Сіўчыкаў: кнігі – дзецям!

Анатоль Трафімчык 

- Сонейка. Хрэстаматыя дзецям дашкольнага ўзросту / уклад. Р. І. Шастак. Мінск: “ІП Уладзімір Сіўчыкаў”, 2013, 304 с.

- Залатая яблынька. Казкі, легенды, паданні. Хрэстаматыя дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту / уклад. У. М. Сіўчыкаў. Мінск: “ІП Уладзімір Сіўчыкаў”, 2013, 288 с.

Беларуская літаратура багатая на творы для дзяцей. Нават у неадназначны для нацыянальнай культуры перыяд працэс мастацтва слова з адраснаю скіраванасцю на дзіцячую аўдыторыю не спадае. “Крынічка” і “Вясёлка” – цэлыя серыі для дашкольнікаў, якія засведчылі, што беларуская літаратура для дзяцей жыве, а значыць – у Беларусі ёсць будучыня! Калі ж да тых серый дадаць непадуладнае падлікам прадукаванне кніг паасобных аўтараў, дык складваецца ўражанне, што краіне толькі мацнець і квітнець.

Багацце, аднак, не перашкаджае прыходзіць на азначаную дзялянку новым аўтарам і праектам. Да апошніх адносіцца новая серыя, распачатая вядомым выдаўцом Уладзімірам Сіўчыкавым. Выдадзены дзве кнігі-хрэстаматыі – “Сонейка” (дзецям дашкольнага ўзросту) і “Залатая яблынька” (дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту). Іх наклад – больш чым па 5 тысячаў асобнікаў – гаворыць сам за сябе і сведчыць ізноў-такі пра перспектыўнасць і выдавецкай справы ў галіне дзіцячай літаратуры, і – адпаведна – самой айчыннай літаратуры. Тым больш што без даўно закрытага выдавецтва “Юнацтва” дзяржава не спраўляецца з абслугоўваннем попыту і пакідае пустыя нішы.

Калі другая з названых кніг разлічана на ўзроставую катэгорыю, якая мае даволі шырокі “асартымент” для чытання, дык адрасаваная дашкольнікам чытанка папоўніла не зусім густыя літаратарныя ўзыходы.

У “Сонейку” ўкладальнік не хаатычна сабраў творы пад адной вокладкай. Найперш прыемна бачыць узроставую дыферэнцыяцыю: першая малодшая група (да трох гадоў), другая малодшая група (3-4 гады), старэйшая група (5-6 гадоў).

Аднак падзел трэба лічыць умоўным. Мала таго, што дзеці неаднолькавыя па ўспрыманні мастацтва (як і ўсе мы), дык і ступень разумення беларускай мовы будзе таксама рознай. А значыць, “Сонейка” стане вельмі дарэчным дапаможнікам пры засваенні мовы “з нуля”. Прычым не толькі дзецьмі, але і іх дарослымі апекунамі.

Плённая праца ўкладальніка бачыцца і ў падборы жанраў і аўтараў. Ахоплены лепшыя творы ад фальклора і класікаў да сучаснікаў. Прычым шмат месца займае прадстаўніцтва рускай літаратуры (у чым бачыцца здаровае імкненне быць запатрабаваным на рынку). Галоўны крытэрый – высокі эстэтычны ўзровень твораў, сярод якіх: казкі, легенды, кароткія апавяданні, вершы, загадкі, скарагаворкі, лічылкі, гульні і шмат іншага мастацкага матэрыялу. Асобна адзначым, што кожнай узроставай групе прапануецца па драматургічным творы.

Калі “Сонейка” разлічана на чытанне дарослымі, то “Залатая яблынька” – дзецьмі. Чамусьці ў апошняй адсутнічаюць вершаваныя творы (за выключэннем “Ваўкалака” Янкі Купалы і “Быліны пра мураша Бадзіню” Максіма Танка). Гэтае выданне “спецыялізуецца” на казках, падзеленых на тры традыцыйныя раздзелы, легендах і паданнях. Тут і творы фальклорныя, апрацаваныя “служачымі пяра”, і аўтарскія. Для патрыятычнага выхавання асабліва карыснымі і пазнавальнымі будуць легенды “Адкуль свет пайшоў” і “Адкуль пайшлі беларусы”, паданні пра нашы рэкі і гарады. Паклапаціўся У. Сіўчыкаў і пра “даходлівасць” – склаў спіс патэнцыйна незразумелых для дзяцей слоў.

Абедзве кнігі, прапануючы шырокі дыяпазон мастацкіх матэрыялаў, значна спрашчаюць іх пошук. Немалы наклад дае падставы думаць, што выданне дойдзе да зацікаўленых чытачоў. Галоўнае, каб супрацоўнікі адпаведных устаноў і бацькі дашкольнікаў не ленаваліся сачыць за такой літаратурай. Яе плыня, калі верыць тэндэнцыі, будзе толькі пашырацца.