«Галасы паэтаў» (змест, mp3)

Днямі пабачыў сьвет зборнік аўдыёзапісаў 60 беларускіх паэтаў, якія чытаюць свае вершы. Дыск называецца «Галасы паэтаў».

svaboda.org

Выданьне падрыхтавала сьпявачка Тацяна Грыневіч-Матафонава, запісы яна зьбірала чатыры гады.

З 60 паэтаў, запісы якіх увайшлі ў збор, 18-ць ужо ў Вечнасьці. Сярод іх Якуб Колас, Янка Купала, Ларыса Геніюш, Пімен Панчанка, Натальля Арсеньнева, Анатоль Сыс, Рыгор Барадулін і іншыя.

Сярод сучасных паэтаў, якія начыталі свае творы для дыска, — Уладзімер Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Сяржук Сокалаў-Воюш, Андрэй Хадановіч, Алег Мінкін.

Тацяна Грыневіч-Матафонава кажа, што праект быў задуманы пасьля кур’ёзнага выпадку, пра які ёй расказалі ў адной менскай школе.

«Мы разам з паэтам Міхасём Скоблам выступалі перад вучнямі і настаўнікамі. Пасьля, ужо за гарбаткай, настаўніца беларускай літаратуры запытала ў нас, хто такі Віктар Жыбуль, ці ведаем мы такога паэта. Справа ў тым, сказала яна, што вершы Жыбуля прынёс на заняткі па сучаснай літаратуры нехта з вучняў. Але, як аказалася, настаўніца ня ведала, што ёсьць такі сучасны паэт. Яна сказала, што была разгубленая ад гэтага. Пасьля размовы з гэтай выкладчыцай я зразумела, што ёсьць праблема няведаньня выкладчыкамі сучаснай беларускай літаратуры. І прыйшла да думкі, што трэба рабіць такі дапаможнік — ён будзе карысны для настаўнікаў, якія змогуць слухаць разам з вучнямі беларускія вершы ў выкананьні саміх беларускіх паэтаў».

42 сучасныя паэты начытвалі свае вершы ў студыі. А вось галасы тых, хто ўжо адышоў, давялося шукаць па сваяках і знаёмых:

«Галасы паэтаў, якія ўжо адышлі, шукаць было цяжка. Шмат якія з гэтых галасоў захоўваюцца на вінілах, іх трэба было пераводзіць у лічбавы фармат. Іншыя запісы шукалі ў сваякоў і сяброў паэтаў — усе дапамагалі як маглі. Добрай дапамогай стала тое, што раней ужо выходзілі дыскі з галасамі Ларысы Геніюш, Натальлі Арсеньневай, Уладзімера Караткевіча — іх можна было дадаць на наш дыск».

Колькасьць вершаў, якія чытаюць паэты, розная. Але на кожнага прыпадае ня больш за 10 хвілін.

Укладальніца лічыць, што «Галасы паэтаў», выдадзеныя на аўдыёдыску, — гэта зусім ня тое самае, калі б гэтыя самыя вершы былі выдадзеныя ў папяровым зборніку.

«Вельмі цікава паслухаць, як хто чытае свае вершы. У людзей вельмі розныя галасы — нехта чытае вельмі выразна, нехта хуценька, нават бубніць. Можна аналізаваць акцэнты — па іх можна зразумець, хто ў якіх частках Беларусі жыў. Таксама вельмі цікава адсочваць, як паэты вымаўляюць „г“, „р“ і „ч“. Інтанацыя, вымаўленьне — гэта ўсё важна для разуменьня асобы чалавека, дый проста для таго, каб зразумець, што паэт — гэта чалавек, а ня толькі радкі ў кнізе».

Дыск будзе распаўсюджвацца па беларускіх школах. Знайсьці яго можна будзе таксама ў менскай кнігарні «ЛогвінаЎ», у «Арт-сядзібе», а лічбавы варыянт — у інтэрнэце.

«Гэта не камэрцыйны праект. Мне цяжка, робячы такую справу, рабіць ухіл на камэрцыю. Але я спадзяюся, што людзі будуць разумець, што, на жаль, немагчыма выдаць дыск бясплатна, і дапамогуць, калі хто будзе мець магчымасьць. Фінансавая падтрымка пойдзе або на новы наклад „Галасоў паэтаў“, або на рэалізацыю наступных праектаў. Напрыклад, цяпер рыхтую дапаможнік па беларускіх танцах. А ўвогуле цяпер чатыры праекты ў рабоце. Добра, што знаходзяцца людзі, якія разумеюць, што гэта карысная справа для Беларусі», — патлумачыла Тацяна Грыневіч-Матафонава.

ЗМЕСТ:
Янка Купала
Якуб Колас
Ларыса Геніюш
Пімен Панчанка
Максім Танк
Наталля Арсеннева
Пятрусь Броўка
Анатоль Вялюгін
Яўгенія Янішчыц
Уладзімір Караткевіч
Анатоль Сыс
Ніна Мацяш
Рыгор Барадулін
Генадзь Бураўкін: Я не ганю землі чужыя
Таццяна Сапач: Блукаю па вузкіх вулках 
Ніл Гілевіч: Вы шуміце, шуміце
Васіль Зуёнак
Раіса Баравікова
Анатоль Вярцінскі
Алесь Разанаў
Данута Бічэль
Сяргей Панізьнік
Васіль Жуковіч
Сяргей Законнікаў
Антаніна Хатэнка
Уладзімір Някляеў
Уладзімір Арлоў
Хрысціна Лялько
Леанід Дранько-Майсюк
Эдуард Акулін
Сяргей Сыс
Галіна Дубянецкая
Міхась Скобла
Славамір Адамовіч
Ірына Хадарэнка
Сяржук Сокалаў-Воюш
Алег Мінкін
Алесь Аркуш
Ірына Багдановіч
Юрась Пацюпа
Алесь Пашкевіч
Іна Снарская
Мікола Касцюкевіч
Сяргей Чыгрын
Ала Петрушкевіч
Зніч
Віктар Шніп
Аксана Спрынчан
Серж Мінскевіч
Андрэй Хадановіч
Валярына Кустава
Усевалад Сцебурака
Віталь Рыжкоў
Наталля Кучмель
Анатоль Івашчанка
Віктар Жыбуль
Віка Трэнас