Настаўнік: прафесія ці місія?

Ці стане педагог у беларускім грамадстве медыйнай асобай

zviazda.by

Платон казаў: «Калі шавец будзе дрэнным майстрам, то дзяржава ад гэтага не пацерпіць, а вось калі грамадзян будуць выхоўваць дрэнныя, недасведчаныя настаўнікі, то мы пацерпім ад гэтага ўсе». Дык ці можа быць непрэстыжнай прафесія настаўніка? Хто і што робіць яе прэстыжнай? Што трэба зрабіць, каб у школу прыйшлі прафесіяналы? Якую кар’еру можа зрабіць настаўнік? І, нарэшце, як затрымаць маладых спецыялістаў у сістэме адукацыі? Аб усім гэтым ішла гаворка падчас круглага стала, які прайшоў у рэдакцыі газеты «Звязда». Удзел у дыскусіі ўзялі першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр АНДАРАЛА, прафесар кафедры педагогікі і менеджменту Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай ЗАПРУДСКІ, старшыня Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай БАШКО, начальнік Цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена РАДЗЕВІЧ, намеснік старшыні Таварыства беларускай школы, кіраўнік праграмы «Настаўнік. Школа. Грамадства», рэдактар інфармацыйна-метадычнага сайта для педагогаў nаstаunіk.іnfо Тамара МАЦКЕВІЧ, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, суперфіналіст конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь—2011″ Іван ЯКІМЕНКА, настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы г.п. Дамачава Яўген ГРЫГОР’ЕЎ.

Прэстыж не на словах

— Як вы лічыце, хто найперш павінен клапаціцца пра тое, якія людзі прыйдуць заўтра на работу ў школу? Педагагічныя ўстановы вышэйшай адукацыі, бо ім патрэбны студэнты? Адміністрацыя школ разам з настаўнікамі, каб было каму перадаць сваю справу? Ці грамадства, бо школа без настаўніка не можа існаваць? І ці шмат вы ведаеце прыкладаў, калі б вучні вярталіся ў свае школы ўжо ў якасці настаўнікаў?

23-3

Мікалай БАШКО: «Зацікаўлены павінны быць усе, каго вы згадалі, у першую чаргу дзяржава. Будучыня краіны залежыць ад адукацыі. Мы ўсе павінны гэта зразумець і быццам бы разумеем, але калі надыходзіць час размяркоўваць дзяржаўныя грошы, то адукацыя чамусьці адыходзіць на задні план.

Я нядаўна сустракаўся ў Стаўбцоўскім раёне з былой настаўніцай, якая перасягнула ўжо 90-гадовы ўзрост: пацікавіўся ў яе, што трэба зрабіць, каб вярнуць настаўніку ранейшы імідж. «Проста трэба сумленна працаваць», — не задумваючыся адказала мне педагог. Я цалкам згодны — за павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі трэба змагацца не на словах. Кожны настаўнік на сваім месцы павінен сумленна выконваць свае абавязкі і не спісваць сваю абыякавасць да справы на нізкі заробак…

У Мінскай вобласці ёсць шмат прыкладаў, калі ў школы вяртаюцца працаваць педагогамі іх былыя вучні. Так, у Сноўскай школе Нясвіжскага раёна з 44 педагогаў 15 — маладыя спецыялісты. Асноўную іх частку складаюць выпускнікі гэтай жа школы. Два пераможцы абласнога конкурсу «Педагагічны старт» — таксама выпускнікі сваіх навучальных устаноў: настаўніца беларускай мовы СШ № 8 горада Жодзіна Юлія Гудкоўская і настаўніца англійскай мовы гімназіі №1 горада Барысава Ірына Макрыцкая. Як прызналася Ірына, яна не бачыць сябе ў іншай прафесіі».

Іван ЯКІМЕНКА: «У жніўні 2011 года Барысаўскі раён прымаў папаўненне — сярод маладых педагогаў, размеркаваных у наш рэгіён, было 8 выпускнікоў Лошніцкай гімназіі, прычым двое з іх вярнуліся, каб працаваць у роднай установе. Выпускніца класа, дзе я працаваў класным кіраўніком, таксама скончыла матэматычны факультэт педагагічнага ўніверсітэта і зараз працуе ў Барысаве настаўніцай матэматыкі».

23-5Аляксандр АНДАРАЛА: «Калі будзе добры настаўнік, то будзе і добры інжынер, і добры касманаўт, і добры ўрач. Таму клапаціцца пра будучыню нашай школы павінны ўсе. І настаўнікі проста абавязаны думаць над тым, хто прыйдзе ім на змену. Школы павінны хварэць за гэта душой! Летась па выніках прыёму ў нас на першым месцы па колькасці першакурснікаў аказалася Мінская вобласць (34% ад агульнай колькасці навабранцаў), на другім месцы — Брэсцкая вобласць (18%), а мінчан сярод першакурснікаў было ўсяго толькі 14 %. Такую колькасць даў амаль двухмільённы горад, дзе сёння востра стаіць патрэба ў педагогах па шэрагу напрамкаў падрыхтоўкі.

