Што трэба ведаць пра серыялы?

Тамара Мацкевіч для Nastaunik.info
 
Інфармацыйная і медыйная граматнасць - адна з найважнейшых кампетэнцый, якую павінна даваць школа. Але ці ўсе настаўнікі самі ведаюць яе асновы? Давайце паспрабуем разабрацца, напрыклад, з серыяламі. Для каго і з якой мэтай іх ствараюць? Чаму імі запоўнены ўвесь эфір? Ці маюць серыялы адукацыйны патэнцыял?  Якую небяспеку яны нясуць?
 
Тэхналогія стварэння.
 
Большасць серыялаў ствараецца на замову тэлеканалаў. Гэта значыць, што серыялы павінны выконваць адпаведную камерцыйную замову. А калі канал дзяржаўны ці яго ўладальнікі маюць палітычныя мэты ці сімпатыі, то і электаральную замову. У любым выпадку, серыялы, у адрозненне ад аўтарскага кіно, ствараюцца з мэтамі кіраваць паводзінамі вялікіх мас людзей, уплываць на фармаванне грамадскай думкі.
 
Камерцыйная роля серыялаў.
 
Серыялы павінны найперш утрымліваць увагу гледача, каб прадаць рэкламу, з якой складаецца даход тэлеканала. У свабодным свеце, дзе няма дзяржаўных СМІ, колькасць тэлеканалаў вызначаецца рынкам рэкламы. Беларуская дзяржава сваю інфармацыйную прастору манапалізавала і не бароніць, а наадварот, транслюе за дзяржаўны кошт замежныя каналы: у сацыяльны пакет уваходзіць 9 каналаў, з якіх ніводзін не магчыма назваць нават умоўна беларускім, бо доля расійскага кантэнту на БТ даходзіць да 65% (тут), усе астатнія каналы, якія прапануюць кабельныя сеткі, транслююць, у асноўным, расійскія праграмы (гл. тут і тут ). Атрымліваецца, што беларускія рэкламадаўцы падтрымліваюць бізнэс чужой дзяржавы. Гэта не дае развівацца сваёй інфармацыйнай прасторы: мець якасныя кантэнт, здымаць свае серыялы, дзе галоўныя героі – беларусы, падтрымліваць сваіх акцёраў і кінаіндустрыю, развіваць сваю мас-культуру. Нашае тэлебачанне – стратная сфера і фінансуецца з джяржбюджэта, а не зарабляе грошы, як гэта робіцца ў астатнім свеце (тут).
 
Наогул, асноўная функцыя дзяржавы – праводзіць антыманапольную палітыку. Напрыклад, сачыць, каб на інфармацыйным рынку быў плюралізм думак. Сёння беларусам немагчыма выбраць сярод кабельных сетак такога пастаўшчыка паслуг, дзе б былі прадстаўлены каналы нашых бліжэйшых суседзяў: хаця б адзін канал украінскі, польскі, латвійскі ці літоўскі: Беларусь вымушана глядзець на свет вачыма нашага ўсходняга суседа. (Сітуацыю ратуе сатэлітарнае тэлебачанне і інтэрнэт, аднак і тут рынак спадарожнікавага тэлебачання перакошаны: прэферэнцыі маюць Трыкалор і НТВ, дзе наогул адсутнічаюць беларускія каналы і праграмы. А антэны на еўрапейскія спадарожнікі, якія транслююць сотні бясплатных каналаў з ўсяго свету, у тым ліку, і адзіны незалежны беларускі тэлеканал Белсат, не рэкламуюцца у манапалізаваных дзяржавай СМІ)

Дарэчы, на пачатку і ў сярэдзіне 90-х па тэлевізары паказвалі Eurosport па-англійску, RTL па-нямецку, музычныя каналы МТV і VIVA, дзіцячыя каналы з мульцікамі на розных мовах.  Дзецям тых часоў пашанцавала - яны за той кароткі перыяд свабоды слова мелі магчымасць настроіць вуха на замежныя мовы і выраслі больш інтэграванымі ў сучасны свет. А іх бацькі добра ашчадзілі на рэпетытарах. 

 
Спосабы прадаць рэкламу з дапамогай серыялаў транфармуюцца. Раней дастаткова было перапыняць серыю на самым цікавым месцы для дэманстрацыі рэкламнага роліка. Таму серыялы і называлі "мыльнымі операмі", бо часта яны рэкламавалі мыйныя сродкі і касметыку. Цяпер, з развіццём тэхналогій, шмат народу мае магчымасць «пракруціць» рэкламу і глядзець фільм без перапынку. Да таго ж, наўпроставая рэклама раздражняе гледача. Таму ў серыялах (як і ў фільмах) усё больш і больш з'яўляецца схаванай рэкламы ці продакт-плэйсмтнту (product-placement).
 
