Перавернутае навучанне і яго сэрвіснае абслугоўванне


Настаўніцкая газета


Перавернутае навучанне і яго сервіснае абслугоўванне. Пад такой назвай на базе гімназіі № 6 Маладзечна прайшоў рэспубліканскі семінар для ўдзельнікаў інавацыйнага праекта па ўкараненні перавернутага навучання. Навуковым кіраўніком інавацыйнага праекта з’яўляецца прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Мікалай Іванавіч Запрудскі, які стаў актыўным удзельнікам гэтага метадычнага мерапрыемства. Яму як кіраўніку было важна зразумець, наколькі эфектыўна ў настаўнікаў розных школ краіны працуе перавернутае навучанне.

Як заўважыў Мікалай Іванавіч, выніковая дзейнасць можа быць і неэфектыўнай. Вынік — адзін з крытэрыяў эфектыўнасці, але ён можа дасягацца няпростым шляхам. Інавацыі ж прызваны спрасціць гэты працэс. Ці аблегчыла жыццё настаўнікам перавернутае навучанне? Магчыма, не на сто працэнтаў. Гэта сучасны падыход да арганізацыі навучання, прыняцце і засваенне якога патрабуе часу. Пра гэта гаварыла і дырэктар 6-й гімназіі Маладзечна Ала Іванаўна Ярашэвіч, якая адзначыла, што поспех інавацыйнай дзейнасці — найперш у згуртаванні педагагічнага калектыву вакол прагрэсіўнай ідэі.

“Шматгадовы вопыт рэалізацыі ў гімназіі інавацыйных праектаў паказаў, што калі ўвесь педагагічны калектыў уключаны ў працэс пошуку шляхоў вырашэння праблем, то мэта будзе дасягнута. Стварэнне адзінай каманды педагогаў-інаватараў гімназіі мы разглядаем як працэс, цесна звязаны з павышэннем прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў”, — адзначыла Ала Іванаўна. А інавацыйны працэс у гімназіі быў запушчаны яшчэ ў 1962 годзе, калі ў навучальнай установе пачалі працаваць па метадзе ліпецкіх настаўнікаў, а затым апрабавалі сістэму Д.Б.Эльконіна.

На сёння ў гімназіі створана паўнавартаснае інавацыйнае асяроддзе, якому папярэднічала доўгая і сур’ёзная работа. Новае ўкараняць няпроста, патрэбна карпатлівая праца з калектывам. Практыка сведчыць, што настаўнікі час ад часу выходзяць з інавацыйнага праекта, бо не могуць прыняць філасофіі новай адукацыйнай тэхналогіі. У такой сітуацыі, на думку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Іны Феліксаўны Драпеза, галоўнае — сфарміраваць у педагогаў матывацыю да інавацый. Дарэчы, ва ўстановах адукацыі Маладзечанскага раёна рэалізуюцца 32 інавацыйныя праекты.

“Нас вельмі радуе, што ў інавацыйную дзейнасць уключаецца моладзь. Без інавацый у адукацыі рух наперад немагчымы. Мы гэта добра разумеем, таму імкнёмся далучаць да інавацыйнага развіцця як мага большую колькасць педагогаў”, — адзначыла Іна Феліксаўна. “Як гаварыў С.Джобс, лідар — той, каго абганяюць”, — заўважыў Мікалай Іванавіч.

* * *

Але сапраўдныя лідары ніколі не спыняюцца. Яны ўвесь час у развіцці і ў роздуме, што і як трэба яшчэ зрабіць, каб ісці наперад. Такімі лідарамі ў адукацыі з’яўляюцца настаўнікі-інаватары, якія прыехалі ў гімназію № 6 Маладзечна, каб абмеркаваць шляхі забеспячэння пазнавальнай матывацыі ў адказнасці навучэнцаў, пашукаць адказы на пытанні, як бацькоў зрабіць партнёрамі ў ажыццяўленні перавернутага навучання і як вырашыць праблему камп’ютарна-інтэрнэтнага забеспячэння перавернутага навучання. Не менш важнай з’яўляецца і падрыхтоўка настаўнікаў да работы ў межах такога навучання. І, безумоўна, усіх хвалюе ацэнка эфектыўнасці і выніковасці гэтай тэхналогіі.