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт мэтанакіравана праводзіць прафарыентацыйную работу, і яе вынікі мы адчулі ўжо падчас леташняй прыемнай кампаніі. У 2014 годзе да нас паступілі 100 медалістаў, а перад гэтым іх было ў пяць разоў менш. Да таго ж сярод першакурснікаў было 200 ліцэістаў і гімназістаў, гэта значыць, што якасць абітурыентаў значна палепшылася. Зразумела, што ад якасці «тканіны» залежыць, які «шынель» мы ў выніку пашыем. Педагагічны ўніверсітэт адкрывае педагагічныя класы ў Мінску і Мінскай вобласці. А з верасня у Мінскай вобласці пачнуць працаваць тры педагагічныя гімназіі: на базе маладзечанскай гімназіі №7, салігорскай гімназіі №1 і стаўбцоўскай гімназіі №1. Ёсць прапанова даць магчымасць выпускнікам педагагічных класаў паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без дадатковых іспытаў, зразумела, пры наяўнасці характарыстыкі педагагічнага калектыву навучальнай ўстановы. Спадзяёмся, што ў наступным годзе гэтая прывілея будзе ўзаконена».

Не адстаць ад жыцця

Тамара МАЦКЕВІЧ: «Праводзілася міжнароднае даследаванне статусу настаўнікаў у розных краінах свету. Высветлілася, што павага да прафесіі настаўніка залежыць у большай ступені ад культурных традыцый, чым ад узроўню жыцця настаўніка. У еўрапейскіх краінах толькі ад 10 да 25% апытаных лічаць, што вучні паважаюць настаўнікаў. Менш як 20% немцаў гатовы прапанаваць сваім дзецям кар’еру настаўніка, а ў Ізраілі толькі 8% апытаных могуць уявіць сабе сваё дзіця ў ролі педагога. Тым не менш у большасці краін людзі упэўнены, што настаўнікам трэба плаціць больш. Ва ўсіх 20 краінах, уцягнутых у даследаванне, больш як 59% апытаных упэўнены, што праца настаўніка павінна аплачвацца ў адпаведнасці з поспехамі яго вучняў. Цікава, што чым вышэйшыя ў краіны вынікі ў матэматыцы, прыродазнаўчых навуках і чытанні, тым меншае жаданне ствараць падобную сістэму аплаты. Агітацыя за мадэль аплаты «па тэстах вучняў» уласцівая якраз краінам з нізкімі вынікамі.

Праводзіліся і іншыя даследаванні, аўтары якіх сцвярджаць, што статус настаўніка быў высокім у першай палове ХХ стагоддзя, свайго максімуму ён дасягнуў недзе ў 50-60-я гады, а потым стаў зніжацца. Ёсць меркаванне, што так адбылося таму, што сістэма адукацыі перастала адпавядаць сучасным патрабаванням. І сёння паўсюдна ствараюцца механізмы, каб усё грамадства магло стымуляваць найлепшае ў адукацыі: бацькі — праз школьныя саветы, студэнты — праз выбар выкладчыка і курса, які ён чытае, настаўнікі — праз выбар дырэктара школы, працадаўцы — праз уплыў на змест навучання…»

Яўген ГРЫГОР’ЕЎ: «Я нячаста бываю ў сталіцы, таму мяне зацікавіла, якія прафесіі рэкламуюцца ў метро: маладых людзей запрашаюць у міліцыю, у выратавальнікі. Гэта медыйныя прафесіі. І я ўпэўнены, што для таго, каб педагог стаў папулярным у грамадстве, ён павінен стаць медыйнай асобай».

Найвышэйшы пілатаж

— Але прафесія настаўніка — адна з самых масавых. Ёсць меркаванне, што масавыя прафесіі рэдка бываюць прэстыжнымі… Дапамажыце разбурыць стэрэатып у масавай свядомасці пра педагога як чалавека, які проста не змог рэалізаваць сябе ў больш прэстыжнай сферы…

23-1Мікалай ЗАПРУДСКІ: «Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Гэта прымаўка мае самае непасрэднае дачыненне да настаўніцкай прафесіі. Тысячы настаўнікаў дэманструюць на сваім прыкладзе найвышэйшы пілатаж у прафесіі. Да такіх Педагогаў з вялікай літары адносіцца і Юрый Дзмітрыевіч Ляшчынскі: яго былыя вучні настолькі паважаюць свайго настаўніка, што выдалі за свае грошы напісаную ім цікавую і карысную для настаўнікаў фізікі кнігу па рашэнні задач, якую ён цяпер бясплатна распаўсюджвае на сустрэчах з калегамі. Педагагічная дзейнасць — увогуле патэнцыяльна творчая прафесія. Ці раскрые настаўнік гэты патэнцыял, залежыць і ад яго, і ад таго, ці створаны ў школе ўмовы для творчай самарэалізацыі. А калі ўсё забівае руціна, калі настаўніку даводзіцца выконваць шмат незразумелай работы, якая ніяк не ўплывае на якасць адукацыі, а толькі адцягвае яго ўвагу ад галоўнага, адбываецца прафесійнае выгаранне».

