За 10 гадоў колькасць беларускамоўных школьнікаў скарацілася ўдвая. Чаму запатрабаванасць у мове расце, а колькасць школ скарачаецца?

МОЎНАЯ КАТАСТРОФА

Ягор Марціновіч, Наша Ніва

У гэтым навучальным годзе (2016/17) 128 600 беларускім дзецям прадметы выкладаліся па-беларуску. 13,3% ад агульнай колькасці школьнікаў — найніжэйшая лічба за ўсе гады.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Гэта свежыя дадзеныя Белстата, апублікаваныя ў адпаведным статыстычным даведніку.

Паглядзіце, як год за годам русіфікацыя паўзе па сістэме адукацыі. За апошнія 10 гадоў колькасць беларускамоўных вучняў зменшылася са 246 да 129 тысяч чалавек.

Колькасць школьнікаў па мове навучання ў 2016/2017.

  1. Руская мова — 838 400 вучняў (86,6%)
  2. Беларуская мова — 128 600 вучняў (13,3%)
  3. Польская і літоўская мова — 900 вучняў (0,1%)

Колькасць школьнікаў па мове навучання ў 2011/2012.

  1. Руская мова — 752 300 вучняў (82,1%)
  2. Беларуская мова — 163 400 вучняў (17,8%)
  3. Польская і літоўская мова — 800 вучняў (0,1%)

Колькасць школьнікаў па мове навучання ў 2006/2007.

  1. Руская мова — 898 600 вучняў (78,5%)
  2. Беларуская мова — 245 900 вучняў (21,5%)
  3. Польская і літоўская мова — 700 вучняў (менш за 0,05%).

Калі глядзець на сітуацыю па рэгіёнах, то ў Мінску яна выглядае катастрафічнай — па-беларуску навучаецца 1,8% дзяцей.

Станоўчая тэндэнцыя зафіксаваная толькі на Віцебшчыне (за год колькасць беларускамоўных вучняў вырасла з 11,3% да 11,6%) і Гомельшчыне (з 12,1% да 12,4%). Гэта першыя выпадкі такога кшталту пачынаючы ад 2010 года.

Пры канцы савецкага часу, у 1988 годзе доля беларускамоўных школьнікаў складала 22%. Гэта быў вынік савецкай русіфікацыі, якая вялася пачынаючы з 1960-х, калі на рускую мову сталі масава пераводзіць гарадскія школы. Нацыянальнае адраджэнне пачатку 1990-х дало рэзкі рост долі беларускамоўных школьнікаў, але Аляксандр Лукашэнка зноў пачаў пераводзіць адукацыю на рускую мову. Пры ім былі згорнутыя ўсе беларускамоўныя плыні ВНУ, не засталося ніводнага беларускамоўнага міністра ці генерала. У выніку за перыяд з 1995 да 2006 года доля беларускамоўных школьнікаў вярнулася на ўзровень канца 1980-х, а за наступныя 10 гадоў скарацілася яшчэ ўдвая.

 

Чаму запатрабаванасць у мове расце, а колькасць школ скарачаецца?

У чым прычына такога парадоксу, адказваюць грамадскі актывіст, эканаміст і выкладчыца.

У гэтым навучальным годзе толькі 13,3% ад агульнай колькасці школьнікаў навучаліся па-беларуску, сведчаць свежыя дадзеныя Белстата. Гэта найніжэйшая лічба за ўсе гады. Нават пры канцы савецкага часу, у 1988 годзе, доля беларускамоўных школьнікаў складала 22%.

Пры гэтым цікавасць да беларускай мовы і нацыянальнай культуры відавочна расце. Пра што сведчыць папулярнасць моўных курсаў, імпрэз і пашырэнне ўжытку мовы ў розных сферах грамадскай дзейнасці.   

“Беларускай мовы ў нашым побыце не хапае. Дрэнна гэта ці добра? Не ведаю. Не лічу гэта катастрофай”, — заявіў днямі кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

А як лічаць эксперты?

Случак:  Стварыце роўныя ўмовы — і тады мы пабачым, якую мову абярэ беларус

— Сапраўды, апошнім часам цікавасць да беларускай мовы ў грамадстве павялічваецца, — адзначае грамадскі актывіст Ігар Случак. — Яна часцей выкарыстоўваецца і ў тым жа гандлі, і ў спорце, і падчас розных культурных мерапрыемстваў. Маладыя людзі пачынаюць паміж сабой больш камунікаваць на беларускай мове, бо гэта ім цікава.

Ігар Случак

А тое, што колькасць беларускамоўных навучэнцаў скарачаецца, дык прычыны таму — у моўнай палітыцы дзяржавы, мяркуе Ігар Случак:

—Я жыў у беларускамоўным асяродку, дзе мова ўспрымалася як натуральная. Але, калі я пайшоў вучыцца далей, мне прыйшлося перавучвацца. І гэта была праблема, бо частку тэрміналогіі па-руску я проста не ведаў.

Менавіта таму мала навучэнцаў ідзе вучыцца па-беларуску, упэўнены суразмоўца. Бо чалавек можа скончыць беларускамоўную школу, але далей яму прыходзіцца працаваць з рускамоўнымі дакументамі, вучыцца ў рускамоўных універсітэтах, ды і ўся афіцыйная камунікацыя, справаводства не заточаны пад тое, каб беларускамоўны чалавек мог паўнавартасна імі карыстацца.

— І не кожны будзе прынцыпова беларускую мову прасоўваць, перакладаць сам дакументы і на касе ў краме шмат разоў паўтараць, што яму трэба, каб яго зразумелі, — тлумачыць Ігар Случак. — Просты чалавек будзе карыстацца той мовай, якой яму больш зручна. Не праз тое, што не шануе беларускую мову, проста ён хоча жыць прасцей, без стрэсу, — гаворыць грамадскі актывіст.

