Ці варта імплементаваць адукацыйны досвед Славакіі? (+фота школы ў Браціславе)

belngo.info

Настаўнікі і кіраўнікі адукацыйных арганізацыяў з Асамблеі НДА пабывалі ў Славакіі, дзе пазнаёміліся з усім спэктарам мясцовых адукацыйных арганізацыяў: грамадзкімі, дзяржаўнымі і камэрцыйнымі.

Візыт быў арганізаваны Асацыяцыяй “Чалавек у нядолі” (People in Peril Association).

Азнаямленчая паездка дала беларускім настаўнікам дастаткова яснае ўяўленьне пра стан адукацыі, пра ролю і магчымасьці грамадзкіх арганізацыяў у прасоўваньні адукацыйнай рэформы ў Славаччыне пасьля 1989 году.

Сярэдняя школа імя Ю. Гронца. Звонку будынак выглядае савецкім, але ўнутры - цалкам эўрапейскім.

Сярэдняя школа імя Ю. Гронца. Звонку будынак выглядае савецкім, але ўнутры – цалкам эўрапейскім.

Беларуская дэлегацыя пабывала ў сярэдняй школе імя Ю. Гронца, якая дае сваім навучэнцам магчымасьць навучацца па праграме Міжнароднага бакаляўрэату (The International Baccalaureate). Праграма разьлічаная на навучэнцаў ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў і дапамагае студэнтам актыўна і адказна ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці. У школе дзейнічае білінгвальнае (славацка-ангельскае) навучаньне.

Стэнд з карыснай інфармацыяй для будучых абітурыентаў

Стэнд з узнагародамі, якія атрымала школа

Як адзначыў Вінцук Вячорка, гутаркі з славацкімі экспэртамі ў галіне адукацыі Марцінам Крыжам (Martin Kríž), Пэтрам Дралем (Peter Dráľ), Зузанай Зімэнавай (Zuzana Zimenová), Уладзімірам Бур’янам (Vladimír Burjan), падказалі яму, як аднаму з укладальнікаў Адукацыйнай канцэпцыі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, неабходнасьць сфармуляваць ролю грамадзкага чыньніку ў пераадоленьні магчымага чыноўніцкага сабатажу і настаўніцкай пасыўнасьці падчас будучай непазьбежнай дэмакратычнай рэформы адукацыі ў Беларусі.

Першая кляса славацкай школы, навучаньне адбываецца на ангельскай мове.

Першая кляса славацкай школы, навучаньне адбываецца на ангельскай мове.

Таксама беларусы наведалі самы вялікі ў Славакіі Ўнівэрсытэт трэцяга ўзросту, які працуе пры ўнівэрсытэце Каменскага ў Браціславе.

“Сустрэча ў славацкім унівэрсытэце трэцяга ўзросту можа быць карыснай пры ўдасканаленьні нашых нефармальных праграмаў для дарослых”, — адзначыў настаўнік і заснавальнік Унівэрсытэту залатога веку ў Горадні Вітаўт Руднік. Пра спэцыфіку працы славацкай установы можна азнаёміцца па спасылцы.

Завіталі беларусы і ў некамэрцыйную арганізацыю “Славацкі цэнтар камунікацыі і разьвіцьця”, заснаваны ў 2005 годзе. Арганізацыя сканцэнтраваная на дзьвюх галінах дзейнасьці — прасоўваньні глябальнай адукацыі і рэалізацыі дапамогі ў галіне разьвіцьця, перш за ўсё ў краінах былога СССР. СЦКР распрацаваў шмат модуляў электроннага навучаньня і ноў-хаў: напрыклад, як стварыць электронны курс.

Кляса для заняткаў дызыйнам.

Кляса для заняткаў дызыйнам.

Спадар Пэтэр Іваніч (Peter Ivanič), экспэрт НДА па электронным навучаньні, абмеркаваў зь беларускімі настаўнікамі ролю блогерскіх плятформаў у новых мэдыях для ўлучэньня і матывацыі новых людзей. Ён здолеў натхніць прысутных на пераклад некаторых блокаў навучальных праграмаў на плятформе monda.eu.  Супрацоўнікамі сайту www.nastaunik.info ужо перакладзены блок “Крытычнае мысьленьне”. Да канца месяца ён будзе выкладзены ў сеціва.

Дзьверы кабінэта, у якім навучаюцца выпускнікі ўпрыгожваюцца зялёнымі стужкамі, а часам фотаздымкамі будучых выпускнікоў.

Дзьверы кабінэта, у якім навучаюцца выпускнікі ўпрыгожваюцца зялёнымі стужкамі, а часам фотаздымкамі будучых выпускнікоў.

Прадстаўнікі беларускіх адукацыйных НДА ужо працуюць у кірунку мэдыяадукацыі для школьнікаў, таму адзначылі, што практычныя мэтодыкі і тэарэтычныя падставы мэдыяадукацыі, якія выклаў і на якія спаслаўся д-р Аляксандар Пленцнэр (Alexander Plencner), будуць выкарыстаныя для распрацоўкі курсу мэдыяадукацыі для беларускіх школьнікаў.

Заняткі музыкі могуць быць сапраўднымі! Гэта вам ня сьпевы пад акампанэмэнт настаўніцы музыкі.

Заняткі музыкі могуць быць сапраўднымі! Гэта вам ня сьпевы пад акампанэмэнт настаўніцы музыкі.

Удзельнікі адукацыйнага візыта пазытыўна ацанілі сустрэчу ў Інстытуце мовазнаўства Людавіта Стура (Ludovit Stur) Славацкай акадэміі навук. Спадарыня Сібіла Міславічова (Sybila Mislovičová) грунтоўна апісала, як захаваньнем мовы займаюцца дзяржаўныя структуры, прадстаўнікаў беларускіх НДА было карысна параўнаць становішча беларускай мовы са славацкай практыкай.

Беларуская дэлегацыя настаўнікаў у майстэрні сярэняй школы імя Ю.Гронца.

Беларуская дэлегацыя настаўнікаў у майстэрні сярэняй школы імя Ю.Гронца.

Матэрыял падрыхтаваны паводле водгукаў удзельнікаў адукацыйнага візыту.