Тамара МАЦКЕВІЧ: «Сапраўды, прафесія педагога масавая — у сферы адукацыі працуюць 11-12% ад усяго працаздольнага насельніцтва, але менавіта наша прафесія дае магчымасць стаць шырока вядомым як сярод прафесіяналаў, так і ў грамадстве. Ці шмат мы ведаем выбітных юрыстаў, эканамістаў або бухгалтараў? А імя Аляксандра Маркавіча Фельдмана, які больш за паўстагоддзя выкладае школьнікам матэматыку, вядома не толькі людзям, звязаным з матэматыкай. Трапіць да такога педагога ўсе лічаць вялікай удачай. Увогуле, у педагогіцы шмат «зорак». Самых творчых і неабыякавых прадстаўнікоў школы аб’яднаў клуб «Крыштальны журавель». Яго члены выязджаюць у розныя рэгіёны краіны, праводзяць для настаўнікаў адкрытыя ўрокі, майстар-класы, ладзяць фестывалі педагагічнага майстэрства. Настаўніца фізікі з жодзінскай гімназіі Эла Якубоўская кажа: «Калі я праводжу майстар-клас, а напрыканцы мне дзесяць хвілін апладзіруюць 70 педагогаў, мая самаацэнка і сацыяльны статус адразу растуць». Мяркую, што і вучні Івана Якіменкі, якія абралі педагагічны шлях, зрабілі гэта таму, што бачылі перад сабой упэўненага, самадастатковага і паспяховага чалавека».

23-2

Іван ЯКІМЕНКА: — Калісьці я ўдзельнічаў у конкурсе «Класны класны» і прапанаваў на ўзроўні жарту: а давайце даплачваць настаўніцкім сем’ям, каб яны сваіх дзяцей аддавалі ў настаўнікі. Сам я вырас у сям’і педагогаў. Магілёўскі педагагічны інстытут скончылі мае бацькі, старэйшы брат, старэйшая сястра, жонка старэйшага брата, былы муж сястры. Можна сказаць, што ў мяне не было іншага выбару. Але я ўсё ж такі вырашыў падстрахавацца і спачатку скончыў Аршанскае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці «настаўнік працоўнага навучання і чарчэння», каб пераканацца ў правільнасці свайго кроку. Пераканаўся (смяецца. — Аўт.), і ўжо потым паступіў у педагагічны ўніверсітэт».

Алена РАДЗЕВІЧ: «А сёння Іван мае ўжо вышэйшую катэгорыю «настаўнік-метадыст» і ўзначальвае клуб маладых настаўнікаў «Будучыня», створаны пры «Беларускім педагагічным таварыстве».

23-7

Яўген ГРЫГОР’ЕЎ: «Я яшчэ малады настаўнік, але ўжо другая мая вучаніца выбірае прафесію педагога. Калі пасля ўдзелу ў конкурсе «Малады настаўнік Брэстчыны» да мяне падышла вучаніца і запыталася, якую вышэйшую навучальную ўстанову я заканчваў, шчыра скажу, мне было вельмі прыемна. У псіхалогіі ёсць паняцце «атракцыя»: псіхолагі лічаць, што любы з нас прасцей успрымае пункт гледжання таго чалавека, да якога ён добра ставіцца і з якім у яго склаліся добрыя ўзаемаадносіны. Гэта значыць, што паспяховы настаўнік у школе мае большы ўплыў на сваіх вучняў і іх бацькоў, чым любыя сродкі масавай інфармацыі. Ён становіцца аб’ектам для пераймання.

Правільны піяр

— У кожнай прафесіі, у тым ліку і педагагічнай, ёсць выпадковыя людзі, для якіх паняцце «прафесійны гонар» — пусты гук. Але менавіта яны ў многім фарміруюць негатыўны імідж. Як можна зменшыць колькасць такіх выпадковых людзей у педагогіцы?