Пры гэтым дзяржава ніяк не спрыяе таму, каб беларуская мова была не толькі нейкім культурным здабыткам, а паўнавартасным сродкам камунікацыі. Ва ўмовах абвешчанага білінгвізму назіраецца абсалютны перакос у бок рускай мовы.

— Беларускамоўны і рускамоўны чалавек відавочна  знаходзяцца ў розных умовах. Таму трэба перагледзець дзяржаўную палітыку. Не ў бок таго, каб прыціскаць рускую мову, а каб усе грамадзяне мелі аднолькавыя правы. Каб заканадаўства было на дзвюх мовах, каб універсітэты былі і беларускамоўныя, і рускамоўныя, каб інфармацыя пра тавары і паслугі была і па-беларуску, і па-руску. І тады мы пабачым, якую мову абярэ беларус, — адзначае Ігар Случак. 

Кавалкін: Ніякіх эканамічных выдаткаў для навучання на беларускай мове не патрабуецца

Кіраўнік праекта “Кошт урада” Уладзмір Кавалкін неаднаразова звяртаўся ў розныя органы з адпаведнымі петыцыямі.

 На жаль, нашы чыноўнікі ставяцца да беларускай мовы як да нейкай такой мовы апазіцыі. Гэта для іх палітычнае пытанне, — тлумачыць суразмоўца. — Напрыклад, я прасіў дадаць беларускую мову ў Нацыянальным аэрапорце. Але безвынікова. Я нават абскарджваў тры ці чатыры разы адмову. Але нават у такіх знакавых месцах, куды перш за ўсё прыязджаюць турысты, гэта аказалася не патрэбна.

Тое ж самае адбываецца і ў іншых сферах. Дзяржава вядзе курс на русіфікацыю насельніцтва, упэўнены эксперт. І скарачэнне беларускамоўных школ — таму пацвярджэнне.

— Бо з эканамічнага пункту гледжання ніякіх эканамічных выдаткаў для навучання на беларускай мове не патрабуецца ўвогуле. Мы жывём у краіне, дзе амаль усе ведаюць мову. І ўсё, што патрэбна, гэта правесці заняткі па-беларуску, больш нічога, — адзначае Уладзімір Кавалкін. — Але гэта ніяк не падтрымліваецца дзяржавай, навучацца на беларускай мове ў ВНУ ўвогуле немагчыма, акрамя гістарычных і філалагічных спецыяльнасцей. Вось і атрымліваецца, што, з аднаго боку, попыт з боку людзей да беларускай мовы існуе, а дзяржава чамусьці праводзіць палітыку русіфікацыі.

Уладзімір Кавалкін

Канешне, ёсць пэўная адказнасць за такую сітуацыю і на самім грамадстве. Урэшце, самі бацькі вырашаюць, на якой мове будуць вучыцца іх дзеці.

— Праблема невялікага попыту бацькоў на беларускую мову – гэта, найперш, праблема адукацыі гэтых  бацькоў. Нават не патрыятызму, — лічыць Уладзімір Кавалкін. — Бацькі выраслі ў гэтым грамадстве, у многіх няма культурнай беларускасці. А калі людзі не разумеюць, то і попыту ў іх няма. Немагчыма жадаць таго, чаго не разумееш.

— І разамкнуць гэта кола можна з дапамогай палітыкі дзяржавы, — адзначае эксперт. — Заўважце, тыя, хто навучаўся ў 90-я, калі было шмат беларускай мовы ў школах, на тэлебачанні і іншых сферах, значна лепш успрымаюць беларускую мову. Яны ўвабралі ў сябе гэтую культуру, літаратуру, гісторыю, яны ведаюць, што гэта цікавая прыгожая мова. Калі мы хочам, каб наша нацыя ганарылася нашымі каранямі, мы на ўзроўні дзяржавы павінны праводзіць палітыку беларусізацыі і ў беларускіх школах, і ў ВНУ, і ў грамадскім жыцці. Але, на жаль...

Мацкевіч: Пакуль беларусы не спадзяюцца на чужую для іх уладу, яны нешта робяць самі

Калі законы не працуюць, вельмі цяжка паўплываць на гэтую сітуацыю, лічыць намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч.

— Мы не маем тых механізмаў, якія ёсць ва ўсіх цывілізаваных дэмакратычных краінах, —  не можам уплываць на выбар праграм навучання, выбар кіраўнікоў. Інакш гэтае запатрабаванне грамадства ў беларускай мове — а яно адназначна існуе — адлюстроўвалася б і ў адукацыі, і ў справаводстве, і ў юрыспрудэнцыі. А без гэтага ўплыву мы будзем мець далейшае скарачэнне, — упэўненая экспертка.

Тамара Мацкевіч. Фота: nastaunik.info

Каб прадухіліць гэтую сітуацыю і спыніць далейшую русіфікацыю, грамадства павінна аб’ядноўвацца і разам адстойваць свае праву. 

— Пакуль беларусы не спадзяюцца на чужую для іх дзяржаву, чужую для іх уладу, яны нешта робяць самі – беларускія курсы кшталту “Мова нанова”, культурныя імпрэзы, дыскі, метадычныя распрацоўкі па навучанні, — адзначае Тамара Мацкевіч. — Але гэта альтэрнатыўны шлях, не праз дзяржаву, а насуперак ёй.

Ствараць сваё беларускае, сучаснае, новае і канкурэнтназдольнае — гэта правільна, але без падтрымкі дзяржавы, а тым больш пры супрацьдзеянні яе, перспектывы малыя, лічыць экспертка.

http://nn.by/?c=ar&i=191559