Праверка беларускай арфаграфіі даступная і ў новых версіях MS Office

Слоўнік, які даступны для вольнага спампоўвання, распрацавала групоўка "Беларускі N-corpus".

Еўрарадыё

Афіцыйнай падтрымкі правапісу беларускай мовы дагэтуль не існуе ў прадуктах кампаніі Microsoft, аднак энтузіясты здаўна ствараюць альтэрнатыўныя рашэнні. Доўгі час праблемай з'яўлялася адсутнасць такіх распрацовак, якія падтрымліваюць версіі Word 2007 году і пазнейшыя.

Час, калі многія беларускамоўныя карыстальнікі Word вымушана сядзелі на MS Office 2003, падобна, сыходзіць у гісторыю разам з прадуктам pravapis, які падтрымліваў толькі старыя версіі Word 2003 году, піша generation.by. Групоўка "Беларускі N-corpus" распрацавала слоўнік, які даступны для вольнага спампоўвання і падтрымлівае версіі MS Office 2007-2013.

"Корпус мае больш за 50 тысяч тэкстаў (~30 млн словаўжыванняў) мастацкай літаратуры (проза і вершы) і публіцыстыкі з граматычнай разметкай і пашпартызацыяй (аўтар, назва твора і г.д.)", — пішуць стваральнікі праекта.

Слоўнік падыходзіць:

    для Microsoft Word версій 2007, 2010, 2013

    для LibreOffice/OpenOffice

    для Mozilla Firefox/Thunderbird

Лексіка-граматычная база і рухавік корпусу распаўсюджваюцца на ўмовах свабодных ліцэнзій. Аўтары вітаюць любую дапамогу ў сваёй дзейнасці.

Фота: generation.by.