Калі мы святкуем Дзень настаўніка?

Галіна Руціч,

настаўнік гісторыі,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, г. Бяроза

“Добры дээнь!”, - менавіта такімі словамі я сустрэла сваіх шасцікласнікаў у першы дзень чацвёртай чвэрці. Яны з занепакоенасцю глядзелі на свайго настаўніка і не маглі зразумець, што здарылася. Пасля ветлівай усмешкі і прыемнай стомленасці я ім расказала, што толькі ў пяць гадзін раніцы  вярнулася з цудоўнай вандроўкі па казачнай краіне пад назвай “Чэхія”. Гэта была вучэбная паездка беларускіх настаўнікаў у  рамках праграмы “Медыяграматнасць і медыяадукацыя ў Беларусі” пры падтрымцы Асацыяцыі па міжнародным пытанням.  Наўрад ці калі-небудзь я яшчэ бачыла вочы, якія раздзялялі маю радасць і захапленне, без усякай зайдросці і злосці, што была там я, а не яны. Але гэта вочы дзяцей, такіх вясёлых, адкрытых і непасрэдных.

Мае вучні даведаліся, што на працягу васьмі дзён я чула такое шчырае прывітанне не толькі ад дарослых людзей, але таксама ад чэшскіх дзяцей. Як ім цікава было глядзець на нас – беларусаў, да сустрэчы з якімі яны плённа рыхтаваліся: рабілі выставы, пісалі прывітанні, персанальна суправаджалі па школе, гатавалі каву. Яны таксама даведаліся, што ў беларускай мове існуе словазлучэнне “Добры дзень!” Колькі радасці сярод малых выклікалі словы “дзяўчынка” і “хлопчык”, дзеткі ў Панэнскі Тынец іх хутка паўтаралі, напэўна, хацелася гэтыя словы запомніць назаўсёды.

Не магу сказаць пра ўсе школы Чэхіі, але ў школах Панэнскі Тынец, Пэчкі, пражскай школе на чале з Йржы Трунда адукацыйны працэс наладжаны пад дэвізам: “Усё для дзяцей”.

Першае ўражанне і захапленне ад таго, што ўсе калідоры школ запоўнены працамі дзяцей. Малюнкі, вырабы з бумагі, аплікацыі, газеты, праекты – чаго тут толькі не ўбачыш на сценах, вокнах, лесвіцах. Кожнае дзіця бачыць сваю работу і вынік калектыўнай творчасці. Усё проста і даступна: на сетках і вяроўках з дапамогай прышчэпак ці вялікіх скрэпак размешчаны  малюнкі, совы, буслікі, першацветы, баранчыкі  вакол класных кабінетаў.

Герб гарадка Пэчкі ў школе выкладзены з каляровых пластыкавых калпачкоў. Дарэчы, дзеці іх збіраюць,  здаюць пластык, за адзін кілаграм адтрымліваюць пяць крон, збіраюць і апельсінавыя коркі. На калідорах стаяць пасудзіны з надпісамі і малюнкамі дзяцей: папера, пласцік і смецце.

У школах адсутнічаюць  сухія надпісы: “Уходя, гасите свет” ці “Берегите воду”. Навучэнцы самі робяць свае медыятэксты: малюнкі, плакаты з адпаведнымі пасыламі для дарослых і дзяцей.

У школе ў Панэнскі Тынец прыгожыя ганчарныя вырабы робяць дзеці і прадаюць на ярмарках. Ганчарствам могуць прыходзіць займацца і мясцовыя пенсіянеры. Выставу сваіх малюнкаў школьнікі арганізоўваюць у мясцовым касцёле, толькі на гэты час расчыняюцца яго дзверы для мясцовых жыхароў.

У Чэхіі датацыя на школу залежыць ад колькасці дзяцей, бацькі самастойна выбіраюць школу па свайму жаданню, таму кожная  з іх імкнецца знайсці свой імідж.  Адметнасць школы ў Панэнскі Тынец заключаецца ў тым, што тут адукацыю атрымліваюць дзеці з інклюзіяй. Адаптавацца і вучыцца такому дзіцяці дапамагае асістэнт настаўніка.

