18 лістапада – моўная сустрэча з Пётрам Садоўскім

Мовазнаўцы Вінцук Вячорка й Пётра Садоўскі запрашаюць на 31-шы сэзон Моўных сустрэчаў пад эгідай Асамблеі дэмакратычных недзяржаўных арганізацыяў і Таварыства беларускай школы. Сэрыя навучальных і дыскусійных сэмінараў "Моўныя сустрэчы" – для тых, хто сам актыўна карыстаецца беларускай мовай і хоча паглыбіць свае веды.

Серада, 18 лістапада, 18.30, Арт Сядзіба
                                                                           
Пётра Садоўскі
лінгвіст, кандыдат філялягічных навук, Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар

МОВА ВЫБІРАЕ: ЦАРКОЎНАСЛАВЯНІЗМЫ, ЛАЦІНІЗМЫ, НАРОДНАЯ ТРАДЫЦЫЯ?

Усе мовы пазычаюць адна ў адной. Жывучы на скрыжаваньні бізантыйскіх і рымскіх традыцыяў, мы часта сутыкаемся з праблемай выбару слова або нават граматычнай формы. Як і ў час Купалы, мы дагэтуль выбіраем сваю “сьцежачку” і ў мове.
У праваслаўным храме хор і дзяк просяць у Госпада нябёсных дарункаў, міру ды “благорастворения воздухов" ... Апошняе рэдка хто з прыхаджан разумее. Падобна, што і самі “кніжнікі” часам блытаюцца.

У беларускім царкоўным і каляцаркоўным жыцьці чуем: свяшчэннік – сьвятар, пропаведзь – казань, епіцім'я – пакуты, ангел – анёл, распяць – укрыжаваць... Сьвятары як-небудзь дамовяцца. А вось як быць драматургу, які піша рэпліку для маладой дзяўчыны, што сварыцца з суворай маці: “Дык мне што: павязаць хустку ды ў кляштар пайсьці?” А, можа, у манастыр?

“Весь берег реки был покрыт выкарабкивающимися лягушками". Выдзеленае слова – гістарычны падарунак ад царкоўнаславянскай кшталту “жаждущих и страждущих». Перакладчык усходняй арыентацыі, не раўнуючы "ўсходні вучоны" з “Тутэйшых”, напіша – выкараскаваючыміся жабамі. А як скажа рыбак з Глыбокага?

Маладзіца з Камароўкі, у якой я шмат гадоў купляю твораг, масла і малако, ня ведае, што такое “сачэльнік” ці “вігілія”. Яна кажа, як народны паэт, -- на куцьцю.

Пачатак а 18.30. Уваход вольны.

Арт Сядзіба, пр. Незалежнасьці, 58, гандлёвы цэнтар "Маскоўска-Венскі" (праз дом ад ЦУМу). 4 паверх (у правым пад'езьдзе ёсьць ліфт). Пакой 430.