Многія з удзельнікаў семінара адзначалі, што, калі працуеш па перавернутым навучанні ў старшых класах, з вучнёўскай матывацыяй асаблівых праблем не ўзнікае. Старшакласнікі ў большасці сваёй ужо вызначыліся з далейшым адукацыйным шляхам, таму веды бяруць па максімуме. А перавернутае навучанне дазваляе гэта рабіць больш эфектыўна, бо, як вядома, грунтуецца на самастойнай падрыхтоўцы навучэнцаў. Пры рэалізацыі перавернутага навучання важна мець камп’ютар з доступам у інтэрнэт дома, але сёння з гэтым прабем практычна не існуе. І дзецям падабаецца такая форма работы. Напрыклад, у гімназіі № 1 Жлобіна настаўніца фізікі задачы дае на тыдзень наперад. Вучні на працягу тыдня могуць кансультавацца з настаўніцай, але поўныя рашэнні робяць самастойна. Разам з тым, як заўважылі прадстаўнікі Мікашэвіцкай гімназіі, вывучэнне новай тэмы дома за камп’ютарам у некаторай ступені ўшчамляе вольны час вучняў, але ў іх гімназіі навучэнцы не адмаўляюцца ад такой дзейнасці, бо яна выклікае цікавасць. Канечне, сваю ролю адыгрывае асоба настаўніка, яго здольнасць патлумачыць і зацікавіць так, каб дзеці рабілі такое дамашняе заданне з натхненнем.

Настаўніца французскай мовы і намеснік дырэктара сярэдняй школы № 11 Маладзечна Галіна Пятроўна Пішчык адзначыла, што, каб зацікавіць сваіх вучняў глядзець неабходнае для падрыхтокі відэа дома, яна паказвае некаторыя відэаматэрыялы на ўроку. У выніку датэкставы матэрыял па французскай мове настаўніца выносіць на дамашнюю работу, пры гэтым, расказваючы пра дамашняе заданне, Галіна Пятроўна дае дакладныя інструкцыі і крытэрыі яго ацэньвання.

У гімназіі № 6 Мінска лічаць: каб зматываць і дзяцей, і бацькоў, уводзіць перавернутае навучанне трэба як мага раней. Калі гаварыць пра старшых гімназістаў, то прадстаўнікі гуманітарных класаў перавернутае навучанне ўспрынялі на ўра, а вось у фізіка-матэматычных класах узнікаюць некаторыя праблемы. Ёсць нюансы і з вучэбнымі відэаматэрыяламі, на якія настаўнікі арыентуюць вучняў у інтэрнэце. Па некаторых прадметах і тэмах яны поўнасцю супадаюць з нашымі праграмнымі патрабаваннямі. Але вучням больш падабаецца, калі такое відэа робяць іх настаўнікі.

Як заўважыла дырэктар 6-й гімназіі сталіцы Вольга Яўгенаўна Смірнова, педагогі яе гімназіі спрабуюць рабіць сваё відэа. Такі вопыт ёсць у настаўнікаў гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, інфарматыкі. Каб далучыць бацькоўскую грамадскаць да перавернутага навучання, у навучальнай установе практыкуюць сумесную работу ў гэтым кірунку з бацькоўскім і папячыцельскім саветамі. А ў Заслаўскай гімназіі настаўніца англійскай мовы з бацькамі працуе праз сацыяльныя сеткі. Бацькі нармальна паставіліся да новай тэхналогіі і самі далучыліся да яе рэалізацыі.

Падсумоўваючы меркаванні настаўнікаў, Мікалай Іванавіч Запрудскі адзначыў, што, каб прымяняць перавернутае навучанне, настаўнік спачатку павінен сам дасканала разабрацца ў гэтай тэхналогіі, зразумець яе філасофію. “Нельга дапускаць павярхоўнага выкарыстання перавернутага навучання, якое можа дыскрэдытаваць гэтую тэхналогію. Мы не можам даваць проста дамашняе заданне кшталту “прачытайце новы матэрыял у падручніку або паглядзіце відэа”. Так рабіць нельга. Да кожнага дамашняга задання павінны быць зразумелыя вучню крытэрыі ацэнкі, неабходна каб настаўнік тлумачыў дзецям, на чым зрабіць акцэнт пры выкананні такога дамашняга задання. І, напэўна, самае галоўнае — цікавасць самога настаўніка да перавернутага навучання. Настаўніцкая цікавасць перадаецца дзецям.