Алена РАДЗЕВІЧ: «Абараніць школу ад выпадковых людзей дапаможа здаровая канкурэнцыя. Каб маладыя людзі хацелі паступаць у педагагічныя ВНУ, а потым працаваць у школе, перад вачыма вучняў павінны быць адпаведныя прыклады: сучасны настаўнік —паспяховы малады чалавек (дзяўчына ці хлопец), які можа дазволіць сабе вандраваць, займацца спортам, сучасна апранацца, чалавек, які чытае сучасную літаратуру, ходзіць у тэатры, свабодна валодае сучаснымі гаджэтамі. І чым больш будзе такіх прыкладаў, тым больш старшакласнікаў перастануць глядзець на прафесію педагога як на неперспектыўную. Чаму ўвогуле выпускнікі педагагічных ВНУ вяртаюцца ў школы, дзе яны навучаліся? Мяркую, што з прычыны той атмасферы, якая там панавала, настаўнікаў, якія натхнілі іх на прафесійны выбар.

Пры прыёме на работу павінен быць прадугледжаны сацыяльны пакет для настаўнікаў, як гэта адбываецца на прадпрыемствах або ў бізнес-кампаніях: у яго можа ўваходзіць, напрыклад, абанемент у басейн, праязны білет на ўсе віды транспарту, гадавая падпіска на газету «Звязда». Найлепшых настаўнікаў можна заахвочваць стажыроўкай у суседняй краіне або ў найлепшых установах нашай краіны. Няхай крытэрыі паспяховасці выпрацоўвае Савет школы, у склад якога ўваходзяць педагогі, навучэнцы і прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці. Паспяховасць не можа вымярацца толькі колькасцю падрыхтаваных настаўнікам пераможцаў алімпіяд і конкурсаў. Скажам, класнае кіраўніцтва ў праблемным класе, дзе ёсць шмат «цяжкіх» вучняў, не менш важнае і адказнае. На працягу года ў школе можа праводзіцца маніторынг, а пераможца выбіраецца рашэннем Савета школы. Калі маладыя людзі адчуюць паважлівае стаўленне да сябе, матэрыяльную стабільнасць, магчымасць весці паўнавартасны лад жыцця, прэстыж прафесіі вырасце. Педагагічнай прафесіі патрабуецца правільны піяр».

Не быць вінцікамі

— У рэаліях нашага часу вобраз настаўніка ў вачах бацькоў, а значыць, і грамадскасці, у большай ступені фарміруецца дзецьмі, з якімі ён штодня кантактуе. Сёння настаўнік-няўдачнік, настаўнік-аўтсайдэра, які пастаянна скардзіцца на нізкі заробак і цяжкія ўмовы працы, адназначна ўспрымаецца дзецьмі як адмоўная мадэль жыцця. Як вы лічыце, што трэба зрабіць нашым настаўнікам, каб вярнуць сабе прызнанне і павагу?

Мікалай БАШКО: «Змены павінны адбыцца ў свядомасці саміх настаўнікаў, паколькі многія з іх, на жаль, лічаць, што займаюцца непрэстыжнай і малааплатнай працай. Між іншым, настаўнік ніколі вялікіх грошай не зарабляў, але статус абавязваў да самапавагі і годнасці. А ці мае годнасць настаўнік, якога паставілі адкрываць дзверы перад членамі высокапастаўленай дэлегацыі? Сумняваюся… Школа павінна займацца тым, чым яна павінна займацца: вучыць і выхоўваць. Я нічога не маю супраць конкурсу юных інспектараў дарожнага руху, але сёння гэтае мерапрыемства становіцца ці не галоўным у школе. І такіх прыкладаў можна прывесці дзясяткі. Ва ўстанове адукацыі і ў рэгіёне павінен быць моцны кіраўнік, які не пабаіцца сказаць «не» шматлікім інстанцыям, якія спрабуюць перакласці на школу сваю работу. Сёння любы кіраўнік спрабуе паказаць сваю ўладу над настаўнікам».

23-4

Тамара МАЦКЕВІЧ: «Калі настаўнік перастане, нарэшце, выконваць чужыя абавязкі, у першую чаргу — бацькоў, расправіць крылы і будзе адчуваць сябе больш упэўнена, стаўленне да яго адразу зменіцца. Непавага да настаўніка — гэта элемент маралі сучаснага грамадства і яго сістэмы каштоўнасцяў. Праблема ў тым, што ў вачах абывацеляў настаўнікі — гэта вінцікі ў вялікай машыне, якія не маюць уласнага меркавання. Пастаянныя праверкі, непатрэбная паперавытворчасць, неабходнасць выпрошваюць у бацькоў грошы на рамонт школы, запаўненне справаздач… Кантроль патрэбны не для кантролю, а для дапамогі і паляпшэння вынікаў!

