Настаўнікі не інтэлігенцыя, а сяляне з вышэйшай адукацыяй

Ірына Рудкоўская, Ганцавіцкі час

Зарплата ў бедалагі-настаўніка куды ніжэйшая, чым сярэдняя ў прамысловасці! А ён жа адказны за маладыя душы, ён павінен фарміраваць у сценах школы асобу Уся мая працоўная дзейнасць аддадзена адукацыі. Думкі, развагі пра яе не пакідаюць мяне нават на пенсіі.  Асабліва «зачапіла» за жывое, калі летам я натрапіла на паведамленне ў СМІ аб тым, як ідзе падача заяў у педагагічныя ВНУ. Я сказала мякка — «зачапіла». Не зачапіла, а ашаламіла. Гэта ж выпускнікі не хочуць быць настаўнікамі!? На некаторыя факультэты недабор. Хто ж будзе прыняты ў педВНУ? Якія з іх будуць настаўнікі? Як жа ўпаў прэстыж прафесіі — гэта ж катастрофа!

Усё жыццё я працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Падчас працы ў школе імкнулася навучыць рабят валодаць цудоўнай, багатай рускай мовай. Прывівала любоў да літаратурных твораў Пушкіна, Талстога, Чэхава, Ахматавай, Ясеніна, Астаф’ева… Лічу рускую літаратуру ХІХ стагоддзя першай у сусветнай літаратуры.

Сама ж у побыце заўсёды карыстаюся роднай, матчынай мовай, бо лічу: любячы і паважаючы чужое, абавязана паважаць і берагчы сваё, роднае, спадкавечнае. Вось так старалася заўсёды спалучаць інтэрнацыяналізм з глыбокім патрыятызмам.

У сваім дзяцінстве і ў свае школьныя годы я заспела яшчэ той час, калі аўтарытэт вясковага настаўніка быў настолькі высокі, што мы, вясковыя дзеці, марылі аб адным: буду настаўнікам. І ў нашай сям’і было такое.

Я ад бацькоў чула толькі самыя добрыя і паважлівыя словы ў адрас настаўнікаў. Старэйшы з нас, Міша, марыў са сваім сябрам Іванам пайсці вучыцца ў мараходку. Іван так і зрабіў, а Міша па просьбе мамы пайшоў у педвучылішча.

Каб дзіця навучылі, настаўніку трэба даць...

Гадоў колькі таму, калі яшчэ працавала, выпадкова стала сведкай адной гутаркі. Я ехала тады ў Баранавічы. Перад прыбыццём дызеля тры жанчыны і з імі дзяўчынка гадоў 11-12-ці на пероне гаварылі пра школу. «Сёння, калі хочаш, каб тваё дзіця навучылі, трэба даваць настаўнікам», — сказала адна з іх. Астатнія пагадзіліся з ёю.

Пазней у школе перадала іх думкі пра школу, якія так уразілі мяне. Кажу калегам: мы, маўляў, адстаём ад жыцця — ужо настаўнікі бяруць хабар, а мы і не ведаем. Пасмяяліся. Але ж гэта быў смех скрозь слёзы.

Усё сваё жыццё дзіўлюся: чаму гэта ў педагагічныя ВНУ такія ж правілы прыёму, як і ў іншыя — хто набярэ больш балаў, той і пройдзе? Хіба гэта гарантыя, што з такога абітурыента, нават выдатніка, атрымаецца добры педагог, выхавальнік? Лічу, што, каб стаць студэнтам педагагічнага ВНУ, трэба, акрамя агульных ведаў, прайсці спецыяльнае тэсціраванне на ўменне зносін з людзьмі (як з дарослымі, так і з дзецьмі).

Я ў сваёй педагагічнай практыцы назірала ў школе людзей, якім супрацьпаказана працаваць з дзецьмі. У такіх настаўнікаў камунікабельнасць амаль на нулі. Часта разумны, граматны ў сваім прадмеце, начытаны, развіты чалавек-настаўнік не мог знаходзіць агульнай мовы з дзецьмі, не ўмеў валодаць класам, таму і свае грунтоўныя веды не здольны быў перадаць: настаўнік сам па сабе, вучні — самі па сабе.