Асобнай увагі патрабуе работа з бацькамі. Яна павінна весціся не толькі франтальна падчас бацькоўскіх сходаў, але і індывідуальна. Бацькі павінны ведаць, што разам з дамашнім заданнем дзіця атрымлівае і крытэрыі ацэнкі, якія могуць стаць арыенцірам і для татаў з мамамі. Крытэрыі могуць быць у настаўніцкім блогу, электронным журнале, на асобных лістах паперы або ў смартфонах вучняў (яны могуць іх проста сфатаграфаваць)”, — сказаў М.І.Запрудскі.

Даючы ацэнку эфектыўнасці перавернутага навучання, удзельнікі семінара агучылі такія яе крытэрыі, як узровень навучанасці школьнікаў, маральная задаволенасць настаўнікаў, іх актыўнасць у жаданні дзяліцца набытым вопытам у СМІ. Акрамя таго, настаўнікі ўсё часцей бяруць на ўзбраенне перавернутае навучанне, калі становяцца ўдзельнікамі конкурсаў і пры абароне свайго вопыту на кваліфікацыйных экзаменах. Калі гаварыць пра вучняў, то перавернутае навучанне вучыць іх дзвюм ключавым кампетэнцыям: яны развіваюць свой чытацкі навык і вучацца працаваць з даведачнай літаратурай.

* * *

Семінар стаў адметны яшчэ і тым, што яго ўдзельнікам была дадзена магчымасць паглядзець урокі, пабудаваныя на перавернутым навучанні. Настаўнікі гімназіі № 6 Маладзечна падрыхтавалі два ўрокі: адзін — па матэматыцы, другі — па беларускай літаратуры. Мне ўдалося трапіць на ўрок беларускай літаратуры да вучняў 8 класа па тэме “Санет. Гармонія зместу і формы”. Урок праводзіла Наталля Міхайлаўна Рак.

Расказваючы перад урокам пра свой вопыт, Наталля Міхайлаўна адзначыла, што прынцыпы тэхналогіі перавернутага навучання настаўнікам-філолагам больш знаёмы, бо ў іх практыцы даўно існуе завядзёнка: спачатку чытаем мастацкі твор дома, а на ўроку разам аналізуем або знаёмімся з біяграфіяй пісьменніка, а на ўроку яе інтэрпрэтуем. З-за недахопу гадзін на вывучэнне літаратуры апераджальныя заданні — звыклая практыка.

“Перавернутае навучанне для беларускай літаратуры вельмі дзейснае. Напачатку мне здавалася, што гэтая тэхналогія больш падыходзіць для ўрокаў фізікі ці матэматыкі. Але, паспрабаваўшы, пераканалася, што для літаратуры гэта проста знаходка. Калі на той жа санет у праграме адводзіцца ўсяго адна гадзіна, то перавернутае навучанне дае магчымасць яго вывучаць практычна дзве гадзіны: адну — дома, другую — на ўроку. Каб дасягнуць максімальнага эфекту, настаўніку трэба падрыхтаваць гэтыя два заняткі са сваімі мэтамі і задачамі”, — адзначыла Наталля Міхайлаўна.

Па яе меркаванні, тэхналогія перавернутага навучання найперш грунтуецца на лекцыі, якая дапаможа вучням пазнаёміцца з новым вучэбным матэрыялам і падрыхтавацца да ўрока. І калі такія вучэбныя лекцыі па іншых прадметах можна знайсці ў інтэрнэце, то па беларускай літаратуры іх няма. Наталля Міхайлаўна запісала неабходны відэаматэрыял у гімназіі самастойна (з тэхнічнымі пытаннямі дапамагаў гімназічны інжынер). Перад гэтым яна адабрала тэорыю па санете з некалькіх крыніц, адаптавала яе пад узроставыя асаблівасці і раздзяліла на тры часткі. Пасля кожнай задавала пытанні, якія дапамагалі вучням усведамляць сваё разуменне тэмы, якая вывучаецца.

