Выкарыстанне сацыяльных сетак у працы з навучэнцамі

Педагог-псіхолаг лідскай СШ №11 Артур Адамовіч

Сёння інтэрнэт стаў другой рэчаіснасцю, а камунікатыўныя сеткі выбудоўваюцца пераважна праз сацыяльныя сеткі. Гэта месца для зносін, абмену інфармацыяй, пошуку інфармацыі, задавальнення сваіх ўнутрыасабовых патрэбаў, маркетынгу, адукацыі і г.д. Але я хацеў бы зрабіць акцэнт на адукацыі і задавальненні ўнутрыасабовых патрэбаў. Рушым па парадку:

Адукацыя

Са свайго досведу магу ўпэўнена сказаць, што сацыяльныя сеткі – гэта тое самае месца, дзе можна займацца з групай вучняў адукацыяй. Для гэтага дастаткова стварыць чат і ў рэальным часе дзяліцца карыснымі спасылкамі, абмяркоўваючы іх, уносячы карэктывы. Так вельмі зручна выбудоўваць асветніцкую і прафілактычную працу. Пры гэтым вучань больш актыўна ўключаецца ў такі від дзейнасці, паколькі ён сядзяць дома, ва ўтульным, зручным месцы, дзе ніхто не дае ацэнкі ягонаму знешняму выгляду, дзе ён мае права быць самім сабой. Выкарыстоўваць у такой працы можна любы кантэнт з інтэрнэту (аўдыё, відэа, тэкст і г.д.). Паралельна прапрацоўваюцца навыкі паводзін у інтэрнэт-прасторы (уменне працаваць з тэкстам, уменне даносіць інфармацыю так, каб яе зразумелі іншыя, пісьменнасць, навыкі павагі пры зносінах). Дзеці навучаюцца такім найпрасцейшым навыкам інфармацыйнай гігіены, як:

- правільнае выкарыстанне персанальных звестак
- рэзервовае капіяванне
- шыфраванне звестак
- блакаванне або рэгуляванне і выдаленне cookies

Задавальненне асабовых патрэбаў

Усе мы хочам быць прызнанымі, атрымліваць увагу, быць паспяховымі, пры гэтым выдаткоўваць як мага менш асабістых рэсурсаў на гэта. Сацыяльныя сеткі выконваюць гэтую функцыю як найлепш. Бо ўсяго толькі трэба: запампаваць асабістае фота і дадаць да яго тэкставую інфармацыю (часцей за ўсё выдуманую), або зрабіць «репост» нейкага тэксту з супольнасці – і мы атрымліваем вялізную колькасць «лайкаў» і каментароў. Гэта якраз і ёсць тыя самыя ўвага, прызнанне, якія чалавек атрымлівае, выдаткоўваючы на гэта мінімальную колькасць асабістых рэсурсаў. Не выключаем і магчымасць рэгуляваць гэтае прызнанне: дастаткова проста выдаліць непажаданы каментар, ці адправіць у чорны спіс нязручнага сябра – і мы атрымліваем сябе заўжды ідэальнага. Часта такія паводзіны прыводзяць да інфантылізму, кліпавага мыслення і залежнасці.

Трэба разумець, што такое жаданне вылучыцца, быць не як усе, паказаць і кампенсаваць тое, чаго насамрэч няма ў чалавека – гэта дэманстрацыя і перабольшанне сваіх якасцяў, а узнагародай за ўсё гэта ёсць псеўдапаспяховасць.

Магчыма таму сацыяльныя сеткі гэтак прыцягваюць дзяцей і падлеткаў.

На старонцы падлетка пра яго кажа літаральна ўсё:

- аўдыяфайлы, якія ён слухае
- групы, у якія ён уваходзіць
- каментары, якія ён пакідае
- відэафайлы, якія ён глядзіць

Усё гэта можна выкарыстоўваць для прафілактыкі, інфармацыйна-асветніцкай працы.

Важна разумець, што нельга адгароджваць дзіця ад таго, што знаходзіцца вакол яго, трэба навучыць яго паспяхова функцыянаваць, быць адаптыўным, умець знаходзіць інфармацыю. Працуйце з вучнямі, на іх полі, у адказ атрымаеце давер, павагу і сумленнасць.

http://www.nastaunik.info/sites/default/files/news/image_extra/clip.gif