Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам: Вышыванка

Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам

Набліжаюцца выпускныя сьвяты. Па школах ды гімназіях ходзяць камэрцыйныя агенты і агітуюць пазычаць стандартныя выпускныя сукенкі ды гарнітуры, купляць прывезеныя з Расеі чырвоныя стужкі з залатым на кітайскі лад надпісам „Выпускник“, замаўляць фотаальбомы з МТЗ ды Нацыянальнай бібліятэкай у віньетках і г.д.

Але некаторыя вучні выпускных клясаў Менску пойдуць на ўрачыстасьці ў вышываных строях (і вырашылі гэтак зрабіць яшчэ да цяперашняга вышыванкавага буму).

Надышоў час увасабляць па-беларуску падзею, эпахальную для шматлікіх выпускнікоў (а іх у дзяржаве каля 55 тыс.). Прычым ніхто не запярэчыць, калі самі героі ўрачыстасьці так захочуць. Дзяўчаты ў вышываных (аздобленых) прафэсіяналамі урачыстых сукенках, хлопцы ў вышываных кашулях (зрэшты, могуць быць і элемэнты беларускага шляхоцкага строю) – гэта можа зрабіць сьвята незабыўным.

Патрэбная канцэпцыя іншых аздобаў – скажам, не перадавіцкіх ці сватоўскіх стужак цераз плячо, а бантаў або разэтак са стужак нацыянальных колераў ці арнамэнтаваных; вяночкаў для дзяўчат; разьвітальных ручнікоў для цырымоніі; акадэмічных шапак з кутасікамі ды інш. А для аднаўленьня нашых аўтэнтычных выпускных рытуалаў трэба сабраць успаміны выпускнікоў Віленскай, Наваградзкай ды іншых міжваенных беларускіх несавецкіх гімназіяў. Але гэта тэма іншых артыкулаў.

Гэтак слова „вышыванка“ актуалізуецца яшчэ ў адной сфэры – пасьля таго як яно стала „словам 2014 году“   паводле вэрсіі Радыё Свабода.

Чытаць далей на svaboda.org