Чаму, скажам, у Фінляндыі прэстыжна працаваць настаўнікам? Таму што там ёсць разуменне: грамадства давярае педагогу самае каштоўнае — сваю будучыню, а праца настаўніка — гэта ўкладанні ў чалавечы капітал. Адна мая сяброўка і калега, калі гаворка заходзіць пра нізкі сацыяльны статус педагога, адказвае: «Не, не чула!» І можа дадаць сабе пад нос, каб не шакіраваць суразмоўцу: «А ваш сын адпачываў на Балі?» Не, яна не з мільянераў. Настаўніцкая сям’я: абодва выкладаюць у гарадской школе і атрымліваюць звычайны настаўніцкі заробак. Проста мае сябры даўно зразумелі, што яны — трымальнікі больш каштоўных акцый, чым грошы. Менавіта яны могуць зрабіць унёсак у той самы чалавечы капітал, а для гэтага трэба не стаяць на месцы, пастаянна развівацца, быць цікавымі і сучаснымі. Старэйшы сын, маючы такіх бацькоў, набраўся розуму, выйграў шмат конкурсаў і з даследчымі вучнёўскімі працамі аб’ехаў паўсвету. У тым ліку пабываў і на Балі…

Атрымліваецца, што чалавечы капітал прыносіць і матэрыяльныя дывідэнды. Добрае імя настаўніка трэба аднаўляць тэрмінова. Спачатку трэба дбаць пра ўласны статус, а потым прыйдзе час і супольнага. Толькі матэрыяльным заахвочваннем справа не вырашыцца. Шмат залежыць ад нас саміх: ад умення пастаяць за сябе, ад нашай згуртаванасці, жадання вярнуць у школу маральныя каштоўнасці, прафесійную этыку».

Працуем на колькасць, а не на якасць

Яўген ГРЫГОР’ЕЎ: «З прафесійнай этыкай у нас і сапраўды праблемы. Я працую ў сельскай школе, дзе вучацца ў тым ліку і дзеці педагогаў. І вось раптам педагог перастае быць педагогам і становіцца проста мамай: пачынае выказваць незадаволенасць адзнакамі свайго дзіцяці, крытыкаваць іншага педагога. Як увогуле можна абмяркоўваць з дзецьмі іншых настаўнікаў? Яшчэ горш, калі бацькі пачынаюць крычаць на настаўніка або дырэктара школы. «Калі настаўнікі дазваляюць крычаць адзін на аднаго, дык чаму я не магу пакрычаць на настаўніка?» — прыкладна так, напэўна, разважаюць людзі. У сельскай школе ўсе і ўсё навідавоку, таму настаўнікам трэба моцна задумацца над мадэллю сваіх паводзінаў.

Што тычыцца праверак школы… Іх сапраўды шмат, а вось праверак якасці адукацыі — няшмат, а школе трэба вяртацца менавіта да якасці адукацыі. Мы сталі цэнтрам, на які ўсе перакладаюць свае задачы. Я працую намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Планую сваю працу на паўгода—год, а потым за дзень ці тыдзень па электроннай пошце прыходзяць 10 лістоў з указаннямі, якія ты павінен абавязкова выканаць. І вось усе твае планы разбураны. Атрымліваецца, што мы працуем на колькасць, а не на якасць. Я лічу, што нельга ў кожнай школе рэалізоўваць на 100 працэнтаў усе напрамкі дзейнасці. У мяне 250 дзяцей, а ў суседняй школе, скажам, 1000 дзяцей. І мы, таксама як і нашы суседзі, павінны закрываць усе мерапрыемствы, што нам спускаюць? У школе ёсць 60 вучняў-актывістаў, з іх 30 удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах…»

23-6

Алена РАДЗЕВІЧ: «Вельмі шмат намаганняў па ўдасканаленні школы былі накіраваны на рамонт і напаўненне прыгожымі стэндамі кабінетаў, падрыхтоўку новых падручнікаў і метадычных дапаможнікаў, закупку дарагога абсталявання, але не на саміх настаўнікаў. Гэта ўсё, безумоўна, важна, але на якасць адукацыі наўрад ці паўплывае. Можна напісаць выдатную справаздачу, памяняць вокны на шклопакеты, шторы на жалюзі, але за гэтым нічога не стаіць. Галоўнае для школы усё ж такі паляпшэнне самой якасці выкладання. А гэта магчыма толькі праз пастаянную самаадукацыю педагогаў, павышэнне ўласнай прафесійнай самаацэнкі. Аўтарытэтам у вучняў і іх бацькоў будзе карыстацца настаўнік, які дасканала валодае сваім прадметам, эрудзіраваны, мае шырокі кругагляд і веды ў сумежных галінах.

Не хуткі вынік

— Абітурыентам па 17-18 гадоў. Як зразумець, хто з іх зможа стаць сапраўдным настаўнікам, а каму гэтая прафесія проціпаказаная? І ўвогуле, ці можна стаць настаўнікам, проста набыўшы педагагічную спецыяльнасць?

