Адукацыя як транслятар каштоўнасцяў (+ рэкамендацыі экспертаў)

belngo.info

Адукацыя ёсьць найважнейшым мэханізмам трансьляцыі каштоўнасьцяў, — перакананыя ўдзельнікі круглага стала, зладжанага 16 сьнежня Асамблеяй НДА Беларусі.

Вынікам круглага стала “Грамадзтва. Адукацыя. Каштоўнасьці.” сталі распрацаваныя экспэртамі рэкамэндацыі беларускаму грамадзкаму сэктару, адукацыйным ініцыятывам, мэцэнатам адукацыйнага працэсу, а таксама расстаноўка прыярытэтаў у дзейнасьці.

— Рэкамэндацыі экспэртаў у першую чаргу мусяць быць кірункам для нас саміх: што рабіць далей, выкарыстоўваючы хай сабе сьціплыя, але ж магчымасьці матываваных людзей з грамадзянскай супольнасьці, людзей з пачуцьцём місіі, — адзначыў мовазнаўца і кіраўнік Анамастычнай камісіі ТБМ Вінцук Вячорка. — Бяз місіі нічога не зробіш. Таму дзяржаўная інэрцыя, калі зважаць на тое, што цяперашняя дзяржава Беларусь не матываваная беларускімі інтарэсамі, прывядзе да згубы паняцьця адказных грамадзянаў незалежнай дзяржавы.

Адукацыя як трансьлятар каштоўнасьцяў

Пра гэта па сутнасьці і вялася гаворка на круглым стале: як уратаваць краіну Беларусь дзеля таго, каб пасьля была дзяржава Беларусь? — Праз адукацыю.

Удзельнікі мерапрыемства закранулі шырокі спэктар пытаньняў: фармальная і нефармальная адукацыі, мэдыяадукацыя, цалкам нефармальныя ініцыятывы — моўныя курсы, каштоўнасьці і мэтады іх трансляцыі і адрасаты трансьляваных каштоўнасьцяў. Экспэрты пагадзіліся, што злучвом усіх вышэйназнавых формаў адукацыі мусяць быць каштоўнасьці.

Адукацыя як трансьлятар каштоўнасьцяў

Тамара Мацкевіч, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы, назвала праблемамі беларускай нефармальнай адукацыі адсутнасьць шырокага кругагляду ў настаўнікаў з-за недахопу мэтадычнай літататуры з замежных крыніцаў, а таксама недаацэнку каштоўнаснага складніку адукацыі. У якасьці вырашэньня гэтых праблемаў спадарыня Мацкевіч прапанавала падвышаць аўтарытэт грамадзкіх арганізацыяў, рыхтаваць лідэраў, якія б трансьлявалі каштоўнасьці, а таксама працаваць на стварэньнем перакладной бібліятэкі сучаснай пэдагогікі.

Прафэсар ЭГУ Павал Церашковіч перакананы, што Беларусь мусіць ісьці шляхам паўночнай (фінскай) мадэлі разьвіцьця, і больш грошай укладаць менавіта ў адукацыю. Варта праводзіць дывэрсыфікацыю фінансаваньня адукацыі, яна мае атрымліваць сродкі ня толькі зь дзяржаўных крыніцаў, але і ад донараў, разнастайных фондаў, камэрцыйных структураў, перакананы Церашковіч.

Адукацыя як трансьлятар каштоўнасьцяў

Адзначым, што ў круглым стале “Грамадзтва. Адукацыя. Каштоўнасьці.”  узялі ўдзел практыкі, якія займаюцца фармальным і нефармальным сьветніцтвам: Тамара Мацкевіч, Павал Церашковіч, Вінцук Вячорка, Аляксей Шэін, Тацяна Мельнічук, Ірына Дубянецкая, Алена Масьлюкова, Міхаіл Булавацкі, Натальля Ільініч, Вітаўт Руднік і іншыя.

Спампаваць рэкамэндацыі цалкам.