З Днём беларускай школы!

Вінцук Вячорка

У 2015 годзе беларускае школьніцтва адзначае вялікі юбілей, які мела б сьвяткаваць дзяржава, якая лічыць сябе беларускаю.

Роўна сто гадоў таму, пасьля спробаў пад царскай уладай вучыць дзяцей па-беларуску падпольна, была адкрытая першая легальная беларуская школа. Піша гісторык Уладзімер Ляхоўскі:

"Першая беларуская школа ў зоне ОбэрОст была адкрытая 13 лістапада 1915 году ў Вільні на Юраўскай вуліцы дзякуючы стараньням Аляізіі Пашкевіч–Кейрысовай і Баляслава Пачобкі. Пачаткова лік вучняў у школе складаў усяго 36 чалавек, зь якіх былі сфармаваныя 3 узроставыя групы".

Так, школу стваралі знакамітая паэтка Цётка і Баляслаў Пачобка, сьвятар і пэдагог. У школе выкладала нямецкую мову Юльяна Мэнке, нарачоная Івана Луцкевіча. Усе яны разам з Вацлавам Ластоўскім ды іншымі ўваходзілі ў Беларускую школьную камісію на чале з Антонам Луцкевічам. Эліта нацыянальнага руху, не заўсёды згодная міжсобку ў палітычных пытаньнях, супольна займалася беларускім школьніцтвам як прыярытэтнаю справаю.

А што такое зона Обэр-Ост? Так, гэта кароткая пара так званых "першых немцаў" 1915—1918 году. Тыя немцы не рабілі нічога добрага, але імкнуліся, хай каньюнктурна, не варагаваць з нацыянальнымі рухамі былых расейскіх калёніяў. Яны ўсяго толькі не перашкаджалі нацыянальна-моўным справам беларусаў. І за некалькі месяцаў беларусы стварылі каля 200 пачатковых школаў, у тым ліку ў Вільні, і настаўніцкую сэмінарыю.

"Беларуская школа, нарадзіўшыся на Захадзе, перакінулася на Усход і буйна расцвіла тамака…", пісаў Антон Луцкевіч да 10-годзьдзя падзеі. Наагул у міжваенны час дату 13 лістапада беларусы і ў Заходняй, і ў Савецкай Беларусі (да пачатку рэпрэсіяў) ганаравалі як Дзень беларускай школы.

У Заходняй Беларусі душыць толькі што адроджанае школьніцтва па-беларуску пачалі з канца 1920-х гадоў. Таварыства Беларускай Школы, рэальна масавая 16-тысячная арганізацыя, змагалася за родныя школы, але польская ўлада мэтадычна скарачала іхную колькасьць. У мяне перад вачыма тагачасная карыкатура з сатырычнага часопіса "Маланка". Надмагільны помнік са словамі: Тут ляжыць труп беларускае школы.

У Савецкай Беларусі наступ на беларускія школы пачаўся з 1960-х гадоў і да канца 1970-х меў вынікам іх поўнае выкараненьне ў гарадах. Адзіным выняткам у пачатку 1980-х была Наста Лісіцына, чые бацькі дамагліся індывідуальнага навучаньня па-беларуску для яе ў менскай школе № 6.

Але ў 1980-я зьявіўся беларускі нацыянальны рух гарадзкой адукаванай моладзі. І адною зь першых грамадзкіх акцыяў "Беларускай Майстроўні" ў 1983 годзе стала фактычнае адраджэньне ТБШ. Ініцыятыва належала Віктару Івашкевічу – пайсьці па менскім раёне Сьляпянка ад дзьвярэй да дзьвярэй і сабраць подпісы бацькоў школьнікаў за беларускамоўнае навучаньне. Пайшлі з блянкамі заяваў, адрасаваных загадчыку аддзелу народнай асьветы, і тэкстам:

"Прашу стварыць у раёне школу ці клас зь беларускай мовай навучаньня, бо лічу, што маё дзіця павінна атрымаць адукацыю на роднай мове. Права на гэта мне забясьпечвае артыкул 45 Канстытуцыі СССР".

І мелі з сабою і артыкул Канстытуцыі, і выпісы з заканадаўства.

На дзіва, літаральна цягам тыдня сабралі  некалькі соцень подпісаў –нягледзячы на выклікі міліцыі пільнымі служкамі ўлады і наагул прыгнечаную атмасфэру ў грамадзтве.

Пра той незабыўны абыход напісаў песьню Сяржук Сокалаў-Воюш.

Такі стос заяваў можна было падаваць у раённы аддзел адукацыі. І – нечакана – улада саступіла. У 1983 годзе школа № 108 пачала набіраць першыя клясы для навучаньня па-беларуску. Гэта была перамога.

Далей былі наступныя школы, ня толькі ў Менску. У мяне перад вачыма наваполацкая газэта "Хімік" ад 5 красавіка 1986 году з аб'яўкай пра набор шасьцігодак у 4-ю школу – дамагліся сьведамыя навапалачане. А тады садкі і наступныя школы – бо трэба было фармаваць беларускамоўную адукацыйную вэртыкаль. Нэрвы, месяцы змарнаванага часу, дзясяткі сходаў і сотні подпісаў, супраціў адукацыйнага начальства. Намесьнік міністра адукацыі Круглей казаў: "Хотите, чтобы ваш ребёнок обучался на белорусском языке – возите в деревню!"

Але бацькі пры падтрымцы загадчыцы і пэдагогаў дамагліся-такі першага цалкам беларускамоўнага садка № 376 у Менску на вуліцы Някрасава, а неўзабаве і недалёкую 20-ю школу беларусізавалі.

Потым пачаліся 90-я гады – зусім іншая эпоха, якая давала надзею беларускаму школьніцтву. І адроджанае ў 1993 годзе Таварыства беларускай школы на чале з Алесем Лозкам напачатку мела місіяй спрыяць стварэньню наступных беларускіх школаў і садкоў, летнікаў і пазашкольных асяродкаў. Каб потым скарэктаваць сваю місію і стаць іх абаронцамі. Але гэта асобны аповед.

Цяпер ані 108-я, ані 20-я школа (ужо 8-я гімназія), ані 376-ты садок не беларускія. Аднак мой экскурс у гісторыю аптымістычны: беларускі школьны рух нязломны. На якіх толькі гістарычных паваротах, пры самых розных уладах ён дамагаўся свайго. А ў выніку набліжаў беларускую будучыню для Беларусі. З Днём беларускай школы!