Мы зазірнулі на урок інфарматыкі, дырэктар нам паведаміла, што ў іх школе інфарматыку вывучаюць у 5 і 6 класах, так яны палічылі мэтазгодным, у іншых школах у 8 і 9 класах. Вучні рабілі прэзентацыю па тэме “Готыка ў архітэктуры”, самі шукалі інфармацыю, фота, падбіралі тэкст. Умова – выкарыстоўваць толькі мясцовы матэрыял. Так дзяўчынка расказала нам пра недабудаваны, містычны храм Дзевы Марыі. Справа ў тым, што готыку шасцікласнікі разглядалі  на гісторыі, геаграфіі, літаратуры, практычна папрацавалі па гэтай тэме на ўроку інфарматыкі. Як бачым, медыяадукацыя рэалізуецца праз тэму, якая вывучаецца ў разрэзе розных прадметаў.

У Пэчках я прысутнічала на ўроку гісторыі. На фота вы бачыце старонку працоўнага сшытку па гістлрыі. Настаўніца праводзіла абагульняючы ўрок па Сярэднявеччы ў XIV – XV стагоддзях. Вучні павіны былі суаднесці гербы з  асобамі, элементы готыкі з храмамі, указаць даты, папрацаваць з паняццямі. Цікавы момант, калі настаўнік прапанаваў назвы трох мап, а вучням неабходна было іх адпаведна раставіць.

Уразіў урок спеваў, дарэчы спевы ёсць да 9 класа. Спачатку мы развучвалі з вучнямі песню “Здравіма вам…”, а потым быў тэкст лацініцай песні “Кацюша”. Столькі станоўчых эмоцый.

Рускамоўныя кампетэнцыі  вучняў 8-9 класаў фарміраваліся праз сустрэчу і дыялог з намі. Эва Зайцава арганізавала групы дзяцей, спачатку мы прадстаўлялі сябе і свой горад, паказвалі яго на карце, расказвалі пра адметнасць кожнага горада. Потым прадстаўнікі Беларусі вялі размову ў асобных групах. Я даведалася, што чэшскія школьнікі любяць спорт, займаюцца музыкай, танцамі. Дзеці былі здіўлены нашай 10-бальнай сістэмай ацэнкі ведаў (у Чэхіі – пяцібальная, 1 – найвышэйшы бал).

Адсутнічаюць класная і інфармацыйная гадзіны, педагогі сацыяльныя, стэнды і плакаты, палітычныя падзеі не абмяркоўваюцца. Кожная школа працуе па сваёй праграме, існуе толькі міністэрская рамачная праграма.

Каб зацікавіць дзяцей да чытання па ўсіх школах Чэхіі праходзіць “Ноч з Андэрсэнам”. З пятніцы на суботу вучні прыносяць спальныя мяшкі, настаўнікі арганізуюць конкурсы, спаборніцтвы, напрыклад, у пражскай базавай школе Враціславава настаўнікі на Вышаградзе растаўляюць прыпынкі.

Йржы Трунда, дырэктар школы, упэўнены, што медыя ствараюць паралельны свет, а дарослыя маніпуліруюць дзецьмі. Задача школы гэта данесці да вучняў і дапамагчы ім разабрацца ў інфармацыі і дэзінфармацыі.

 Йржы ўпэўнены ў тым, што калі дамашняе заданне вучні робяць у школе, то яны пастаўлены ў роўныя умовы, бо не кожная сям’я можа паехаць у Італію і паказаць вучню культуру Рэнесанса, інакш ацэньваецца сацыяльны статут сям’і.

Медыяадукацыя ў Чэхіі з’яўляецца часткай вучэбнай праграмы, якая можа быць рэалізавана:

·       як асобная колькасць гадзін;

·       на працягу года  працаваць над  асобным праектам (напрыклад, праект, прысвечаны юбілейнай даце Марыі Тэрэзіі, кожны клас

атрымлівае асобнае заданне, працуе ўся школа, потым усё абагульняюць і падводзяць вынікі);

·       аб’яднаць мэты медыяадукацыі з мэтамі прадметаў.

