28 кастрычніка – моўная сустрэча з Вінцуком Вячоркам

Мовазнаўцы Вінцук Вячорка й Пётра Садоўскі запрашаюць на 31-шы сэзон Моўных сустрэчаў пад эгідай Асамблеі дэмакратычных недзяржаўных арганізацыяў і Таварыства беларускай школы. Сэрыя навучальных і дыскусійных сэмінараў "Моўныя сустрэчы" – для тых, хто сам актыўна карыстаецца беларускай мовай і хоча паглыбіць свае веды.

Серада, 28 кастрычніка, 18.30, Арт Сядзіба
                                                                           
Вінцук Вячорка
лінгвіст, старшыня Анамастычнай камісіі ТБМ імя Скарыны

НАША МОВА БАГАТАЯ І БЕЗ РУСІЗМАЎ

Чамусьці вельмі шмат яўных расейскіх запазычаньняў замацавана афіцыйнымі слоўнікамі ў галіне адукацыі: сачыненне, урок, фізрук, выхавацель, складаемае, трохвугольнік. Але русізмаў не бракуе і ў іншых тэматычных групах: савет, саюз або крапасныя сцены. А як лепш па-беларуску?

Часам расейскі ўплыў адбываецца не наўпрост. Значэньне беларускага слова незаўважна мяняецца на ўзор расейскага, беларуская мова бяднее. Напрыклад, маем словы аказацца і апынуцца з рознымі значэньнямі, але сёй-той ужывае толькі апынуцца – там, дзе ў расейскай кажуць оказаться і ў прасторавым значэньні, і ў сэнсе 'выявіцца'. Або: у нас адкрыць прэзэнтацыю, але адчыніць весьніцы, а ў суседзяў усё гэта – открыть. Ці ведаеце яшчэ прыклады такога зьбядненьня?

Наастачу – пра некаторыя кампутарныя ды сеціўныя тэрміны.
(І, як заўсёды, адказы на спрэчныя моўныя пытаньні.)

Пачатак а 18.30. Уваход вольны. Арт Сядзіба, пр. Незалежнасьці, 58, гандлёвы цэнтар "Маскоўска-Венскі" (наступны за ЦУМам). 4 паверх (у правым пад'езьдзе ёсьць ліфт). Пакой 430.