Прызнаў увесь свет, акрамя… аўтараў беларускіх падручнікаў

АК, belsat.eu

Аўтар «Гісторыі Беларусі» для 11 класу «нічога не ведае» пра існаванне дакументальных доказаў адказнасці чэкістаў за трагедыю ў Катыні.

Такія цікавыя звесткі знайшоў гісторык Зміцер Дрозд, выпадкова гартаючы агульнашкольны падручнік па роднай гісторыі. Аўтар кнігі – 77-гадовы доктар навук, прафесар Яўген Новік, у мінулым даследчык гісторыі Камсамолу. Расейскамоўны падручнік выдадзены адносна нядаўна, у 2009 годзе.

«Версія пра віну НКУС не мае дакументальных пацвярджэнняў»

staronka-pra-katyn

На с. 151 ідзецца пра трагедыю ў Катыні, пад Смаленскам, дзе органы НКУС расстрэльвалі палонных польскіх афіцэраў увесну 1940 году:

«Праводзіліся шматлікія расследаванні, але і цяпер праз адсутнасць неабходных дакументальных матэрыялаў і жывых сведкаў гэтай трагедыі дакладна не ўстаноўлена, якая краіна вінаватая ў расстрэле польскіх афіцэраў».

Далей аўтар мякка падводзіць да старой савецкай версіі, маўляў, ва ўсім вінаватыя немцы:

«У некаторых гістарычных даследаваннях сцвярджаецца, што «гэтае злачынства было здзейсненае органамі НКУС паводле рашэння Палітбюро ЦК ВКП(б)». На сённяшні дзень згаданая версія не мае дакументальных пацвярджэнняў. Другая версія – ваеннапалонных польскіх афіцэраў расстралялі фашысцкія карныя войскі пасля акупацыі Смаленшчыны Нямеччынай у 1941 г».

Мільён старонак дакументальных доказаў

zmicier-drozd

Для даследчыка і архівіста Зміцера Дразда, які спецыялізуецца акурат на гісторыі ХІХ і ХХ стст., такое «адкравенне» сталася сапраўдным шокам:

«Вядома, што яшчэ цягам Нюрнбергскага працэсу саветы спрабавалі спіхнуць адказнасць за Катынь на немцаў, але гэтыя дакументы не прайшлі – нічога не атрымалася. Таму ў выраку над нямецкімі вайсковымі злачынцамі гэты эпізод адсутнічаў. З часоў Гарбачова, а далей – пры Ельцыне, Пуціне, Мядзведзеве – ніхто з боку расейскіх уладаў не аспрэчваў савецкую адказнасць за тыя расстрэлы».

Яшчэ больш гісторыка здзівіла нібыта «адсутнасць дакумантаў» па Катынскай справе. Бо ў Польшчу з боку Расеі перададзены каля сямі дзясяткаў тамоў крымінальных справаў, што складае каля мільёну старонак дакументаў.

«Для гісторыкаў усяго свету пастаўленая кропка: польскіх афіцэраў расстрэльвалі НКУСаўцы, – працягвае Дрозд, – Пытанні засталіся, магчыма, у колькасці і датах, але сам факт бясспрэчны. Не ведаю, на што арыентаваўся аўтар падручніка, пішучы яўную няпраўду!»

«Трызненне ў стылі савецкіх падручнікаў 1950-х»

jauhien-novik

Зрэшты, гэта далёка не адзіны спрэчны момант у падручніку. Напрыклад, Новік піша пра «ўз’яднанне» Беларусі з Расеяй пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст., адзначаючы, што «…сярод народу жыла мара і памяць пра агульную дзяржаву…». Хоць «агульная дзяржава», нават калі такой лічыць Кіеўскую Русь, сышла ў нябыт за пяць стагоддзяў да гэтага.

Пра 1939 наагул напісана трагікамічна, маўляў, немцы ледзьве не прымушалі СССР напасці на Польшчу і забраць усю тэрыторыю ажно да Варшавы. Аднак Саюз «не паддаўся на правакацыю» і абмежаваўся Заходняй Беларуссю ды Украінаю.

«Усё гэта нагадвае наіўнае дзіцячае трызненне ў стылі савецкіх падручнікаў 1950-х гадоў, – рэзюмуе Дрозд, – Дарэчы, наконт масавых сталінскіх рэпрэсіяў супраць інтэлігенцыі ды іншых пластоў грамадства я наагул не знайшоў нічога. Гэтаму варта было прысвяціць параграф, але няма нават абзацу».

Варта дадаць, што яшчэ ў 2012 годзе падчас інтэрв’ю газеце Народнае Слова» прафесар Новік супрацьпастаўляў свае падручнікі, «больш зручныя і напісаныя даступнай мовай», падручнікам, надрукаваным у 1990-я. Галоўная ж заслуга сучасных падручнікаў, паводле Новіка, у тым, што яны «не палітызаваныя».

Каментар Настаўніка.info: На жаль, аўтар прааналізаваў падручнік, па якім ужо не вучацца. Аднак актуальны падручнік не пазбаўлены указаных хібаў. Прапануем артыкул В. Вячоркі па гэтай жа тэме.