Настаўнікі выбіраюць ацэнку ў дапамогу навучанню

Святлана КІРСАНАВА, Настаўніцкая газета 

Спампаваць pdf

У шэрагу прыхільнікаў актыўнай ацэнкі папаўненне. Яшчэ 72 беларускія настаўнікі адкрылі для сябе новую філасофію навучання — скончылі дыстанцыйныя курсы “Стратэгія актыўнай ацэнкі”. Актыўная ацэнка, вядомая таксама як ацэнка ў дапамогу навучанню, у многіх краінах лічыцца адным з найбольш перспектыўных напрамкаў рэфармавання адукацыі.

Узбройваемся новай філасофіяй

Пачынаючы з 2009 года актыўная ацэнка ўсё шырэй распаўсюджваецца ў школах нашай краіны. На працягу трох апошніх гадоў ажыццяўляецца дыстанцыйнае навучанне па гэтай тэхналогіі, якое для настаўнікаў ладзіць Таварыства беларускай школы разам з Цэнтрам грамадзянскай адукацыі Польшчы. Як заваўжыла намеснік старшыні ТБШ Тамара Пятроўна Мацкевіч, жадаючых стаць студэнтамі курсаў шмат, таму даводзіцца праводзіць адбор. Часам конкурс даходзіць да трох чалавек на месца. Перавага аддаецца педагогам, якія добра абгрунтавалі сваё жаданне вучыцца актыўнай ацэнцы ў анкеце-заяўцы, а калі з адной установы запісваецца на курс шмат жадаючых, то залічваецца адзін чалавек — лідар (намеснік дырэктара або настаўнік, які ўзначальвае метадычнае аб’яднанне), які затым зможа ў сваім калектыве прасоўваць ідэі актыўнай ацэнкі. Для сталічных настаўнікаў увогуле адкрыта “зялёнае святло”, бо на сёння не многія з іх праяўляюць зацікаўленасць да дыстанцыйнага курса па актыўнай ацэнцы.

Аб наступным наборы на курсы можна будзе даведацца на пачатку верасня на сайце http://aacenka.by, дзе таксама можна знайсці шмат цікавай і карыснай інфармацыі па актыўнай ацэнцы.

Ужо адбыліся тры выпускі слухачоў дыстанцыйных курсаў “Стратэгія актыўнай ацэнкі”. У першым выпуску сертыфікаты міжнароднага ўзору атрымалі 39 педагогаў, у другім — 70 і ў сёлетнім — 72. Многія выпускнікі першых курсаў з’яўляюцца ментарамі — дапамагаюць сваім калегам спасцігнуць філасофію актыўнай ацэнкі. Сапраўды, як адзначалі ўдзельнікі семінара, на якім падводзіліся вынікі работы дыстанцыйнага навучання і ўручаліся сертыфікаты, актыўная ацэнка — гэта больш чым тэхналогія ці методыка навучання, гэта цэлая філасофія, якая мяняе погляд настаўніка на сваю ролю ў адукацыйным працэсе, а таксама вучня на канчатковыя мэты свайго навучання.

У вузкім сэнсе актыўная ацэнка – гэта спалучэнне ацэнкі працэсу і прамежкавых вынікаў навучання, якая не мае бальнага выражэння і выніковай ацэнкі, што завяршаецца выстаўленнем адзнакі. А ў шырокім сэнсе актыўная ацэнка не зводзіцца да кантрольна-ацэначнай дзейнасці, гэта стратэгія навучання, якая мае сістэмны характар і ўключае матывацыйны блок, мэтавызначэнне, дзеянні, вынікі і ацэнку. 

Як слушна заўважыў у пачатку работы семінара прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Мікалай Іванавіч Запрудскі, які з’яўляецца кансультантам на дыстанцыйным курсе, актыўная ацэнка невычарпальная па сваіх адукацыйных магчымасцях, як і ўвогуле адукацыйны працэс.

— Жыццё такое імклівае, што калі мы нічога не будзем мяняць у нашай практыцы, то станем неадэкватнымі і не выжывем як прафесіяналы, — звяртаючыся да педагогаў, заўважыў Мікалай Іванавіч. — Тое, што вы запісаліся на курсы, паспяхова іх скончылі, сведчыць аб тым, што вы вырашылі змяняць сваю філасофію, узброіць сябе эфектыўнымі сродкамі навучання. Я з задавальненнем чытаў вашы справаздачы, адзначаў, як вы расцяце прафесійна ад адной справаздачы да другой.

