Выпрабавана на сабе: як адкрыць адзіную ў горадзе беларускамоўную групу садка

Сваім досведам з «Нашай Нівай» падзялілася Наталля Святкіна, намаганнямі якой з’явілася беларускамоўная група ў адным з гарадзенскіх садкоў.

«Сама я родам з Мінска, але па сямейных абставінах у 2006 годзе пераехала ў Гродна – выйшла туды замуж.

Сама я стала размаўляю па-беларуску прыкладна з 2003 года. Я вучылася ў педагагічным каледжы, скончыла яго ў канцы 90-х. Можа, і вучоба трохі паўплывала, у нас былі добрыя выкладчыкі, вельмі інтэлігентная атмасфера. Але я яшчэ была вельмі рускамоўная, мой тата вайсковец, родам з Расіі, і я была вызваленая ў школе ад вывучэння беларускай.

І вось аднойчы мы штосьці вельмі горача абмяркоўвалі з сябрамі, пра расы, нацыі і нацыянальнасці, і адзін хлопец сказаў: «Вось вы, беларусы, таксама быдла. У вас ёсць мова, а вы ёй не карыстаецеся». І наступнай раніцай я прачнулася і падумала: не, я не быдла.

І я спачатку пачала сама з сабою размаўляць па-беларуску, а потым ужо і з людзьмі. Думала, што будзе цяжка: як адрэагуюць даўнія знаёмыя? Але аказалася, што і тыя гавораць на беларускай, і гэтыя… Ну, і далей ужо «панеслася».

Наталля з сынам Францішкам.

Дык вось, у Гродне ў 2009 годзе ў мяне нарадзіўся сын. Назвалі Францішкам. Муж мой таксама беларускамоўны, мы пачалі адразу задумвацца, што будзем рабіць, калі малое падрасце.

Фактычна, як дзіця нарадзілася, я пачала збіраць аднадумцаў праз сацсеткі. Я ж спачатку думала, што Гродна — цэнтр беларускага нацыяналізму, аказалася, што не. Беларускай групы ані ў адным садку не было. Раней калісьці былі, але падказаць, да каго звярнуцца, каб аднавіць гэтую справу, ніхто не мог.

Я зразумела, што павінна ўзяць працэс у свае рукі. Пачала хадзіць па чыноўніках.

Насустрач ішлі не заўсёды. Часам нават перашкаджалі. Ходзіш па інстанцыях, табе прыгожа адказваюць: «Вядома, у нас усё ёсць і педагогі, і метадычная літаратура». А калі даведваюцца, што я хачу стварыць беларускамоўную групу, то адразу ўзнікаюць праблемы: бо хочуць, каб усе дзеці пайшлі ў адзін сад, у які павінны ісці «па прапісцы», каб было 20 чалавек, і гэтак далей.

Часам было нават так: мае знаёмыя хадзілі ў аддзел адукацыі, запісаліся, што хочуць аддаць дзіця ў беларускі садок. І я прыходжу пазней у той жа аддзел са спісам дзесяці ахвотных, а ў чыноўнікаў гэтых імёнаў няма. І мяне пераконваюць, што ніхто нікуды не запісваўся. А потым высвятляецца, што там тры камп'ютары, і адных запісвалі на правым, другіх на левым, а трэба было ўсіх на тым, які стаіць пасярэдзіне, а яшчэ нейкія імёны згубілі, бо запісалі на паперцы…

Але, нарэшце, спісы ахвотных мы сінхранізавалі. А мяне тады ўжо больш-менш ведалі, што я займаюся гэтай справай. І людзі пачалі расказваць, што калі яны прыходзяць наўпрост у садок, дзе мы хацелі адкрыць беларускую групу, то іх адгаворвае там загадчыца, кажа: «Навошта вам гэта, тут будуць хадзіць свядомыя такія, хто ў сем’ях размаўляе па-беларуску, а ў вас жа такога няма».

Агулам я займалася гэтым прыкладна два з паловай года, ці не з самага нараджэння сына. Але, нарэшце, мы сабралі двухузроставую групу, максімум па санітарных нормах у якой можа быць 12 чалавек. Нам выдзелілі садок у цэнтры, бо ўсе былі з розных раёнаў, тут аддзел адукацыі ўжо пайшоў нам насустрач.

І тут, за тыдзень да пачатку навучальнага года, паўстала новая праблема: раней казалі, што ёсць і педагогі, і выхавацелькі, але высветлілася, што няма. Узялі на пасаду нашу знаёмую, якую ў аддзеле адукацыі спачатку браць не хацелі.

Так і адкрылася наша група. На 1 верасня прыйшло толькі васьмёра. Але ну хоць яны!

А пасля першага года наша група пачала лічыцца прэстыжнай. Паўсюль садкі перапоўненыя, а ў нас дзяцей мала. Пачалі ў нас з’яўляцца і новыя дзеці, і іншыя выхавацелі. На выпускны ў нас было ўжо 15 дзяцей.

А калі нашы дзеці падраслі, то ў гэтым жа садку адкрылі яшчэ адну белмоўную групу. Ужо такіх намаганняў бацькам прыкладаць не трэба было, адкрылі даволі спакойна.

Ну вось, а сёлета нашы дзеці з садка выйшлі. Я з сынам па сямейных прычынах пераехала ў Мінск. Мой Францішак паступіў у 23-ю гімназію.

Ці застануцца ў будучыні гэтыя беларускамоўныя групы ў гарадзенскім садку – не ведаю. Бо заўсёды трэба, каб хтосьці гэта цягнуў. Я магла сабе гэта дазволіць, бо мела інтарэс і мела час. Калі такога чалавека не будзе — усё, баюся, вернецца паціху да старога «балота».

Калі хтосьці хоча таксама стварыць беларускую групу ў садку свайго горада, то я скажу наступнае. Адкрыць такую групу можна паўсюль. Аднадумцаў добра шукаць праз сацсеткі. З аддзелам адукацыі абавязкова трэба сябраваць, прычым пажадана сябраваць «зверху», бо гэта такая строгая вертыкаль… І рабіць, рабіць, рабіць.

Некаторыя нават апазіцыянеры любяць казаць, маўляў, «Дайце нам!» ці «А дзяржава павінна!..». Дык пачынайце рабіць першыя крокі самі, тады вам дадуць. Бо я магу зразумець і аддзел адукацыі: часам лямант «Адчыніце нам садок!» ёсць, а заяваў да іх ніхто так і не нясе. Нясіце заявы, абмяркоўвайце раён, збірайце бацькоў-аднадумцаў… Карацей, дзейнічайце — і ўсё ўдасца».

Гутарыў Улад Швядовіч, nn.by