Параўнанне казкі і яе экранізацыі (для падлеткаў)

Практыкаванне Паўла Мартыноўскага

Спампаваць практыкаванне з раздаткамі (docx, 609 Kb)

Кароткае апісанне практыкавання: Падлеткі параўноўваюць сюжэт фільма “Тры арэшкі для Папялушкі” з арыгінальным сюжэтам казкі Шарля Пэро “Папялушка ці Крышталёвы пантофлік”. Знаёмяцца з асновамі кінаграматыкі, тэрмінамі “сацыяльная замова”, “культурны код”, робяць высновы пра мову розных відаў медыя, прычыны і наступствы адрозненняў аўтарскага тэксту ад яго  інтэрпрэтацыі, канструяванне сацыяльных паводзін праз кінематограф.

Дапаможныя матэрыялы:
Фільм “Тры арэшкі для Папялушкі”, чэш. "Tři oříšky pro Popelku("1973): https://www.youtube.com/watch?v=ETOAcxqI6II

Казка, Шарль Пэро, “Папялушка ці Крышталёвы пантофлік”, пераклад Змітра Коласа, http://knihi.com/Sarl_Pero/Papialuska_ci_Krystalovy_pantoflik.html

Сказка, Шарль Перро, "Золушка", пересказ по-русски Т. Габбе: http://www.kostyor.ru/tales/tale8.html

Папярэдняя падрыхтоўка: Праглядзець дома фільм “Тры арэшкі для Папялушкі” і прачытаць (узгадаць) казку Ш. Пэро.

План занятку:

  1. Настаўнік просіць падлеткаў узгадаць сюжэт казкі пра Папялушку. Часам падлеткі кажуць : “Мы дарослыя, казак не глядзім”. Тады настаўнік сам пераказвае сюжэт. ( І калі ён наўмысна памыляецца, вучні, звычайна, кажуць: “Не! Там было не так!” :) )
  2. Настаўнік паказвае эпізод з казкі “Тры арэшкі для Папялушкі”, і (ці) кадры з фільма, і просіць запісаць у табліцу якасці і  рысы характару галоўнай гераіні

http://www.nastaunik.info/sites/default/files/news/image_extra/papialuska2.jpg

 

Папялушка (казка) Папялушка (фільм)
   
   

3.    Настаўнік просіць агучыць запісы па чарзе і запаўняе табліцу на дошцы. У выніку атрымліваецца прыблізна такая табліца.

Папялушка (казка) Папялушка (фільм)
  • Добрая
  • Пакорлівая
  • Працалюбівая
  • Ветлівая
  • Пасіўная (Усё за яе робяць фея (хросная) і прынц.)
  • Летуценная
  • Няшчасная

 

  • Добрая
  • Вясёлая
  • Працавітая
  • Не мірыцца з несправядлівасцю
  • Актыўная (ездзіць на кані і добра страляе)
  • Любіць жывёл
  • Разумная
  • З пачуццем уласнай годнасці. (Не адразу пагаджаецца выйсці замуж за прынца, правярае яго пачуцці і  кемлівасць)
   
  1. Настаўнік прапануе выказаць гіпотэзы, чаму Папялушка з фільма адрозніваецца ад казачнай.
  • Пасля таго, як вучні выказалі гіпотэзы, настаўнік тлумачыць, у Чэхаславакіі у 1973 годзе не было фільмаў для падлеткаў і ўлады паставілі задачу кінематаграфістам зняць такі фільм, каб яго глядзела моладзь, а фільм фарміраваў яе каштоўнасці і паводзіны. Таму фільм “Тры арэшкі для Папялушкі” здымаўся як сацыяльная замова дзяржавы.  Менавіта таму, гэтую казку інтэрпрэтавалі так, каб яна была больш падобна да жыцця сучасных падлеткаў. Кароль і каралева ў сваіх адносінах таксама паказаны як звычайная сям’я. У фільме амаль няма чараў – усяго трэба дабівацца з уласнай ініцыятывы.
  1. Настаўнік таксама звяртае ўвагу, што часткова фільм фінансавала ГДР, бо ў Чэхаславаччыны не было дастаткова бюджэту. Просіць знайсці гэтаму пацверджанні :

Вучні бачаць, што акцёры апрануты ў нямецкія традыцыйныя строі, а дзеянне адбываецца на фоне нямецкіх замкаў і робяць высновы: Хто фінансуе фільмы, той мае сваю замову да канематаграфістаў: у дадзеным выпадку кажуць, што фільм транслюе “культурны код”.

  1. Настаўнік прапануе знайсці іншыя адрозненні ў сюжэце фільма і казкі і вызначыць сродкі, якія выкарысталі стваральнікі фільма, каб прыцягнуць увагу менавіта моладзі.
  • Музыка (дзякуючы саўндтрэку і песні ў выкананні Карэла Гота гэты фільм дагэтуль глядзяць у Чэхіі на Каляды)
  • Паказаны праблемы, блізкія падлеткам: падлеткавае каханне, сяброўства, канфлікты з бацькамі, настаўнікамі. Вучні заўважаюць, што прынц з фільма таксама вучыцца ў школе, імкнецца да самастойнасці, часам уцякае з сябрамі ад настаўнікаў, у яго бываюць непаразуменні з бацькамі, сябры не ставяцца да яго як да прынца, часам жартуюць з яго.
  • Вельмі прыгожыя акцёры
  • Прырода, жывёлы
  • Гумар
  • Што яшчэ?
  1. Мова кіно, выкарыстаная для перадачы пасылу.

Настаўнік просіць параўнаць кадры з фільмаў з падобнымі сюжэтамі:“Тры арэшкі для Папялушкі”(Чэхаславакія) і “Марозка” (СССР), і вызначыць сродкі кінамовы і медыяпасылы, якія перадае кіно з дапамогай гэтых сродкаў і створаных эмоцый: (Раздаткавы матэрыял ТУТ)

http://www.nastaunik.info/sites/default/files/news/image_extra/9ccc378b1b592cfbbb19f14af7dd26e6.png

8. Растлумачце цытату «Кіно і тэлебачанне кіруюць жаданнямі чалавека», Г. Пачапцоў

9. Заданне на дом.

Прачытайце мараль казкі Шарля Пэро і адкажыце на пытанні:
- Які пасыл несла яго казка грамадству ў той час, калі ён яе напісаў?
- Чаму гэтую мараль выкінулі з русскага перакладу казкі?

Мараль (Ш. Пэро, пераклад Зм. Коласа).

Краса ў дзяўчат - вялікі скарб, бясспрэчна,

Мы захапляцца ёй не стомімся ніколі,

Ды ветлівасць усё ж каштуе болей

І большую цану мець будзе вечна.

Таму і хросная дзяўчыну навучала

Быць далікатнай, выпраўляючы на баль,

Ды так яе пры гэтым прыбірала,

Што стала каралеўнаю яна.

Адсюль - мараль:

Хто хоча схільнасці ў любага дабіцца,

Адной красою дасягне не многа;

Тут ветласць - вось дар чараўніцы,

Бо з ёй магчыма ўсё, а без яе - нічога.

 

Другая мараль

 

Вядома, што зусім няблага,

Калі ў вас ёсць і розум, і развага,

І працавітасць, і калі вы не без роду, -

Тут трэба толькі шанаваць прыроду,

Што падарыла вам такую перавагу.

І ўсё ж, мой дружа, будзе мала плёну

Ва ўсім, што б вы не мелі, - будзе ўсё дарма

І поспеху не дасць у жыцці штодзённым,

Калі ў вас хроснага ці хроснае няма.