Алена РАДЗЕВІЧ: «Добрым настаўнікам можна быць, нават не скончыўшы педагагічную ВНУ. Прыгадайце пасляваенныя часы, калі школьныя прадметы выкладалі франтавікі, і іх вучні з удзячнасцю захоўваюць памяць пра сваіх педагогаў.

Мяркую, што гэтая прафесія супрацьпаказана людзям, арыентаваным на атрыманне хуткага выніку. Такія людзі часцей раздражняюцца, калі ў іх вучняў штосьці не атрымліваецца, калі педагагічныя намаганні, па іх меркаванні, не апраўдваюць сябе. Педагогіцы ўласціва такое паняцце, як «адтэрмінаваны вынік».

Старажытнарымскі філосаф Сенека калісьці сказаў: «Каго багі жадаюць пакараць, таго яны робяць педагогам». Ён выдатна ведаў кошт настаўніцкага хлеба, бо быў настаўнікам Нерона. Настаўнік — гэта стан душы, гэта лад жыцця і думак, гэта філасофія і светапогляд».

Мікалай ЗАПРУДСКІ: «У некаторых краінах перад прыняццем ва ўніверсітэт усе будучыя педагогі праходзяць спецыяльнае інтэрв’ю, падчас якога выкладчыкі спрабуюць высветліць, як чалавек будзе весці сябе ў той ці іншай сітуацыі, як ён будзе рэагаваць на магчымую крытыку з боку навучэнцаў ці іх бацькоў, як будзе паводзіць сябе з так званымі «цяжкімі» вучнямі. Там звяртаюць увагу не толькі на акадэмічную паспяховасць прэтэндэнтаў, але і на іх маральна-псіхалагічныя якасці, без якіх педагог не можа адбыцца. Але ж у нашых умовах, улічваючы невысокую цікавасць моладзі да педагагічных прафесій, ёсць пагроза , што пры ўвядзенні дадатковага прафадбору колькасць абітурыентаў можа зменшыцца.

Я нядаўна гутарыў з дырэктарам Альхоўскай школы Астравецкага раёна Сяргеем Анатольевічам Гаўрыловічам. У сярэдніх класах вучні яго школы ў гэтым годзе мелі магчымасць паспрабаваць сябе ў 9 прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, у тым ліку, безумоўна, настаўніцкай. Магчымасць прафесійных спроб яшчэ падчас навучання ў школе — вельмі эфектыўны механізм, які дазваляе зменшыць колькасць памылак пры выбары будучага профілю навучання і будучай прафесіі. Пажадана, каб адукацыйнае і прафесійнае самавызначэнне дзяцей адбывалася да заканчэння базавай школы. Таму няхай бы у школах як мага часцей вучні сярэдніх класаў спрабавалі праводзіць урокі, пазакласныя мерапрыемствы са сваімі аднакласнікамі, з малодшымі вучнямі. Няхай бы ўцягваліся ў розныя педагагічныя праекты. Такім чынам і самі вучні, і настаўнікі будуць бачыць, у каго ёсць цікавасць і, галоўнае, здольнасці да педагагічнай работы».

Педагогі пакалення «nехt»

— Маладыя настаўнікі прызнаюцца, што ў школе ёсць шмат чаго, чаму студэнтаў не вучаць ва ўніверсітэтах. Напрыклад, як наладжваць стасункі не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі. Яны скардзяцца на адсутнасць у першы год работы падтрымкі з боку старэйшых калег. Маладыя педагогі баяцца паказацца ў калектыве «белай варонай», выскачкай, якой трэба найбольш за ўсіх. Акрамя таго, абвяшчэнне сваёй уласнай пазіцыі можа мець для смельчака непрыемныя наступствы…

Яўген ГРЫГОР’ЕЎ: «Напэўна, нельга ва ўніверсітэце падрыхтаваць да ўсяго — настаўнік проста павінен быць гатовы да пастаяннага самаразвіцця і ўдасканалення. Калі я навучаўся, нам давалі шмат тэарэтычных ведаў, вось толькі магчымасцей прымяніць іх было няшмат: на педагагічную практыку адводзілася зусім няшмат часу. У мяне ёсць прапанова, як адпрацаваць псіхалагічныя аспекты работы будучага настаўніка. Таму што калі мы прыходзім на ўрок, то ў першую чаргу павінны ўстанавіць з дзецьмі сувязь, і толькі калі яна будзе наладжана, можна перадаваць вучням свае веды. Я вучыўся ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, і за пяць гадоў навучання на педагагічнай практыцы ў аздараўленчым летніку мы былі ўсяго адзін раз… Асабіста ў мяне няма праблем у стасунках ні з дзецьмі, ні з іх бацькамі. Але я быў з дзецьмі ў летніку сем разоў, бо я хацеў там быць, і для мяне ён аказаўся тым месцам, дзе я навучыўся працаваць у дзіцячым калектыве, а дзеці ў атрадзе самыя розныя, як і ў класе… Калі ты працуеш у летніку, то будзеш выступаць у самых розных амплуа (арганізатарам, рэжысёрам, мастаком-афарміцелем, псіхолагам, спартсменам, бардам, паэтам, акцёрам), але гэта ідзе будучаму педагогу толькі на карысць».

