25 лістапада – моўная сустрэча з Надзеяй Старавойтавай

Мовазнаўцы Вінцук Вячорка, Пётра Садоўскі, Надзея Старавойтава запрашаюць на 31-шы сэзон Моўных сустрэчаў пад эгідай Асамблеі дэмакратычных недзяржаўных арганізацыяў і Таварыства беларускай школы. Сэрыя навучальных і дыскусійных сэмінараў "Моўныя сустрэчы" – для тых, хто сам актыўна карыстаецца беларускай мовай і хоча паглыбіць свае веды.

Серада, 25 лістапада, 18.30, Арт Сядзіба
                                                                           
Надзея Старавойтава
мэдыявіст, кандыдат філялягічных навук, дацэнт БДЭУ, літаратарка

ЭТНАСЫНТАКС: АДМЕТНЫ СТЫЛЬ І МЭНТАЛІТЭТ НАЦЫІ

Кожная мова паступова назапашвае толькі ёй уласьцівыя звароты. Лінгвісты суха завуць іх “сынтаксічнай ідыяматыкай”, а пісьменьнікі ахрысьцілі іх “душою мовы”, бо акурат тут выяўляецца адметнасьць думак і пачуцьцяў, урэшце, характар этнасу. Без спасьціжэньня сынтаксу немажліва дасканала авалодаць моваю. А беларускую мову “трэба сёньня лячыць ад… каросты шматвяковае русіфікацыі, ад суцэльнага калькаваньня, вызваляць з-пад чужой ёй структуры” (Кастусь Цьвірка).

Як беларуская талерантнасьць і добразычлівасьць выказваюцца на роўні сынтаксу? Прыкладам, мы кажам: “жартаваць зь няўмекі, сьмяяцца з лайдака,”, а расейцы – “подтрунивать над неумекой, смеяться над лодырем“… мы кажам: “(а)жаніцца з суседкай”, а расейцы – “жениться на соседке”. Тут у беларускай мове суб’ект і аб’ект знаходзяцца ў раўназначнай пазыцыі (пасыл талерантнасьці), а ў расейскай мове наадварот – суб’ект мае перавагу над аб’ектам (адсутнасьць такога пасылу).

Як нарадзіўся народны анэкдот пра тое, што “За вадой да дабра ня дойдзеш?”

Чым сілкуюцца беларусы, калі не “сьвятым духам”? Пра што размаўляюць беларусы й аб што … ШТО? J

Каму баліць сэрца? Да каго падобная дачка? Ці сын вышэйшы супраць бацькі? А хто разумнейшы над усіх? Ці насамрэч трава расьце ў пояс, а захварэць можна й праз чэрствасьць? На дварэ – лістапад, бярэцца на мароз… АЛЕ ПРЫХОДЗЬЦЕ! J

Пачатак а 18.30. Уваход вольны.

Арт Сядзіба, пр. Незалежнасьці, 58, гандлёвы цэнтар "Маскоўска-Венскі" (праз дом ад ЦУМу). 4 паверх (у правым пад'езьдзе ёсьць ліфт). Пакой 430.