«Парушэнні, якія дапусцілі тыя, хто адпраўляў 13-гадовую школьніцу на ўборку бульбы, відавочныя»

Наталля Тур, Рэгіянальная газета

Лічыць начальнік Мала­дзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Дзяніс Томашаў. І ці павінны ўвогуле школьнікаў адпраўляць на бульбу, разбіраемся разам з нашым суразмоўцам.

Пасля трагедыі, якая здарылася ў чацвер, 29 верасня, калі падчас уборкі бульбы загінула 13-гадовая школьніца, з’явілася шмат пытанняў.

Па-першае, гэта, канешне ж, хто вінаваты?  Але на гэтае пытанне зможа адказаць толькі суд, калі скончыцца следства.

Другое пытанне, на якое паспрабуем адказаць мы: ці адпускаць сваіх дзяцей на сельскагаспадарчыя работы.

Разбірацца ў тонкасці заканадаўства нам дапамагае Дзяніс Томашаў, начальнік Мала­дзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.

– Заключэнне працоўнага дагавора, згодна з заканадаўствам, дапускаецца толькі з асобамі, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту.

Калі дзіцяці 14 гадоў, то з ім можа быць заключаны працоўны дагавор толькі з пісьмовага дазволу бацькоў.

– І то, такі дагавор можа быць заключаны толькі на выкананне лёгкай працы, дзе няма фактараў, якія мы адносім да небяспечных. Патлумачу: там, дзе выкарыстоўваюцца рэчывы, якія могуць нашкодзіць здароўю дзіцяці, або там, дзе працуе тэхніка з усялякімі “веялкамі” і “сеялкамі”, дзяцей увогуле быць не павінна. Тое ж датычыцца і ўборкі бульбы.

На полі, дзе працуе тэхніка, дзіцяці знахо­дзіцца забаронена.

Акрамя таго,  перанос і перасоўванне непаўналетнімі цяжару ўручную рэгламентаваныя міжгаліновымі правіламі па ахове працы пры правядзенні пагрузачна-разгрузачных работ, зацверджаных пастановай  Міністэрства працы і сацыяльнай абароны РБ №173 ад 12  снежня 2005 года.

Згодна з гэтым заканадаўчым дакументам, дзіцяці, якому 14 год, дазволена падымаць і пераносіць цяжар, вага якога не перавышае трох кілаграмаў.

– Парушэнні, якія дапусцілі тыя, хто адпраўляў 13-гадовую школьніцу на ўборку бульбы, відавочныя. Адказны за гэта, па-першае, павінны быў пераканацца ў тым, што дзіцяці споўнілася 14 гадоў, што ў яго ёсць медыцынская даведка, якая дазваляе выконваць фізічную працу.

На пытанне, ці адпраўляць дзяцей дапамагаць калгасам, Дзяніс Томашаў адказаў:

– Толькі з пісьмовага дазволу бацькоў.

Са словамі Дзяніса Томашава пагадзілася і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Іна Драпеза:

– Канешне, адпраўляць дзіця на бульбу ці не, вырашаюць толькі бацькі. Ніхто не ў праве прымушаць дзіця. Больш я нічога каментаваць не буду. Ідзе следства, хай там і разбіраюцца, хто вінаваты.

Яшчэ адно пытанне, якое актыўна абмяркоўваюць маладзечанцы, гэта чаму на бульбу адпраўляюць школьнікаў, калі ў горадзе шмат беспрацоўных:

Начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Маладзечанскага райвыканкама Вольга Майстрэнка расказала “Рэгіянальнай газеце”, што паміж СВК і ўпраўленнем заключаны дагавор.

– Калі чалавек хоча паехаць на ўборку бульбы, ён павінны прыйсці да нас і напісаць заяву. Мы яшчэ не адмовілі нікому. Штодзённа мы адпраўляем на ўборку бульбы каля 50 беспрацоўных. СВК за гэта разлічваецца і бульбай, і грашыма. За дзень працы работнік атрымоўвае 10 – 12 рублёў.

Недахопу ў працоўнай сіле, прызнаецца Вольга Майстрэнка, у Мала­дзечне няма.