Аляксандр АНДАРАЛА: «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт ідзе ў нагу з часам. Мы разумеем, што практыкаарыентаванасць навучання павінна быць большай, таму ў гэтым годзе (пакуль у якасці эксперыменту) прынялі рашэнне пачаць укараняць педагагічную практыку ўжо з другога курса: студэнты трох нашых факультэтаў (матэматычнага, фізічнага і прыродазнаўчага) адзін дзень у тыдзень праводзяць у школе. А з наступнага навучальнага года збіраемся ўводзіць валанцёрскую практыку ўжо на першым курсе, а потым у студэнтаў будзе ўжо педагагічная практыка. Такім чынам, усе гады свайго навучання нашы студэнты будуць займацца практычнай педагагічнай работай. Мы разумеем, што шмат залежыць ад кіраўніка практыкі, ад таго, наколькі фармальна ці нефармальна ён ставіцца да сваёй работы. Педпрактыка не павінна быць імітацыяй, таму вельмі ўважліва выбіраем базу для праходжання практыкі нашымі студэнтамі.

Што тычыцца працы ў летніках, то за нашымі студэнтамі выстройваюцца чэргі. Асабліва іх чакаюць, калі адкрываецца першая аздараўленчая змена, а школьныя педагогі яшчэ не вызваліліся ад сваіх абавязкаў на асноўнай рабоце. Мы ідзём насустрач і дазваляем студэнтам здаць сесію датэрмінова. Цудоўна разумеем, што сучасны настаўнік не можа быць проста «ўрокадацелем». Ён яшчэ і выхавальнік. А калі педагог будзе яшчэ і цікавым чалавекам, нешта прапаноўваць, арганізоўваць, то дзеці будуць за ім бегаць. Педагагічная практыка ў летніках і сапраўды вельмі карысная».

Алена РАДЗЕВІЧ: «А я хацела б звярнуць увагу ўсіх на наступную праблему: школа не заўсёды гатова прыняць маладога педагога пакалення «nехt». Для старэйшых калег па прафесіі і для адміністрацыі школы малады настаўнік — часта такі ж дзіўны і незразумелы чалавек, як, скажам, сучасны старшакласнік. Ды і па ўзросце ён ад адзінаццацікласніка не моцна адрозніваецца. Натуральна, малады спецыяліст здзяйсняе шмат прафесійных памылак, ён менш дасведчаны, чым яго калегі, якія працуюць у школе ўжо не першы год. Да таго ж не заўсёды хапае ведаў па прадмеце, па методыцы выкладання, асаблівасцях узроставай псіхалогіі, навыках узаемадзеяння з вучнямі. Аднак замест слоў падтрымкі часта ў яго адрас гучаць абразлівыя пытанні: «І чаму вас толькі ва ўніверсітэце вучылі?» ці «Вы нават ГЭТАГА не ведаеце?» і г.д. А маладому настаўніку — прадстаўніку новага пакалення — неабходны поспех, кар’ера, прызнанне. Такім чынам узнікае супярэчнасць паміж жаданнем самарэалізавацца і абмежаванымі магчымасцямі для яго ажыццяўлення. А ці варта ўвогуле навязваць маладому чалавеку сістэму выхавання, якая была актуальнай ў ХІХ — ХХ стагоддзях, калі мы імкнёмся да стварэння канкурэнтаздольнай сістэмы адукацыі? Бо вельмі лёгка засвоіць догмы і вельмі складана потым пазбавіцца ад педагагічных стэрэатыпаў у выкладанні. Старая біблейская мудрасць сцвярджае: новае віно ў старыя мяхі не заліваюць. Між іншым, і вопытным настаўнікам ёсць чаму павучыцца ў моладзі, хоць бы ўжыванню розных гаджэтаў, а вучыць маладых настаўнікаў, як рабіць прэзентацыі, увогуле смешна».

Не крыніца, а фільтр

— Ад настаўніка вельмі многага чакаюць. Больш за тое, сям’я сёння спрабуе перакласці на педагога і свае абавязкі. Як вы мяркуеце, ці змянілася кардынальным чынам місія педагога? І якімі якасцямі павінен валодаць сучасны настаўнік?