Прыклад продакт-плэйсменту  кампаніі Apple. Кадр з серыялу "Доктар Хаус" . 
 
 
Прыхаваная рэклама ў серыяле "Сэкс у вялікім горадзе"
 
Схаваная рэклама дзейнічае на падсвядомасць: глядач нібыта сочыць толькі за сюжэтам – меладрамай ці дэтэктывам, аднак сам не заўважае, як пачынае набываць прадукты, напоі, адзенне, бытавую тэхніку і г.д. знаёмых з серыялаў брэндаў.
 
Электаральныя задачы серыялаў.
 
Наогул, трэба ведаць, што першаадкрывальнікам ідэі выкарыстання серыялаў для праграмавання паводзінаў людзей быў рэжысёр Мігель Сабіда. Ён зняў шмат мыльных опер, закладаючы туды задачы сацыяльнага развіцця  і зменаў паводзін з дапамогай камунікатыўных тэхналогій (тут). Мігель Сабіда сцвярджае, што схаваныя ў серыялы метады кіравання вялікімі масамі людзей дзейнічаюць больш эфектыўна, чым бачныя (напрыклад, законы), бо людзі іх не заўважаюць, а значыць не супраціўляюцца ім (падрабязней тут). Серыялы, знятыя Мігелем Сабідам і яго паслядоўнікамі, якія ўздзейнічалі на эмоцыі і пры гэтым паказвалі правільныя паводзіны, дапамаглі знізіць нараджальнасць у Мексіцы амаль у 8 разоў, выратавалі трэці свет ад СНІДу. Вядомы нам серыял «Проста Марыя», дарэчы, быў зняты для барацьбы з жаночым беспрацоўем і непісьменнасцю ў Лацінскай Амерыцы. Менавіта прыклад галоўнай гераіні падштурхнуў мільёны жанчын пачаць вучыцца і шукаць працу (тут).
Гераіня серыялу "Проста Марыя" вучылася шыць, і таму яе жыццё наладзілася. "Зінгер" нават падарыў актрысе залатую швейную машынку, паколькі серыял справакаваў ажыятажны попыт на прадукцыю.
 
Сёння электаральныя задачы вырашаюцца з дапамогай мас-культуры нашмат эфектыўней, чым традыцыйнымі метадамі.  "Мяккая сіла" мастацтва, літаратуры змяняе паводзіны людзей не горш, чым "жорсткая" (эканоміка, законы). Серыялы выкарыстоўваюцца ўладай, каб  адцягнуць увагу людзей ад важных праблем, несправядлівасці, пазбавіць іх амбіцый і звесці ў свет ілюзій. Менавіта такім мэтам, па меркаванні экспертаў у камунікацыі, служаць папулярныя серыялы "Гульня тронаў" і "Картачны домік" (тут).
 
Серыялы і адукацыя
 
Шмат серыялаў, як і камп’ютарных гульняў, выкарыстоўваюцца ў адукацыйных мэтах. Гэтая з’ява атрымала назву edutainment (спалучэнне адукацыі і забавы) (тут). Кінастудыі часта працуюць у тандэме з міністэрствам аховы здароўя, каб праз серыялы людзі ведалі сімптомы хваробаў, небяспекі, засвойвалі здаровы лад жыцця (таму вялікая колькасць медычных серыялаў выходзіць у ЗША, дзе шмат жыхароў, найперш, эмігрантаў не маюць страховак, якія даюць доступ да якасных медычных паслуг) . NASA зацікаўлена ў адукаваных кадрах для касмічных даследаванняў, таму інвестуе ў маладых сцэнарыстаў з шэрагу навукоўцаў, каб тыя пісалі сцэнары для серыялаў пра навуку і заахвочвалі школьнікаў вывучаць фізіку, матэматыку. Серыялы "Лічбы" і "The Big Bang Theory" – з гэтага шэрагу.

Серыял "Тэорыя вялікага выбуху" быў зняты, каб заахвоціць моладзь да вывучэння фізікі і іншых прыродазнаўчых навук. 

 
Рэкламны постэр серыялу "Лічбы"
 
Сёння дзеці ведаюць гісторыю хутчэй па серыялах, чым па кнігах. Аднак тут трэба быць асцярожнымі. Бывае, серыялы наўмысна перафарматуюць гісторыю пад палітычную замову. Таму мы можам убачыць і «душэўнага» начальніка лагера для палітзняволеных, і апраўдаць вялікі тэрор Сталіна.  
Серыялы выкарыстоўваюцца і для палітычных мэтаў, яны могуць незаўважна сфармаваць у масавага гледача сімпатыю ці антыпатыю да пэўнай краіны, нацыі, палітычнага кола
Кадр з серыялу "Сафія".
 