А колькі працуе настаўнікаў, якія канфліктуюць з дзецьмі! Гэта наогул у педагогіцы недапушчальна. Бо настаўнік — чалавек, які вывучаў педагогіку, псіхалогію, мае жыццёвы вопыт, — проста не мае на гэта ніякага права. Ён павінен папярэдзіць канфлікт, загасіць яго ў зародку. Ён жа дарослы, перад ім — дзіця, падлетак.Тут, я лічу, размова павінна ісці пра дыскваліфікацыю.

Калі разважаць пра школу савецкага часу і пра школу сённяшнюю, то свае пачуцці я б выразіла коратка: сумна. У тыя часы, калі я працавала, зарплата настаўніка была больш прыстойная. Я разумею, што адчуваюць настаўнікі цяпер: абразу ў свой адрас з боку дзяржавы. Як можа пачуваць сябе чалавек, які атрымаў зарплату, аплаціў камунальныя паслугі, усе падаткі (а яны растуць, як грыбы пасля летняга дажджу) — і накіраваўся па адзенне-абутак для сям’і, па штось у кватэру, у прадуктовы магазін.

Вельмі ніякавата пачувае ён сябе, бо прыглядваецца (як і ўсе бяднейшыя пласты грамадства) да тых тавараў, што можна купіць па прынцыпу «числом поболее — ценою подешевле». Зарплата ў бедалагі-настаўніка куды ніжэйшая, чым сярэдняя ў прамысловасці! А ён жа адказны за маладыя душы, ён павінен фарміраваць у сценах школы асобу. А выхаваць асобу можа толькі той, хто сам асоба.

Дзяржава пра настаўніка «паклапацілася»

Дзяржава лічыць, мабыць, што настаўнікі — людзі выхаваныя, інтэлігентныя, не будуць жа яны выходзіць на мітынгі. Тым больш, што яны ўжо прызвычаіліся да свайго становішча. Хай па-ранейшаму глядзяць па тэлевізары, як адпачываюць на Гаваях ці Карыбах тыя, што жывуць у палацах пад Мінскам. Або хай пазайздросцяць тым, хто адпачывае ў беларускіх санаторыях, бо ім, настаўнікам, не пад сілу пуцёўкі і туды. Беларускія здраўніцы «акупіруюць» больш заможныя расіяне.

У медыкаў таксама невялікая зарплата. Але яны ў апошні час «падаюць голас». Напрыклад, дактары Віцебска набраліся мужнасці і накіравалі зварот у прафсаюз. Настаўнікі ж да апошняга трымаюць маўчанне. Аднак мірыцца з такім становішчам далей нельга.

Дэпутаты беларускага парламента зацвердзілі бюджэт на 2014 год, павялічыўшы ў бюджэце расходы на армію, на сілавыя структуры, пакінуўшы расходы на ахову здароўя на ўзроўні 2013 года і знізіўшы(!) расходы на адукацыю. Вось як! Разжырэла ведамства, аказваецца.

Прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі накіраваў у Саўмін просьбу звярнуць увагу на зарплаты і сацыяльныя гарантыі ў галіне.

Закон «Аб адукацыі» страціў сілу ў 2011 годзе пасля прыняцця Кодэкса аб адукацыі. А ў Кодэксе не аказалася тых гарантый, якія былі ў законе «Аб адукацыі». Напомню, што гэта былі за гарантыі: аб’ём бюджэтнага фінансавання ў памеры не менш 10% ад ВВП, сярэднямесячны заробак педагогаў не ніжэйшы, чым у прамысловасці, а ў прафесарска-выкладчыцкага саставу — як мінімум у 1,5 разы вышэйшы.

Аб’ём бюджэтнага фінансавання з 7% ВВП у 2004 годзе знізіўся да 4,7% ВВП у 2012 годзе. Суадносіны ўзроўню сярэднемесячнай зарплаты ў сферы адукацыі і прамысловасці склалі 68,6% у 2011 годзе, 65,6% — у 2012 годзе і ўсяго 60,1% — за студзень-кастрычнік 2013 года. Пачынаючы са снежня 2012 года, адукацыя ўстойліва займае перадапошняе месца ў РБ па ўзроўні налічэння зарплаты. Зарплата настаўнікаў з высокім узроўнем нагрузкі знізілася яшчэ больш.