Яўген ГРЫГОР’ЕЎ: «Калі раней мы былі кранам — адзінай крыніцай вады, то зараз мы фільтр, а кран пераўтварыўся ў брандспойт. Задача настаўніка — навучыць фільтраваць гэту інфармацыю, знаходзіць у моры непатрэбнай — карысную. Ніхто не жадае ставіць на свой кран брудны фільтр, таму мы першапачаткова павінны быць для сваіх вучняў аб’ектам для пераймання. Раней вучань ішоў да настаўніка, у бібліятэку, а сёння ён адкрывае Gооglе».

Алена РАДЗЕВІЧ: «Галоўнае, каб сам настаўнік быў гатовы да перамен, да таго, што ён на працягу сваёй прафесійнай дзейнасці павінен развівацца і змяняцца ў залежнасці ад абставін, ад патрэб дзіцячай аўдыторыі. Гэта новае пакаленне, і з гэтым трэба лічыцца».

Мікалай ЗАПРУДСКІ: «Мы прапанавалі прасунутым педагогам на курсах павышэння кваліфікацыі назваць рысы, якія вылучаюць эфектыўных настаўнікаў. На першае месца яны паставілі стварэнне ўмоў для развіцця індывідуальных здольнасцей навучэнцаў. Потым — глыбокае валоданне прадметнымі ведамі і ўменнямі, а на трэцяе — паспяховае паступленне выпускнікоў у ВНУ без рэпетытараў і падрыхтоўку пераможцаў алімпіяд. А на апошніх месцах у рэйтынгу аказалася ўменне супрацоўнічаць, арганізаваць клас і ўменне ствараць сітуацыі поспеху для кожнага. Такое ранжыраванне, пэўна, абумоўлена існуючымі ўстаноўкамі з боку кіраўніцтва: пераможцы алімпіяд і конкурсаў — любой цаной! Але ж не гэта ў школе павінна быць галоўным!»

Здзейсненая мара — лёс

— Уявіце сабе дзяўчынку, якая з дзяцінства марыла стаць настаўніцай. Але яна вырасла і стаіць перад выбарам: якую прэстыжную прафесію і якую ВНУ ёй абраць? Дапамажыце знайсці словы, што дапамогуць пераканаць яе зрабіць выбар менавіта на карысць прафесіі настаўніка….

Мікалай ЗАПРУДСКІ: «Па-першае, чаму менавіта дзяўчынку, можа, лепш хлопца, бо ў школе асабліва не хапае мужчын? Па-другое, важна, хто будзе гэта гаварыць: калі старшакласнікі чуюць агітацыю ад настаўнікаў, якія паспяхова рэалізавалі сябе ў прафесіі, шмат чаго дасягнулі, то плён будзе. Няхай бы ўсе паспяховыя і харызматычныя настаўнікі мелі сваім абавязкам выхаваць некалькі сваіх паслядоўнікаў. Настаўнікі-метадысты, а вы прафарыентацыйную работу праводзіце?»

Яўген ГРЫГОР’ЕЎ: «Я лічу, што, стаўшы настаўнікам, ты назаўсёды застанешся маладым. Гляджу ў вочы сваёй бабулі, якая ўжо шмат гадоў не працуе ў школе, а яны ў яе ўсё такія ж маладыя. У настаўнікаў, якія на пенсіі, па-ранейшаму крыштальны розум і позірк. Хочаш быць заўсёды маладым, быць сярод дзяцей — гэта твой шлях. Гэта ж так цудоўна — ствараць свет дзіцяці і напаўняць яго фарбамі!»

Алена РАДЗЕВІЧ: «Дзякуючы табе, вучні змогуць здзейсніць у будучыні вялікія адкрыцці, дапамогуць чалавецтву пазбавіцца ад хваробаў, стаць добрымі людзьмі і змяніць свет да лепшага».

Іван ЯКІМЕНКА: «Калі ёсць мара, значыць, яе трэба здзейсніць, таму што здзейсненая мара — гэта лёс. Толькі адданасць любімай прафесіі дапаможа стаць шчаслівым чалавекам».

Аляксандр АНДАРАЛА: «А я хачу дадаць, што педагагічную адукацыю мелі і маршал Савецкага Саюза Іван Якубоўскі, і Пётр Міронавіч Машэраў. Нікому яшчэ веды ў педагогіцы і псіхалогіі лішнімі ў жыцці не былі. Я ведаю, што некаторыя іншагароднія абітурыенты сумняваюцца — ехаць ці не ехаць ім у сталіцу, бо баяцца праблем з жыллём. Хачу іх заспакоіць: усіх іншагародніх першакурснікаў мы забяспечым месцам у інтэрнаце! Так што не сумнявайцеся…»

«Круглы стол» правяла Надзея НІКАЛАЕВА.

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу