Ноўтбук актыўнаму настаўніку!

Конкурс адукацыйных матэрыялаў «Адукацыя для свабоды. Ноўтбук актыўнаму настаўніку»

Апошні тэрмін – 2 лістапада 2015 г.

Тэма конкурсу  – Медыяадукацыя.

Мэты конкурсу: стварэнне беларускамоўных матэрыялаў, якія будуць спрыяць падвышэнню ўзроўню медыйнай пісьменнасці настаўнікаў, вучняў і бацькоў, развіццю іх крытычнага мыслення, фармаванню грамадзянскіх і сацыяльных кампетэнцый, культурнай ідэнтыфікацыі і самарэалізацыі; папулярызацыя матэрыялаў і стварэнне ўмоваў доступу да іх шырокаму колу настаўнікаў, вучняў і бацькоў.

Намінацыі конкурсу

• Медыяадукацыя на ўроку
• Медыяадукацыя па-за ўрокам
• Медыяпісьменная сям’я

На конкурс можна падаваць матэрыялы ў выглядзе: распрацовак школьных урокаў ці факультатыўных заняткаў, класных ды інфармацыйных гадзін, адукацыйных праектаў, даследаванняў і майстар-класаў, сцэнарыяў семінараў, пазакласных заняткаў, доўгатэрміновых культурніцкіх акцый, электронных адукацыйна-выхаваўчых рэсурсаў педагога, школы, школьнага клуба, гуртка, бацькоўскага камітэта ды інш., навучальных фільмаў, дапаможнікаў, праграмных прадуктаў і г.д.

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць свае матэрыялы на адрас KonkursNotebook@gmail.com , да якіх далучыць ліст з апісаннем таго, як вашая распрацоўка будзе спрыяць фармаванню медыйных і грамадзянскіх кампетэнцый асобы.

Патрабаванні да матэрыялаў:

1. Адна асоба падае на конкурс не больш за адну работу.

2. Заяўка прымаецца толькі пры наяўнасці запоўненага тытульнага ліста, дзе пазначаецца наступная інфармацыя:

• прозвішча ды імя аўтара,
• месца працы, хатні і электроны адрасы, кантактны тэлефон;
• намінацыя, на якую прапануецца матэрыял,
• назва матэрыялу, мэтавая аўдыторыя, для якой прапануецца матэрыял (клас, група, іх інтарэсы, матывацыя і г.д.).

3. Старонкі павінны быць пранумараваныя, медыйныя файлы, выкарыстаныя медыя-рэсурсы і дадаткі павінны быць аформлены асобным спісам, мець спасылкі і тэкставае тлумачэнне.

4. Тэксты падаюцца ў электронным выглядзе.

5. Мова матэрыялаў і заяўкі – беларуская.

6. Дадаюцца звесткі пра папярэдняе выпрабаванне на практыцы прапанаваных матэрыялаў (калі такі досвед быў).

7. Да матэрыялаў неабходна дадаць ліст з апісаннем таго, як вашая распрацоўка будзе спрыяць фармаванню медыйных і грамадзянскіх кампетэнцый асобы:

- уменню выкарыстоўваць медыя ў адукацыйным працэсе;
- крытычна ацэньваць інфармацыю, правяраць яе даставернасць;
- адказна і этычна карыстацца інфармацыйнымі тэхналогіямі, сацыяльнымі медыя для адукацыі, самаарганізацыі, рашэння праблем, выхавання павагі да каштоўнасцяў дэмакрытыі і правоў чалавека, умацавання цывілізацыйна-культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасці;
- уменню супрацьстаяць прапагандзе, маніпуляцыям СМІ, рэкламы,
- уменню самастойна ствараць медыяпрадукты, актыўна, адказна і этычна дзейнічаць у медыяпрасторы  і г.д.

Форма заяўкі

Крытэрыі ацэнкі па намінацыях:

Медыяадукацыя на ўроку (Інтэграцыя медыяадукацыі ў адукацыйны працэс)

• Наяўнасць метадычнага каментара (ідэі, прынцыпы і каштоўнасці, на якіх будуецца сістэма працы настаўніка; асаблівасці класа, для якога прызначаецца ўрок, мэтавая аўдыторыя семінара і г.д.);
• арыгінальнасць аўтарскай ідэі;
• дыягнастычнасць пастаноўкі мэты ўрока; прыняцце мэты вучнямі, ацэнка ступені дасягнення мэты;
• наяўнасць у змесце ўрока матэрыялаў, скіраваных на фармаванне медыйнай пісьменнасці вучняў;
• адэкватнасць і актуальнасць абраных форм, метадаў і сродкаў навучання, якія працуюць не толькі на навучальны прадмет, але і на медыяпісьменнасць вучняў;
• самастойная дзейнасць навучэнцаў; 
наяўнасць умоў для іх творчай самарэалізацыі, выяўлення грамадзянскай пазіцыі і фармавання медыйных кампетэнцый;
• месца і роля настаўніка на ўроку, падтрымка дыялогавага рэжыму працы з інфармацыяй;
• уплыў выходнага кантролю на змест дамашняга задання;
• адпаведнасць мэтам конкурсу і патрабаванням да афармлення тэксту.

