Даніла і Мікіта Кузьмінічы вярнуліся ў школу

Гарадзенскія гімназісты Даніла і Мікіта вярнуліся за парты гарадзенскай гімназіі №10. Намаганні бацькоў за права навучацца па-беларуску прывялі да станоўчага выніку.

Адміністрацыя гімназіі пагадзілася вярнуцца да кампраміснага варыянту навучання Данілы Кузьмініча паводле індывідуальных заняткаў па-беларуску. Пасля ранішняй сустрэчы з адміністрацыяй гімназіі пра гэта распавёў бацька дзяцей Ігар Кузьмініч:

– Мне яшчэ не прапанавалі, як будзе выглядаць расклад па днях. Зараз гэтым займаюцца. Але мы ўзгаднілі, што будуць імкнуцца зрабіць такім чынам, каб час, які скарыстоўвае шосты клас на гэтыя дадатковыя заняткі, у якім вучыцца Мікіта Кузьмініч, мой старэйшы сын, каб яны ўлічвалі гэта, каб яны ў адзін час заканчвалі вучобу. Іншымі словамі, калі на два заняткі пасля ўсіх застаецца адзін з сыноў, каб была такая магчымасць, што на два заняткі застаецца і другі. І затым разам едуць дахату.

Гэты выпадак яшчэ раз сведчыць пра тое, што цяпер адсутнічае агульная сістэма, якая б прапісала, камфортныя магчымасці для дзяцей гімназійнага ўзросту паступіць і навучацца па-беларуску ў школах Беларусі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя