1 да 205. Права беларускамоўных на адукацыю ў лічбах. Да Міжнароднага дня матчынай мовы

Вінцук Вячорка

Перавернутая піраміда

Так выглядае адпаведная дыяграма. Паводле апошняга дзяржаўнага перапісу насельніцтва, праведзенага ў 2009 годзе, 53,2% жыхароў Беларусі назвалі беларускую мову роднаю. Прызналіся, што ўжываюць яе як гутарковую, 23,4%. Здавалася б, дзяржаўная адукацыйная палітыка павінна грунтавацца на гэтых лічбах. (Папраўдзе яны спрэчныя, перапісная анкета недасканалая, бо чалавек можа гаварыць на дыялекце, на гарадзкім піджыне і ня лічыць яго беларускаю моваю, але іншых лічбаў ня маем.)

А вось даступны публіцы тэматычны зборнік Нацыянальнага статыстычнага камітэту апісвае адукацыйную статыстыку 2014/15 навучальнага году. Тады ў дзіцячых садках па-беларуску выхоўваліся толькі 10,5% дзяцей (у 2010 было яшчэ 12,8%). У Менску ўтрая меней — 3,2%.

Вучняў беларускамоўных сярэдніх школаў ці клясаў было 14,5% ад агульнай колькасьці вучняў дзённых сярэдніх школаў, або 135,1 тыс. з 931,3 тыс.

Дынаміка колькасьці школьнікаў, што вучацца па-беларуску (паводле крыніцаў ТБШ), за апошнія 6 гадоў асабліва красамоўная:

2010/11 — 178,4 тыс. (19%)
2011/12 — 163,4 тыс. (17,8%)
2012/13 — 150,7 тыс. (16,6%)
2013/14 — 142,0 тыс. (15,5%)
2014/15 — 135,1 тыс. (14,5%)
2016/17 — 128,6 тыс. (13,1%)

У Менску, дзе штогод беларускамоўныя бацькі марна шукаюць сваім дзецям беларускае школы ня надта далёка ад дому, толькі для 2,3% школьнікаў забясьпечана права вучыцца па-беларуску.

У сярэдніх спэцыяльных навучальных установах па-беларуску займалася 0,23% (300 чалавек з 129 тысячаў; відаць, гэтыя 10-12 групаў — выключна навучэнцы пэдагагічных каледжаў, і то ня ўсіх).

І ўрэшце, вышэйшая адукацыя. На беларускай мове навучаліся 300 студэнтаў — гэта 0,08% ад агульнай колькасці (362,9 тыс.) і ў 9 разоў менш, чым пяць гадоў таму.

(Я ня браў да ўвагі колькасьць тых, што, паводле міністэрства адукацыі, „обучались на белорусском и русском“ у каледжах і ўнівэрсытэта, а прыплюсоўваў гэты працэнт да працэнту расейскамоўнага навучаньня. Бо гэта фікцыя, задача якой — зьмякчыць уражаньне ад красамоўнай статыстыкі. Сям-там ва ўнівэрсытэтах яшчэ чытаецца аднасэмэстравы курс беларускай мовы, у пэдагагічных каледжах таксама яе выкладаюць — вось і маеш „двумоўе“, яшчэ больш уяўнае, чым у расейскамоўнай сярэдняй школе.)

Чым вышэйшы ўзровень адукацыі, тым больш радыкальна — да нуля — звужаюцца магчымасьці вучыцца па-беларуску. Толькі палова дзяцей зь беларускамоўных сем’яў можа вучыцца па-беларуску ў школе (да таго ж пераважна ў вёсцы, а ў гарадах гэты працэнт куды меншы ды часта імкнецца да нуля).

Хто „волен”, а хто не

Дамагчыся канстытуцыйнага права вучыць сваіх дзяцей па-беларуску мы ня можам, нават непасрэдна плоцячы дзяржаве грошы. Колькі гадоў таму мы з дачкой вырашылі, што ёй для паступленьня варта падвучыцца профільным прадметам — біялёгіі ды хіміі — на платных курсах у Ліцэі БДУ. БДУ ў нас адзін, Ліцэй БДУ зь ягонымі курсамі таксама адзін на ўсю краіну, а значыць, ён і для тых 15-16% школьнікаў, што вучыліся на то момант па-беларуску. На кожны прадмет там набіраюць па некалькі групаў. Ну дык аб’явіце загадзя, што 5 групаў хіміі расейскамоўныя, а адна беларускамоўная.

Аднак я атрымаў ад тагачаснага дырэктара Ліцэю БДУ такі адказ:
„Паколькі мы не атрымлівалі заяў, апрача Вашай, аб беларускамоўным навучанні на падрыхтоўчых курсах, то ўсе сфарміраваныя групы хіміка-біялагічнага кірунку навучання рускамоўныя“. Іронія ў тым, што ніхто не падаваў заяваў і на расейскамоўнае навучаньне, бо ў стандартным блянку заявы не палічылі патрэбным мець такую графу. Інакш кажучы, апрыёры моўныя правы гарантаваліся толькі расейскамоўным.