Настаўнікі самі выбіраюць падручнікі, па адным прадмеце іх можа быць некалькі.

Галоўныя якасці настаўнікаў, якія ацэньвае Йржы Трунда ў сваіх падначаленых:

·       камунікацыя з бацькамі;

·       прафесіяналізм (асабістае развіццё);

·       выкананне вучэбнай праграмы.

Вельмі спадабаліся яго словы: “Калі я буду трымаць на працы дрэннага настаўніка, такім чынам я пакрыўджу сваіх вучняў”.

На ўрок біялогіі настаўніца прынесла мяса ягнёнка, каб вучні пад мікраскоп маглі на зрэзах разглядзець розныя віды мышц.

На працягу васьмі дзён упамінаўся Ян Амас Коменскі (націск на першы слог), вельмі яны ім ганарацца, у дзень яго нараджэння, 28 сакавіка святкуюць Дзень настаўніка. Вось вам усё абгрунтавана і пабуджае да новых ведаў, за датай стаіць асоба. А чаму у нас у першую нядзелю кастрычніка?

11 лістапада дзеці збіраюцца каля помніка чэшскім легіянерам (11.11.1918 г. – скончылася Першая сусветная вайна), напярэдадні настаўнікі-прадметнікі з дзецьмі рыхтуць інфармацыю пра гэтыя падзеі.

Пра свае напрацоўкі расказаў Павел Марціноўскі: асвятліце гісторыю Чырвонга Каптурка з пункту гледжання ваўка; прыдумайце гісторыю да фота; параўнайце фільм з тэкстам; прасачыце - тэкст абараняе ці крытыкуе інфармацыю? Чым скончыцца гісторыя, недачытаная намі?

У канцэпцыі прадмета “Гісторыя” у пражская школе прапісана: “Мы вучым вучняў развіваць крытычнае мысленне, каб яны маглі знайсці розніцу паміж міфамі і рэальнасцю, а таксама  знаходзіць прычыны суб’ектыўнага выбару і ацэнкі фактаў, асабліва ў ацэнцы сучаснай гісторыі”.

На завяршэнне некалькі фота-калажаў.

Базавая школа ў м.Панэнскі Тынец
Школа ў Панэнскім Тынцу ўразіла адсутнасцю бар'ераў паміж вучнямі і настаўнікамі, а яе дырэктарка  Яна Румлава проста выпраменьвала энергію і пазітыў. Для параўнання: дрэс-код беларускага і чэшскага настаўнікаў на адным фота (у шлёпанцах - намеснік дырэктара:)

 

Базавая школа ў м.Пэчкі
Герб м. Пэчкі выкананы з коркаў ад пластыкавых бутэлек (у школьных калідорах стаяць мяхі, у якія збіраюць пластык  і ... апельсінавыя коркі). Так школа зарабляе грошы і захоўвае экалогію.  Настаўніца гісторыі з базавай школы м.Пэчкі Эва Зайцова знаёміць з настаўнікамі сваёй школы. На інфармацыйнай сцяне ў калідоры можна атрымаць зваротную сувязь ад сябраў школьнага парламента, па хвалюючых  пытаннях (дзверы кабінета дырэктара ўпрыгожвае скрынка для прапаноў).

 
Бзавая школа Вратыславава ў Празе
На ўроку біялогіі ў пражскай школе Вратыславава  лабараторны эксперымент па вывучэнні тканак  (на сырым мясе). Дырэктар школы Іржы Трунда   больш за тры гадзіны адказваў на пытанні беларускіх калег, а потым перадаў эстафету свайму намесніку - настаўніку гісторыі Паўлу Мартыноўскаму. Той расказаў пра цікавы агульнаеўрапейскі праект "Ноч з Андэрсэнам", мэта якога заматываваць дзяцей да чытання. На сцяне ў класе можна ўбачыць вынікі ўдзелу ў праектах кожнага вучня (за кожны рэалізаваны праект можна атрымаць паштоўку).Праекты можна дарабіць і пазней і сабраць поўную калекцыю.
http://www.nastaunik.info/sites/default/files/news/image_extra/clip.gif