Час падганяе змены

У рамках семінара прайшлі два майстар-класы ментараў па актыўнай ацэнцы з Польшчы Ёаны Соцька і Эвы Боргаш. Адна група педагогаў пайшла на імправізаваны ўрок па матэматыцы “Аперацыі з мноствамі” да Эвы. (Цікава, што Эва Боргаш па адукацыі настаўнік рускай мовы і літаратуры.) Другая група педагогаў адправілася на заняткі па актуальнай тэме “Змена падганяе змену” — настаўнік у працэсе ўвядзення змен”, якія праводзіла Ёана Соцька. На гэтых майстар-класах настаўнікі праверылі на сабе актыўную ацэнку ў дзеянні. А той, хто пайшоў у клас да Ёаны, яшчэ і ўзброіўся ведамі па ўвядзенні змен у сваім педагагічным калектыве.

У свой час правадыр сусветнага пралетарыяту назваў суб’ектыўныя і аб’ектыўныя прыкметы крызіснай сітуацыі, якая складваецца ў грамадстве напярэдадні рэвалюцыі. Гэта калі вярхі не могуць кіраваць па-старому, нізы не хочуць жыць як раней і калі значна павышаецца актыўнасць мас. У сістэме адукацыі склалася такая ж сітуацыя: многія настаўнікі ўжо не могуць працаваць па-старому, вучні не хочуць вучыцца па-даўнейшаму, сярод дзяцей і іх бацькоў расце незадаволенасць школай. Надышоў час вялікіх пераўтварэнняў. І на занятках у Ёаны настаўнікі якраз гаварылі аб сутнасці змен, стратэгіях і мадэлях іх увядзення, магчымасцях і пагрозах, якія яны нясуць.

Асноўным элементам сучаснай арганізацыі з’яўляюцца перамены. Як расказала Ёана, у Польшчы зараз праходзіць шмат майстар-класаў для настаўнікаў па тэме змен, бо яны дрэнна ўспрымаюць новаўвядзенні, прызнаюцца, што раней адчувалі сябе амаль ля Пана Бога, бо ўсё ведалі і маглі, а ў сучаснай сітуацыі атрымліваецца, што ім трэба зноў садзіцца ў клас і вучыцца ўсяму новаму. Прафесар Гарвардскага ўніверсітэта Джон П.Котэр, які распрацаваў мадэль 8 крокаў увядзення змен, адзначае, што ёсць фактары, якія спрыяюць увядзенню змен, з’яўляюцца іх рухаючай сілай, і ёсць такія, якія, наадварот, процістаяць зменам. Ёана папрасіла ўдзельнікаў свайго майстар-класа паглядзець на фактары, якія найбольш часта рухаюць і тармозяць змены, ацаніць шансы і пагрозы, якія яны нясуць школе. Настаўнікі адзначалі, што калі іх калегі бачаць, што актыўная ацэнка павышае якасць адукацыі, павялічвае матывацыю да вучобы ў вучня, павышае жаданне саміх педагогаў працаваць больш вынікова, то яны ахвотна ідуць на змены. Разам з тым ёсць рызыка, што некаторыя настаўнікі пачнуць фармальна падыходзіць да актыўнай ацэнкі і дыскрэдытуюць яе, тады іх саміх і іх калег спасцігнуць расчараванні ў новай стратэгіі навучання і ў выніку ўзнікне процістаянне новаму. Каб гэтага не адбылося, па меркаванні ўдзельнікаў майстар-класа, трэба любыя змены або рэформы дбайна і доўга планаваць, якасна тлумачыць іх сутнасць педагогам і грамадству, а таксама трымацца плана дзеяння.

— Не трэба баяцца ніякіх цяжкасцей, — падтрымала педагогаў Эва, — бо мы ўсё гэта робім на карысць нашых дзяцей. Я ганаруся тым, што была ў Беларусі 6 гадоў назад, калі ўсё толькі пачыналася. А цяпер бачу, што вас — прыхільнікаў актыўнай ацэнкі — стала намнога больш, што вы правільна разумееце яе філасофію і шмат робіце ў сваіх школах, каб яе прынялі вашы калегі. Пры актыўнай ацэнцы вучань не параўноўваецца з іншым вучнем, а толькі сам з сабой, і так на кожным моманце ўрока. У зваротнай сувязі мы паказваем вучню тое, што ён ужо ўмее, і яму хочацца рабіць наступны крок. Ёсць вучні, якія вучацца выключна дзеля адзнакі, але яна матывуе толькі тых, хто атрымлівае высокія балы. А тыя, хто атрымлівае нізкія, перастаюць верыць у сябе, ісці наперад, яны зацыкліваюцца на думцы, маўляў, “я не здольны, я не навучуся”. Прымяненне актыўнай ацэнкі дае вучням веру, што яны могуць зрабіць наступны крок і ісці далей. Гэта, напэўна, у новай стратэгіі самае галоўнае.