Рапрацоўкі тэматычных блокаў ці цыклаў урокаў будуць мець перавагу!

Медыяадукацыя па-за ўрокам (Фармаванне медыяпісьменнасці ў пазакласнай дзейнасці, абмен педагагічным досведам)

• наяўнасць канцэптуальнай часткі (педагагічнага абгрунтавання);
• арыгінальнасць аўтарскай ідэі;
• актуальнасць прапанаванай распрацоўкі для адукацыйнай практыкі;
• мэтавыя арыенціры прапанаванага праекта, электроннага сродка, сцэнарыя, даследавання вучняў, майстар-класа, трэнінгу ды інш; 
• адпаведнасць прапанаванага зместу сучасным падыходам да зместу і ролі медыяадукацыі, грамадзянскай адукацыі і нацыянальнага выхавання, а таксама мэтавым арыенцірам праекта;
• педагагічнае кіраванне практычнай медыяадукацыйнай дзейнасцю, стымуляванне самастойнай працы, зваротная сувязь;
• магчымасць ужывання матэрыялу іншымі педагогамі;
• адпаведнасць мэтам конкурсу і патрабаванням да афармлення тэксту.

Медыяпісьменная сям’я (Медыяадукацыя для бацькоў ці сіламі бацькоў)

• стварэнне ўмоў для ўдзелу бацькоў у медыяадукацыйным працэсе;
• спрыянне, апісанне і пашырэнне досведу ўдзелу бацькоў у выкананні іх дзецьмі дамашніх заданняў, звязаных з медыя;
• спрыянне, апісанне і пашырэнне досведу ўдзелу бацькоў разам з іх дзецьмі ў агульнашкольных ці класных медыйных праектах;   
• супрацоўніцтва і ўзаеманавучанне сям’і ды школы ў пытаннях выхавання медыяпісьменнай асобы (медыйная ды інфармацыйная этыка, медыйная бяспека: лакальныя медыясеткі, гульнявая і інтэрнэт-залежнасць ды інш.);
• выкарыстанне сродкаў медыяадукацыі для прыняцця важных рашэнняў  для сям’і і грамадства ў пытаннях здароўя, дабрабыту, адукацыі, грамадзянскай пазіцыі ды інш.;
• адпаведнасць мэтам конкурсу і патрабаванням да афармлення тэксту.

Прызавы фонд конкурсу фармуецца з добраахвотных ахвяраванняў людзей і арганізацый, зацікаўленых ў падтрымцы актыўных педагогаў і бацькоў, што прапануюць свае аўтарскія матэрыялы для агульнага карыстання. Папярэдне плануецца ўзнагародзіць траіх аўтараў, матэрыялы якіх будуць прызнаныя найлепшымі, персанальнымі партатыўнымі камп’ютарамі (ноўтбукамі). Плануюцца і заахвочвальныя прызы.

Журы конкурсу фармуецца з экспертаў – спецыялістаў у кожнай тэме, якія працуюць у сферы фармальнай і нефармальнайадукацыі.

Тэрміны правядзення конкурсу: матэрыялы прымаюцца да 2 лістапада 2015 г. у электроннай форме на электронную скрыню KonkursNotebook@gmail.com . Калі аб'ём ці фармат матэрыялаў не дазваляе даслаць іх праз электронную пошту, лістуйце арганізатарам на гэты ж адрас. Дасланыя работы будуць размешчаныя ў інтэрнэце на сайце http://nastaunik.info для агульнага карыстання і абмеркавання. Вынікі абмеркавання на сайце будуць улічаныя журы.

Гэты конкурс – цалкам грамадскі праект. Гэта значыць, што асобы, якія дашлюць свае распрацоўкі, надаюць права публікаваць іх на сайце http://nastaunik.info. Арганізацыі і асобы, якія далучаюцца да фармавання прызавога фонду, і людзі, што захочуць ахвяраваць свой час для арганізацыі конкурсу, не маюць камерцыйных мэтаў і гатовыя працаваць толькі для паляпшэння беларускай адукацыі.

Анонс конкурсу (doc 31 КБ)
Форма заяўкі (doc 16 КБ)