11 лістапада – моўная сустрэча з Пётрам Садоўскім

Мовазнаўцы Вінцук Вячорка й Пётра Садоўскі запрашаюць на 31-шы сэзон Моўных сустрэчаў пад эгідай Асамблеі дэмакратычных недзяржаўных арганізацыяў і Таварыства беларускай школы. Сэрыя навучальных і дыскусійных сэмінараў "Моўныя сустрэчы" – для тых, хто сам актыўна карыстаецца беларускай мовай і хоча паглыбіць свае веды.

Серада, 11 лістапада, 18.30, Арт Сядзіба
                                                                           
Пётра Садоўскі
лінгвіст, кандыдат філялягічных навук, Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар

ЦІ ПАДДАЕЦЦА ПЕРАКЛАДУ «РУССКО-СОВЕТСКИЙ МИР» У ТВОРАХ С.АЛЕКСІЕВІЧ?

«Русско-советский мир» -- у дзёньніках, прадмовах, каляжах і галасах герояў дакумэнтальнай прозы ляўрэаткі Нобелеўскай прэміі Сьвятланы Алексіевіч.
З нагоды “нобэлеўскіх жарсьцяў” гэтую сустрэчу лепш будзе назваць філялягічнай, трошкі шырэй, чым проста моўнай.
На сустрэчы зноў будзем гаварыць пра моўныя праявы нацыянальнай ідэнтычнасьці. Паспрабуем перакласьці фрагмэнты тэкстаў Алексіевіч на беларускую мову:

“Рок Русі: за праўдай трэба ехаць у “тридесятое государство, Опоньское царство” ... І далей: “А в столице тридесятого государства наш герой точно так же сидит, как  Илья Муромец, на печи: не двигаясь” (“У вайны не жаночы твар”).

"Я всю жизнь проработал на руководящих должностях". Тут імплікаваны падтэкст: ён быў член партыі, яго зацьвярджалі паводле намэнклятуры і да т. п. Але беларуская мова і ў савецкі час існавала абмежавана, і нават у партыйным ужытку не набыла гэтай імплікаванай сэмантыкі. Калі мы напішам цяпер "я працаваў на кіраўнічых пасадах", тут ня будзе гэтай сэмантычнай імплікацыі.

Дык ці магчыма захаваць адэкватны стыль пры перакладзе расейска-савецкіх рэаліяў? Ці зьменіцца ўспрыманьне чытачом “мадальнасьці” выказваньняў? Ці праяўляецца нацыянальнае ў расейскамоўных галасах расейцаў, беларусаў, украінцаў?

Для параўнаньня: у дакумэнтальнай трагедыі “Я з вогненнай вёскі” (аўтары А. Адамовіч, Я. Брыль, Ул. Калесьнік) дзяўчынка просіць немцаў, каб яе і бабулю не забівалі: "Дзядзі, не бярыце мяне з бабуляй, я вам сьпяю тую песеньку, каторая «Пасею гурочкі»". Ці так магло сказаць толькі беларускае дзіця?

Пачатак а 18.30. Уваход вольны. 

Арт Сядзіба, пр. Незалежнасьці, 58, гандлёвы цэнтар "Маскоўска-Венскі" (праз дом ад ЦУМу). 4 паверх (у правым пад'езьдзе ёсьць ліфт). Пакой 430.