9 снежня – моўная сустрэча з Надзеяй Старавойтавай

Мовазнаўцы Вінцук Вячорка, Пётра Садоўскі, Надзея Старавойтава запрашаюць на 31-шы сэзон Моўных сустрэчаў пад эгідай Асамблеі дэмакратычных недзяржаўных арганізацыяў і Таварыства беларускай школы. Сэрыя навучальных і дыскусійных сэмінараў "Моўныя сустрэчы" – для тых, хто сам актыўна карыстаецца беларускай мовай і хоча паглыбіць свае веды.

Серада, 9 сьнежня, 18.30, Арт Сядзіба 

Надзея Старавойтава
мэдыявіст, кандыдат філялягічных навук, дацэнт БДЭУ, літаратарка

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ АДМЕТНАСЬЦЬ БЕЛАРУСКАЕ ЛЕКСЫКІ: НАШАЯ ПРЫРОДА

“Зрок, слых, нюх, смак i вошчуп даюць распазнаць, што нас акружае з надворнага сьвету” (Б. Тарашкевіч)

Мы спазнаем навакольле й родную мову праз нашыя пяць пачуцьцяў: бачым, чуем, нюхаем, смакуем ды мацаем… словы вакол нас. Яны могуць быць выразныя й прывідныя, гучныя й ціхмяныя, салодкія й гаркавыя, цупкія й шорсткія. Мы можам адчуваць беларускія словы, бо яны сугучныя нашай душы, яны ўнутры нас, як сонца. Як нацыянальная адметнасьць беларускае лексыкі выяўляецца ў прыродзе, у целе й душы чалавека? Ці гэта прырода ўвасобленая ў нас?

“Час, калі рукаюцца душы” і “Ноч мае форму яйка” – што меў на ўвазе Рыгор Барадулін?

Назовы пальцаў па-беларуску: да чаго падобная нашая рука? Адкуль паходзіць жарганізм “усё пучком”?

Чаму беларусы называюць дарагіх сэрцу людзей – “альясік мой”, “ясачка мая”,  “зорачка мая”, “зязюлька мая”, “сэрцайка маё” – прыроднымі аб’ектамі? Чаму мы абавязкова падкрэсьліваем прыналежнасьць “мой – мая”? А чаму ва ўкраінцаў пераважае адваротная канструкцыя – “моя зіронько”, “моє серденько”?

Чаму мы называем свае кветкі – “браткі”, а ў расейцаў гэта – “анютины глазки” (хіба яны рознага колеру)?

Андрэйка, васёк, стасік – што за таямнічая беларуская жамяра (кузуркі, насякомыя)?

Пачатак а 18.30. Уваход вольны. Арт Сядзіба, пр. Незалежнасьці, 58, гандлёвы цэнтар "Маскоўска-Венскі" (праз дом ад ЦУМу). 4 паверх (у правым пад'езьдзе ёсьць ліфт). Пакой 430.