноўныя тэмы і ідэі, якія Масква хоча закласці ў галовы сваіх грамадзянаў і жыхароў Еўропы. У постсавецкіх краінах гэта пераважна дасягаецца праз выкарыстанне расейскамоўных СМІ, у тым ліку друкаваных, у цэнтральнаеўрапескіх і заходнееўрапейскіх краінах – праз тэлебачанне і інтэрнет-СМІ на мовах гэтых краінаў.
 
У прыватнасці, адзначаецца ў дакуменце, у расейскай прапагандзе ўвесь час гучыць тэма, што сучасныя расейскія межы несправядлівыя, што Расея мусіць пашырыць свае тэрыторыі за кошт суседзеяў.
 
Маскоўскія СМІ раз за разам паўтараюць, што Расея мае правы на землі Беларусі і краін Балтыі, і што Украіна заўсёды была часткай Расеі. Прычым гэтыя думкі гучаць не толькі на маргінальных, а ў тым ліку і на цэнтральных каналах.
 
Скрыншот з расейскай прапагандысцкай перадачы пра Беларусь
 
Гэтыя тэзісы выкарыстоўваецца не толькі дзеля падвышэння шавіністычнай істэрыі ў Расеі і апраўдання агрэсіі супраць суседзяў, але і каб запалохаць палітыкаў і насельніцтва краін-суседзяў, для прапагандысцкай падтрыхтоўкі агрэсіўнай прарасейскай меншасці на тэрыторыі гэтых краінаў.
 
З іншага боку гэта павінна пераконваць заходнееўрапейскія краіны не дапамагаць сваім суседзям абараняцца ад магчымай расейскай агрэсіі – бо, маўляў, «мы толькі вяртаем тое, што і так нашае па-справядлівасці».
 
Маштабы
Даклад спасылаецца на дадзеныя, якія былі сабраныя Альянсам дзеля захавання дэмакратыі (Alliance for Securing Democracy) нямецкага Фонду Маршала (Marshall Fund). Згодна з гэтымі дадзенымі, расейскі ўрад выкарыстоўваў кібер-агрэсію, дэзынфармацыю і фінансавыя інструменты, каб умешвацца ва ўнутраную палітыку прынамсі 27 краінаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі з 2004 па 2017 год.
 
Гэта былі Беларусь, Балгарыя, Канада, Кіпр, Чэхія, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Францыя, Грузія, Нямеччына, Вугоршчына, Італія, Латвія, Летува, Македонія, Малдова, Чорнагорыя, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Іспанія, Швецыя, Турэччына, Вялікабрытанія, Украіна і ЗША.
 
 
Хутчэй за ўсё толькі выдаткі Крамля на прапаганду толькі за межамі РФ складаюць як мінімум $1,4 мільярда, гаворыцца ў дакладзе са спасылкай на дадзеныя Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. Вялікая частка фінансавання можа таксама складацца са скрадзеных з расейскага бюджэту і атрыманых карупцыйнымі шляхамі грошаў, якія кантралюе Пуцін і ягонае алігархічнае атачэнне.
 
Пры гэтым, калі ў савецкія часы маскоўская прапаганда супрацоўнічала з камуністычнымі ці сацыялістычнымі арганізацыямі, гуляла на іх ідэях і эмоцыяй для дасягнення сваіх палітычных сферах, то цяпер Крэмль проста імкнецца дэстабілізаваць іншыя дзяржавы, граючы на эмоцыях як людзей з левымі перакананнямі, гэтак і кансерватараў, як скрайне правых, гэтак і скрайне левых.
 
Для правых Крэмль выстаўляе сябе самастойнай дзяржавай з трывалымі хрысціянскімі каштоўнасцямі, для левых – спадкаемцам СССР і галоўным абаронцам усяго свету ад «сусветнага імперыялізму», то бок ЗША і Еўразвязу.
 
