Беларусь павінна сама вызначыць спіс базавых кампетэнцый вучня

Тамара Мацкевіч

Ключавыя кампетэнцыі, г.зн. якасці асобы, патрэбныя для жыцця ў сучасным інфармацыйным грамадстве, збольшага вызначаныя. Аднак патрэбы глабальнага свету мяняюцца, тэндэнцыі даследуюцца і ключавыя кампетэнцыі з 2001 году пераглядаліся як мінімум 4 разы.

http://www.nastaunik.info/sites/default/files/news/image_extra/keycjmp-small.jpg

Крыніца: http://slideplayer.com/slide/1911763/

У апошніх міжнародных дакументах школам рэкамендуецца звярнуць большую ўвагу на фармаванне прадпрымальніцкіх якасцяў, вывучэнне замежных моваў і STEM-прадметаў, а таксама на так званыя папярочныя навыкі (transversal skills) – гэта тое, што на карцінцы ўнізе пад плюсам[1].

http://www.nastaunik.info/sites/default/files/news/image_extra/key_comprtences.jpg

Там жа рэкамендуецца звярнуць увагу  на выкарыстанне актыўнай і электроннай ацэнкі. Разглядаецца іх уплыў на фармаванне гэтых папярочных навыкаў.

Але чаму ж ніводная краіна не ўзяла тыя рэкамендаваныя 8 груп ключавых кампетэнцый цалкам, а складала свае, узяўшы іх за аснову?

Кожная краіна мае свае асаблівасці і спецыфічныя патрэбы, таму і будуе сістэму адукацыі найперш для сябе, для нацыянальнага дабрабыту, а не для глабальнага свету і больш заможных суседзяў. І толькі ў нас склалася так, што 25 год існуе незалежная дзяржава Беларусь, а наша школа дагэтуль не ведае, каго рыхтуе на выхадзе: беларуса? Савецкага чалавека? Рускага са знакам якасці? Грамадзяніна СНД? Патэнцыйнага эмігранта?

На аснове глабальных даследаванняў (дзякуй за іх Еўракамісіі!) і патрэбаў Беларусі мы павінны сфармаваць сваё бачанне кампетэнтнага вучня.

А пакуль адукацыйнае заканадаўства не дае нам арыенціраў, мы губляем моладзь. Адны беларусы, вырасшы без нацыянальных каштоўнасцяў, стаяць у чарзе па “карту паляка” і без долі сумнення адракаюцца ад сваіх каранёў, падпісваючы паперку пра прыналежнасць да польскага народу. Яны не задумваюцца, што іх нацыянальны гонар ацэньваеца ў кошт візы. Ці будуць іх пасля гэтага паважаць? Другія, пачуўшы прапагандысцкія заклікі расійскіх СМІ, якія бесперашкодна дамінуюць у нашай інфармацыйнай прасторы, хапаюцца за зброю і гінуць на Данбасе за чужыя нацыянальныя інтарэсы, забіваючы пры гэтым яшчэ і ўкраінцаў на іх жа зямлі. Трэція, якія трапляюць далей на Захад, каб застацца, выглядаюць недарэкамі, бо і ў Амерыцы прынята ведаць свае карані і культуру сваіх продкаў. А чацвертыя, якія засталіся ў Беларусі, не адчуваюць сябе на Радзіме – бо тут пануе руская школа, рускі поп, і пагражае рускі штык. І таму надта вінаваціць тых першых, другіх і трэціх не выпадае – у беларускай моладзі няма свайго месца, дзе іх цэняць і чакаюць, дзе яны – гаспадары сваёй зямлі. Бацькі і настаўнікі не вераць, што ёсць механізмы памяняць сітуацыю, каб дзяржава павярнулася тварам да моладзі, а не выпіхвала яе эканамічна і палітычна ў эміграцыю.

Першая задача нашай школы – сфармаваць актыўнага грамадзяніна-беларуса, які б сам будаваў для сябе прастору для камфортнага жыцця, а не чакаў, калі зменіцца палітычная сітуацыя, з’явяцца эканамічныя свабоды. Для гэтага нам найперш патрэбна збудаваць нацыянальную сістэму адукацыі, зарыентаваную на грамадскае ўладкаванне ў Беларусі і дабрабыт сваіх грамадзян. Грамадзянскія кампетэнцыі для нас не менш важныя, чым працоўныя, камунікатыўныя ці якія яшчэ. Інакш мы рызыкуем страціць новае пакаленне наогул.

Сярод грамадзянскіх кампетэнцый абавязкова павінна быць частка, звязаная з удзелам у кіраванні сваёй дзяржавай: забеспячэнне змяняльнасці ўлады праз адкрытыя дэмакратычныя выбары, павага да дэмакратычных працэдур. Інакш няма гарантыі, што мы не будзем мець ва ўладзе марыянетку - правадніка чужых інтарэсаў. У дзейнасным складніку  грамадзянскай кампетэнцыі павінна быць адстойваньне сваіх правоў і сфармаваная суадказансьць за лёс дзяржавы, толькі тады дзяржава будзе свая. Пакуль жа наша дзяржава не атаясняецца з грамадствам, бо у іх розныя інтарэсы.

Змест адукацыі павінен быць беларусацэнтрычным: накіраваным на наш рынак працы, нашу беларускую ментальнасць, на фармаванне нацыянальнай самасвядомасці. У такой беларусацэнтрычнай сістэме не можа быць прадмета з назвай “Великая отечественная война советского народа”. Такога народа няма, спроба яго стварыць у СССР была няўдалай, і не трэба дэзарыентаваць нашых дзяцей. Гісторыкі прапануюць назваць курс “Беларусы ў Другой сусветнай вайне”, тады ўсё стане на месца.

Руская літаратура павінна выкладацца ў межах замежнай, у праграме якой Дастаеўскі і Булгакаў будуць вывучацца побач з Гётэ, Шылерам, Байранам і Шэкспірам. Тады беларусу будзе зразумелым, што тургенеўскі “барин” і ягоная жонка – “толстая злая баба”, тое жудаснае прыніжэнне сялян, жанчын – гэта чужая ментальнасць, гэта не мы, не нашыя продкі. У нас,  еўрапейцаў, чалавек заўсёды быў важнейшы за яго «сословие».  Праграма ж беларускай літаратуры павінна ўключаць найлепшыя творы беларускіх мысляроў і сучасных выдатных аўтараў, бо ў савецкія часы роля прадметa была – паказаць другаснасць беларускай літаратуры ў параўнанні з вялікай рускай, таму ў праграме не было ні Гарэцкага, ні Мрыя, ні Жылкі, ні Разанава. Я ўпэўнена, што эсэ Ігната Абдзіраловіча “Адвечным шляхам”, прынамсі яго першая частка, і версэты Алеся Разанава павінны абавязкова вывучацца і абмяркоўвацца ў беларускай школе.

Аднак сфармаваць змест школьных праграм дакладна можна будзе толькі пасля вызначэння спісу базавых кампетэнцый беларуса. І гэта павінны быць спіс, складзены грамадствам для сябе, для Беларусі.

Калі не атрымаецца нам дачакацца беларускага адукацыйнага заканадаўства, якое будзе арыентаванае на сваю краіну, на дапамогу, а не перашкоду  адукацыі выконваць сваю місію – будаванне сучаснай беларускай нацыі, прыдзецца рабіць гэта самім. Паціху, па-беларуску, негвалтоўнымі метадамі, інтуітыўна настаўнікі і цяпер гэта робяць. Галоўнае – мець ва ўласнай галаве яснае разуменне сваёй задачы і сістэму каштоўнасцяў.