Дырэктара звалі Вадзім Матуліс. Я знайшоў яго адказ на тутбаеўскую анкету „Быць беларусам — што гэта значыць?
— Белорус без знания языка — белорус?
— Да. У нас в стране два языка: русский и белорусский. Пока никто не отменял этого. Человек волен разговаривать на том, на каком захочет. Конечно, хорошо, если он знает белорусский язык.

Размаўляць, значыць, кожны „волен“, дзякуй. А вось вучыць дзяцей не атрымаецца „на каком захочет“, тут ужо сп. В. Матуліс, маючы пэўную над намі ўладу, „волен“ указваць, на якой мове гэта рабіць, — дарэчы, за нашыя ж грошы.

Вадзіма Матуліса я ўспомніў, калі на моўную тэму выказаўся намесьнік міністра гандлю Эдвард Матуліс, той самы, які заяўляў, што пераклад этыкетак на беларускую мову падвысіць сабекошт прадукцыі і што інфармацыя на таварах па-беларуску „павінна быць эканамічна абгрунтаваная“. Правы беларускамоўных спажыўцоў для Эдварда Браніслававіча значаць гэтулькі сама, колькі правы беларускамоўных вучняў — для Вадзіма Эдвардавіча.

У 205 разоў меней шанцаў

Вернемся да адукацыі. Параўнайма шанцы беларускамоўных і расейскамоўных прадоўжыць навучаньне на сваёй мове — у сярэдняй спэцыяльнай або ў вышэйшай вучэльні. У 2014/15 навучальным годзе ў нас было 135100 школьнікаў, якія вучыліся па-беларуску. Іх чакала 300 месцаў і ў коледжах, і ва ўнівэрсытэтах (вядома, паступаюць найперш сёлетнія выпускнікі, але мы супастаўляем агульныя лічбы). Адпаведна па-расейску вучылася 795300 школьнікаў. На іх разьлічана 128100 навучэнцкіх месцаў у ССНУ і 362600 — у вышэйшых школах.

Няхітры падлік прапорцыяў паказвае, што расейскамоўны школьнік мае ў 73 разы больш шанцаў прадоўжыць навучаньне на мове школы, чым беларускамоўны. А што да ўнівэрсытэтаў, то беларускамоўны школьнік мае ў 205 (!) разоў менш магчымасьцяў вучыцца там на мове сваёй школы, чым вучань расейскамоўнай установы сярэдняй адукацыі.

Гэта нечуваная дыскрымінацыя, у параўнаньне зь якой не ідуць ніякія апартхайды.

Cui prodest?

Такая перавернутая піраміда статусу мовы і яе пэрспэктывы. Піраміда, якая сваім вастрыём б’е ў сэрца беларускае мовы. На чыю карысьць?

Шчыры адказ я знайшоў у працах Аляксандра Арэф’ева, намесьніка дырэктара Цэнтру сацыялягічных дасьледаваньняў Міністэрства адукацыі і навукі Расейскай Фэдэрацыі. У цыклі публікацыяў пад агульнай назвай „Сжимающееся русскоязычие“ сацыёляг біў трывогу з прычыны таго, што расейская мова імкліва траціць міжнародны статус.

Але ёсьць і выключэньні з трывожных, на ягоную думку, тэндэнцыяў.

Апублікаваныя параўнальныя табліцы ўдзельнай вагі школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў, якія вучыліся па-расейску ў нерасейскіх былых „рэспубліках“ СССР у 2010/2011 навучальным годзе, вельмі красамоўныя.

Тут скажу толькі пра вышэйшую адукацыю. Паводле завышаных зьвестак, якімі карыстаўся расейскі аўтар, у тым навучальным годзе па-расейску ў беларускіх ВНУ вучыліся 90,4%. Ва Ўкраіне — 10,2%, у Грузіі — 0,9%, у Эстоніі — 7,9%, у Літве 1,5%. Зь іншага боку, у Кіргізіі 96%, у так званым „Прыднястроўі“ 94,9%, а ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі па 100% пэтэвэшнікаў і студэнтаў вучацца па-расейску.

(Трэба памятаць, што ў расейскіх крыніцах акупаваныя Расеяй так званае Прыднястроўе — частка Малдовы, часткі Грузіі Абхазія і Паўднёвая Асэтыя Крэмль фармальна лічыць асобнымі дзяржавамі.)

Выснова А. Арэф’ева:

Такім чынам, „апірышчам“ [у арыгінале „оплотом“] расейскамоўнай адукацыі на былой постсавецкай прасторы зьяўляюцца сёння Беларусь, Паўднёвая Асэтыя, Абхазія і Прыднястроўе.

Вось у якой кампаніі мы апынуліся і вось на чыю стратэгічную мэту, аказваецца, працуе наша адукацыйная сыстэма.

(Дарэчы, ня думаю, што ідэя так званага Нацыянальнага ўнівэрсытэту спрыяе разьвязаньню праблемы. У кожным унівэрсытэце кожнага гораду, на кожнай спэцыяльнасьці мае быць рэальная магчымасьць вучыцца па-беларуску.)

Падрабязней на svaboda.org