Медыяадукацыя і медыявыхаванне ў Чэхіі (нататкі з адукацыйнай паездкі)

Кіраўнік школьнага медыягуртка,

                                                   настаўніца  беларускай мовы і літаратуры

                                                   А. Я. Панкратава

У рамках адукацыйнай паездкі ў Чэшскую Рэспубліку па пытаннях медыяграматнасці і медыяадукацыі беларускія настаўнікі пазнаёміліся з вопытам работы ў дадзеным кірунку не толькі шэрагу чэшскіх школ (Панэнскі Тынец, Пэчкі, Прага). Скласці ўяўленне пра сутнасць і формы медыяадукацыі ў Чэхіі дапамаглі таксама практычныя заняткі ў цэнтры сучаснага мастацтва DOX, знаёмства з сістэмай дадатковай адукацыі чэшскай школы, экскурсія ў рэдакцыю газеты “Эканоміа”, сустрэча з выбітным чэшскім журналістам Ондржэем Соўкупам.

Своесаблівым вынікам знаёмства з вопытам чэшскіх калег стала творчая сустрэча нашых настаўнікаў з прафесарам факультэта сацыяльных навук Інстытута камунікацыі і журналістыкі Карлава ўніверсітэта Янам Ііракам, які агучыў канцэпцыю медыяадукацыі і медыявыхавання ў Чэхіі і праблемы яе рэалізацыі.

Па словах прафесара, мэта медыяадукацыі – развіццё крытычнага мыслення пры рабоце з медыяінфармацыяй і дэзынфармацыяй. Перафразуючы вядомую цытату Яна Каменскага “Дзеці павінны чытаць газеты”, актуальную для ХVII стагоддзя, сённяшні медыяадукатар мусіць сцвярджаць “Дзеці павінны крытычна ставіцца да таго, што пішуць газеты”: Сэнс медыяадукацыі ў тым, каб навучыць не давяраць, а правяраць і аналізаваць інфармацыю, размешчаную ў СМІ.

Таксама адной з самых актуальных задач медыяадукацыі прафесар назваў дыстанцыянаванне вучняў ад сацыяльных сетак, праз якія галоўным чынам ажыццяўляецца своесаблівая медыя-вайна за тое, “чыя інтэрпрэтацыя свету пераможа”.

http://www.nastaunik.info/sites/default/files/news/image_extra/cz-3.jpg

Нягледзячы на тое, што Міністэрствам адукацыі Чэхіі медыяадукацыя запатрабавана, а медыякампетэнцыі прапісаны ў дзяржаўнай вучэбнай праграме, асобным абавязковым вучэбным прадметам медыяадукацыя не вывучаецца, а інтэгруецца ў змест школьнай праграмы наступнымі сродкамі:

  1. Праз дадатковыя гадзіны па меркаванні школы. Для рэалізацыі такога падыходу ў медыяадукацыі існуе шэраг спецыяльных дыдактычных дапаможнікаў, па якіх мусяць працаваць настаўнік і вучні.  Тэмы такіх дапаможнікаў сфармуляваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі Міністэрства адукацыі Чэшскай Рэспублікі:
  • Масавыя камунікацыі
  • Журналістыка
  • Інфармацыя і пункт гледжання
  • Культурніцкая і грамадская роля медыя
  • Медыя як забаўляльны рэсурс
  • Рэклама як механізм маніпулявання
  • Медыярэсурсы і палітыка
  • Унутраны механізм медыя
  • Прававыя нормы медыя
  • Новыя медыя

Але нават такі змест дапаможніка прафесар Ян Іірак лічыць на сённяшні дзень у пэўнай ступені састарэлым, мяркуючы яго ўдасканаліць: зменшыць ролю СМІ, а больш увагі надзяліць ролі сацсетак у медыяадукацыі і медыявыхаванні моладзі.

  1. Праз агульны школьны медыяпраект.
  2. Праз “скразныя тэмы” агульнаадукацыйных прадметаў, у якія “закампанаваны” медыякурс (мова, грамадазнаўства, гісторыя).

Такі падыход тлумачыцца, як сцвярджае прафесар, недахопам кваліфікаваных настаўнікаў. У вышэйшых педагагічных навучальных установах таксама не прадугледжаны факультэты медыяадукацыі, што нараджае праблему аматарскага падыходу пры выкладанні гэтай дысцыпліны.

Падсумоўваючы праблемы рэалізацыі медыяадукацыі ў Чэшскай Рэспубліцы, Ян Іірак класіфікаваў іх наступным чынам:

  • арганізацыя (адсутнасць абавязковага вучэбнага прадмета);
  • рэалізацыя (адсутнасць настаўнікаў-прафесіяналаў у дадзенай галіне);
  • тэхнічны бок (праблема валодання настаўнікамі ІКТ).

Пераходзячы да тэмы ІКТ, прафесар адзначыў, што, раздзяляючы інфармацыйныя тэхналогіі і медыяадукацыю, варта мець на ўвазе, што ў сваю чаргу медыяадукацыя мае на ўвазе і інфармацыйныя тэхналогіі. У сувязі  з гэтым погляды на веды і ўменні ў галіне медыяадукацыі прадугледжваюць два падыходы:

  • веды пра гісторыю, сутнасць медыя і г.д;
  • стварэнне ўласных медыяматэрыялаў.

І адзін, і другі падыход маюць сваіх прыхільнікаў і праціўнікаў, аднак сутнасць іх адна і тая ж – растлумачыць вучням, якія рызыкі нясуць медыятэксты, развіць у вучняў здольнасць назіраць за сабой, каб зразумець, што ў гэтым медыятэксце іх пераконвае, што прымушае давяраць, якім чынам гэта дасягнута і каму гэта патрэбна.

http://www.nastaunik.info/sites/default/files/news/image_extra/cz-1.jpg

Фота удзельнкаў адукацыйнага візіту.

http://www.nastaunik.info/sites/default/files/news/image_extra/clip.gif