Актыўнасці і прадукцыйнасці

Ужо 20 працэнтаў польскіх педагогаў выкарыстоўваюць актыўную ацэнку ў сваёй дзейнасці. А ў невялічкіх школах увогуле ўвесь калектыў перайшоў на новую стратэгію навучання. Актыўная ацэнка прымяняецца настаўнікамі многіх краін свету: Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі, Швецыі, Даніі, ЗША і інш.

Група педагогаў-ментараў, якія грунтоўна валодаюць актыўнай ацэнкай і эфектыўна  прымяняюць яе ў адукацыйным працэсе, напісалі кнігу “Актыўная  ацэнка ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі”. Выданне адрозніваецца практычнай скіраванасцю, можа стаць настольнай кнігай для тых, хто пажадае авалодаць актыўная ацэнкай і прымяняць яе ў працы з вучнямі. Кнігу можна спампаваць http://www.nastaunik.info/sites/default/files/page/files/aainaction-smal...

Зразумела, што нельга выдаць загад па школе ўсім настаўнікам асвоіць новую стратэгію навучання. Пад прымусам не будзе добрага выніку. Тут важна, каб настаўнік сам захацеў. Як гэта зрабіць?

— Адпраўляць педагогаў часцей на семінары, майстар-класы па гэтай тэме, — раіць Ёана. — Калі яны паглядзяць, што робяць іншыя, то і ў іх можа з’явіцца жаданне гэта паспрабаваць. Важна інвесціраваць у лідараў, якія пацягнуць за сабой іншых. Для такіх людзей трэба ладзіць сустрэчы і дыскусіі, каб яны не заставаліся сам-насам са сваімі вынікамі і пытаннямі, а мелі магчымасць іх абмеркаваць з такімі ж, як і яны, апантанымі педагогамі. Лідарам патрэбна матывацыя і падтрымка, каб іх вера ў правільнасць сваіх дзеянняў узмацнялася. Таксама варта фарміраваць у іх лідарскія навыкі, каб яны не баяліся перамен і адчувалі сябе ўпэўнена. Яшчэ нядрэнна было б лідараў вывезці ў іншую краіну, каб яны ўбачылі, як працуюць іх замежныя калегі, набраліся энергіі і захацелі ісці далей.

У Беларусі таксама шмат настаўнікаў, якія перайшлі на актыўную ацэнку. На жаль, статыстыку такую ніхто не вядзе, аднак па вялікай зацікаўленасці настаўнікаў да тэмы можна меркаваць, што з кожным годам прыхільнікаў становіцца ўсе больш. Адметна, што з 2013 года ў 10 установах агульнай сярэдняй адукацыі краіны рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне актыўнай ацэнкі як сродку кагнітыўнага развіцця вучняў”. Навуковым кіраўніком праекта з’яўляецца начальнік Цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Уладзіміраўна Радзевіч. Што адметна, Алена Уладзіміраўна з’яўляецца і ментарам дыстанцыйных курсаў. Таксама ў акадэміі перыядычна праводзяцца семінары “Актыўная ацэнка як новая стратэгія навучання”, апошні якраз ладзіўся на вясновых канікулах. І ў абласцях, і ў раёнах настаўнікі, якія валодаюць новай стратэгіяй навучання, становяцца самымі запатрабаванымі выступоўцамі на семінарах, канферэнцыях, праводзяць майстар-класы, дэманструюць калегам эфектыўную работу на кваліфікацыйных экзаменах, адкрытых уроках, конкурсах.

Як прызналіся слухачы дыстанцыйных курсаў, актыўная ацэнка прынесла ў іх дзейнасць актыўнасць і прадукцыйнасць. І некуды зніклі са школы слабыя вучні. Усе дзеці сталі супрацоўнічаць са сваім настаўнікам.

Цікава, што цяпер нярэдка менавіта вучні падштурхоўваюць свайго настаўніка заняцца актыўнай ацэнкай. Як толькі ў школе з’яўляецца хоць адзін педагог, які ўводзіць у сваім класе актыўную ацэнку, вучні гэтага класа хутка разносяць інфармацыю аб выдатных умовах навучання па ўсёй установе, і ўжо астатнія школьнікі выказваюць жаданне вучыцца па-новаму.