Новыя расійскія гістарычныя серыялы - гэта проста больш тонкі падыход да прапаганды:  Напрыклад, серыял "Сафія" далёкі ад гістарычнай праўды. Ён спрабуе навязаць ідэю моцнай дзяржавы і веру ў добрага цара, якому дазволена ўсё  дзеля вышэйшай мэты - збірання зямель і дзяржаўнай карысці. Гісторыкі і нашчадкі маршала Жукава, серыял пра якога вельмі папулярны ў Расіі, указвалі на недакладнасць створанага ў карціне вобразу, але іх меркаванне не паўплывала на ўспрыманне фільма гледачамі. У іх памяці Жукаў застаўся такім, якім яго паказалі ў серыяле (тут).
 
Заслугоўвае ўвагі першы нямецкі міні-серыял пра падзеі Другой Сусветнай вайны "Unsere Mütter, unsere Väter" ("Нашы маці, нашы бацькі"). Гэты фільм - не прапаганда. І не спроба навязаць свае погляды на Другую Сусветную вайну. Гэта фільм пра тое, як вайна калечыць жыццё і псіхіку людзей: і захопнікаў, і пераможцаў, і калабарантаў, і мірнага насельніцтва. Немцы знялі яго, каб паказаць гістарычную праўду і небяспеку прапаганды свайму народу, асэнсаваць памылкі, хібнасць палітыкі "моцнай рукі", павысіць адказнасць кожнай асобы за свае ўчынкі. 
 
 
Серыялы як частка гібрыднай вайны.
 
Сёння вядуцца войны не толькі ў фізічнай, але і ў віртуальнай прасторы: інфармацыйная вайна заўсёды папярэднічае вайне сапраўднай са зброяй, таму войны і называюцца гібрыднымі. Серыялы і тут выконваюць сваю функцыю: яны разбураюць ідэнтычнасць, перафарматоўваюць грамадскую думку, і праграмуюць паводзіны людзей як сваёй, так і чужой краіны. Надзвычай цікава і павучальна назіраць за серыяльнай вайной паміж Украінай і Расіяй (падрабязней тут). За некалькі год перад нападам на Данбас расійскія і, размеркаваныя паміж алігархамі, украінскія каналы масава дэманстравалі расійскія серыялы, дзе галоўны станоўчы герой быў, вядома, рускі чалавек у форме: вайсковец, адстаўнік, мент, спецслужбовец… Асноўны пасыл расійскіх серыялаў – стварыць ілюзію залежнасці чалавека ад моцнай дзяржавы з яе сілавымі структурамі. Менавіта «справядлівы сілавік» наводзіць парадак і вырашае ўсе праблемы: ад карупцыі да сямейнай здрады. За кароткі тэрмін у жыхароў Данбасу, сярод якіх большасць – гэта людзі з невысокай адукацыяй, сфармавалі патрэбныя агрэсару думкі, і яны чакалі «рускай вясны», якую і атрымалі. Толькі замест справядлівага серыяльнага сілавіка на іх зямлю прыйшоў Матарола і кадыраўскія галаварэзы.
 
bb9400b8d3e6c57f91b64ab18bb14a30.jpg (1082×580)
Вобраз расійскага сілавіка з серыялу і рэальны баявы камандзір расіянін Арсен Паўлаў, які ваяваў за ДНР з пазыўным Матарола.
 
Украіна хоць са спазненнем, але вымушана была прыпыніць паказ прапагандысцкіх серыялаў, якія яшчэ па інерцыі больш за год ад пачатку вайны на Данбасе набывала ў краіны-агрэсара (тут). Украінскія каналы, нарэшце, пачалі здымаць і свае праекты. Самы вядомыя сярод іх «Слуга народу», дзе галоўны герой не сілавік, а разумны і інтэлігентны настаўнік гісторыі, які становіцца прэзідэнтам Украіны і пачынае барацьбу з карупцыяй. Нарэшце, на экране ўкраінцы ўбачылі сябе, са сваімі праблемамі, сваімі плюсамі і мінусамі.  
Эпізод з фільма "Слуга народу" пра розніцу паміж украінцамі і хахламі.
 
Адзін з мэсыджаў гэтага камедыйнага серыялу - нагадаць украінцам, што ўлада ў іх ужо не чужая. Гэта не партыйныя стаўленікі савецкіх часоў і не марыянетачны Януковіч. І трэба адказна ставіцца да яе выбару.
 