Апеляцыя да эмоцыяў, а не розуму
Прычына адноснай паспяховасці расейскай прапаганды, у прыватнасці агенцыі «Спутнік» і тэлекампаніі RT (Russia Today) – якасная абгортка і арыентацыя на паведамленне сапраўдных ці выдуманых сенсацый.
 
Згодна з даследаваннем аналітычнай RAND Corporation, RT і «Спутнік» «гэта хутчэй змяшэнне забаўляльнага інфармавання з дэзынфармацыяй, чым журналістыка, якая правярае факты, хоць іхныя фарматы свядома выглядаюць як сапраўдныя інфармацыйныя праграмы».
 
Расейскія СМІ неаднаразова былі схопленыя за руку, калі паказвалі фэйкавыя інтэрв’ю, у якіх акторы гралі ролі ці то грамадзянаў заходніх краін, ці то сведкаў «вайсковых злачынстваў украінскай арміі». Гэта ж датычыцца і выдуманых маскоўскімі прапагандыстамі «навінаў».
 
Напрыклад, адзін з любімых тэмаў расейскай прапаганды, гэта маральны заняпад Захаду ў параўнанні з Расеяй. У межах гэтай канцэпцыі ў жніўні мінулага году пашыралася «навіна» пра адкрыццё ў Даніі першага бардэлю для заафілаў, адзначаецца ў дакладзе.
 
Прыклад паспяховага супраціву
Хіба што найбольш паспяхова даюць рады з расейскай прапагандаю ў скандынаўскіх краінах і Фінляндыі, адзначаецца ў дакладзе.
 
Па-першае, тут Масква гістарычна найменш папулярная, чым ва ўсіх краінах Еўразвязу (нават чым у Польшчы). Напрыклад, дух фінскага нацыяналізму і дух змагання за незалежнасць натуральным чынам вучыць фінаў трымаць маскоўскую прапаганду на адлегласці.
 
Па-другое, мясцовыя сістэмы адукацыі вельмі якасныя і надаюць асаблівую ўвагу развіццю крытычнага мыслення.
 
У шведскай школьнай праграме, напрыклад, існуе прадмет «інтэрнет-кампентэнтнасць», які вучыць, між іншага, адрозніваць надзейныя і маланадзейныя крыніцы інфармацыі ў сеціве. Дзеля барацьбы з пашырэннем фейкаў і развіцця навыкам праверцы інфармацыі ў інтэрнэце выкарыстоўваюцца нават героі папулярных мульцікаў.
 
Таксама мясцовыя жыхары маюць давер да сваіх суседзяў і суайчыннікаў значна большы, чым да любых паведамленняў СМІ, асабліва чужых. У дадатак да гэтага, дзяржаўныя апараты Даніі, Фінляндыі, Нарвегіі і Швецыі адрозніваюцца нізкім узроўнем карупцыі, а менавіта карумпаванасць сістэмы вельмі дапамагае дзейнічаць расейскай прапагандзе і іншым спробам Масквы дэстабілізаваць краіну.
 
У выніку «Спутнік» зачыніў свае службы на дацкай, фінскай, шведскай і нарвежскай мовах у 2016 годзе. Магчыма, гэта было выклікана эканамічнымі праблемамі ў Расеі, аднак, з большай верагоднасцю – неэфектыўнасцю расейскай прапагандай у Паўночнай Еўропе. Такім чынам цяпер галоўны спосаб Масквы ўплываць на свядомасць жыхароў рэгіёна і пашыраць дэзінфармацыю – гэта інтэрнет-тролі, адзначаецца ў дакуменце.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

 

Дадаць каментар

Перазагрузіць Type the characters you see in this picture.
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія Вы бачыце на малюнку; калі вы не можаце прачытаць іх, адпраўце форму і для Вас будзе створаны новы вобраз. Не адчувальныя да рэгістра.  Пераключыць на аўдыя-праверку.