Новыя сертыфікаваныя карыстальнікі актыўнай ацэнкі амаль у адзін голас адзначалі, што 6 месяцаў навучання на дыстанцыйных курсах — з кастрычніка па красавік — малы тэрмін, што яны хацелі б прадоўжыць вучыцца, развівацца. Яны выказалі прапанову адкрыць на сайце “Актыўная ацэнка” асобную старонку для педагогаў, якія прайшлі навучанне на курсах, і стварыць банк асноўных элементаў па актыўнай ацэнцы, якім маглі б карыстацца ўсе настаўнікі краіны.

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Паставаў Віцебскай вобласці Наталля Фёдараўна Пракаповіч у сёлетнім навучальным годзе стала студэнткай адразу двух дыстанцыйных вучэбных курсаў: па актыўнай ацэнцы пры Таварыстве беларускай школы і для настаўнікаў англійскай мовы пры Арыгонскім універсітэце ЗША. А яшчэ ёй пашчасціла пазнаёміцца па перапісцы з педагогам-экспертам па фарматыўнай ацэнцы (міжнародная назва актыўнай ацэнкі) Дзіланам Уільямам.

На дыстанцыйных курсах пры Арыгонскім універсітэце вучыліся педагогі з больш чым 20 краін. Наталля Фёдараўна працавала ў праекце па фарматыўнай ацэнцы разам з настаўнікамі з Украіны, Перу, Чылі.Аднойчы яна выйшла ў інтэрнэце на сайт, дзе ладзіўся вэбінар па фарматыўнай ацэнцы. Настаўніца прайшла рэгістрацыю, праслухала адзін вэбінар, які праводзіў Дзілан Уільям, а вельмі хутка на яе электронную паштовую скрыню прыйшоў ліст ад Дзілана, у якім ён прасіў не пужацца, што гэта сапраўды ён — Дзілан Уільям. Ён дзякаваў Наталлі Фёдараўне за цікавасць да фарматыўнай ацэнкі і запрашаў стаць удзельніцай іншых вэбінараў. Вядома, што спачатку Наталля Фёдараўна не магла паверыць у тое, што пісьмо настаўніцы з невялікага беларускага горада даслаў сам Дзілан Уільям. А, навучаючыся на дыстанцыйных курсах пры амерыканскім універсітэце, зразумела, што вучоныя з сусветным імем вольна стасуюцца з простымі настаўнікамі, пры неабходнасці даюць кансультацыі, у тым ліку і анлайн.

— Адметна, што калі ў мяне не атрымалася паўдзельнічаць у вэбінары Дзілана, то мне даслалі матэрыялы па ім па пошце, каб я магла азнаёміцца, — расказвае Н.Ф.Пракаповіч. — Вучыцца на дыстанцыйных курсах пры амерыканскім універсітэце было і цікава, і вельмі складана. Трэба было выконваць пэўныя заданні штодзень. А падчас навучання на дыстанцыйных курсах па актыўнай ацэнцы мы выканалі 8 модуляў па кожным з элементаў актыўнай ацэнкі: мэты; крытэрыі ацэнкі; актыўная ацэнка і адзнака; работа з бацькамі; зваротная сувязь; ключавыя пытанні; узаемная ацэнка і самаацэнка. Напрыклад, цэлы модуль прысвячаўся таму, як ставіць мэты. Мы пісалі мэты, абгрунтоўвалі, чаму менавіта так іх ставім, апісвалі рэакцыю дзяцей на мэты.

У мяне заўсёды было добрае паразуменне з вучнямі, а пасля выкарыстання актыўнай ацэнкі заўважыла шмат добрых змен у дзецях. З класам мы актыўна ўдзельнічаем у конкурсах, не так даўно занялі першае месца ў раённым конкурсе міні-тэатраў па замежных мовах за мюзікл “Cats”. Я заўважыла, што калі раней для дзяцей было важна перамагчы ў конкурсе, то цяпер яны ўжо не так чакаюць ацэнкі журы, а адзначаюць, што вельмі задаволены самім працэсам падрыхтоўкі і выступленнем на сцэне. На ўроках дзеці атрымліваюць большую радасць ад таго, што набылі пэўныя веды, чым ад высокай адзнакі. Я лічу, што ў гэтым вялікая заслуга актыўнай ацэнкі. Трэба ўсяліць у вучня веру, што ён можа атрымаць найвышэйшую адзнаку, што непаспяховасць —гэта часовая рэч, якая пры актыўнай рабоце праходзіць.