Але найбольш цікава назіраць, як з дапамогай серыялаў украінцы спрабуюць будаваць сваю нацыю, умацоўваюць адзінства краіны.
Кадр з серыялу "5 баксаў.net"
 
Моладзевы інтэрнэт-серыял «5 баксаў.net» дае новай генерацыі ўкраінцаў менавіта такі пасыл. Тры сябры-аднакласнікі: рускамоўны «мажор», украінамоўны «батанік» і «гопнік», які размаўляе на «суржыку» (па-нашаму, на «трасянцы») сустракаюць розныя выпрабаванні ва ўмовах сённяшняй Украіны: спрабуюць адкрыць бізнэс, сутыкаюцца з карупцыяй, удзельнічаюць у выбарах, трапляюць у АТА, аднак сяброўства і ўзаемадапамога дазваляе ім выкруціцца з розных сітуацый.
 
Серыялы – гэта толькі жанр. Яны могуць выконваць розныя функцыі ў свабодным і несвабодным свеце, могуць аб’ядноўваць, вучыць, папярэджваць, ствараць, а могуць і разбураць, цкаваць, палохаць: усё залежыць ад таго, хто і з якой мэтай іх стварае і дэманструе.
 
Што чакае серыялы ў будучыні.
 
Прызначэнне серыялаў як прыцягальніка рэкламы для тэлеканалаў пачынае сыходзіць. Па-першае, усё менш людзей глядзіць тэлевізар, замяняючы яго інтэрнэтам. Па-другое серыялаў прадукуецца вельмі шмат, для іх з’явіліся цэлыя інтэрнэт-відэатэкі – сэрвісы патокавага відэа. Найбольш вядомы сярод іх Netflix мае звыш 50 мільёнаў падпісчыкаў, якія могуць выбіраць і праглядаць серыялы ў любы час без рэкламы.
Гэта прымушае кабельныя каналы ствараць ці замаўляць кінастудыям уласнае відэа, рабіць гэта ўскладчыну, карыстацца дзяржаўнымі праграмамі падтрымкі.
Футуролагі адводзяць серыялам і камп’ютарным гульням значную ролю. Яны прагназуюць, што ў будучыні з развіццём тэхналогій амаль знікне патрэба ў нізкакваліфікаванай працы, праца дастанецца толькі элітам і будзе разглядацца як сродак самавыяўлення. А вымушана беспрацоўныя людзі будуць бавіць час за серыяламі, камп’ютарнымі гульнямі. Не ведаю, ці так будзе, але ўжо сёння бачна, што серыялы добра спальваюць час, замяняюць рэальнае жыццё віртуальным і выконваюць ролю адкладзенага пратэсту.
 
Глядзець ці не глядзець?
 
Шмат людзей, якія даведаліся, што серыялы ствараюцца з мэтай маніпулявання масавай свядомасцю і праграмавання паводзінаў, перасталі іх глядзець. Каму прыемна быць аб'ектам маніпуляцый?! Ім стала шкада часу і эмоцый на віртуальны свет. 
Аднак ёсць некалькі прычынаў, каб не ігнараваць цалкам гэты жанр.
- Па першае, надзвычай цікава дэкадаваць схаваныя пасылы серыялаў. Паверце, гэта дае нашмат больш задавальнення, чым фальшывыя эмоцыі і сюжэт. І часу трэба няшмат. Глядзець увесь серыял неабавязкова. Галоўнае, выкрыць пасыл - зразумець, куды нас вядуць, што стараюцца ўкласці ў галовы. 
- Па-другое, трэба мець аргументы, каб давесці іх да сваіх блізкіх, найперш дзяцей і старэйшых людзей. Паказаць ім тэхналогію стварэння і скарыстацца серыяламі для навучання асновам медыяпісьменнасці, развіцця крытычнага мыслення. Калі вы навучыце распазнаваць метады маніпуляцый, лічыце, вы абаранілі сваю сям’ю, сваіх вучняў ад іх. Прапаганда перастае дзейнічаць, калі ведаеш, як яна зроблена.
- Па-трэцяе, ёсць серыялы (рэдка, але бываюць), якія акрамя продакт-плэйсменту маюць мэту навучыць думаць. Запытайцеся ў сваіх вучняў, моладзі, што яны вам параяць паглядзець, а потым абмяркуйце. Менавіта так вы зможаце спазнаць унутраны свет свайго дзіцяці ці вучня, стаць бліжэй, абараніць яго ад небяспекі.
 
Артыкулы па тэме:
 
clip.gif (1004×319)