У сваёй відэалекцыі Наталля Міхайлаўна звярнулася да нагляднасці (рознакаляровыя схемы) і на прыкладзе праграмнага санета Максіма Багдановіча “Замерзла ноччу шпаркая крыніца” патлумачыла асаблівасці яго формы і зместу. Атрымалася проста выдатна. Яна літаральна за 5—6 хвілін дала добры кавалак неабходнага тэарэтычнага матэрыялу. Канечне, вельмі зручна для тых вучняў, якія не зразумелі яго з першага разу. Відэалекцыя дае магчымасць пераглядаць яе столькі, колькі трэба, а яе невялікая працягласць не патрабуе значных часавых затрат. Разам з тым настаўніца імкнулася пабудаваць яе, быццам гэта міні-ўрок, улічваючы ўсе яго этапы.

Калі лекцыі няма, то вучняў можна накіраваць да некалькіх тэарэтычных крыніц. Але лепш, калі настаўнік спачатку сам перапрацуе гэты матэрыял, прыбярэ лішняе і зробіць яго зразумелым для канкрэтнай катэгорыі вучняў. Усе свае матэрыялы (тэарэтычная і практычныя заданні) Наталля Міхайлаўна захоўвае на Google-дыску, на які можна зайсці праз сайт гімназіі.

Характарызуючы свой адкрыты ўрок, настаўніца заўважыла, што непадрыхтаванаму чалавеку заўважыць на ім прымяненне перавернутага навучання будзе складана, бо сам урок можа класціся на любую тэхналогію. Галоўнае, каб яна спрыяла прымяненню на практыцы тых уменняў і навыкаў дзяцей, якія яны атрымалі дома, рыхтуючыся да ўрока. На сваім уроку Наталля Міхайлаўна звярнулася да элементаў педагагічнай майстэрні.

У пачатку яна разам з вучнямі ўзнавіла тое, што васьмікласнікі вывучылі дома (гэта, па меркаванні настаўніцы, трэба рабіць абавязкова), а затым пачалася адпрацоўка ведаў, уменняў, навыкаў. Групы былі сфарміраваны так, каб у кожнай былі моцныя вучні, здольныя нешта патлумачыць тым, хто не падрыхтаваўся належным чынам. Паколькі, выконваючы дамашняе заданне, дзеці пастаянна кансультаваліся з настаўніцай, яна валодала інфармацыяй пра ступень падрыхтоўкі кожнага ў класе. На ўроку вучні працавалі з карткамі, уступалі ў дыялог паміж сабой і з настаўніцай, рабілі высновы, складалі тэксты і матэматычныя формулы санета. Было вельмі цікава назіраць, бо васьмікласнікі здзіўлялі сваёй дасведчанасцю і тэарэтычнай падкаванасцю. Яны спрытна параўноўвалі санеты Максіма Багдановіча і Уільяма Шэкспіра.

Завяршыўся семінар выступленнямі ўдзельнікаў, дзе яны дзяліліся сваім вопытам выкарыстання электронных сэрвісаў пры рэалізацыі тэхналогіі перавернутага навучання. У актыве педагогаў — Web 2.0, платформы Googlе і Moodle, уласныя блогі. Настаўнікі развіваюцца. Гэта добра. Было б карысна, каб яны яшчэ і сваімі напрацоўкамі дзяліліся больш актыўна, тым больш што ў інтэрнэце не заўсёды можна знайсці матэрыялы, якія б дакладна падыходзілі да нашых праграм. Неабходна свая электронная база са свабодным доступам. Пакуль жа толькі некаторыя педагогі выкладваюць свае вучэбныя відэаматэрыялы ў YouTube.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара

 

Дадаць каментар

Перазагрузіць Type the characters you see in this picture.
Калі ласка, увядзіце сімвалы, якія Вы бачыце на малюнку; калі вы не можаце прачытаць іх, адпраўце форму і для Вас будзе створаны новы вобраз. Не адчувальныя да рэгістра.  Пераключыць на аўдыя-праверку.