Існуе ў галіне адукацыі і такая важная праблема, як выплаты па лістах непрацаздольнасці, урэзаныя Пастановай Саўміна № 569. Асабліва губляюць маладыя спецыялісты ў аплаце па цяжарнасці і родах — каля 10 мільёнаў рублёў. А ўлічваючы тое, што адукацыя — гэта галоўным чынам дзявоцка-жаночая галіна, дык як гэта стасуецца з заявамі Прэзідэнта аб дэмаграфіі, аб падтрымцы маладых сем’яў?

Настаўнікаў хвалюе таксама пытанне размеркавання грошай у школах.

Прыгледзімся да жыцця вясковага настаўніка. Пры сустрэчы ў пачатку навучальнага года не пытайце, дзе ён адпачываў, бо такім чынам паставіце чалавека ў вельмі няёмкае становішча. Ён не толькі не быў на Карыбах ці Багамах, у Адлеры ці Геленджыку, але нават і на Нарачы ці на Свіцязі. Не быў ён і ў сталіцы, каб, скажам, пазнаёміцца з мастацтвам сучаснай Латвіі. Я думаю, не скажа ён, быццам бы злётаў у Парыж, каб пабыць на канцэрце любімай Патрысіі Каас.

Не скажа і пра тое, што ў год 130-годдзя волатаў беларускай літаратуры Купалы і Коласа яго запрасіў раённы аддзел адукацыі наведаць мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю гордасці беларускай нацыі, каб потым ён мог распавядаць пра гэта сваім вучням. Ці што ён з’ездзіў са сваімі вучнямі ў год 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх акупантаў у святое для беларусаў месца — на Курган Славы, на мемарыяльны комплекс «Хатынь» ці ў Музей Вялікай Айчыннай вайны.

Па-першае, адпачываць па-чалавечы, як бы настаўніку ні хацелася, яму не дазволяць матэрыяльныя сродкі.

Па-другое, яму гэта не дазволяць зрабіць і абставіны: сям’я, гаспадарка, агарод, бульба...

Па-трэцяе, лес і балота пашкодзяць адправіцца некуды, бо яны даюць яму магчымасць папоўніць свой сямейны бюджэт у дадатак да вельмі сціплай настаўніцкай зарплаты. Вось і выбіраюць беларускія настаўнікі экзатычныя віды адпачынку — лес, балота, поле, луг. А што: паветра свежае, ветрык вее, сонца часам пячэ так, што ніякія Гаваі не дакажуць!

Настаўнікі — гэта сяляне з вышэйшай адукацыяй

Нехта запярэчыць: калі ўжо настаўнік — інтэлігент, то гэта ў сваю чаргу абавязвае да спосабу жыцця, якога патрабуе статус. Так, нешта не стыкуецца. Меў рацыю мой былы калега Мікалай Кірылавіч, калі казаў: «Якія мы інтэлігенты? Мы сяляне з вышэйшай адукацыяй».

Згодна з вамі, паважаны калега. Прыпамінаю, як я, пагаспадарыўшы ў свінушку ля сваіх выхаванцаў, прапалоўшы градкі, адмыўшы рукі ад гною і зямлі (дарэчы, сучасныя мыйныя сродкі дазваляюць гэта рабіць паспяхова), бегла на ўрок выкладаць паэзію Пушкіна. Цяпер здагадваюся, чаму ў мяне нешта «клініла», калі я чытала ўголас «Я помню чудное мгновенье…»: рукі адмывала, а душа не паспявала перастроіцца на лірыку Пушкіна.

Мае былыя калегі яшчэ памятаюць, як я казала: «І чаму гэта нас не пасылаюць адпачываць на курорты, у санаторыі? Будзь мая воля, я б у прымусовым парадку рабіла гэта за дзяржаўны кошт. Бо ці вялікая карысць ад нервовага, прапахлага валяр’янкай настаўніка з вечным клопатам: дзе б падзарабіць і як дацягнуць да зарплаты?»

– Сумна на гэтым свеце, панове! — хочацца ўсклікнуць услед за вялікім Гогалем.